wd wp Пошук:

Адам Міцкевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Міцкевіч.

Ада́м Берна́рд Міцке́віч (польск.: Adam Bernard Mickiewicz; 24 снежня 1798, фальварак Завоссе Навагрудскага павета Літоўскай губерні Расійскай імперыі, цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці, Беларусі, у метрыцы месца нараджэння не пазначана — 26 лістапада 1855, Канстанцінопаль, Асманская імперыя) — польскі паэт беларускага паходжання[9][10], публіцыст (у тым ліку палітычны), асветнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага польскага руху, сябар Таварыства філаматаў. Вядомы перадусім сваімі баладамі, паэтычнымі апавяданнямі: драмай «Дзяды» і паэтычнай эпапэяй «Пан Тадэвуш», якая прызнаная апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры. Сярод іншых уплывовых твораў Міцкевіча вылучаюцца паэмы «Конрад Валенрод» і «Гражына».

За сваю антыўрадавую палітычную дзейнасць Адам Міцкевіч правёў у ссылцы ў цэнтральнай Расіі пяць гадоў, пакінуў Расійскую імперыю ў 1829 годзе і правёў рэшту свайго жыцця ў выгнанні, першапачаткова асеўшы ў Рыме, затым перабраўшыся ў Парыж, дзе ён стаў прафесарам славянскай літаратуры ў «Калеж дэ Франс». У Парыжы сустракаўся з Фрыдэрыкам Шапенам. Памёр у Канстанцінопалі, куды прыехаў аказваць дапамогу ў арганізацыі польскіх войскаў для барацьбы з Расійскай імперыяй у Крымскай вайне. Яго парэшткі пазней былі перавезеныя ў Вавельскі сабор у Кракаве.

Паходжанне

Бацька пісьменніка выводзіў сябе з шляхецкага роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай», заснавальнікам якога нібыта быў літоўскі баярын Рымвід. Сам Міцкевіч пісаў аб баярыне Рымвідзе ў сваёй «Гражыне». Аднак дваранства Рымвідаў-Міцкевічаў не было прызнана і зацверджана ў Расійскай імперыі, бо яму не было слушных доказаў[11][12]. Маці паэта, Барбара, якая мела сястру-блізняшку Марыяну, нарадзілася у 1768 годзе[13][14], паходзіла з роду Маеўскіх герба «Стары конь», у Наваградскім ваяводстве вядомым з сярэдзіны XVII ст. Яе бацькамі былі Матэвуш Маеўскі, які пад канец жыцця быў эканомам ў маёнтку Чомбраў, які належаў Вузлоўскім, і Кацярына-Ганна з Арэшкаў, дачка наваградскага ротмістра Юзафа Арэшкі. Першым вядомым продкам Адама Міцкевіча з роду Маеўскіх лічыцца Казімір Маеўскі, які ў 1650 г. валодаў фальваркам Бердаўка. Памылковая гіпотэза паходжання Барбары Маеўскай ад паслядоўнікаў Якуба Франка папулярызуецца публіцыстамі яўрэйскага паходжання. Ахрышчаны ў Навагрудскім фарным касцёле 12 лютага 1799 года.

Біяграфія

Напалеон Орда. Двор Міцкевічаў у Завоссі.
Дом-музей Міцкевіча ў Навагрудку.

Раннія гады

Атрымаўшы адукацыю ў Навагрудскай дамініканскай школе (1807—1815), паступіў у Віленскі ўніверсітэт (1815). З 1817 удзельнічаў у стварэнні і дзейнасці патрыятычных моладзевых гурткоў філаматаў і філарэтаў, напісаў праграмныя вершы («Ода да маладосці», 1820 і іншыя). Па заканчэнні ўніверсітэта служыў настаўнікам у Коўна (1819—1823).

У кастрычніку 1823 быў арыштаваны ў Вільні па раздутай М. М. Навасільцавым справе філаматаў і заключаны ў турму, якая размяшчалася ў памяшканні былога базыльянскага манастыра Святой Тройцы, дзе правёў некалькі месяцаў. У красавіку 1824 быў выпушчаны з турмы на парукі. У кастрычніку 1824 быў высланы ў выгнанне з Літвы.

