Рыгор Папараць
Рыгор Папараць (сапр. — Рыгор Макаравіч Сапун; 17 лістапада 1902, в. Шалягі, Цытвянская воласць, Ігуменскі павет, Мінская губерня (цяпер — ў Пухавіцкім раёне, Мінская вобласць) — 30 красавіка 1948, Дудзічы, Рудзенскі раён, Мінская вобласць) — беларускі паэт.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і валаснога старшыні Макара Міхайлавіча і Евы Станіславаўны. У маладыя гады працаваў па найме і адначасова вучыўся ў Вароніцкай пачатковай і Дукорскай працоўнай школах, Скончыў Цытвянскае трохкласнае вучылішча.
У 1921 годзе паводле пастановы ЦВК БССР быў накіраваны вучыцца на рабочы факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з 1924 — вучыўся на медыцынскім факультэце. Падчас вучобы ў Мінску пачынае займацца паэтычнай дзейнасцю. Жадаючы прысвяціць сябе літаратуры, кідае навучанне ў Мінску і ў 1925 паступае на першы курс факультэта мовы і матэрыяльнай культуры Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1926 годзе з сямі чалавек стварае ленінградскую філію «Маладняка». Пазней становіцца членам Беларускай секцыі Ленінградскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, як дэлегат удзельнічаў у яе III абласной канферэнцыі. Уклаў і выдаў альманах «Цагліны ў падмурак», дзе сярод іншых твораў былі надрукаваны апавяданне «Грымасы» і інш. У 1931 на смерць Усевалада Ігнатоўскага чытае сябрам-студэнтам верш «Памяці Ігнатоўскага», за які быў выключаны з апошняга курса інстытута «за крамольные стишки, порочащие партию и советское правительство». З 1931 па 1933 працаваў на кінафабрыцы «Белдзяржкіно» на пасадзе загадчыка метадычнага кабінета. Адначасова з 1932 выкладаў рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 7 Чырвонагвардзейскага раёна Ленінграда. Ажаніўся з актрысай і балерынай Эльвірай Багачунас, дачкой латышскага стралка.
Увесну 1937 арыштаваны і абвінавачаны ў нацыяналістычнай дзейнасці. Пасля шасці месяцаў катаванняў жонка і бацька паэта вызвалілі яго з турмы. Зрэшты, супрацоўнікі НКВД узялі з паэта распіску, у якой ён забавязваўся больш не займацца літаратурнай творчасцю. Як успаміна яго другая жонка Любоў Арлова: На працягу шасці месяцаў ужывалі страшэнныя катаванні, якія людзі не маглі вытрымаць і спрабавалі пакончыць жыццё самагубствам. Бацька Рыгора Макар Міхайлавіч і першая жонка Элеанора Багачунас сабралі золата і каштоўнасці і выкупілі яго з турмы. Але, вызваляючы Рыгора, каты ўзялі падпіску аб тым, што ёнбольш пісаць не будзе. Так сталінскія сатрапы вырвалі з рук чалавека пяро і спынілі творчую думку.
У 1938 высланы ў Халопеніцкі раён БССР, дзе з 1 красавіка 1938 працаваў спачатку выкладчыкам рускай мовы і літаратуры, потым завучам Чырваналуцкай сярэдняй школы, улетку 1938 — інструктарам-метадыстам Халопеніцкага раёна. У 1939 памерла ад сухотаў Элеанора Багачунас, і праз год ён ажаніўся другога разу з настаўніцай Любоўю Арловай. Разам з ёю ў ліпені 1940 перавёўся ў Дудзіцкую сярэднюю школу Рудзенскага раёна. У 1941 у паэта нарадзілася дачка Кансуэла і ён разам з сям’ёй вярнуўся да сваіх бацькоў у вёску Шэлягі.
З прыходам нямецкіх войскаў уключыўся ў падпольную барацьбу, а вясной 1942 г. стаў партызанам брыгады «Беларусь». Скончыў вайну пад Кёнігсбергам, дзе быў цяжка паранены і кантужаны. Пасля вайны настаўнічаў і гадаваў дзяцей (за год да смерці бацькі нарадзіўся сын Уладзімір). З 1945—1948 быў дырэктарам і настаўнікам рускай мовы і літаратуры Дудзіцкай школы.
Памёр 1 мая 1948 ад ацяжкой хваробы. Пахаваны на могілках у вёсцы Варонічы недалёк ад Рудзенска.
Творчасць
Друкавацца пачаў з часу вучобы ў БДУ ў часопісе «Голас рабфакаўца», на працягу 1925 часопіс «Чырвоны сцяг» апублікаваў яго паэму «Дэлегат», вершы «Год без Леніна», «Аб чым так голасна спявалі» і інш. На старонках газет і часопісаў «Маладняк», «Узвышша», «Чырвоны сейбіт», «Савецкая Беларусь», «Малады араты» з’явіліся яго паэма «Шляхі», вершы «Люблю праходзіць», «У маршы дзён», «Вайна вайне», «Гараць агні», «Адказ бацьку» і інш.
Пасля катаванняў у ленінградскіх «Крыжах» і пісьмовага забавязання больш не займацца літаратурнай дзейнасцю, ні да вайны, ні пасля Рыгор Папараць ужо не вяртаўся да паэтычнай творчасці.
Узнагароды
Зноскі
Літаратура
- Кекелева, Т. «У справе жыццё людзі бачаць»: Драматызм творчасці Рыгора Папараці // Роднае слова. — Мн.: 2002. — № 11. — С. 20—25.
Спасылкі
- Рублевская, Л. Обеднеет море без капли(нявызн.). Комсомольская правда в Белоруссии (10 студзеня 2012).(недаступная спасылка)
- Кекелева, Т. Самотная ліра паэта. Да 105-годдзя з дня нараджэння Рыгора Папараці (1902—1948) на pawet.net
- Віктар Жыбуль — пра нявыдадзеныя паэтычныя зборнікі 1920 — 1930-х гадоў на http://www.svaboda.org/