wd wp Пошук:

Фелікс Журня

Фелікс Журня (20 чэрвеня 1913 — 11 снежня 1982) — каталіцкі святар заходняга абраду, манах-марыянін, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху, гісторык, публіцыст, бібліяфіл, педагог.

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1913 годзе ў в. Зарэчча на Браслаўшчыне. Паходзіў з сялянскай сям’і беларусаў-католікаў.

У 1927 г. паступіў у Друйскую гімназію пры кляштары айцоў марыянаў. У час вучобы з асаблівай павагай ставіўся да святара Я. Германовіча. З 1932 г. — у ордэне марыянаў. Пасля заканчэння гімназіі разам з іншымі беларускімі клерыкамі прадоўжыў вучобу ў Вільні, дзе паглыбляў свае веды па тэалогіі і філасофіі.

У 1938 г., пасля дэпартацыі польскімі ўладамі беларускіх святароў і клерыкаў з Друйскага кляштара айцоў марыянаў, пераехаў у Варшаву. Там прадоўжыў вучобу. Пасвячоны ў святары ў 1943 годзе.

Да 1966 г. праводзіў душпастырскую працу ў Польшчы пры марыянскіх кляштарах: выконваў абавязкі шпітальнага капелана і магістра навіцыята. Служыў пры капліцы сясцёр Міласэрнасці ў парафіі Гара Кальварыя Варэцкага дэканата. Пасля заснавання ў Варшаве Беларускага грамадска-культурнага таварыства прымаў удзел у яго пасяджэннях і культурна-нацыянальных нарадах.

У 1966 г. па ініцыятыве і пры падтрымцы беларускіх святароў пераехаў у Вялікабрытанію. Супрацоўнічаў з беларускім рэлігійным часопісам «Божым шляхам». Выступаў на яго старонках з артыкуламі тэалагічнага і культурна-асветнага характару. Даследаваў гісторыю беларускіх рэлігійных выданняў XIX—XX ст. Дзейны сябра Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. У апошнія гады душпастырскай дзейнасці быў абраны суперыёрам Беларускага дома марыянаў у Лондане.

У складзе беларускай дэлегацыі святароў у 1982 знаходзіўся ў Ватыкане. 1.12.1982 г. на аўдыенцыі ў папы Іаана Паўла II браў удзел у абмеркаванні пытання пра стан каталіцкай царквы і пастырскай працы сярод беларусаў на бацькаўшчыне і ў эміграцыі. Неўзабаве пасля вяртання з Рыма раптоўна памёр у Лондане.

Літаратура

  • Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Уклад. Ю. Гарбінскі. — Мн. — Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be