Фрыдрых Лунгерсгаўзен
Фрыдрых Вільгельмавіч Лунгерсгаўзен (пры нараджэнні Фрыдрых Ота Юліус Лунгерсгаўзен; 12 мая 1884, г.п. Бекава, цяпер Пензенская вобласць Расіі — 11 мая 1960) — беларускі геолаг. Магістр геалогіі (1911), кандыдат геолага-мінералагічных навук (1937), прафесар (1923).
Біяграфія
Паходзіць з паволжскіх немцаў. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт (1911). Правадзейны член Інбелкульта, працаваў у прыродазнаўча-геаграфічнай секцыі, з якой неўзабаве паўстала глебава-геалагічная камісія. У 1923-34 загадчык кафедры геалогіі і гідрагеалогіі БСГА. 3 1926 старшыня навуковага таварыства па вывучэнні Беларусі (г. Горкі). Актыўна ўдзельнічаў у работах Інстытута геалагічных навук Беларускай акадэміі навук. У 1931—1934 — па сумяшчальніцтве выкладчык Сібірскага сельскагаспадарчага інстытута, дзе заклаў асновы гідрагеалагічных даследаванняў. У 1934 па стане здароўя перабіраецца ў Саратаў, дзе ўзначальвае кафедру геалогіі мясцовага педагагічнага інстытута і паралельна выкладае дынамічную геалогію ў Саратаўскім дзяржаўным універсітэце. Звольнены з інстытута ў 1941 «паводле загаду аб звальненні выкладчыкаў-немцаў», і яму прыйшлося з’ехаць з горада ў Алтайскі край. У наступныя гады працаваў прафесарам геалогіі і фізічнай геаграфіі Бійскага педагагічнага інстытута.
Сын — Генрых-Леў Фрыдрыхавіч Лунгерсгаўзен, геолаг, адзін з заснавальнікаў савецкай аэрагеалогіі.
Навуковы ўклад
Навуковыя працы па праблемах геалогіі Паволжа, Сярэдняй Расіі і Беларусі (асабліва басейна Заходняй Дзвіны), методыцы выкладання геалогіі. Склаў дапаможнік па геалогіі Беларусі. Кола інтарэсаў: геалогія, рэгіянальная геалогія, гідрагеалогія і водазабеспячэнне, стратыграфія, палеанталогія, методыка выкладання прыродазнаўства і навук аб Зямлі.
Выбраная бібліяграфія
- Некоторые новые данные о меловых отложениях Саратовской губернии // Ежегодник по геологии и минералогии России. — 1909.
- О провалах на юге Тульской губернии. — 1911.
- Нарыс геалагічнай пабудовы Аршаншчыны // Аршаншчына. — Орша, 1926, ч. 1.
- Аб «лёсавым карсце» і аб асобным тыпе равочкаў // Працы Навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі… — Горкі, 1926, т. 1.
- Нарыс геалагічнай пабудовы Горацкага раёна // Працы Навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі… — Горкі, 1927, т. 3.
- Уступ у геалогію Беларусі // Працы Горы-Горацкага навуковага таварыства БАН. — Горы-Горкі, Горкі, 1930, т. 7.
- Справаздача аб геалагічных даследаваннях у вобласці планшэту ХІ-7 трохверстнай карты генштаба і сумесных часцях «Полацкай катліны». — 1933.
Узнагароды
Медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» (1946).
Зноскі
Спасылкі
- Иванов А. В. Лунгерсгаузен Фридрих Вильгельмович (Фридрих-Отто-Юлиус) // Павловская геологическая шкода: Научное издание. / Отв. ред. Ю. Я. Соловьев. — М.: Наука, 2004. — С. 120—122.(недаступная спасылка)
- История кафедры КИОВР — Омский аграрный университет — Факультет водохозяйственного строительства(недаступная спасылка)