Да 1829 прабыў у Расіі: Санкт-Пецярбург, з лютага па сакавік 1825 — Адэса, з выездам у Крым, са снежня 1825 — Масква (дзе няўдала спрабаваў ажаніцца з Каралінай Яніш, будучай паэтэсай і перакладчыцай Караліне Паўлавай[ru]), з лістапада 1827 года зноў Пецярбург. У Расіі зблізіўся з удзельнікамі дзекабрысцкага руху (К. Ф. Рылееў, А. А. Бястужаў), са значнымі рускімі пісьменнікамі і паэтамі (А. С. Пушкін, А. А. Дэльвіг, І. В. Кірэеўскі[ru], браты Ксенафонт[ru] і Мікалай Палявыя[ru], Д. У. Венявіцінаў[ru], Я. А. Баратынскі), з бібліёграфам і знакамітым аўтарам эпіграм С. А. Сабалеўскім[ru], таксама сябраваў з паэтам А. М. Янушкевічам.

Асабліва блізкія сяброўскія адносіны звязалі Міцкевіча з паэтам і журналістам князем Пятром Андрэевічам Вяземскім, які стаў першым перакладчыкам на рускую мову «Крымскіх санетаў[pl]»[15].

Эміграцыя

М. Андрыёлі. Адынец і Міцкевіч на Везувіі, 1895.

У маі 1829 пакінуў Расію раней, чым быў падпісаны загад цара пра забарону выезду. Жыў у Рыме, Швейцарыі.

Атрымаўшы паведамленне пра паўстанне, спрабаваў выехаць на радзіму. На некалькі месяцаў затрымаўся ў Дрэздэне. Ужо ў Познані даведаўся пра паражэнне паўстання.

З 1832 г. у Парыжы, супрацоўнічаў з дзеячамі польскай і літоўска-беларускай эміграцыі, займаўся палітычнай публіцыстыкай. Разам з І. Лялевелем адзін з лідараў дэмакратычнага крыла эміграцыі з тэрыторыі Рэчы Паспалітай. З 2 снежня 1832 г. — намеснік старшыні Таварыства літоўскіх і рускіх зямель, у якім 24 верасня 1832 г. выбраны начальнікам гістарычна-літаратурнай секцыі[16]. Рэдагаваў часопіс «Pielgrzym Polski[pl]».

У 18391840 г. прафесар Лазанскага ўніверсітэта, выкладаў; з 1840 узначальваў кафедру славянскіх літаратур у Калеж дэ Франс у Парыжы, стаў першым прафесарам славянскай славеснасці ў гэтай установе. У лекцыях даў высокую ацэнку беларускай мове і фальклору, на якія стала абапіраўся ў мастацкай творчасці[17]:

На беларускай мове, якую называюць русінскай, гавораць каля 10 мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана

У 1841 г. падпаў пад уплыў прапаведніка польскага месіянства[ru] Анджэя Тавяньскага[ru]. За прапаганду тавянізму французскі ўрад у 1845 г. адхіліў Міцкевіча ад чытання лекцый. У 1848 падчас рэвалюцыі стварыў у Італіі польскі легіён. З 1849 г. зноў у Парыжы, рэдагаваў газету «La Tribune des Peuples[en]». У 1852 г. быў адпраўлены ў адстаўку разам з Жулем Мішле і Эдгарам Кінэ[ru], стаў бібліятэкарам Арсенала.

У красавіку 1855 Міцкевіч аўдавеў і ўжо восенню 1855 з’ехаў у Канстанцінопаль, маючы намер арганізаваць Новы польскі, а таксама яўрэйскі легіён для дапамогі французам і англічанам у барацьбе з Расіяй. А. Міцкевіч ствараў атрады з ураджэнцаў Рэчы Паспалітай для барацьбы з Расіяй.

Смерць і пахаванне

Памёр у Стамбуле 26 лістапада 1855 года падчас эпідэміі халеры. Перад смерцю сказаў свайму сябру Служальскаму, калі той спытаўся, ці не хоча ён што-небудзь перадаць дзецям: «Няхай любяць адно аднаго», — і праз некалькі хвілін дадаў ледзь чутным шэптам: «Заўсёды!».

