Райніс
Ян Ра́йніс (лат.: Rainis) — псеўданім; сапраўднае імя і прозвішча Яніс Пліекшанс, (лат.: Jānis Pliekšāns), 11 верасня 1865, хутар Варславаны, цяпер Дунаўская воласць, Екабпілскі край, — 12 верасня 1929, Юрмала, Латвія) — латышскі паэт, драматург, грамадскі дзеяч.
Біяграфічныя звесткі
Нарадзіўся 11 верасня 1865 года ў сям’і арандатара маёнтка Крыш’янаса Пліешканса. Вучыўся ў Дзвінску ў нямецкай школе (цяпер Даўгаўпілская 6-я школа імя Райніса) . У 1884—1888 гадах вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце. У 1889—1891 гадах працаваў у Віленскім судзе. У 1891—1895 гадах працаваў рэдактарам дэмакратычнай газеты «Dienas lapa» («Штодзённы лісток»). Першыя вершы апублікаваў у 1895 годзе.
У чэрвені 1897 года за ўдзел у рэвалюцыйным руху быў арыштаваны, у Рыжскай губернскай турме скончыў пераклад на латышскую мову «Фаўста». У снежні 1897 года сасланы ў Пскоў, у 1899 годзе — у горад Слабадской Вяцкай губерні. Вярнуўся ў 1903 годзе, у 1905 годзе нелегальна эміграваў у Швейцарыю.
З 1920 года ў Латвіі. У 1920 годзе Райніс ад Латвійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі быў абраны ў Канстытуцыйны сход Латвійскай Рэспублікі. Быў адным з аўтараў латвійскай канстытуцыі[4]. З 1921 года дырэктар Нацыянальнага тэатра ў Рызе. У 1921 годзе пры ягонай падтрымцы створаны Беларускі аддзел пры Міністэрстве асветы Латвіі[5]. Абараняў у сейме інтарэсы беларусаў Латвіі[5]. Садзейнічаў адкрыццю беларускіх гімназій у Дзвінску і Люцыне[5]. 28 лютага 1925 года першым з латышскіх дзеячаў культуры быў узнагароджаны найвышэйшай узнагародай краіны — Ордэнам Трох зорак I ступені. Ведаў беларускую мову і беларускія народныя песні[5]. У лістападзе 1926 года ўдзельнічаў у рабоце міжнароднай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая праходзіла ў Менску[6]. У 1926—1928 гадах міністр асветы. Арганізатар (1929) і першы старшыня Таварыства культурнай сувязі з народамі СССР.
Быў жанаты з латвійскай паэтэсай Аспазіяй. Памёр 12 верасня 1929 года ў Юрмале, пахаваны ў Рызе.
Творчасць
Друкаваўся з 1887 года. Бунтарскі настрой, вера ў перамогу дабра і прыгажосці ў ягоных п’есах «Паўідэаліст» (1904), «Агонь і ноч» (1905), «Залаты конь» (1910), «Ветрык, вей» (1913), трагедыі «Ілля Мурамец» (1922). Аўтар зборнікаў вершаў «Далёкія водгукі ў сінім вечары» (1903), «Пасеў буры» (1905), «Новая сіла» (1907), «Тыя, што не забываюць» (1911), «Канец і пачатак» (1912), філасофскай паэмы «Ave sol!» (1910).
У творчасці Яна Райніса арганічна спалучаюцца вобразная метафарычная форма з глыбокай філасофскай сімволікай, рэалізм з тонкім лірызмам, фальклорныя матывы[5].
На беларускую мову творы Райніса перакладалі Эдзі Агняцвет, Мікалай Арочка, Алесь Астапенка, Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Артур Вольскі, Сцяпан Гаўрусёў, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Сяргей Дзяргай, Язэп Дыла, Кастусь Кірэенка, П. Масальскі (Пятро Сакол), Пімен Панчанка, Васіль Сёмуха.
Райніс і беларусы
Ян Райіс быў актыўным прапагандыстам беларускай нацыянальнай культуры ў міжваеннай Латвіі, быў абаронцам і прадстаўніком латвійскіх беларусаў у Сейме Латвіі. Ён дамогся ў свой час для беларускай меншыні культурна-нацыянальнай аўтаноміі.
