Адам Іосіфавіч Мальдзіс
Ада́м Іос́іфавіч Ма́льдзіс (7 жніўня 1932, в. Расолы, цяпер Астравецкі раён, Гродзенская вобласць — 3 студзеня 2022, Мінск. Псеўданімы: А. Гудас, Адам Гудас, А. Расольскі, Адам Расольскі, А. Свіслацкі) — беларускі літаратуразнавец, гісторык, пісьменнік, журналіст. Доктар філалагічных навук (1986), прафесар (1990).
Біяграфія
Нарадзіўся 7 жніўня 1932 года ў вёсцы Расолы ў Заходняй Беларусі (Ашмянскі павет, Віленскае ваяводства, Польшча) ў сялянскай сям’і. У 1951 годзе скончыў Ашмянскую сярэднюю школу. Вучыўся на аддзяленні журналістыкі БДУ (1951—1956).
У 1956—1959 гадах працаваў сакратаром радашковіцкай раённай газеты «Сцяг Ільіча». Вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР (1959—1962). У 1962—1991 гадах працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР : з 1962 года — навуковы супрацоўнік, з 1981 года — загадчык аддзела беларускай дакастрычніцкай літаратуры (1981—1991). Кандыдат філалагічных навук (1963), тэма дысертацыі: «Белорусско-польские литературные взаимосвязи во второй половине ХІХ в.». Доктар філалагічных навук (1986), тэма доктарскай дысертацыі: «Закономерности развития белорусской литературы переходного периода (вторая половина XVII—XVIII в.)».
У 1991—1998 гадах узначальваў Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны. З 1987 года старшыня камісіі «Вяртанне» Беларускага фонду культуры, пазней уваходзіў у аналагічную камісію (па вяртанні ў Беларусь гісторыка-культурных каштоўнасцей) пры Міністэрстве культуры РБ[2]. У 1991—2005 гадах быў прэзідэнтам (з 2010 ганаровы старшыня) Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, у 1996—2006 гадах — кіраўніком аддзела культуралогіі Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.
У 1990 годзе як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце 45-й сесіі ААН.
З канца 1960-х гадоў жыў па вул. Чарвякова, 18 у Мінску[2].
Памёр 3 студзеня 2022 года[3]. Пахавальная служба адбылася 5 студзеня ў касцёле Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску, яе ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч[4]. Пахаваны на могілках вёскі Задворнікі Астравецкага раёна.
Творчая і навуковая дзейнасць
У друку з артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у 1954 годзе. Даследаваў гісторыю беларускай культуры і літаратуры XVII—XIX стст., беларуска-польскія і беларуска-літоўскія літаратурныя ўзаемасувязі. Перакладаў з польскай і балгарскай моў.
Пачынаў як даследчык літаратуры XIX стагоддзя. Яго кніга «Творчае пабрацімства» (1966) пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі змяшчае мноства новых фактаў, здабытых у беларускіх і польскіх архівах, мноства свежых думак, арыгінальных даследчыцкіх назіранняў. Даследчыка адразу вызначала комплекснасць у вывучэнні пытанняў літаратуры і культуры, імкненне да жывой размовы з шырокім чытачом. У кнізе «Падарожжа ў XIX стагоддзе» (1969) ім пададзены партрэты пісьменнікаў, музыкаў, падарожнікаў, дзеячаў вызваленчага руху.
У 1970 годзе Адам Мальдзіс знайшоў у бібліятэцы Курніцкай (Польшча) рукапіс верша «Всем многі век в новой хаці» на тагачаснай гутарковай беларускай мове, напісаны Іахімам Храптовічам лацінкай дзесьці ў 1750-х гадах на Наваградчыне[5]. Адам Мальдзіс указвае, што ў справе фонду бібліятэкі Курніцкіх знаходзяцца яшчэ два ананімныя рукапісныя беларускамоўныя вершы XVIII ст., напісаныя на лацініцы, — «Chorostwo gumu, odwagi, rozumu» (тыповы твор перыяду барока) і «Na dolinie mak, mak do wsio kanapielki» (стылізацыя пад народную песню альбо літаратарская апрацоўка народнай песні), аўтарства якіх не вызначана[6]. Мальдзіс адзначае, што кашталян Казімір Несялоўскі быў паэтам-аматарам (дакладна вядома, што пісаў вершы на польскай мове), гэтак жа як і яго сын Адам Несялоўскі (дакладна вядома, што выдаў у 1741 годзе зборнік вершаў на лацінскай мове ў Пінску)[5].
