wd wp Пошук:

Максім Танк

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Скурко‎. Максі́м Танк, сапр.: Яўге́н Іва́навіч Скурко́ (17 верасня 1912, в. Пількаўшчына, Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя, цяпер Мядзельскі раён Беларусь — 7 жніўня 1995, Мінск, Беларусь; Іншыя псеўданімы: Аўгень Бура; А.Граніт) — беларускі і савецкі паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч. Класік беларускай літаратуры[2].

Народны паэт Беларусі (1968). Акадэмік АН Беларусі (1972). Герой Сацыялістычнай Працы (1974). Ганаровы грамадзянін г. Мінска (1987), (г. п. Радашковічы) (1992). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1978, за кнігу паэзіі «Нарачанскія сосны»), Дзяржаўнай прэміі СССР (1948, за зборнік «Каб ведалі»), літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1959, за зборнік «След бліскавіцы»), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1966, за зборнік «Мой хлеб надзённы»), літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980, за кнігу «Прайсці праз вернасць»). Член СП Беларусі з 1940[2].

Біяграфія

Паходжанне

Хата ў Пількаўшчыне, дзе нарадзіўся М. Танк, цяпер яго музей

Прадзеда Максіма Танка звалі Марк, ён быў адным з заснавальнікаў вёскі Пількаўшчына. Жыў бедна, і даводзілася шмат працаваць. Дзеда звалі Хвёдар (Фёдар) Скурко, яго жонку — Улляна (пам. у 1936 г., ва ўзросце каля 80 гадоў). Хвёдар Маркавіч Скурко быў заўзятым паляўнічым. Яго не ўзялі ў салдаты, бо валасны старшыня, які часта ласаваўся яго дзічынай, вызваліў хлопца ад службы. Апроч таго лячыў людзей ад змяінага ўкусу, добра ведаў розныя лекавыя травы, дапамагаў хворым. Дажыў да 82 гадоў. Пасля сябе пакінуў каля шасці дзесяцін зямлі, разам з лесам і сенакосам, і дванаццаць дзяцей. Засталіся звесткі толькі пра трох сыноў: Івана, Фадзея і Ціхана. Сем’і дачок Паліны і Соф’і былі рэпрэсіраваны і вывезены ў Сібір [3].

Бацька Максіма Танка — Іван Хвёдаравіч Скурко (нар. 1882 г.; старэйшы сын Хвёдара Маркавіча), маці — Домна Іванаўна Хвалько (родам з вёскі Задубенне, што ля мястэчка Крывічы). Івану Хвёдаравічу з ранняга юнацтва давялося зведаць цяжкай працы: арандаваў зямлю, шыў боты, ганяў плыты, наймаўся лесарубам, хадзіў на панскі луг капаць канавы. Быў не вельмі пісьменны: толькі адну зіму адвучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў в. Новікі, а потым яшчэ некалькі месяцаў у Мядзельскім народным вучылішчы.

У Івана Хвёдаравіча былі брат Ціхан, сёстры — Соф’я і Хрысціна. Бацька Максіма Танка быў адным з найбагацейшых гаспадароў у вёсцы, яго род меў 60 дзесяцін зямлі. Але ўсё гэта было дзякуючы працы ўсёй вялікай сям’і. Пазней за «кулацкае» паходжанне ў сталінскія часы пад Максіма Танка падкопваліся спецслужбы, і раскулачванне ў канцы 1940-х іх сям’ю абмінула толькі таму, што паэт загадаў бацькам тэрмінова ўступіць у калгас[4]. Падчас Першай сусветнай вайны, увосень 1914 года, Івана Фёдаравіча мабілізавалі ў войска. Ён быў добрым шаўцом, з нагоды чаго быў накіраваны ў шавецкую майстэрню ў Пскоў. Ад шлюбу з Домнай Іванаўнай меў дзяцей: сыноў Яўгена (Максім Танк) і Фёдара, дачок Веру і Людмілу[3].

Дзяцінства. Школьныя і гімназійныя гады

Дзед Хвёдар (сядзіць у цэнтры) і баба Улляна з нашчадкамі: у другім радзе стаяць сястра Вера, бацька Іван, сам паэт. Побач з дзядамі — сястра Мілка і брат Федзя. 1930-я гады.

