Барыс Іванавіч Сачанка
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сачанка.
Барыс Іванавіч Сачанка (15 мая 1936, в. Вялікі Бор, Хойніцкі раён, Гомельская вобласць — 5 ліпеня 1995) — беларускі пісьменнік, перакладчык і выдавец. Бацька беларускай паэтэсы і літаратуразнаўца Святланы Явар і журналісткі і пісьменніцы Галіны Багданавай.
Біяграфія
Бацька, Іван Мікалаевіч, працаваў у хімлясгасе. Маці, Вера Міхайлаўна, працавала ў калгасе, але мусіла шмат клапаціцца пра дзяцей, якіх у сям’і было сямёра. У 1943 годзе фашысты спалілі Вялікі Бор, а ў чэрвені таго ж года, Барыс, разам з бацькамі, быў вывезены ў Германію. Працаваў на ферме нямецкага землеўласніка. Затым быў лагер перамешчаных асоб. Вярнуўся на радзіму ў 1945 годзе.
У 1955 годзе Сачанка паступае на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, скончыў у 1960. Падчас вучобы ва Універсітэце (з 1958) пачаў працаваць у часопісе «Вожык».
Друкаваць свае творы Барыс Сачанка пачаў яшчэ будучы студэнтам. У 1956 годзе часопіс «Маладосць» надрукаваў апавяданне «Плынь». У сааўтарстве з Янкам Сіпаковым і Рыгорам Барадуліным пад псеўданімамі І. Сібарсач ці Р. Сібарсач змяшчалі ў «Вожыку» вострыя і надзённыя крытычныя нататкі, артыкулы, гумарэскі, сатырычныя замалёўкі.
У 1960—1976 працаваў у аддзеле прозы часопіса «Полымя», у 1976—1986 — сакратар праўлення СП БССР. З 1986 — загадчык рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1993—1995 гадах — галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя».
Прымаў удзел у рабоце XXXV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1980). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1960).
Творчасць
Уласныя творы
- 1960 — «Плынь» / дэбют, апавяданне ў часопісе «Маладосць»
Кнігі прозы:
- 1960 — «Дарога ішла праз лес» / кніга прозы
- 1962 — «Барвы ранняй восені»
- 1964 — «Зямля маіх продкаў»
- 1966 — «Пакуль не развіднела»
- 1968 — «Апошнія і першыя»
- 1971 — «Дарогі»
- 1971 — «Аксана»
- 1973 — «Памяць»
- 1976 — «Тры аповесці»
- 1978 — «Ваўчыца з Чортавай Ямы»
- 1987 — «Горкая радасць вяртання»
- 1989 — «Вечны кругазварот»
- 1989 — «Родны вугал»
Раман
- 1975 — «Чужое неба»
Трылогія
- «Вялікі Лес» (1980, 1982, 1984)
Кнігі гумару і сатыры
- 1966 — «Вол-фігурыст»
- 1969 — «Халасцяк»
Кнігі крытыкі і эсэістыкі
- 1985 — «Жывое жыццё»
- 1990 — «Сняцца сны аб Беларусі…»
Кнігі для дзяцей
- 1986 — «Кошык малін»
- 1987 — «Бабка Адарка»
У 1981 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Пераклады
Перакладаў з сербскай, славацкай, польскай моў. Пераклаў на беларускую мову аповесць Я. Гуцалы «Школьны хлеб» (1976), П. Андрэева (П. Абрасімава) «Аповесць пра майго сябра» (1979), кнігу аповесцей і апавяданняў І. Андрыча «Трывожны год» (1978), п’есы А. Салынскага «Барабаншчыца» (пастаўлена ў 1978) і А. Галіна «Апошняе спатканне» (пастаўлена ў 1980), паасобныя творы М. Прышвіна, С. Нікіціна, У. Багамолава, П. Мірнага, М. Кацюбінскага, Ф. Крайцвальда і інш.
Укладальнік кніг
Укладальнік кніг аповесцей і апавяданняў Я. Гушчы «Пан Грацыян і іншыя» (1976), Я. Івашкевіча «Дзяўчына і галубы» (1977), выбранай прозы М. Булгакава (1985), Ф. Салагуба (1987), Б. Пільняка (1988), У. Набокава (1989), зборніка паэзіі Л. Геніюш «Белы сон» (1990), 2-томнай «Анталогіі рускага савецкага апавядання» (1987). У часопісах «Полымя», «Маладосць», «Спадчына», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» апублікаваў (з прадмовамі і каментарыямі) забытыя ці малавядомыя і зусім невядомыя творы Я. Купалы, Я. Коласа, В. Ластоўскага, К. Сваяка, Л. Геніюш, У. Жылкі, У. Клішэвіча, А. Салаўя і інш. Напісаў сцэнарый дакументальнага фільма «Алесь Гарун» (зняты ў 1990).
Узнагароды
- Два ордэны «Знак Пашаны»
- Медаль Францыска Скарыны
- Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1982) за кнігу «Ваўчыца з Чортавай Ямы»
- Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І.Мележа (1991) за кнігу «Сняцца сны аб Беларусі…».
Зноскі
Літаратура
- Сачанка Барыс // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Сачанка Барыс // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
Спасылкі
Барыс Іванавіч Сачанка на Вікісховішчы |
- Анатоль Астапенка. Барыс Сачанка. Ён шчыра служыў Бацькаўшчыне(нявызн.).
- Барыс Сачанка — віртуальны музей аднае асобы