Многія біёграфы мяркуюць, што смерць Міцкевіча з’явілася вынікам палітычных інтрыг. Цела паэта было перавезена ў Парыж і пахавана на могілках Манмарансі[pl]. У 1890 перазахаваны ў Саборы Святых Станіслава і Вацлава на ўзгорку Вавель у Кракаве.

Асабістае жыццё

Томаш Лосік. Развітанне Адама Міцкевіча з Марыляй Верашчакай, 1889.

Летам 1820 года[18] Адам Міцкевіч прыехаў разам з Тамашам Занам у Туганавічы, дзе і распачалося наўзаем закаханне ў Марылю Верашчаку (стрыечная сястра Ігната Дамейкі, траюрадная сястра Тадэвуша Рэйтана і Тадэвуша Касцюшкі). Але каханне было няспраўджанае і няшчаснае. На той момант Марыля Верашчака была ўжо заручоная з графам Ваўжынцам Путкамерам герба Бражаціцы, з якім пабралася шлюбам у 1821 годзе і засталася жыць у маёнтку ў Больцініках. У жніўні 1821 года з нагоды імянінаў каханай Міцкевіча паўстала балада «Свіцязянка». Марылі быў адрасаваны верш «Да М***», упамянуты ў «Баладах і рамансах» і ў IV частцы «Дзядоў»[19].

У 1834 г. ажаніўся з Цалінай Шыманоўскай, якая нарадзіла яму 6 дзяцей: дачок Марыю і Хелену, а таксама сыноў Уладзіслава[pl] (1838—1926) — вядомага дзеяча польскай эміграцыі, Юзафа (1850—1938), Аляксандра і Яна.

Творчасць

Аўтограф.
«Ода да маладосці», рукапіс (1820).
Тытульная старонка першага выдання паэмы «Пан Тадэвуш» (1834).

Першы верш «Гарадская зіма[pl]» апублікаваны ў 1818 годзе ў віленскай газеце Tygodnik Wileński[pl].

Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» Адама Міцкевіча. Выдадзены Юзафам Завадскім першы вершаваны зборнік «Паэзія» (польск.: «Poezje», т. 1, Вільна, 1822) уключаў «Балады і рамансы[pl]» і прадмову «Аб рамантычнай паэзіі» (польск.: «O poezji romantycznej»), стаў маніфестам рамантычнага кірунку ў польскай літаратуры.

У другі том «Паэзіі» (1823) увайшлі рамантычная ліраэпічная паэма «Гражына» і часткі 2 і 4 драматычнай паэмы «Дзяды». У Расіі выйшла кніга «Санеты» (1826), якая ўключыла цыкл «Крымскіх санетаў[pl]» з вобразам героя-пілігрыма, які сумуе пра пакінутую радзіму, і новымі для польскай паэзіі ўсходнімі матывамі.

Сярод твораў гэтых зборнікаў сусветна вядомыя «Люблю я!», «Рамантычнасць[pl]», «Свіцязь», «Рыбка», сюжэты якіх падказаны беларускімі народнымі паданнямі і песнямі.

У перыяд настаўніцтва Міцкевіч пакахаў прыгажуню Марылю Верашчаку, з якой пазнаёміўся ў 1818 г. у час летнiх вакацый, калі гасцяваў у маёнтку Туганавічы непадалёк ад Навагрудка. У той час Марыля была сасватана за графа Путкамера[pl], за якога выйшла замуж у 1821 г. Самыя пяшчотныя лірычныя вершы паэт прысвяціў Марылі. Са з’яўленнем гэтых твораў постаць Міцкевіча ў польскай літаратуры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літаратурнага жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага мастацкага кірунку — рамантызму, асноўныя прынцыпы народнасці і нацыянальнай самабытнасці якога Адам Міцкевіч сфармуляваў у літаратурным маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць[pl]», 1821), грунтаваліся на беларускім гістарычным і фальклорным матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыятычным пафасам, а ў аснове сюжэта паэмы «Дзяды» — старажытна-беларускі язычніцкі абрад памінання продкаў.

Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці Адама Міцкевіча знайшлі адлюстраванне яго грамадска-палітычныя погляды на гісторыю і лёс роднага края, ролю нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў гістарычным працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамантычны вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асноўнай тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс…», «Картофля[pl]» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага края, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыятычнага абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў[pl]», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нацыянальна-вызваленчы пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва.

У перыяд расійскай ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыятычных пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусветнай літаратуры. У іх паэтычнае майстэрства Адама Міцкевіча дасягаула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гістарычнага змагання старажытных ліцвінаў супраць крыжакоў.

У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне Адам Міцкевіч пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардона[pl]», а таксама 3-ю частку драматычнай паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства[pl]» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрапейскіх народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны мастацкі твор А. Міцкевіча, вялікая нацыянальная эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясцовай шляхты, дадзены шырокая панарама народнага жыцця на Беларусі пачатку ХІХ стагоддзя, яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы.

Мастацкая спадчына Адама Міцкевіча завяршаецца невялікім цыклам «лазанскай» лірыкі[pl] («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі славянскіх літаратур.

Многія творы Міцкевіча сталі агульнапрынятымі сімваламі вызваленчага руху на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, «Ода да маладосці» была ўспрынята як маніфест паўстання 1830—1831. Пасля напісання ў віленска-ковенскі перыяд паэм «Гражына» і «Дзяды» постаць Міцкевіча выйшла на першы план у польскамоўнай літаратуры.

Мова Міцкевіча

І. Хруцкі. «Патрэт Адама Міцкевіча». 1850-я гг.

Мова Адама Міцкевіча з’яўляецца ў вялікай ступені мовай шляхты[20] ў Беларусі і Літве, да якой належаў сам паэт і якая з пункту гледжання граматычнай сістэмы і лексічных рэсурсаў мае ў сабе мноства беларускіх элементаў, якія ўзыходзяць да мясцовых беларускіх гаворак[21]. У сваёй творчасці правінцыялізм паэт уводзіў мэтанакіравана, тым самым падкрэсліваючы сваю лакальную асаблівасць. Доктар філалагічных навук і прафесар БДУ Мікалай Хаўстовіч адзначае, што мова сваіх твораў Міцкевіч называў польскай, зрэдку — «літвінскай»[22].

Многія навукоўцы, як гісторыкі літаратуры, так і мовазнаўцы згаджаюцца з тым, што складана казаць пра мову паэта як пра мастацкі сродак, пакуль не будзе вывучаны аб’ём і характар ​​яго правінцыялізмаў[20]. Прафесар Універсітэта імя Адама Міцкевіча Станіслаў Дабжыцкі[pl] ў сваёй працы «Некалькі назіранняў за мовай Міцкевіча» зарэгістраваў шматлікія моўныя факты, якія сустракаюцца ў творах Міцкевіча, якія выходзяць за межы літаратурнай польскай мовы[23].

У 1936 годзе літаратуразнавец і доктар філасофіі польскай і славянскай літаратуры Віленскага ўніверсітэта Станіслаў Станкевіч у сваёй працы «Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej» праграмна падсумаваў адметныя рысы ў сферы фанетыкі, марфалогіі, сінтаксісу і асаблівасці граматычных катэгорый[ru] роду і ліку мовы Адама Міцкевіча ў яго вершаваных творах і філамацкай карэспандэнцыі паэта.

Ацэнкі

Язэп Лёсік крытычна адгукаўся аб ягонай творчасці: «Міцкевіч і Сыракомля былі беларусы і ведалі, што яны беларусы, але калі яны гаварылі і пісалі па-польску, то ўся праца іх пайшла на багацце і пыху польскага народу. „Хто любіць Айца Нябеснага, а бліжняга свайго ненавідзіць, — сказаў Хрыстос, — той кажа няпраўду“. Хто любіць свой край, а культуру яго не прымае, той лжэц — скажам мы ад сябе».[24]

Пазней беларускімі літаратарамі Адам Міцкевіч вызнаецца за аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры[25], беларускага польскамоўнага паэта[26].