Яўген Іванавіч Скурко (Максім Танк) нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерні. У 1914 годзе Домна Іванаўна з двухгадовым сынам Жэням на руках далучылася да бежанцаў, якія былі вымушаны бегчы ў глыб Расіі. На Дзвінскім вакзале бацька выпадкова сустрэў Яўгена. Салдаты знайшлі для іх месца ў адным з эшалонаў, і сям’я на цягніку эвакуіравалася ў Маскву, дзе ён пазней пайшоў у школу[5]. У Маскве сям’я пражыла з 1914 па 1922 год. Маці падрабляла прыбіральшчыцай у доме палкоўніка, затым — святара, пазней перайшла на працу на ваенны завод.

Сям’я жыла на Ціхвінскай вуліцы. На той жа вуліцы знаходзілася школа, у якую ён і пайшоў. У школе вучыўся старанна, адзначаўся настаўніцай за кемлівасць і добрыя поспехі. Завучваў багата на памяць вершаў, некаторыя перапісваў у свае сшыткі. Ведаў значна больш за сваіх аднакласнікаў. Першая прачытаная ім кніга пакінула вялікае ўражанне. Гэта была «Вечары на хутары бліз Дзіканькі» М. Гогаля, а таксама вершы А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Някрасава, Т. Шаўчэнкі[3].

Яўген і Вера Скурко. Масква, 1922

Паводле ўмоў Рыжскага міру частка Беларусі адышла да Польшчы, і яго родная Пількаўшчына апынулася за мяжой. Падавалася, што пра вяртанне не магло быць і гаворкі. Але страшэнны голад, які ў 1921—22 гадах ахапіў Расію, шмат каго з эмігрантаў вымусіў шукаць дарогі дадому. У 1922 годзе сям’я падалася на радзіму. Школа, у якой яму трэба было вучыцца, была польскай, але з нагоды таго, што польскай мовы хлопчык не ведаў, гэты год яму давялося сядзець дома. У вольную часіну бацька вучыў сына чытаць па-польску. У 1923 годзе Жэня пайшоў у Шкленікоўскую пачатковую школу. Не гледзячы на тое, што навучанне вялося па-польску, хлопчык стаў лічыцца лепшым вучнем, атрымліваў выдатныя адзнакі, стараўся браць цікавыя кніжкі са школьнай бібліятэкі[3]. Зімой вучыўся, а летам пасвіў кароў.

Увосень 1925 года бацька яго перавёў у Сваткоўскую школу. Хлопчык старанна вучыўся, браў актыўны ўдзел у школьным драматычным гуртку, захапляўся маляваннем: маляваў нацюрморты, пейзажы, рабіў рэпрадукцыі з карцін і паштовак. За зіму перачытаў усе кнігі, што былі ў школьнай бібліятэцы — Г. Сянкевіча, М. Канапніцкай, Ж. Верна, Ф. Купера, Ю. Славацкага, А. Міцкевіча. У Сватках яму ўпершыню ў рукі трапіў «Беларускі каляндар» (на 1925 год) на беларускай мове. Яго зацікавіла тое, што каляндар быў напісаны на той жа мове, на якой размаўлялі паміж сабой вяскоўцы[3]. У 1926 годзе Яўген Скурко скончыў пачатковую школу, і жадаў вучыцца далей. Пасвячы кароў, усё лета рыхтаваўся да экзаменаў, і ў 1926 годзе паступіў у 3 клас рускай прыватнай гімназіі ў Вілейцы. У праграму ўваходзілі вывучэнне Закону Божага, польскай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, лацінскай і нямецкай моваў, матэматыкі, геаграфіі і прыродазнаўства. Вучыўся ў гімназіі паэт даволі паспяхова. Настаўніца рускай мовы і літаратуры, Аглаіда Венядзіктаўна Мажухіна, прывіла ў яго любоў да літаратуры і заахвоціла да творчасці. Падчас навучання ён зрабіў сваю першую літаратурную спробу — пераказаў у вершаванай форме легенду пра Шкленікоўскае возера, пра якое чуў ад свайго дзеда Хвёдара, склаў некалькі пейзажных вершаў. Усё гэта запісваў у свой патаемны сшытак[3].

