Францішак Рысінскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Рысінскі. Францішак Рысінкі (1749 — каля 1830) — паэт-сатырык.
Біяграфія
Паводле адных звестак, паходзіў са шляхты Віцебскага павета, паводле іншых, яго род быў з Украіны. У пачатку XIX стагоддзя старшыня Палаты цывільнага суда ў Віцебску.
Творчасць
Пісаў на польскай і, паводле сучаснікаў, беларускай і рускай мовах. Аўтар эпіграм, іранічна-філасофскіх і гумарыстычных вершаў, вельмі папулярных у свой час, у т.л. прысвечаныя пэўным асобам, але пры жыцці аўтара яны не друкаваліся. Творы вылучаюцца дасціпнасцю, камізмам, грубаватым гумарам. Сярод папулярных яго вершаў «Хіба прашу я дажджу…», «Пан Дамінік…», «Роздум пасля страты закладзенага маёнтка».
Творы Ф. Рысінскага распаўсюджваліся на Віцебшчыне ў спісах, завучваліся на памяць. Некаторыя з гэтых запісаў трапілі ў архіў Ф. Карпінскага, частку сабраў маршалак Полацкага павета С. Грабніцкі. Верагодна, аўтарству Ф. Рысінскага належаць шырокавядомыя ў Падзвінні беларуска-польскія макаранічныя вершаваныя мініяцюры «Лямант закаханага» («Залёты аднаго гайдука да прачкі», «Плач пакінутага каханай») і «За пекнай паненкай аж душа сумуе», якія ўзнавіў па памяці і выдаў у кнізе «Беларусь» (Парыж, 1840) А. Рыпінскі.
Зноскі
Літаратура
- Кісялёў Г. Францішак Рысінскі — паэт і памешчык [1749-1830] // Постаці: [Новыя біягр. звесткі вялікіх продкаў] // Спадчына. — Мн:, 1992. № 5, 6.
- Мархель У. І. Рысінскі Францішак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 519. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.