Ушанаванне памяці

Вуліца Адама Міцкевіча ў Рыме
Помнік Адаму Міцкевічу ў Мінску

У Навагрудку створаны Дом-музей Адама Міцкевіча; яго імем названы вуліцы ў Навагрудку, Гродне, Карэлічах, Лідзе, Ашмянах, Дзятлаве, Воранава, Брэсце і інш.. Помнікі і бюсты Міцкевічу ўстаноўлены ў шмат якіх гарадах Польшчы, Беларусі, Літвы і іншых краін. У 20152019 гадах імя Адама Міцкевіча па памылцы насіла вуліца ў Рэчыцы, першапачатковая названая ў гонар савецкага разведчыка Яўгена Міцкевіча[27]. Ёсць помнік Адаму Міцкевічу ў Парыжы.

Імя паэта носяць астэроід галоўнага пояса астэроідаў 5889 Міцкевіч і кратар[pl] на Меркурыі.

На IX конкурсе імя Ежы Гедройца (вынікі падведзены ў Мінску 31 сакавіка 2009 года) фільм Алега Лукашэвіча «Эпоха Адама Міцкевіча» ганараваны Дыпломам з адзнакай[28].

У доме ў Стамбуле, дзе жыў і памёр паэт, у 1955 годзе адкрыты музей.

Бібліяграфія

Адам Міцкевіч на паштовай марцы Беларусі.
  • Dzieła. T. 1-16. Warszawa, 1955;

У перакладах

І. Аляшкевіч. «Партрэт А. Міцкевіча». 1828.

Сярод перакладчыкаў на беларускую мову — В. Дунін-Марцінкевіч, Аляксандр Ельскі, Янка Купала, Б. А. Тарашкевіч, Пятро Бітэль, Язэп Семяжон, Максім Лужанін, Рыгор Барадулін, Серж Мінскевіч, Кастусь Цвірка, Міхась Скобла, Ірына Багдановіч, Анатоль Брусевіч. Існуюць тры поўныя пераклады «Пана Тадэвуша» на беларускую мову.

На літоўскую мову Міцкевіча перакладалі Э. Даўкша, В. Кудырка, Майроніс, М. Густайціс[ru] («Крымскія санеты» і «Дзяды»), К. Юргеліоніс[ru] (вершы), Л. Гіра, К. Шакяніс[lt] (у 1924 пераклаў «Пана Тадэвуша»), В. Мікалайціс-Пуцінас[ru], Ю. Марцінкявічус і іншыя паэты.

Перакладамі на ўкраінскую мову займаліся П. Куліш[ru], П. Гулак-Арцямоўскі[ru], Алена Пчылка[ru], М. Рыльскі[ru], Л. Баравікоўскі[uk], А. Шпігоцкі[uk], Іван Франко, Леся Украінка, Максім Фадзеевіч Рыльскі[uk], Мікола Бажан, Андрэй Самойлавіч Малышка[uk] і Іван Драч[uk].

На чэшскай мове Міцкевіч публікаваўся ў перакладах Я. Врхліцкага, Э. Краснагорскай[ru].

На эсперанта Міцкевіча перакладалі А. Грабоўскі і І. Лейзяровіч[ru].