У 1928 годзе Вілейская гімназія была закрыта польскімі ўладамі і Яўгену Скурку давялося ехаць у Радашковічы, дзе ён працягнуў навучанне[5]. У радашковіцкай беларускай гімназіі юнак упершыню пазнаёміўся з падпольнай камсамольскай арганізацыяй, у якую неўзабаве ўступіў. Большасць яго новых сяброў па гімназіі пісалі вершы, і ён таксама настойліва ўзяўся за гэтую справу. Але, на жаль, усе яго першыя спробы пяра не захаваліся. Пачынаючы паэт знішчаў амаль усе свае творы, якія не траплялі ў друк[3].

У новай гімназіі Яўген Скурко прыняў удзел у адной з вучнёўскіх забастовак, накіраванай супраць ліквідацыі беларускіх школ польскім урадам. Пасля гэтага выступу з Радашковіцкай гімназіі было выключана некалькі гімназістаў, у ліку якіх апынуўся і ён. Яўген Скурко, таксама як і шмат хто з выключаных вучняў, у 1929 годзе накіраваліся ў Вільню. У пачатку 1929 года хлопец паступіў у Віленскую рускую гімназію імя А. Пушкіна[2]. Але і тут ён затрымаўся ненадоўга: Яўген прыняў новы ўдзел у забастоўцы. Мясцовыя ўлады расправіліся з рэвалюцыйна настроенай моладдзю і актыўнымі камсамольцамі, якіх чакала выдаленне. Адзінае, што заставалася юнаку — вяртацца ў родную Пількаўшчыну. Дома Яўген Скурко правёў вясну і лета, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, шмат чытаў і пісаў. І ўвесь час марыў працягнуць вучобу[3].

Падпольная дзейнасць

Максім Танк у турме Лукішкі, 1932 г.

Напачатку 1930 гадоў Яўген Скурко прымаў удзел у падпольнай камсамольскай рабоце. 27 красавіка 1932 года за ўдзел у выданні першага (і адзінага) нумара беларускага літаратурна-палітычнага «Часопіса для ўсіх», а таксама за падпольную дзейнасць быў арыштаваны і трапіў у віленскую турму Лукішкі, у якой месяц адбыў у зняволенні. Восенню 1932 года нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу і трапіў у Мінск у надзеі прадоўжыць вучобу. У Мінску таксама далучыўся да падпольнай дзейнасці. Тут яго арыштоўваюць і два тыдні трымаюць пад вартай. З ім праводзяць «сяброўскія гутаркі», вядуць допыты, а пасля дэпартуюць назад[6].

У 1932—33 гадах працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі, вёў рэвалюцыйную дзейнасць на Віленшчыне і Навагрудчыне. Неаднаразова затрымліваўся польскімі ўнутранымі органамі. 11 жніўня 1933 года віцэ-пракурор XIII Віленскага раёна Дамінік Пятроўскі ў сваім абвінаваўчым акце (аб’ём — 13 друкаваных старонак) заяўляў, што жыхар вёскі Пількаўшчына Мядзельскай гміны Пастаўскага павета, сын Яна і Дамінікі Яўген Скурко, якому 21 год, абвінавачваецца ў тым, што з 1930-га па 27 мая 1933 года ў Вільні, у Пастаўскім і Дзісенскім паветах Віленскага ваяводства, а таксама ў Наваградскім ваяводстве, маючы намер гвалтоўна змяніць дзяржаўны лад Польшчы і адарваць частку яе тэрыторыі, узяў удзел у Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), ведаючы, што гэта партыя складаецца з асоб, якія імкнуцца да азначанай вышэй мэты[7].

У турмах Яўген Скурко правёў з перапынкамі каля двух гадоў. У 1936 годзе быў прыняты ў КПЗБ[2].

Савецкі перыяд

Напачатку Вялікай Айчыннай вайны Яўген Скурко эвакуіраваўся ў Саратаў, дзе ўступіў у народнае апалчэнне. Крыху пазней быў накіраваны на Бранскі фронт, у газету «За Савецкую Беларусь».

