Язэп Францавіч Сушынскі
Язэп Сушынскі (май 1885, в. Юроны, Дрысенскі павет, Віцебская губерня — 1967, Мінск) — беларускі палітык, мемуарыст, хімік, мовазнаўца, педагог.
Скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт. Сябра БСГ. У 1917 годзе старшыня Беларускай народнай партыі сацыялістаў. Блізкі знаёмы Янкі Купалы, першая сустрэча з якім адбылася на кватэры Браніслава Эпімах-Шыпілы ў Пецярбургу.
Удзельнік Першага Усебеларускага з’езду.
У 1921—1926 гадах працаваў у розных установах Наркамасветы БССР, потым у Інбелкульце. У 1929—1930 гадах у Інстытуце мовазнаўства АН БССР, займаўся распрацоўкай беларускай навуковай тэрміналогіі.
Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 10 красавіка 1931 года за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў пазбаўлення волі. Высланы ва Уфу. Пастановай Асобай нарады ад 25 ліпеня 1935 году тэрмін зняволення падоўжаны. Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 года.
Па вяртанні ў Мінск выступаў у друку і публічна з успамінамі пра Янку Купалу, грамадска-культурнае жыццё беларусаў у Пецярбургу да 1917 года. Рукапіс успамінаў захоўваецца ў Літаратурным музеі Я. Купалы.
Быў жанаты, гадаваў пяцярых дзяцей.
Літаратура
- Язэп Сушынскі / Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Сябар вялікага таленту // Чырвоная змена. 1962, 26 чэрв.; Купала ў Пецярбурзе // Полымя. 1967, № 3
Спасылкі
- Сушынскі Іосіф Францавіч, Адкрыты спіс