З выступлення Райніса ў Сейме Латвіі ў 1922 г.:
Пытанне паставілі так: хто ж у сапраўднасці прыдумаў беларусаў? Гэтых беларусаў, як быццам, выдумаў я. Выдумаць іх я не мог, бо само існаванне такога народа — гэта факт. Але што я іх абараняю, дык я не хачу і не магу гэта адмаўляць… З беларускім пытаннем у нас справа выглядае так, што беларусы ў Латвіі без абароны… Я ж абараняю ўсіх тых, у каго другога абаронцы няма…[7]
Яніс Райніс цікавіўся традыцыйнай беларускай культурай і фальклорам, часта бываў у беларускіх вёсках Латгаліі, часта наведваў Паўночную Беларусь, у прыватнасці сучасны Верхнядзвінскі раён і інш. Райніс ведаў пра беларусаў з дзяцінства. У дзяцінстве ён хадзіў на рум слухаць дудароў-плытагонаў з Беларусі, што сплаўлялі лес па Дзвіне.
У Віцебску на Старасямёнаўскіх могілках пахавана маці паэта Дартэ Пліекшанс, ёй усталяваны памятны знак. Неаднаразова Райніс наведваў Беларусь.
Яму свае вершы прысвяцілі Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Васіль Вітка, Віталь Вольскі, Сяргей Грахоўскі, Васіль Зуёнак, Пятро Прыходзька, Аляксей Пысін, Юрась Свірка, Максім Танк, Станіслаў Шушкевіч, экслібрысы Яўген Ціхановіч.
Бібліяграфія
- 1897 — Ё. Гётэ. Фаўст (пераклад на латышскую мову)
- 1903 — Tālas noskaņas zilā vakarā
- 1905 — Vētras sēja
- 1907 — Uguns un nakts
- 1909 — Zelta zirgs
- 1909 — Klusā grāmata
- 1910 — Ave sol!
- 1911 — Tie, kas neaizmirst
- 1911 — Indulis un Ārija
- 1912 — Gals un sākums
- 1912 — G.E. Lesings “Natans Gudrais”
- 1913 — Pūt, vējiņi!
- 1916 — Daugava. Sērdieņu dziesma
- 1917 — Krauklītis
- 1919 — Jāzeps un viņa brāļi
- 1919 — Spēlēju, dancoju
- 1922 — Iļja Muromietis
- 1927 — Mīla stiprāka par nāvi
Беларускія пераклады
- Гірт з Воўчага логу. — Мн., 1930.
- Выбранае / Склаў А.Вольскі. — Мн.: Дзяржвыд БССР.Рэд.мастац.літ., 1956.
- Ветрык, вей!: народная песня ў 5 актах / Ян Райніс. — Мн.: Беларусь, 1965. — 174, [1] с.
- Агонь і ноч / Пер.з латыш. мовы В. Сёмухі: Даўняя песня ў новым гучанні. — Мн.: Юнацтва, 1988.
- Выбранае: З латыш. / Уклад.,прадм.і камент. М. Абалы. — Мн.: Маст.літ., 1993. — 463 с. — (Скарбы сусвет.літ.).
Зборы твораў
- Dzīve un darbi, sej. 1—11, Riga, 1925—31;
- Kopoti raksti, sej. 1—14, Riga, 1947—51;
- Kopoti raksti, sej. 1—30, Riga, 1977—90;
Літаратура пра Яніса Райніса
- Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
- Кулеша Т. Сустрэчы з Янам Райнісам // Беларускае мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3.;
- Дауге П., Ян Райнис. Певец борьбы, солнца и любви. М., 1920;
- Краулинь К., Ян Райнис, М., 1957:
- Сокол Э., Жизнь и творчество Яна Райниса, Рига, 1957;
- Kraulinš К., Raiņa dzīve un darbība, Riga, 1953;
- Sokols E., Rainis, Riga, 1962;
- Hausmanis V., Tautas dzejnieks Rainis, Riga, 1968;
- Hausmanis V., Raiņa daiļrades process, Riga, 1971;
- Hausmanis V., Raiņa dramaturģija, Riga, 1973.
Памяць
У Мінску і Ерэване яго імем названа вуліца. На планеце Меркурый адзін з кратараў.
Зноскі
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #11889496X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 27 красавіка 2014.
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Rainis // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ «Izstrīdētā» Latvijas Satversme — Latvijas Avīze(недаступная спасылка) (лат.)
- 1 2 3 4 5 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8. С.271
- ↑ Марат Гаравы. Адкрылася выстава «Ян Райніс і беларуская культура» (нявызн.). Новы час (16 лістапада 2013).
- ↑ Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Верхнядзвінскага раёна: у 2 кн. Кн. 2/ рэдкал.: У.С. Богаў, А.Ф. Бубала [і інш.]. Мн., 2000. С. 259.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Райніс
- Творы Яна Райніса на сайце «Беларуская палічка»