Яшчэ ў сталінскія часы не прымаў сацыялістычны рэалізм.[8]

З 1967 па 1990 з’яўляўся старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1966 па 1986 — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, з 1958 па 1991 — старшыня Рэспубліканскага камітэта савецка-польскай дружбы, з 1991 — старшыня таварыства «Беларусь — Польшча». З 1990 — член Рады СП Беларусі. З 1961 па 1966 — кандыдат у члены ЦК КПБ, з 1966 па 1990 — член ЦК КПБ. З 1947 па 1971 — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, з 1969 па 1989 — дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. З 1963 па 1971 — старшыня Вярхоўнага Савета БССР[2][9].

Час незалежнасці

За часам незалежнасці М. Танк не цураўся бел-чырвона-белага сцяга. Перад смерцю падтрымліваў мову і нацыянальную сімволіку, выступіў супраць вынікаў рэферэндуму 1995 года.[4]

Творчасць Максіма Танка

Максім Танк пачаў пісаць вершы будучы гімназістам, у другой палове 1920-х гадоў. Дэбютаваў у друку ў 1931 годзе. Падчас навучання ў Віленскай гімназіі разам з аднакласнікам, паэтам і мастаком Я. Гарохам выдаў рукапісны часопіс «Пралом», дзе пад псеўданімам А. Граніт надрукаваў свае першыя вершы. Яго творы з гэтага часопіса ўзялі для «Хрэстаматыі заходнебеларускай літаратуры». У 1932 годзе малады паэт Яўген Скурко актыўна супрацоўнічаў у нелегальным друку: у «Праломе», у камуністычным «Часопісе для ўсіх», у газетах-аднадзёнках «На пераломе» і «Беларускае жыццё». У газеце «Беларускае жыццё» (за 7 красавіка 1932 года, Львоў) упершыню з’явіўся псеўданім Максім Танк, пад вершам «Заштрайкавалі гіганты-коміны»[2].

Вокладка зборніка вершаў «Вастрыце зброю», 1945 г.

У канцы 1933, падчас зняволення ў турме, выдаваў пры падтрымцы палітвязняў рукапісны часопіс «Краты» (усяго было выдадзена выйшла 6 нумароў), у якім збылі змешчана і яго вершы, і творы іншых зняволеных паэтаў (П. Пестрака, В. Таўлая і інш.). У другой палове 1930-х гадоў вёў «Беларускую калонку» ў польскім выданні «Poprostu»[pl], загадваў літаратурным аддзелам у газеце «Наша воля», супрацоўнічаў у «Беларускім летапісе», у часопісе «Калоссе». У гэтых і іншых выданнях друкаваў свае вершы, апавяданні, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы.

У 1935 годзе ў Вільні пачаў пісаць паэму «Нарач». Тэмай для паэмы паслужыла нарачанская забастоўка рыбакоў, якая рэхам прайшлася па суседняй Вілейшчыне і Палессі. Цалкам надрукаваць твор было не магчыма з-за цэнзуры, таму аўтару даводзілася, выкрэсліваючы найбольш вострыя моманты, друкаваць яго часткамі ў «Калоссі». Некаторыя нумары часопіса з фрагментамі паэмы былі канфіскаваныя польскімі ўладамі. І толькі ў 1940 годзе паэту ўдалося цалкам узнавіць тэкст паэмы[10].

У 1936 годзе пры дапамозе КПЗБ быў выдадзены яго першы зборнік вершаў «На этапах», у 1937 годзе — зборнікі «Журавінавы цвет» і паэма «Нарач», у 1938 — «Пад мачтай» (1938). Яго кнігі «На этапах» і «Нарач» былі канфіскаваны польскімі ўладамі[2].

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР (1939) Максім Танка працаваў у сельскім камітэце, у «Віленскай праўдзе» і вілейскай абласной «Сялянскай газеце». У 1940 годзе ў Дзяржвыдавецтве БССР выйшлі яго «Выбраныя творы», а ў Маскве — зборнік «Стихотворения».