На рускую мову творы Міцкевіча перакладалі паэты і перакладчыкі розных маштабаў здольнасцяў. А. С. Пушкін перавёў баладу «Тры Будрыса» (у перакладзе «Будрыс і яго сыны», 1833; апублікаваны ў «Бібліятэцы для чытання[ru]» ў 1834) — надзвычай дакладны пераклад, які лічыцца непераўзыдзеным шэдэўрам перакладчыцкага мастацтва[29], а таксама баладу «Ваявода» і ўступ да «Конрада Валенрода». Першы пераклад часткі драматычнай паэмы «Дзяды» належыць В. А. фон Роткірху[ru]. Сярод перакладчыкаў Міцкевіча — І. Казлоў[ru], які ў 1827 па празаічнаму падрадкоўніку П. Вяземскага поўнасцю пераклаў «Крымскія санеты», М. Берг[ru], які перакладаў вершы і эпічную паэму «Пан Тадэвуш», У. Бенядзіктаў[ru] («Гражына», «Конрад Валенрод», лірыка), Р. Данілеўскі, С. Дураў[ru], А. Майкаў (у прыватнасці, «Крымскія санеты»), Л. Мей, П. Вейнберг[ru], А. Калтонаўскі[ru] (у канцы 1890-х — пачатку 1900-х), пазней — К. Бальмонт, В. Брусаў, Ігар Севяранін, акмеіст М. Зянкевіч[ru], Е. Палонская[ru], М. Асееў[ru] («Песня філарэтаў»), В. Румер[ru] («Плывец», «Да Іахіма Лелявеля[ru]» і іншыя вершы), С. Кірсанаў[ru] (у прыватнасці, «Прысвячэнне ў альбом», шырока вядомае па альбому Д. Тухманава[ru] «Па хвалі маёй памяці[ru]», «Смерць палкоўніка», «Рэдута Ардона»), М. Святлоў («Звон і званочкі», «Упартая жонка» і іншыя вершы), М. Жываў[ru], Л. Мартынаў[ru] («Дзяды», вершы), Д. Самойлаў[ru] (асобныя вершы), А. Таркоўскі («Гражына», вершы «Шанфары», «Альматэнабі»), А. Геляскул[ru], А. Эпель[ru] і многія іншыя паэты і перакладчыкі. Санеты Міцкевіча акрамя М. Лермантава, А. М. Майкава, І. Буніна, У. Хадасевіча і іншых паэтаў перакладаў В. Левік[ru].

Беларускія пераклады

  • Выбраныя творы / Склад. Я. Брыль; рэд. пер. М. Танк. Мн., 1955.
  • Зямля навагрудская, краю мой родны…: Санеты, балады, вершы і ўрыўкі з паэм / Пер. з пол.; уклад. А. Мальдзіс. Мн., 1969.
  • Пан Тадэвуш / Пер. з пол. Б. Тарашкевіч; прадм., падрыхт. тэксту і камент. А. Мальдзіс. Мн., 1981.
  • Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве: Шляхецкая гісторыя 1811—1812 гадоў у дванаццаці кнігах вершам / Пер. Я. Семяжона. Мн., 1985.
  • Свіцязянка: Вершы, балады, паэмы / Уклад. У. Мархель // Э. Ажэшка. Зімовым вечарам: Апавяданні, аповесці; А. Міцкевіч. Свіцязянка: вершы, балады, паэмы. Мн., 1996.
  • Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве: Шляхецкая гісторыя з 1811 і 1812 гг. у дванаццаці кнігах вершам / Пер. на бел. мову П. Бітэль. Мн., 1998.
  • Санеты = Sonety / Уклад. У. Мархеля; Пер. з пол. У. Мархеля, I. Багдановіч. Мн., 1998.
  • Дзяды = Dziady: У 2 т. / Пер. на бел. мову С. Мінскевіча. Мн., 1999.
  • Вершы і паэмы. Мн., 2000.
  • Выбраныя творы / Уклад. К. Цвірка. Мн., 2003.
  • Выбраная лірыка / Уклад. І. Багдановіч. Мн., 2018 («Паэты планеты»).

