wd wp Пошук:

Янка Саламевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Саламевіч. Янка (Іван Уладзіміравіч) Саламевіч (29 кастрычніка 1938, в. Малая Кракотка, Слонімскі павет, Навагрудскага ваяводства — 31 ліпеня 2012) — беларускі літаратуразнавец, фалькларыст, бібліёграф, перакладчык. Кандыдат філалагічных навук (1971).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў сярэднюю школу ў Вялікай Кракотцы (1955), беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ (1960). Працаваў карэктарам, тэхнічным рэдактарам выдавецкага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (1960—1962), рэдактарам рэдакцыі вучэбнай і метадычнай літаратуры, да 1964 старшым рэдактарам грамадска-гуманітарных навук выдавецтва Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесіянальнай адукацыі БССР (цяпер «Вышэйшая школа»). Скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ (1967). З 1968 года старшы навуковы рэдактар рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі, у 1976—1992 — загадчык навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў выдавецтва «Беларуская савецкай энцыклапедыя», з 1992 — вядучы рэдактар «БСЭ», з 1994 — вядучы рэдактар рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя». Абараніў кандыдацкую дысертацыю «Міхаіл Федароўскі — фалькларыст». У 1987—1997 гадах выкладаў у БДУ. У 1979—1988 — адзін з вядучых тэлечасопісу «Роднае слова». З 1988 года старшыня рады Таварыства беларускай мовы Першамайскага раёна г. Мінска.

Дзейнасць і творчасць

Дэбютаваў у друку ў 1955 годзе (Слонімская раённая газета «Вольная праца»). У рэспубліканскім друку дэбютаваў у 1957 годзе. Даследуе гісторыю беларускай літаратуры і культуры, фальклор. Увёў у навуковы ўжытак невядомыя матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменнікаў Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, М. Арла, З. Верас, Т. Гардзялкоўскай, А. Зязюлі, К. Лейкі, Г. Леўчыка, Ф. Шантыра, У. Дубоўкі, фалькларыстаў і этнографаў Біруты, П. Дземідовіча, Р. Зянкевіча, Ч. Пяткевіча, М. Федароўскага і інш.

Аўтар першага на Беларусі «Слоўніка беларускіх псеўданімаў (XVI—XX стст.)» (1983), манаграфіі «Міхал Федароўскі» (1972). Склаў бібліяграфічны даведнік «Беларускі фальклор (1926—1963)» (1964), кнігу «М. Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы» (1984, з А. Лісам), зборнікі Г. Леўчыка «Доля і хлеб» (1980, з Н. Ляшковіч), М. Арла «Лірнік» (1991), Я. Купалы «Вершы і паэмы» (1991, на рускай мове), «П’есы XIX — пачатку XX ст.» (1998), выбраныя творы Я. Чачота «Свіцязь» (1999), зборнікі «Беларускія загадкі» (1982, 1989), «Мама Мышка сушыла шышкі: Беларускія народныя скорагаворкі» (1983), літаратурна-мастацкі каляндар «Кола дзён» (1987, 1988, у сааўт.), «Каляндар памятных дат 2001» (2001).

Пераклаў на беларускую мову манаграфію «Беларуская казка» і паказальнік «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» Л. Барагі, падручнік «Гісторыя беларускай савецкай музыкі», кнігу М. Федароўскага «Люд беларускі: Вяселле», аповесць «Адысей з Беларусі» В. Гузанава, «Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану» Л. Патоцкага, раманы «Зверабой» Дж. Ф. Купера, «Блукаючыя зоркі» Шолам-АлейхемаГ. Шупенькам) і інш.

Прэміі і ўзнагароды

Узнагароджаны Граматай ВС БССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні «Беларускай савецкай энцыклапедыі».

Бібліяграфія

  • Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. № 1;
  • Праз гады // Полымя. 1992. № 11—12.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be