У ваенныя гады паэт працаваў у газеце «За Савецкую Беларусь», якую рэдагаваў М. Лынькоў, агітплакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну», стварыў і апублікаваў паэму «Янук Сяліба» (1943), зборнікі вершаў «Вастрыце зброю» і «Праз вогненны небасхіл» (1945), якія склалі патрыятычныя творы ваенных гадоў. Пасля вайны М. Танк працаваў у часопісе «Вожык». 3 1948 па 1966 год Максім Танк працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». З 1966 па 1990 год працаваў спачатку першым сакратаром, затым старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Ацэнка і значнасць творчасці

За шэсць дзесяцігоддзяў паэзія Максіма Танка прайшла пэўную ідэйна-мастацкую эвалюцыю. На яго творчасць аказала ўплыў грунтоўнае веданне беларускага фальклору, творчая вучоба ў класікаў беларускай, рускай, украінскай і польскай літаратур. Ад творчага вучнёўскага пераймання паэт даволі хутка перайшоў да самастойнага мастацкага выраза і мыслення.

Асабістая картка сябра Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР, запоўненая ўласнаручна Максімам Танкам

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Максім Танк падключыўся да грамадскіх і культурных працэсаў, што адбываліся ў савецкай краіне. Але яго творчасць адрознівалася ад пануючага ў той час рэвалюцыйнага пафасу бесканфліктнасцю. Ён паказваў лёс і духоўны свет заходнебеларускіх працоўных, умела пры гэтым працуючы ў разнастайных паэтычных відах і жанрах: лірыцы грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай і інтымнай, вершах гумарыстычных і сатырычных, казках, баладах, песнях, героіка-рамантычных паэмах («Нарач», «Каліноўскі», «Журавінавы цвет», «Сказ пра Вяля»)[2].

У яго творчасці адлюстроўваўся высокі ўзровень нацыянальна-патрыятычнай свядомасці, вершы былі арыентаваны на адвечныя маральна-этычныя прынцыпы. Пачынаючы паэт імкнуўся асэнсаваць працэсы заходнебеларускай рэчаіснасці і іх далейшае развіццё. Вершы Максіма Танка прасякнуты болем пра зняволены родны край, прыгнечаны і занядбаны народ. Гэта выразна адчуваецца ў зборніках Максіма Танка — «Журавінавы цвет» (1937) і «Пад мачтай» (1938). Шмат якім ягоным вершам, была ўласціва рэалістычнасць, прадметная выразнасць жывапіснага малюнка. Напрыклад, такім, як: «Калі няма на свеце маёй мовы…», «У падзямеллі», «Шэрыя хаты, платы і вароты…», «Лісце каштанаў» і іншым[11].

Максім Танк у сваіх творах звяртаўся да любімых паэтамі-раманістамі мастацкіх вобразаў вясны, сонца, навальніцы, пажару і іншых. Але яго ўмоўна-рамантычныя вобразы адначасова неслі і сацыяльную праўду жыцця: «Цягнуцца думы барознамі, Чорны змываючы пот» («Палавічнік»), «будуць вашы дзеці Араць бяду з пракляццем на шнурах», «Нехта з песняй залатым скрабе нарогам Грудзі чорныя, ўраджайныя зямлі», «Змоўкла песня, толькі звоняць недзе слёзы На палетках за скрыпучаю сахой» («Сказ пра Вяля»), у батрацкага сына багацця — «душа пад кашуляй, Сілы поўная буйнай» («Ой, калышацца вецер») і іншыя.

Паэзія Максіма Танка вызначалася чысцінёй і свежасцю, і пры гэтым умоўна-рамантычная мройлівасць, душэўная высакароднасць спалучалася ў ёй з бескампраміснасцю, ахвярнай мужнасцю. Гэта выразна бачна ў вершах «Чорныя скібы», «Начная цішыня», «Спатканне», «Над Прыпяццю», «Песня кулікоў», «Паслухайце, вясна ідзе…» і іншых. У яго вершах чытаюцца адметныя рысы тагачаснага грамадскага жыцця і прыроды Заходняй Беларусі. Вялікае месца ў сваёй паэзіі Максім Танк надаваў такім катэгорыям, як матчына песня, родныя загоны, муры і краты, вясна-перамога, каласістае гора, жалезны вырай, этапныя дарогі, світальная зара, полымя волі, сталёвы сонечны паход і іншыя. Усяму таму, што раскрывала характэрныя асаблівасці беларускага нацыянальнага лёсу[11].

