wd wp Пошук:

Эдзі Агняцвет

Эдзі Агняцвет, сапраўднае імя Эдзі Сямёнаўна Каган (11 кастрычніка 1913 (або 1916), Мінск — 17 ліпеня 2000) — беларуская паэтэса.

Біяграфія

Нарадзілася ў сям’і служачых. Скончыла 7-годку, працавала на мінскім заводзе «Камунар» (1930), год вучылася ў мінскай будаўнічай прафтэхшколе. Скончыла крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута (1934). Завочна вучылася на педагагічным аддзяленні літфака педінстытута (1934—1936), працавала рэдактарам Беларускага радыё (1934—1938), кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР (1939), у аддзеле паэзіі часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1940—1941). Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыла ва Узбекістане. У 1945—1946 працавала ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1937).

Паводле Станіслава Шушкевіча[1], Эдзі Каган данесла на яго бацьку — беларускага пісьменніка, таксама Станіслава Шушкевіча, пазней сасланага.

«У вестыбюлі гасцініцы „Расія“ была ў мяне яшчэ адна няпростая сустрэча з беларускай дзіцячай паэтэсай Эдзі Агняцвет… Мая маці, бацька і Эдзі былі аднакурснікамі і закончылі літаратурны факультэт Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Мінску. Маці неаднойчы мне казала, што Эдзі Сямёнаўна — адзіная яе сяброўка, якая засталася з ёю ў самых добрых адносінах пасля зняволення бацькі. Некаторыя іншыя адвярнуліся ад жонкі „ворага народа“ або проста перасталі заўважаць. А вось Эдзі не змяніла свайго стаўлення: сустракалася, прыходзіла да нас, маці — да яе і г. д. „Эдзі — прыстойны, вельмі вартасны чалавек“, — гаварыла маці.

Потым з высылкі вярнуўся бацька і расказаў наступнае. У турме ад яго патрабавалі напісаць даносы на некалькіх чалавек. Абяцалі за гэта вызваліць. Бацька катэгарычна адмовіўся. Яго пачалі пераконваць: не будзь святым, усе так робяць. Маўляў, такі крок — узаемавыгодны. Усіх пастрашаць і адпусцяць на свабоду. Бацька не паверыў і працягваў адмаўляцца. Тады следчы паказаў даносы на яго, напісаныя Эдзі Каган (Агняцвет) і Алесем (Айзікам) Кучарам. Следчы сказаў: напішаш на ўсіх, выйдзеш на волю, усе разам зберыцёся і пасмяецеся ўволю. Мы ўсіх адпусцім і справы вашыя закрыем. Бацька адмовіўся.»

Творчасць

Дэбютавала вершамі ў 1929. Пісала пераважна для дзяцей. Выдала зборнікі паэзіі «Маё пакаленне» (1935), «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Край мой родны» (1945), «Дарога ў будучыню» (1949), «Беларуская рабіна» (1959), «Лірыка» (1965), «Круглы год: Выбранае» (1966), «Жаданне» (1971), «Спадзяванне калыханак» (1983), «Закаханым» (1986), паэму «На беразе Волгі» (1940). Выйшлі кнігі паэзіі для дзяцей «Васількі» (1947), «Ля піянерскага кастра» (1952), «Твае таварышы» (1957), «Госць з далёкай зямлі» (1958), «Незвычайныя канікулы» (1962), «Першы ліст» (1966), «Падарожнік» (1969), «Піянерская гама» (1970), «Краіна маленства» (1975), «Мы сур’ёзныя, мы вясёлыя» (1976), «Доктар Смех» (1977), «Ад зярнятка да вясёлкі» (1981), «Хто пачынае дзень?» (1982), «На двары алімпіяда» (1984), «Буду настаўнікам» (1990), паэмы «Песня пра піянерскі сцяг» (1949), «Мы будзем сябраваць» (1955, дапрацаванае выданне ў 1979), кніга для чытання ў 4 класе «Роднае слова» (з Я. Івашуціч, 1989). У 1976 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Аўтар лібрэта опер для дзяцей «Джанат» (1962, ставілася ў 1944, 1947, 1974), «Марынка» (урыўкі ў 1958, пастаўлена ў 1956).

Пераклала на беларускую мову паасобныя творы А. Пушкіна, М. Някрасава, У. Маякоўскага, М. Ушакова(руск.) бел., Г. Ахматавай, В. Шэфнера(руск.) бел., А. Барто, Л. Украінкі, М. Бажана, Я. Судрабкална(руск.) бел., С. Карыма і інш., кнігу Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з А. Грачанікавым, 1985), зборнікі паэзіі для дзяцей Я. Османіса(лат.) бел. «Сабака з рагаткай» (1976), Г. Сулейманавай(руск.) бел. «Сорак косак» (1982), М. Джаліля «Я гляджу на зоры» (1985). З французскай мовы пераклала кнігі П. Ж. Беранжэ(руск.) бел. «Выбраныя песні» (1960), «Краіна Паэмія» (анталогія французскай паэзіі для дзяцей, 1962), А. Экзюперы «Маленькі прынц» (1969), Г. Апалінэра «Зямны акіян» (1973), П. Элюара «З табою» (1980).

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі. Узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х. К. Андэрсена (1986) за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей «На двары алімпіяда».

Пасмяротныя выданні

У мастацтве

Акварэльны партрэт Эдзі Агняцвет працы Н. Галоўчанка захоўваецца ў ДМГБЛ[2].

Зноскі

  1. Шушкевіч С. С. Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР. — Мн., 2013. — 472 с. — С. ???
  2. Графічны аркуш «Писательница Эди Огнецвет»

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Драматургі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта Катэгорыя·Паэтэсы Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з французскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be