Гл. таксама

Зноскі

  1. Мілаш Ч. The History of Polish Literature, Updated edition — 2 — University of California Press, 1983. — С. 208. — ISBN 978-0-520-04477-7
  2. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. 1 2 3 Стахеев Б. Ф. Мицкевич // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 4. — С. 892–897.
  4. В. Спасович, Уманский А. М. Мицкевич, Адам // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1896. — Т. XIXа. — С. 503–508.
  5. Мицкевич Адам // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  6. Encyclopædia Britannica
  7. list of professors at Collège de France
  8. http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/mickiewicz-adam/ Праверана 30 жніўня 2022.
  9. Масляніцына І. Міцкевіч (Mickiewicz) Адам // Літаратура/Мысліцелі і асветнікі Беларусі (1995 г.)
  10. Ніна Баршчэўская. Адам Міцкевіч і Беларуская мова Архівавана 12 кастрычніка 2008. // Камунікат 2 / 2005 (27)
  11. Рыбчонак С.А….
  12. Syrokomla-Bułhak A…. S.185.
  13. Сяргей Рыбчонак. Рыбчонак С. Радавод Адама Міцкевіча: новыя факты і старыя загадкі // Rocznik Polskiego Towarzystwa Heraldycznego nowej serii / Red. S.Górzyński / T. XI (XXII). — Warszawa: DIG, 2012. — S.61-74..
  14. Т. Липич, В. Липич, Романтизм в русско-польском диалоге культур первой половины XIX века // Rocznik Instytutu Polsko-Rosyjskiego=Ежегодник Русско-польского института, No 1 (2) 2012
  15. Швед, В. Таварыства літоўскіх і рускіх зямель / Вячаслаў Швед // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 492.
  16. Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6
  17. Tomasz Krzywicki. Adam poznaje Marylę // Szlakiem Adama Mickiewicza po Nowogródczyźnie, Wilnie i Kownie. — Rewasz. — Pruszków, 2006. — S.164—165
  18. З. Ю. Юркевіч. Продкі Ігната Дамейкі па кудзелі: новыя архіўныя здабыткі(недаступная спасылка)
  19. 1 2 Станіслаў Станкевіч. Мова Міцкевіча // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 144. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6.
  20. Bitsch K. Język polski w Wileńszczyźnie. — Przegląd Współczesny, Styczeń-marzec 1925. — С. 29 і 32.
  21. М. Хаўстовіч[be-x-old]. Наш Міцкевіч // XIX стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах. — Кн. першая. — Мн.: БДУ, 2000.. — С. 3. — 214 с.
  22. Dobrzycki St.[pl]. Kilka spostrzeżeń nad Językiem Mickiewicza. — Prace Filologiczne, 1911. — Т. VII.
  23. «Вольная Беларусь», № 6-8. — 24 лютага, 3, 10 сакавіка 1918 г.
  24. Адам Мальдзіс. Зямля Навагрудская, краю мой родны… // Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś / Уклад. В. Грышкевіч, навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. — Мн.: ННАЦ імя Ф.Скарыны, 1997. С. 6
  25. Міцкевіч Адам // Літаратура/Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003
  26. Рэчыцкія ўлады патлумачылі, у чым прыкол з перайменаваннем вуліцы Адама Міцкевіча
  27. Фильм «Эпоха Адама Мицкевича» удостоен Диплома с отличием на IX конкурсе имени Гедройца Архівавана 25 жніўня 2009. (руск.)
  28. Томас Венцлава. К нулевому пра-тексту: заметки о балладе Будрыс и его сыновья. — Alexander Pushkin: Symposium II, ed. by Andrey Kodjak, Krystyna Pomorska and Kiril Taranovsky[ru], Columbus: Slavica, 1986, с. 78—87

Літаратура

  • Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
  • Мірачыцкі Л. Светлым ценем Адама Міцкевіча: Эміграцыя з Наваградчыны. Мн., 1994;
  • Брага С. Міцкевіч і беларуская плынь польскае літаратуры // З гісторыяй на «Вы». Вып. 3. Мн., 1994;
  • Гайба М. Сэрцу мілая Айчына: Вобраз Радзімы ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча. Баранавічы, 2011;
  • Брусевіч А. Фактары беларускай культуры ў творчасці Адама Міцкевіча. Гродна, 2008;
  • Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;
  • Адам Міцкевіч і нацыянальная культура: матеріалы Міжнар. навук. канф. Мн., 1997;
  • Мархель У. І. «Ты як здароўе…»: А.Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры. Мн., 1998;
  • ЭГБ, т. 5.
  • Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
  • Syrokomla-Bułhak A. Gustaw i Peri: Ich kraj rodzinny. Zielona Góra, 1998.
  • Mickiewicz, W. Pamiętniki : w 3 t./ W. Mickiewicz. — Warszawa — Kraków — Lublin — Łódź — Paryż — Poznań — Wilno — Zakopane : Gebethner i Wolf, 1927.
  • Witkowska, A. Mickiewicz: słowo і czyn. Warszawa, 1998.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Паэты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be