З іменем Максіма Танкам і яго творчымі пошукамі некаторыя заходнебеларускія крытыкі звязвалі наступленне цэлай эпохі ў развіцці нацыянальнай літаратуры. Напрыклад, артыкул С. Каліны, які быў надрукаваны і змешчаны ў часопісе «Калоссе», так і называўся — «На парозе новае эпохі ў беларускай літаратуры». С. Каліна пісаў у сваім артыкуле:

«Ягоная творчасьць, што паўстала на працягу ўсяго трох апошніх гадоў, уліла ў нашую літаратуру зусім новыя плыні, выявіла аграмадныя мастацкія дасягненьні, напасьледак намеціла новы, адказуючы духу часу і варункам сучаснага жыцьця мастацкі і ідэёвы кірунак. Беларуская літаратура дзякуючы Танку перажывае сёньня, пасьля „нашаніўскай“ пары і ейнага прадаўжэньня, свой другі рэнэсанс, тым іншы за першы, што паколькі Купала і Колас, могучы мала карыстаць з літаратурнай спадчыны сваіх папярэднікаў, мусілі перадусім тварыць і замацоўваць наш літаратурны быт, патолькі сёньня распачынае нашая літаратура эпоху поўнай дасканаласьці, асягіваючы агульнаэўропэйскую ступень разьвіцьця»[5].

У часы Айчыннай вайны творчасць Максіма Танка пераважна вылучаецца сатырычна-выкрывальнай і публіцыстычна-пафаснай жанравай скіраванасцю. Яго вершы заклікаюць паўставаць на змаганне супраць ворага, нічога не шкадуючы дзеля перамогі, ён паэтызуе подзвіг савецкага воіна, услаўляе родны край, народ, культуру і мовы («Падымайся, Беларусь», «Не шкадуйце, хлопцы, пораху», «Гастэла», «Родная мова»). А ў паэме «Янук Сяліба» (1943) паэт паказвае гераізм беларускіх партызан.

Пасляваенная творчасць паэта вылучаецца зваротам паэта да гісторыі Беларусі, фальклорных сюжэтаў, услаўленні працы сялян і рабочых. Зборнік Максіма Танка «Каб ведалі» (1948) стаў адным з лепшых у беларускай паэзіі пасляваеннага дзесяцігоддзя. Зборнік быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР[5].

З канца 1950-х гадоў у паэзіі Танка ізноў заўважны сатырычны жанр (зборнік «Селядцы з вершамі»). Таксама паэт звярнуўся да жанру гераічнай паэмы («Мікалай Дворнікаў»). А ў яго творах для дзяцей адчуваецца моцная сувязь з беларускай народнапесеннай творчасцю, якая характэрна для ўсёй лірыкі Максіма Танка (кнігі «Галінка і верабей», «Казкі лірніка», «Светлячок», «Ехаў казачнік Бай» і іншыя). У гэты перыяд у яго творчасці адчуваецца паглыбленне гуманістычнага пачатку, узмацненне філасафічнасці яго лірыкі, пашыраюцца і ўдасканальваюцца сродкамі паэтычнага выяўлення. Гэта выразна адчуваецца ва ўсёй творчасці Максіма Танка 1960-80-х гадоў і ўвасабляецца ў яго зборніках «Мой хлеб надзённы», «Перапіска з Зямлёй», «Нарачанскія сосны», «Прайсці праз вернасць», «За маім сталом» і іншых[2].

