Святлана Яўгенаўна Куль-Сяльверстава
Святлана Яўгенаўна Куль-Сяльверстава (нар. 20 верасня 1959, Гродна) — беларускі гісторык і літаратар. Доктар гістарычных навук (2000), дацэнт (1994), прафесар гісторыі ГрДУ (з 1999).
Біяграфічныя звесткі
Скончыла гісторыка–педагагічны факультэт ГрДУ (1981), там жа навучалася ў аспірантуры (1984—1988).
У 1981—1983 годзе працавала школьным настаўнікам. З 1983 года ў ГрДУ: выкладчык (1989), дацэнт кафедры гісторыі БССР (1992—1996). Дактарант БДУ (1996—1999).
З 1999 года прафесар кафедры гісторыі Беларусі, з 2013 года прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ.
З 1999 года загадвала навукова-даследчай лабараторыяй праблем рэгіянальнай культуры (у складзе лабараторыі — С. Токць, А. Смалянчук, Э. Мазько, С. Словік, С. Чувак), кіравала навуковымі праектамі і праграмамі вывучэння памежжа, гісторыі мяжы, вуснай гісторыі; была арганізатарам і кіраўніком навуковых экспедыцый і міжнародных летніх школ.
У 2014 годзе звольнена з ГрДУ і цяпер працуе ў Беластоцкім політэхнічным універсітэце «Politechnika Białostocka».
Правадзейны член Акадэміі ваенных навук Расійскай Федэрацыі (2005), член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, каардынацыйнага савету па турызме Гродзенскага аблвыканкама.
Навукова-даследчыцкая дзейнасць
Сфера навуковых інтарэсаў — культура Беларусі, ліцвінская культурная традыцыя ў Новы час, гісторыя Гродзенскага рэгіёна, ваенная гісторыя, гісторыя дзяржаўнай граніцы, праблемы гістарычнай храналогіі, палеаграфія, краязнаўства.
На фарміраванне гістарычнага светапогляду значна ўплывалі Б. Клейн, Я. Куль, А. Мальдзіс, Я. Мараш.
У 1989 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю «Развитие культуры Белоруссии в первой половине XIX века (театральное и изобразительное исскуство)» (навуковы кіраўнік: д.г.н, праф. Я. Н. Мараш).
У 2000 годзе абараніла доктарскую дысертацыю «Культура Новага часу на беларускiх землях у другой палове XVIII — першай чвэрцi XIX ст.ст» (навуковы кансультант: д.г.н, праф. П. І. Брыгадзін).
Аўтар навучальных дапаможнікаў «Беларуская палеаграфія» (1996), «Уводзіны ў беларускую палеаграфію» (2009).
Літаратурная творчасць
Аўтар паэтычнага зборніка «Вершы. Байкі. Паэмы» (2012)[1].
Выбраная бібліяграфія
- Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур: Фармаванне культуры Новага часу на беларускіх землях (другая палова XVIII ст. — 1820-я гг.). — Мн., 2000.
- Kanał Augustowski: szlak wodny Euroregionu Niemen. — Augustów; Suwałki, 2000 (у сааўт.).
- Палітыка. Культура. Асоба. Нарысы па гісторыі культуры Беларусі. — Гродна: ЮрСаПрынт, 2012.
- Беларускі час. Летазлічэнне ў Беларусі са старажытнасці да сучаснасці. — Гродна: ЮрСаПрынт, 2014.
Зноскі
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — С. 439. — 616 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы: біяграфічны даведнік. — Гродна, 1999. — С. 500—501;
- Корзенко Г. В. Историки Беларуси в начале XXI столетия. — Минск: «Беларуская наука», 2007. — С. 339—340.
Спасылкі
- Многія даты беларускай гісторыі памылковыя — дасьледчыца летазьлічэньня прафэсар Куль-Сяльверстава // Радыё Свабода, 15 студзеня 2019
- Гісторыка Святлану Куль-Сяльверставу звальняюць з гродзенскага ўніверсітэту Архівавана 2 снежня 2020. // news.tut.by, 16 снежня 2014