Яніс Судрабкалн
Яніс Судрабкалн (лат.: Jānis Sudrabkalns, сапр. Арвід Судрабкалнс, да 1923 Арвід Пейне; 17 мая 1894, с. Інчукалнс, Латвія — 4 верасня 1975) — латышскі паэт. Заслужаны дзеяч культуры Латвіі (1943). Народны паэт Латвіі (1947). Акадэмік АН Латвіі (з 1973). Герой Сацыялістычнай Працы (1974).
Творчасць
Друкаваўся з 1909. Выступіў як рамантык (зборнік «Крылатая Армада», 1920). Зборнікі вершаў «Пераўтварэнні» (1924), «Ліхтар на ветры» (1931) адметныя эмацыянальнасцю і інтэлектуальнасцю, віртуознасцю формы. Гумарыстычныя і сатырычныя вершы ў зборніках «Трубадур на асле» (1921), «Джэнтльмен у бэзавым фраку» (1924). Паэтычныя зборнікі «У братняй сям’і» (1947), «Яшчэ адна вясна» (1964), «Ясень за акном» (1969), «Летуценнікам» (1974) прасякнуты грамадзянскімі матывамі. Аўтар кніг лірычных мініяцюр, публіцыстыкі.
Пераклаў на латышскую мову верш Я. Купалы «Абвілася краіна». Аўтар верша «Памяці Купалы». Сярод перакладчыкаў яго вершаў на беларускую мову Э. Агняцвет, П. Броўка, С. Блатун, С. Гаўрусёў, С. Грахоўскі, А. 3вонак, В. Зуёнак, А. Кудравец, Е. Лось, М. Танк, Г. Шаранговіч і інш.
Прэміі і ўзнагароды
- Дзяржаўная прэмія СССР (1948)
- Дзяржаўная прэмія Латвіі (1965)
Беларускія пераклады
- Яшчэ адна вясна. Мн., 1969.
- У кн.: Латышская савецкая паэзія. Мн., 1984. Т. 1.
- У кн.: Песня Даўгавы. Мн., 1986.
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Jānis Sudrabkalns // Eesti biograafiline andmebaas ISIK Праверана 9 кастрычніка 2017.
Літаратура
- Абала М. Судрабкалн // БЭ ў 18 т. Т. 15. Мн., 2002.