Многія вершы Максіма Танка былі пакладзены на музыку. Песні, кантаты, араторыі на яго словы пісалі Л. Абеліёвіч (Дзве паэмы. Мн., 1958), М. Аладаў, У. Алоўнікаў, А. Багатыроў (Пяць вакальных дуэтаў. Мн., 1976), Р. Бойка, Г. Вагнер («Памяць»), Т. Дзядзюля («Каб ведалі»), К. Кавяцкас, Э. Калманоўскі, А. Кос-Анатольскі (хоры), I. Кузняцоў, А. Ленскі (хоры), Д. Лукас, I. Лучанок, Э. Манвелян, I. Мацін («Вясельная»), У. Мулявін («Завушніцы»), П. Падкавыраў (Свяці, зара; Добрай раніцы. Мн., 1957), А. Пахмутава, Р. Пукст, Ю. Семяняка, Г. Смірнова (Скаўронак. Л., 1956), Д. Смольскі, Э. Тамберг, А. Туранкоў, Э. Тырманд (Рамансы. Мн., 1969), А. Фляркоўскі, К. Цесакоў, М. Чуркін, В. Шабалін (хоры) і іншыя.

Творы Максіма Танка перакладзены на многія мовы народаў свету. Яго творчасць з’яўляецца сучаснай беларускай літаратурнай класікай, а сам ён уваходзіць у лік вядомых еўрапейскіх паэтаў. Кнігі Максіма з цікавасцю чытаюцца не толькі на Беларусі, але і ў Расіі, на Украіне, у Польшчы, Балгарыі, іншых еўрапейскіх краінах[11].

За пераклады польскай паэзіі і ўмацаванне дружбы паміж народамі Максім Танк атрымаў літаратурную прэмію Таварыства польска-савецкай дружбы (1958) і Таварыства аўтараў (ZAIKS. 1969). Шмат яго твораў былі адзначаны прэміямі. Так, зборнік вершаў паэта «Каб ведалі» (1948) быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР, «След бліскавіцы» (1957) — Літаратурнай прэміяй Янкі Купалы, «Мой хлеб надзённы» (1962) — Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы, «Прайсці праз вернасць» (1980) — Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева. За зборнік вершаў у перакладзе на рускую мову «Нарочанские сосны» (Масква, 1977) у 1978 годзе Максіму Танку была прысуджана Ленінская прэмія[5].

Яго плённая грамадска-культурная дзейнасць і багатая літаратурна-творчая праца былі адзначаны прысваеннем высокіх званняў народнага паэта Беларусі (1968), Героя Сацыялістычнай Працы (1974), чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэнам Чырвонага Сцяга, залатым медалём «Барацьбіту за мір», медалём Францыска Скарыны, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчынай вайны II ступені, Дружбы народаў і медалямі, а таксама афіцэрскім крыжам Адраджэння Польшчы, ордэнамі Заслугі ПНР, іншымі ордэнамі і медалямі[2][5]. Максім Танк з’яўляўся акадэмікам НАН Беларусі (1972), ганаровым грамадзянінам г. Мінска (1987)[11].

Ушанаванне памяці

Паштовая марка да 100-годдзя з дня нараджэння М. Танка
Помнік Максіму Танку ў Мядзеле

Бібліяграфія

Паэтычныя зборнікі

  • «На этапах» (Вільня, 1936; факсім. Мінск, 1983)
  • «Журавінавы цвет» (1937)
  • «Пад мачтай» (1938)
  • «Выбраныя вершы» (1940)
  • «Вастрыце зброю» (1945)
  • «Праз вогненны небасхіл» (1945)
  • «Выбраныя вершы» (1947)
  • «Вершы» (1947, 1948)
  • «Каб ведалі» (1948)
  • «На камні, жалезе і золаце» (1951)
  • «Выбраныя творы» (1952, 1954)
  • «У дарозе» (1954)
  • «След бліскавіцы» (1957)
  • «Мой хлеб надзённы» (1962)
  • «Лірыка» (1963)
  • «Глыток вады» (1964)
  • «Вершы» (1967)
  • «Ключ жураўліны» (1972)
  • «Хай будзе святло» (1972)
  • «Дарога, закалыханая жытам» (1976)
  • «Вершы» (1979)
  • «Прайсці праз вернасць» (1979)
  • «Лірыка» (1982)
  • «За маім сталом» (1984)
  • «Лірыка» (1987)
  • «Дарога і хлеб» (1988)
  • «Збор калосся : Вершы 1983—1988» (1989)
  • «Паслухайце, вясна ідзе» (1990)
  • «Мой каўчэг» (1994)
  • «Errata» (1996)