Выдаў даследаванне «Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1972), «Таямніцы старажытных сховішчаў» (1974), «На скрыжаванні славянскіх традыцый» (1980), «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.: Нарысы быту і звычаяў» (1982, перавыдадзена ў абноўленым выглядзе 2001), «З літаратуразнаўчых вандраванняў» (1987), «Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў» (1988). Сумесна з літоўскай даследчыцай Альмай Лапінскене выдаў манаграфію «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988), дзе ўпершыню паказана літаратурнае ўзаемадзеянне беларусаў і літоўцаў ад старажытнасці да нашага часу. Пазней выйшлі яго кнігі «І ажываюць спадчыны старонкі: Выбранае» (1994), «Выбране» (2007), «Белорусские сокровища за рубежом» (2010).
Падрабязная бібліяграфія змешчана ў кнізе: «Беларусь і беларусы ў прасторы і часе: Зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса» (2007). Працы Адама Мальдзіса вызначаюцца глыбінёй навуковага аналізу, арыгінальнасцю вывадаў, наватарскімі падыходамі, бліскучым стылем. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977).
Напісаў гістарычную аповесць «Восень пасярод вясны» (1984), у якой на аснове мясцовай легенды звёў разам у Анеліне на Астравеччыне Кастуся Каліноўскага, Уладзіслава Сыракомлю, актрысу Галену Маеўскую-Кіркор і іншых герояў. Аўтар краязнаўчага нарыса «Астравеччына, край дарагі…» (1977), шматлікіх артыкулаў па краязнаўстве. Кніга «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (1990) — спалучэнне мемуарыстыкі, эсэістыкі, літаратуразнаўства. Аўтар кнігі «Як жылі нашы продкі ў XVIII ст.» (2001).
Складальнік зборнікаў «Зямля навагрудская, краю мой родны…» Адама Міцкевіча (1969) і «Творы» Язэпа Дылы (1981), «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча (пераклад Браніслава Тарашкевіча, 1981).
Рэдактар біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (Т. 1-6; 1992—1995) і інфармацыйна-культуралагічнага бюлетэня «Кантакты і дыялогі» (1996—2002).
Ацэньваючы сваю творчую спадчыну, Адам Мальдзіс пісаў:
Найбольш дарагія для мяне першая кніга, напісаная «для душы», «Падарожжа ў XIX стагоддзе» і «няшлюбнае» (г. зн. мастацкае) дзіця «Восень пасярод вясны», інспіраванае Уладзімірам Караткевічам (паралельна ён меўся пісаць на тую ж тэму «Крыж Аняліна», але паспеў накідаць толькі пачатак). Найбольш удалай лічу «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча», бо выношвалася яна доўга, а рэдактары ў ёй амаль нічога не змянілі. А найбольш сур’ёзнай і даўгавечнай з навуковага пункту гледжання — «Беларусь на скрыжаванні славянскіх традыцый», дзе разгледжана беларуская літаратура і, шырэй, культура XVII–XVIII стагоддзяў, у перыяд іх пераходу ад адной эпохі (Сярэдневякоўе, Рэнесанс) да другой, Новага часу.
Пасмяротна выдадзены зборнік артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю «Што было, што ёсць, што будзе з беларусамі?»[7].
Узнагароды
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2019)[8] і інш. медалямі, ордэнам Францыска Скарыны (2013), чатырма польскімі ганаровымі адзнакамі.[9] Заслужаны дзеяч польскай культуры (1982). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) — за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» (1977).
Ушанававанне памяці
Гэты раздзел артыкула яшчэ не напісаны. |
Выбраная бібліяграфія
- Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст. — Мн., 1966.
