Юрый Мерчынк
Ю́рый Ме́рчынк (в.-луж.: Jurij Měrćink, вёска Хельна, Лужыца, Германія — Будзішын, Германская Дэмакратычная Рэспубліка) — верхнялужыцкі пісьменнік, журналіст, педагог і першы дырэктар Сербалужыцкага нацыянальнага ўніверсітэта.
Біяграфія
Нарадзіўся 20 мая 1914 года ў сербалужыцкай сялянскай сям’і ў вёсцы Хельна. Вучыўся ў сярэдніх школах ў Радвары і Будзішыне. Сярэднюю адукацыю атрымаў у 1966 годзе. Пасля прыходу да ўлады нацыстаў адмовіўся ўступіць у студэнцкі нацыянал-сацыялістычны саюз, пасля чаго яму забаранілі вучыцца ў Лейпцыгскім універсітэце, і ён паступіў у Пражскі ўніверсітэт, дзе вывучаў германістыку і сарабістыку. Падчас навучання ва ўніверсітэце прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці сербалужыцкай студэнцкай арганізацыі «Сербаўка». Удзельнічаў у падпольнай дзейнасці па распаўсюджванню сербалужыцкіх друкаваных выданняў у Германіі. 16 жніўня 1937 года, калі перапраўляў праз чэхаславацка-германскую мяжу ўлёткі для сербалужыцкай культурна-асветнцкай арганізацыі «Домавіна», быў затрыманы нямецкімі памежнікамі. Яго арышт стаў падтавай для нацыстскіх улад забараніць дзейнасць ў Баўтцэне Сербскі дом. Да 1940 года трымаўся ў зняволенні, потым яго адправілі ў канцэнтрацыйны лагер Заксэнхаўзэн.
Пасля Другой сусветнай вайны жыў у Праге, дзе займаўся выданнем сербалужыцкіх часопісаў «Naš puć» і «Naše nowiny». Займаўся грамадскай дзейнасцю сярод лужычанаў, якія жылі ў Праге. Заснаваў чэшскае аддзяленне Домавіны. У 1948 годзе вярнуўся ў Лужыцу. Па 1952 год быў першым дырэктарам новастворанага Сербалужыцкага нацыянальнага ўніверсітэта. Потым выкладаў у Сербалужыцкім педагагічным інстытуце. У 1962 годзе быў адным з арганізатараў Інстытута сербалужыцкага народазнаўства (Institut za serbski ludospyt), які ў 1992 годзе быў пераўтвораны ў Сербалужыцкі інстытут.
Бацька сербалужыцкай пісьменніцы і палітыка Ангелы Стахавай.
Памер 14 сакавіка 1988 года ў Будзішыне, дзе пахаваны на могілках Святога Мікалая.
Творы
У 1961 годзе на аснове сваёй біяграфіі выдаў раман аб жыцці ў канцэнтрацыйным лагеры «Hdyž čerty ćěkaja». У рамках дзейнасці Інстытута сербскага народазнаўства працаваў над стварэннем Нямецка-верхнялужыцкага слоўніка. Пераклаў на верхнялужыцкую мову твор Юліуса Фучыка «Рэпартаж з пятлёй на шыі».
Зноскі
Літаратура
- Гугнин А. А., Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней, Российская академия наук, Институт славяноведения и балканистики, научный центр славяно-германских отношений, М., 1997, стр. 160, ISBN 5-7576-0063-2
- Anton Nawka: Dopomnjenki na dobreho přećela. W Rozhledźe 38 (1988), čisło 5, s. 167—168.
- Ben Budar: Za serbstwo so horił: dopomnjenki k 80. posmjertnym narodninam Jurja Měrćinka. W Rozhledźe 44 (1994), čisło 5, s. 198—200.