Паэмы

  • «Нарач» (1937)
  • «Янук Сяліба» (1943)

Паэтычныя зборнікі для дзяцей

  • «Галінка і верабей» (1946)
  • «Казка пра мядзведзя» (1947)
  • «Вершы» (1948)
  • «Урачыстае абяцанне» (1949)
  • «Сярод лясоў наднёманскіх» (1951, 1987)

Кнігі казак

  • «Ехаў казачнік Бай» (1955, 1984)
  • «Конь і леў» (1955)
  • «Казкі. Легенды» (1960)
  • «Светлячок» (1970)
  • «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні» (1979)

Зборнікі гумару

  • «Селядцы з вершамі» (1966)

Успаміны

  • «Лісткі календара : Кніга-дзённік» (1970)

Зборнікі твораў

  • «Збор твораў у 2-х тамах» (1958)
  • «Збор твораў у 4-х тамах» (1966—1967)
  • «Збор твораў у 6-ці тамах» (1978—1981)
  • «Збор твораў у 13-ці тамах» (2006—2012)

Пераклады

Максім Танк перакладаў на беларускую мову творы Аляксандра Пушкіна, Уладзіміра Маякоўскага, Паўло Тычыны, Адама Міцкевіча, М. Рыльскага, А. Венцлавы, Я. Судрабкална, Ю. Славацкага, Ю. Тувіма, У. Бранеўскага, Р. Дабравольскага, Т. Ружэвіча, А. Германава, Назыма Хікмета і іншых. У тым ліку пераклаў лібрэта оперы «Страшны двор» С. Манюшкі для пастаноўкі яе ў 1952 годзе. Займаўся перакладамі на беларускую мову з рускай, украінскай, польскай, літоўскай, латышскай, балгарскай моў[2].

Зноскі

  1. 1 2 The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Рагойша, В.П. Танк Максім // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік / Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса. — Мн.. — Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 6. Талалай — Яфімаў. — С. 8—10.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 Жыццёвы i творчы шлях Максiма Танка (нявызн.) (недаступная спасылка). Мядзельскі раёны выканаўчы камітэт. Архівавана з першакрыніцы 12 красавіка 2020. Праверана 31 сакавіка 2015.
  4. 1 2 Скурко А.. Дубы Максіма Танка (нявызн.). Наша Ніва (17 верасня 2012 года). Праверана 31 сакавіка 2015.
  5. 1 2 3 4 5 6 Біяграфія Максіма Танка (нявызн.). Паэтычная старонка Максіма Танка. Праверана 31 сакавіка 2015.
  6. Народные поэты Беларуси. Максим Танк(руск.)  (19 кастрычніка 2015). Праверана 7 красавіка 2015.
  7. Дранько-Майсюк Л.. Максім Танк (нявызн.) (недаступная спасылка). ARCHE (16 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2013. Праверана 8 красавіка 2015.
  8. 20 нечаканых фактаў пра Максіма Танка
  9. Максим Танк (Евгений Иванович Скурко)(руск.) . ЦНБ НАН Беларуси. Праверана 8 красавіка 2015.
  10. Старонкi жыцця Максіма Танка // След : Газета. — сакавік, 2012. — С. 2.
  11. 1 2 3 4 Мікуліч, М.У. Яўген Іванавіч Скурко (Максім Танк) (Да 95-годдзя з дня нараджэння) // Весці Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук : часопіс. — Мн.: Беларуская навука, 2007. — № 4. — С. 122–124.
  12. Рэаліі жыцця Максіма Танка (нявызн.). Магілёўская абласная бібліятэка ім. У.І. Леніна. Праверана красавіка 2015.
  13. К 100-летию народного поэта Беларуси Максима Танка(руск.) . БЕЛТА. Праверана 8 красавіка 2015.
  14. Высоцкі А.. Сёння ў Мядзеле адкрылі першы ў Беларусі помнік Максіму Танку (нявызн.). Будзьма беларусамі! (5 снежня 2014). Праверана 8 красавіка 2015.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі з польскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з украінскай мовы Катэгорыя·Народныя паэты Беларускай ССР
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be