wd wp Пошук:

Уладзімір Васілевіч Пігулеўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пігулеўскі. Уладзімір Пігулеўскі (26 лютага (9 сакавіка) 1889, Гродна — 17 чэрвеня 1958) — беларускі нацыянальны дзеяч, пісьменнік, драматург.

Біяграфія

Скончыў Мінскую гімназію (1907). Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, у ліпені 1912 года адлічаны за нявыплату.

З кастрычніка 1912 па верасень 1913 года праходзіў тэрміновую службу ў войску, прапаршчык запасу лёгкай артылерыі па Пецярбургскаму павету.

Удзельнік Першай сусветнай вайны. Прызваны з запасу 18 ліпеня 1914 ў 84-ю артылерыйскую брыгаду, мл. афіцэр 4-й батарэі. Праз год пераведзены ў 84-ю паркавую артылерыйскую брыгаду, афіцэр 2-га парку, падпаручнік. Служыў у 84-м артылерыйскім дывізіёне, паручнік. З чэрвеня па лістапад 1917 в.а. лётчыка-назіральніка артылерыйскага аддзялення 30-га карпуснога авіяцыйнага атрада, штабс-капітан.

У 1920—1921 гадах — дыпламатычны кур’ер урада БНР у Коўне.

З 1922 года жыў у Латвіі, выкладчык Дзвінскай беларускай гімназіі. У 1924—1925 гадах — дырэктар Люцынскай беларускай гімназіі. У 1925 годзе пасля сфабрыкаванага латвійскімі ўладамі працэсу Уладзімір Пігулеўскі быў пазбаўлены педагагічнай працы. Пераехаў у Рыгу, працаваў у Транзітным кааператыўным банку. У 1926 годзе ўдзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу (Мінск). У 1926—1934 гадах загадчык Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі. Пасля дзяржаўнага перавароту ў Латвіі арыштаваны і сасланы ў Ліепайскі лагер (1935). Пасля вызвалення актыўна ўдзельнічаў у падпольным рэвалюцыйным руху, займаўся журналістыкай. У 1940—1941 гадах інспектар Міністэрства асветы Латвійскай ССР.

У Вялікую Айчынную вайну эвакуіраваўся ў Татарстан, працаваў там школьным інспектарам, выхавацелем ў дзіцячым доме.

Пасля вайны жыў у Рызе, выкладаў у Рыжскім мараходным вучылішчы, педагагічным інстытуце.

Памёр 17 чэрвеня 1958 года ў Рызе. Пахаваны ў Рызе на могілках Райніса.

Творчасць, даследчыцкая дзейнасць

Друкаваўся з 1924 года. Перакладаў на беларускую мову творы латышскіх і чэшскіх пісьменнікаў. Напісаў шэраг п’ес для школьнага тэатра («Хамуты», «У трамваі», «Вечар пад каляды», «Гідра»). Склаў чытанку для беларускіх школ у Латвіі «Наш край» (1928). На латышскую мову пераклаў камедыю Я. Купалы «Паўлінка» (пастаўлена ў 1949 Латвійскім тэатрам імя Я. Райніса). Алублікаваў у латышскім друку шмат артыкулаў пра беларускую літаратуру і тэатр, творчасць Я. Купалы і Я. Коласа.

Рукапісная спадчына (у т.л. неапублікаваныя творы) У. Пігулеўскага захоўваецца ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Беларусі.

Ушанаванне памяці

  • 16 верасня 1959 года ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР «за поспехі ў справе перакладаў і папулярызацыі беларускай літаратуры ў Латвійскай СССР і ў сувязі з тыднем латышскай літаратуры ў Беларусі».

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Латвіі Катэгорыя·Перакладчыкі з беларускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з латышскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з чэшскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя·Перакладчыкі на латышскую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be