Часлаў Іванавіч Родзевіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Родзевіч. Часлаў Іванавіч Родзевіч (20 сакавіка 1889, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі раён, Мінская вобласць — сакавік 1942) — беларускі тэатральны і грамадскі дзеяч. Брат Л. Родзевіча.
Біяграфія
У 1908 г. скончыў Віленскую сярэднюю хіміка-тэхналагічную школу, а таксама Новачаркаскі політэхнічны інстытут (1918).
Удзельнік Першай беларускай тэатральнай вечарыны ў лютым 1910 г. у Вільні, уваходзіў у Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Першую беларускую трупу І. Буйніцкага. Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства дапамогі ахвярам 1-й сусветнай вайны (1916—1918) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе. У 1918 г. супрацоўнік Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1918—1919 гг. акцёр, камісар Беларускага савецкага тэатра ў Мінску, выкладчык Мінскага беларускага педагагічнага інстытута.
Падчас польскай акупацыі 1919—1920 член Мінскай беларускай школьнай рады, загадчык аддзела асветы Мінскага магістрата, старшыня Беларускай тэатральнай камісіі пры Часовым беларускім нацыянальным камітэце.
У 1920-я г. ўдзельнічаў у рабоце Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, займаўся навуковымі даследаваннямі ў галіне прыродазнаўства пры Мінскай балотнай станцыі. 3 1922 г. у Інбелкульце, з 1925 г. навуковы сакратар сельскагаспадарчай секцыі (з 1929 Беларускай АН).
У ліпені 1930 г. арыштаваны, асуджаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы на 5 гадоў у Саратаў (Расія). Загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 г.
Аўтар працы пра беларускія народныя танцы, зборніка «Песні з нотамі» (не захаваліся).
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 395. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
- Ляхоўскі, У., Скалабан, В. Родзевіч Часлаў Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 117. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий / сост. и авт. предисл. Н. В. Токарев; под ред. А. С. Махнача.. — Мн .: Навука i тэхнiка, 1992. — С. 94. — 120 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-343-01246-9.
- Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. — Мн., 1983.
- Скалабан В. Паплечнікі // Мастацтва Беларусі. — 1983. — № 11.
Часлаў Іванавіч Родзевіч на Вікісховішчы |