wd wp Пошук:

Аляксей Васілевіч Пысін

Аляксей Васілевіч Пысін (22 сакавіка 1920, в. Высокі Борак, Краснапольскі раён Магілеўскай вобл. — 27 жніўня 1981) — беларускі паэт. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1980).

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1938 паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі імя Кірава ў Мінску. З другога курса быў накіраваны на працу ў рэдакцыю Бельскай раённай газеты на Беласточчыну. У 1941-45 г. — у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Быў двойчы паранены. З 1946 працаваў у раённым друку, у абласной газеце «Магілёўская праўда». Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры СП СССР у Маскве (1958). У 1974-81 г. — сакратар Магілёўскага абласнога аддзялення СП БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1950.

Магіла Аляксея Пысіна на Польскіх могілках

Пахаваны на Польскіх могілках ў Магілёве. У 1982 годзе па магіле пастаўлена стэла з барэльефнай выявай паэта[2].

Творчасць

Першы верш апублікаваў у 1938 (газета «Чырвоная змена»). У зборніках «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959) вершы, прасякнутыя патрыятызмам і грамадзянскім пафасам, адлюстроўваць працоўныя будні краіны, трывогу за мір на зямлі. У зборніку «Сонечная паводка» (1962) — зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх пазней стаў адной з істотных асаблівасцей яго паэзіі. Кніга «Мае мерыдыяны» (1965) засведчыла другое нараджэнне паэта.[3] У ёй, як і ў кнігах «Твае далоні» (1967), «Пойма» (1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) разгортваецца суровы летапіс памяці. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг».

Драматызм ваеннага часу складае аснову перажывання, вызначае характар лірычнай споведзі героя, былога франтавіка, абумоўлівае глыбокі смутак паэзіі. Погляд у гераічнае мінулае і ў сённяшні дзень вачыма страчаных баявых сяброў становіцца найважнейшай адзнакаю эстэтычнай вартасці яго паэзіі. Высокая мастацкая культура, маштабнасць мыслення паэта выяўляюцца ў разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі пытаннямі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог, у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека. Імкненне адчуць і зразумець людскія трывогі і клопаты, душэўны неспакой у роздуме аб нашчадках робяць творчасць А. Пысіна эмацыянальна дзейснай, абумоўліваюць яе гуманістычную скіраванасць у заўтрашні дзень. Лірыцы пазта ўласцівы жыццесцвярджальнасць, унутраная засяроджанасць, спавядальная шчырасць, сталае майстэрства.[3]

Для дзяцей выдаў зборнікі вершаў «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), паэму «Дзяўчынка Марыям» (1970), кнігі вершаў і паэм «Колькі сонцаў!» (1979), «Аляксей, Дзяніс, Алёнка» (1984).

Напісаў кнігу пра народныя песні і іх выканаўцаў «Бярозка ля кожных варот» (1972). Пераклаў на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» М. ДжаліляС. Гаўрусёвым, 1975), зборнік вершаў М. Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977).

Узнагароды і прэміі

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1968) за кнігу вершаў «Твае далоні». Узнагароджаны медалямі.

Ушанаванне памяці

Бібліяграфія

  • Выбраныя творы. Т. 1-2. Мн., 1980.
  • Выбраныя творы. Т. 1-2. Мн., 1989.

Зноскі

  1. Пысин Алексей Васильевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  2. 1 2 34. Магіла Пысіна // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. 13. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1986.— 408 с., іл.
  3. 1 2 Л. Гарэлік (1981)

Літаратура

  • Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971.
  • Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974.
  • Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976.
  • Шпакоўскі I. Узрушанасць. Мн., 1978.
  • Гарэлік Л. Аляксей Пысін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981.
  • Вялюгін А. Выбр. тв. Т. 2. Мн., 1984.
  • Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Уклад.: А. Гардзіцкі. — Мн., 1994.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be