Ян Паплонскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Паплонскі. Ян Тэадор Дамінік Вільбутовіч-Паплонскі (16 лістапада 1819, Відзы — 28 лістапада 1885, Варшава) — педагог, навуковец і арганізатар педагагічнай справы.
Біяграфія
Першапачатковую адукацыю атрымаў у Відзах, з 1832 года — у Вільні ў гімназіі. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце на філасофска-гістарычным факультэце. У 1840 годзе стаў кандыдатам філасофіі.
Працаваў выкладчыкам у многіх навучальных установах Варшавы, займаўся навуковай дзейнасцю. У 1853—1859 гадах на адміністрацыйнай працы: з’яўляўся цэнзарам Варшаўскага камітэта цэнзуры, служыў у кураторыі Варшаўскай навучальнай акругі, выконваў абавязкі дырэктара школы выяўленчага мастацтва і музыкі. У 1859—1867 гадах выкладаў у Варшаўскай Духоўнай Акадэміі мову і літаратуру, з 1864 года — прафесар Галоўнай школы, з 1869 года — прафесар Варшаўскага ўніверсітэта. Асноўнай тэмай яго навуковай дзейнасці быў вузкі раздзел мовазнаўства і параўнанне слоў у розных мовах. Найбольшую вядомасць атрымаў як дырэктар Інстытута глуханямых і сляпых, шмат зрабіў для сеткі падобных устаноў Польшчы. Ва ўніверсітэце стварыў педагагічны музей, батанічны сад, рэдагаваў часопіс, шмат друкаваўся, пісаў апавяданні для дзяцей. Дзейнасць Паплонскага атрымала еўрапейскую вядомасць. Неаднаразова ён выбіраўся членам-карэспандэнтам таварыства гісторыі і старажытнасці Расіі ў Маскве, Парыжскай Акадэміі Навук.
Пахаваны ў Варшаве. У 1886 годзе ў інстытуце адкрыты помнік-бюст Паплонскаму.
Літаратура
- Паплонскі Ян // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. — Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. — С. 212—213.
- Паплонскі Ян // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. — Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. — С. 125.
- Паплонскі Ян // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.]; уклад. К. С. Шыдлоўскі; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск : Паліграфафармленне, 1998. — С. 596.