Сцяпан Захаравіч Гаўрусёў
Сцяпан Захаравіч Гаўрусёў (10 мая 1931, в. Нова-Аляксандраўка, цяпер Дрыбінскі раён, Магілёўская вобласць — 12 сакавіка 1988, Мінск) — беларускі паэт, перакладчык[1].
Біяграфія
З сялянскай сям’і. Скончыў Магілёўскае педагагічнае вучылішча (1951). Служыў у Савецкай Арміі. У 1954—1957 гг. быў супрацоўнікам рэспубліканскай газеты «Звязда», у 1964—1965 гг. — рэдактарам выдавецтва «Беларусь». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1955 г.
Творчасць
Дэбютаваў вершамі ў 1948 годзе[1]. Аўтар зборнікаў паэзіі «Паходныя кастры» (1955)[1], «На грэбнях хваль» (1959), «Шчодрасць» (1962), «Ураган» (1966), «Профіль веку» (1969), «Кляновыя лісты» (1971), «Пераклічка» (1973), «Клопат» (1976), «Водсветы» (1978), «Азарэнне» (1980), «Крона» (выбранае, 1981), «Пладаноснасць» (1986), «Званы нябёс» (1988). Выступаў у друку з рэцэнзіямі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі.
Скразны матыў, які прагучаў у паэзіі Сцяпана Гаўрусёва ўзбуйнена і драматычна, як біяграфія цэлага пакалення, — памяць аб вайне («Я вырас пад гарматнымі стваламі»)[1]. Трывога за мір на свеце, адказнасць за ўсё жывое на зямлі ў паэме «Профіль веку» (1967), вершах. Сярод іншых тэм — услаўленне ратнага і працоўнага подзвігу народа, стваральная місія сучасніка, апяванне хараства роднай прыроды (паэма «Штодзённы лістапад», 1959). Паэт адухаўляе, паэтызуе працу, сілу і прыгажосць чалавека. У яго многа любоўных вершаў, каханне ў якіх наіўнае, пакутнае, цнатлівае і далікатнае, але яно ўзвышае чалавека. Аўтар умее ўздымаць лірычную споведзь ад інтымных пачуццяў да сацыяльнага пафасу, ад канкрэтнага, рэальнага вобраза ўзвышацца да рамантычнага, метафарычнага. У душы рамантычнага героя яго паэзіі, «сонцапаклонніка», які жыве ў касмічнаўзбуйненых маштабах, — няспыннае змаганне дабра са злом. Але пры ўсёй манументальнасці гэта жывы, зямны чалавек. Характэрныя рысы паэзіі С. Гаўрусёва — прадметнасць, канкрэтная, пачуццёвая вобразнасць, гіпербалізаванасць, экспрэсіўнасць пачуццяў, спалучэнне страснай публіцыстыкі з лірычнай задушэўнасцю, інтанацыйная разнастайнасць, гарманічная традыцыйная форма верша[2].
Перакладчыцкая дзейнасць
Пераклаў на беларускую мову шэраг твораў А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага(руск.) бел., М. Святлова, А. Пракоф’ева(руск.) бел., М. Дудзіна(руск.) бел., С. Нараўчатава(руск.) бел., Я. Райніса, Гафура Гуляма, Міртэміра(узб.) бел., Я. Судрабкална, І. Харыка, паэму «Ануш» А. Туманяна, «Маабіцкі сшытак(руск.) бел.» М. Джаліля (з А. Пысіным, 1975), асобныя вершы таджыкскіх, узбекскіх, азербайджанскіх і башкірскіх паэтаў[1].
Бібліяграфія
- «Паходныя кастры» (1955)
- «На грэбнях хваль» (1959)
- «Шчодрасць» (1962)
- «Ураган» (1966)
- «Профіль веку» (1969)
- «Кляновыя лісты» (1971)
- «Пераклічка» (1973)
- «Клопат» (1976)
- «Водсветы» (1978)
- «Азарэнне» (1980)
- «Крона» (выбранае, 1981)
- «Пладаноснасць» (1986)
- «Званы нябёс» (1988).
- 3бор твораў. Т. 1—2. Мн., 1993—94.
Прэміі
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А. Куляшова (1987) за кнігу вершаў «Пладаноснасць».
Зноскі
- 1 2 3 4 5 Гаврук Юрка // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 133. — 737 с.
- ↑ І. Саламевіч (1997)
Літаратура
- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): даведнік / склад. А. Гардзіцкі. — Мн., 1994.
- Саламевіч І. Гаўрусёў // БЭ ў 18 т. Т. 5. — Мн., 1997.