- Падарожжа ў XIX стагоддзе: 3 гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры. Навукова-папулярныя нарысы. — Мн., 1969.
- Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. — Мн., 1972.
- Тры месяцы пошукаў, знаходак і сустрэч // Полымя. 1973. № 7.
- Таямніцы старажытных сховішчаў. — Мн., 1974.
- Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich / A. Maldzis // Pamiętnik biblioteki Kórnickiej. — 1978. — Zesz. 14. — S. 177—180.
- На скрыжаванні славянских традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду: другая палавіна ХVII—ХVIII ст. — Мн., 1980.
- Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў. — Мн., 1982.
- Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў. — Мн.: Мастац. літ., 1984.
- 3 літаратуразнаўчых вандраванняў: Нарысы, эсэ, дзённікі. — Мн., 1987.
- Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў. Мн., 1988.
- Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека. — Мн., 1990.
- І ажываюць спадчыны старонкі: Выбр. — Мн., 1994.
- Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. — Мн., 2001.
- Выбранае / Адам Мальдзіс; Уклад. В. Грышкевіч; Прадм. Г. Кісялёў, В. Чамярыцкі. — Мн.: Кнігазбор, 2007. — 464 с. — («Беларускі кнігазбор»: Серыя 2. Гісторыка-літаратурныя помнікі). ISBN 978-985-6824-95-4.
- Белорусские сокровища за рубежом / А. И. Мальдис. — Минск : Літаратура і Мастацтва, 2009. — 208 с. : ил. — (Беларусь вчера и сегодня). ISBN 978-985-6720-94-2.
- Даўняя Беларусь. З настальгіяй аб мінулым / Адам Мальдзіс, Армэн Сардараў. — Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. — 165, [2] с. ISBN 978-985-6941-36-1.
- Соотечественники : очерки о белорусах и уроженцах Беларуси, обогативших мировую культуру / Адам Мальдис. — Минск : Издательский дом «Звезда», 2013. — 336 с. (Беларусь вчера и сегодня). ISBN 978-985-7059-85-0.
- Ад Скарыны і Фёдарава — у XXI стагоддзе: зборнік эсэ / Адам Мальдзіс. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2018. — 206, [1] с. — ISBN 978-985-581-087-3.
- Што было, што ёсць, што будзе з беларусамі? : артыкулы, эсэ, інтэрв’ю. — Мн.: УП Энцыклапедыкс, 2022. — 104 с. — 80 экз. — ISBN 978-985-7090-81-5.
Зноскі
- 1 2 https://www.svaboda.org/amp/31637736.html Праверана 4 студзеня 2022.
- 1 2 https://belisrael.info/?p=29764
- ↑ Марыў схавацца на Астравеччыне і дапісаць свае кнігі. Памёр Адам Мальдзіс Архівавана 3 студзеня 2022.
- ↑ catholic.by
- 1 2 Maldzis, A. Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich… S. 179.
- ↑ Maldzis, A. Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich… S. 180.
- ↑ Навінкі ад «Акадэмкнігі»: Сага па Мальдзісу
- ↑ Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
- ↑ https://www.racyja.com/kultura/yon-adkryvau-belarus/
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — С. 43. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10), ISBN 985-11-0035-8.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — С. 61. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 267. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 5. — С. 362. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2.
- Мальдзіс Адам Восіпавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 460. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3. Карчма — Найгрыш. — С. 424. — 751 с. — 10 000 экз.
- Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Дубянецкі Э. — Мн.: БелЭн, 2003. — ISBN 985-11-0277-6 — C. 209.
- Савік Л. С. Мальдзіс Адам // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. — Т. 4. Лазарук — Перкін. — С. 194. — 524 с.; іл.. — ISBN 5-85700-153-6.
- Мальдзіс Адам // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Zaprudnik Jan. Historical Dictionary of Belarus. — 1998. P. 153
Спасылкі
- Скарынаўскі Цэнтр Архівавана 12 чэрвеня 2008. — Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны
- «Кантакты і дыялогі» Архівавана 6 мая 2008. — Інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь
- KAMUNIKAT — Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка KAMUNIKAT
- Не стало Адама Мальдиса