Мікалай Мікалаевіч Арочка
Мікола Арочка (10 снежня 1930, в. Вецявічы, цяпер Слонімскі раён — 2 сакавіка 2013[1], в. Вецявічы, Слонімскі раён) — беларускі паэт і літаратуразнавец. Доктар філалагічных навук.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Азярніцкую сярэднюю школу (1951), паступіў на філалагічны факультэт БДУ, які скончыў у 1956[2]. Працаваў у часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі» (1956—1960) і ў газеце «Літаратура і мастацтва» (1962). Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1966). У 1966 — пачатку 1990-х гг. — навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1958).
Творчасць
Дэбютаваў у друку вершамі ў 1949 (баранавіцкая абласная газета «Чырвоная звязда»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Не ўсе лугі пакошаны» (1958), «Ветраломная паласа» (1962), «Крылатае семя» (1967), «Кветкі бяссмертніка» (1972), «Матчына жыта» (1978), «Колас на ржышчы» (1980), «Бяздоннае» (1985), «Падземныя замкі» (1986), драматычных паэм «Курганне. Крэва» (1982), «Судны дзень Скарыны» (1990), кніжкі вершаў для дзяцей «У птушынай вёсцы» (1964) і аповесці «Хай расце маладая таполя» (1964).
Асноўныя рысы паэзіі Арочкі — сардэчнасць, засяроджаны роздум пра жыццё і час; пазней — паглыбленне філасофскага пачатку, зварот да перажытага падчас вайны (паэма «Матчына жыта») і гістарычнага мінулага (паэма «Курганне»)[2].
Аўтар крытыка-літаратуразнаўчых кніг «Валянцін Таўлай» (1969), «Галоўная служба паэзіі» (1974), «Беларуская савецкая паэма» (1979), «Саюз часу і майстэрства» (1981), «Максім Танк: Жыццё ў паэзіі» (1984), «Поэзия и война» (1987). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977).
Перакладаў з рускай, латышскай, польскай і англійскай моў. У тым ліку перакладаў паасобныя творы А. Пракоф’ева, Я. Райніса, У. Бранеўскага і Д. Байрана[2].
Зноскі
- ↑ Памёр Мікола Арочка
- 1 2 3 Арочко Микола // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 30. — 737 с..
Літаратура
- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
- Арочка Мікола // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.