Станіслаў Пятровіч Шушкевіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шушкевіч.
Станіслаў Пятровіч Шушке́віч (6 (19) лютага 1908, в. Бакінава, Мінскі павет, цяпер Дзяржынскі раён, Мінская вобласць — 1 лютага 1991, Мінск, Псеўданімы: Янка Бор; Саўка Койданаўскі; Вільгельм Эрнест; крыптанімы: С. Ш.; Стах Ш.; С. Ш. и В. М. (з В. Мараковым); С.Ш-ч; Шуш; В. Э.; Э—ст; В.Эрн) — беларускі савецкі паэт, празаік.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і беззямельнага селяніна. У 1924—1926 вучыўся ў 11-й сямігадовай школе Мінска. У 1926 паступіў у МБПТ; стаў членам літаб’яднання «Маладняк», БелАПП. У 1928—1930 працаваў у Кніжнай палаце і Дзяржаўнай бібліятэцы БССР; у 1930—1931 загадваў бібліятэкай Навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі; у 1934—1935 працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», «Калгаснік Беларусі», у 1935—1936 — газеты «Звязда». Адначасова вучыўся на крытыка-творчым аддзяленні літаратурнага факультэта МВПІ, які скончыў у 1934. Член СП БССР з 1934. Арыштаваны ў Мінску па адрасе: вул. Сляпянская, д. 29, кв. 1. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 5.10.1937 за «прыналежнасць да контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» да 8 гадоў ППК. Падчас арышту быў жанаты, гадаваў дзіця, працаваў супрацоўнікам аддзела культуры газеты «Звязда». У 1937—1946 гадах знаходзіўся ў лагеры і ссылцы ў Кемераўскай вобласці. Працаваў шахцёрам, цесляром, бухгалтарам у лагеры МУС Кемераўскай вобласці, пасля вызвалення (1944) — вольнанаёмным бухгалтарам саўгаса. У 1946 годзе вярнуўся на Радзіму; працаваў настаўнікам СШ у Данілавічах Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Паўторна арыштаваны 22.8.1949 і 10.12.1949 асобай нарадай МДБ СССР асуджаны да высылкі ў Краснаярскі край, дзе С. П. Шушкевіч працаваў лесарубам, у геалагічных партыях і экспедыцыях.
Даносы на Станіслава Шушкевіча напісалі Эдзі Каган (Агняцвет) і Алесь (Айзік) Кучар, гэтая гісторыя апісана сынам пісьменніка, Станіславам Шушкевічам, у кнізе «Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР»[удакладніць: камент.]:
«Потым з высылкі вярнуўся бацька і расказаў наступнае. У турме ад яго патрабавалі напісаць даносы на некалькіх чалавек. Абяцалі за гэта вызваліць. Бацька катэгарычна адмовіўся. Яго пачалі пераконваць: не будзь святым, усе так робяць. Маўляў, такі крок - узаемавыгодны. Усіх пастрашаць і адпусцяць на свабоду. Бацька не паверыў і працягваў адмаўляцца. Тады следчы паказаў даносы на яго, напісаныя Эдзі Каган (Агняцвет) і Алесем (Айзікам) Кучарам. Следчы сказаў: напішаш на ўсіх, выйдзеш на волю, усе разам зберыцёся і пасмяецеся ўволю. Мы ўсіх адпусцім і справы вашыя закрыем. Бацька адмовіўся.»
Рэабілітаваны прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 29.12.1954. Вярнуўся ў Мінск у 1956. У 1956—1958 працаваў у газеце «Мінская праўда», у 1958—1970 быў загадчыкам аддзела пісем газеты «Літаратура і мастацтва». З 1970 на пенсіі. Канчаткова рэабілітаваны па абедзвюх справах 26.9.1975. Асабовая справа С. П. Шушкевіча № 9935-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Пахаваны ў Шчытомірычах Мінскага раёна.
Творчасць
Дэбютаваў вершам у студзені 1924 (газета «Чырвоная змена»). У паэтычных зборніках «Вершы» (1934), «Дарогаю вясны» (1959), «Услед за марамі» (1961), «Навальніца» (1966), «Сябрам» (1972), «Дарога ў залатую восень» (1983), «Рэха маладосці» (1984), «Сонца над маім асеннім садам» (1987) і інш. праявілася любоў да Бацькаўшчыны, паэтызацыя сяброўства, кахання, прыгажосці роднай прыроды. Аўтар кнігі ўспамінаў «Вяртанне ў маладосць: Успаміны і нататкі» (Мінск, 1968; у т.л. успаміны пра беларускіх пісьменнікаў), прозы «Апавяданні пра Марата Казея» (1968), зборніка сатыры і гумару «Грушы на вярбе» (1969). Пісаў для дзяцей: зборнікі вершаў, апавяданняў і казак «Звярыны баль» (1936), «Лясная калыханка» (1958), «Сарочы церамок» (1959), «Мы на змену ідзём» (1961), «Гара Марата Казея» (1963), «Будзільнік» (1966), «Апавяданні пра Марата Казея» (1968, 1988), «Вясёлыя дзятлікі» (1970), «Колькі кіпцікаў у кошкі» (1972), «Дванаццаць пасланцоў» (1973), «Барадаты камар» (1977), «Красавік» (1977), «Ліса з магнітафонам» (1979), «Казачны церам» (1983), «Едзе страшная Яга» (1985), «Казёл на верталёце» (1987).
Яго творы вызначаюцца дасціпнасцю, займальнасцю, аптымізмам, прастатой выкладання, багаццем мовы. У 1978 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2-х тамах, у 1988 г. — «Выбранае». Многія вершы С. П. Шушкевіча пакладзены на музыку.
Узнагароджаны медалямі. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983).
Бібліяграфія
- Выбр. тв.: У 2 т. Мн., 1978;
- Дарога ў залатую восень: Вершы. Мн., 1983;
- Выбранае: Вершы. Мн., 1988.
Зноскі
- ↑ Czech National Authority Database Праверана 30 жніўня 2020.
Літаратура
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Гніламёдаў У. Будні і святы дзіцячай паэзіі // Полымя. 1974, № 7;
- Барадулін Р. І светлай раніцы падаў руку // ЛіМ. 1985, 18 лют.;
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- Шушкевіч Станіслаў Пятровіч // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.. Т.6.
- Шушкевіч Станіслаў // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.