Артур Вольскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Вольскі.
Арту́р Вóльскі, сапр. Арту́р Зэ́йдэль-Вóльскі (23 верасня 1924, Койданава, цяпер Дзяржынск, Мінская вобласць — 5 верасня 2002[1][2], Мінск) — беларускі пісьменнік[3].
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і пісьменніка Віталя Вольскага[3]. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы (1938—1941), працаваў мастаком у БДТ-2 (Уральск). У 1942 годзе прызваны на службу ў Ваенна-Марскі Флот СССР. Служыў на Далёкім Усходзе. Удзельнічаў у баях супраць Японіі, дэмабілізаваўся ў 1952[3]годзе.
Працаваў загадчыкам аддзела культуры і быту рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», адказным сакратаром часопісаў «Бярозка», «Вясёлка». Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1962). З 1962 года — загадчык літаратурна-педагагічнай часткі, з 1963 — дырэктар Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1978 — дырэктар Дома літаратара, з 1980 — літкансультант СП БССР[3]. У 1981—1984 гг. — старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва»[2].
Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1955 года[2], член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1963 года.
Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску[2].
Сям’я
Сын Артура Вольскага — беларускі музыка і пісьменнік Лявон Вольскі.
Творчасць
Дэбютаваў у друку ў 1937 годзе. Напісаў на рускай мове аповесць «Родная семья» (Хабараўск, 1953, у суаўтарстве з Б. Іртышскім). Аўтар зборнікаў паэзіі «Водбліскі далёкіх маякоў» (1958), «Далёкія і блізкія прычалы» (1962), «Дабрата» (1966), «Выратавальны круг» (1974), «Строма» (1982), «Чалавек, якому баліць» (выбранае, 1984), «Наваселле дрэў» (1990). Аўтар кніг паэзіі, прозы, казак для дзяцей «Маленькім сябрам» (1955), «Дзедаў госць» (1958), «Чырвоная зорка» (1961), «Чарнічка» (1964), «Рагатка» (1971), «Што такое мікра тое» (1971), «Лясныя мастакі» (1973), «Жывыя літары» (1973), «А куды падаўся дождж» (1974), «Ізумрудавы горад, дзе ты?..» (1977), «Еду ў госці да слана» (1978), «Сонца блізка ўжо зусім» (1984), «Дабяруся да нябёс» (1984), «Ад А да Я — прафесія мая» (1987), апавядання-эсэ «Хлеб — усяму галава» (1989). Кнігі Выбраных твораў выходзілі ў 1971, 1974.
Сумесна з П. Макалём напісаў п’есы «За лясамі дрымучымі» (1959, пастаўлена ў 1958), «Марынка-крапіўніца» (пастаўлена ў 1962). У суаўтарстве з Э. Доўнер напісаў кінасцэнарый «Марынка, Янка і тайны каралеўскага замка» (пастаўлены ў 1978). Аўтар п’ес-казак «Сцяпан — вялікі пан» (1979, пакладзеная на музыку Ю. Семянякам і пастаўленая ў 1979 на сцэне Мінскага тэатра музычнай камедыі — першая беларуская аперэта для дзяцей), «Тры Іваны — тры браты» (1985), «Граф Глінскі-Папялінскі» (1986), «Каб не змаўкаў жаваранак» (1989). На Беларускім тэлебачанні пастаўлены спектаклі «Апошняя ноч Алаізы» (1986), «Водар папараці» (1989).
Перакладаў з рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, нямецкай і іўрыта.
Узнагароды
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны», медалем «За баявыя заслугі» і іншымі медалямі.
Зноскі
- ↑ Стэльмах Д. Тэатр — яго родны дом (пра Артура Вольскага) // Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. 2009, 23 верасн. — Эл.рэсурс beltuz.by
- 1 2 3 4 Арлоў У. Імёны Свабоды: Артур Вольскі // Радыё Свабода. 2006, 10 кастр. 16:17 — Эл.рэсурс svaboda.org
- 1 2 3 4 Вольский Артур Витальевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 124—125. — 737 с.
Літаратура
- Вольскі Артур // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Вольскі Артур // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Стэльмах Д. Тэатр — яго родны дом (пра Артура Вольскага) // Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. 2009, 23 верасн. — Эл.рэсурс beltuz.by
- Арлоў У. Імёны Свабоды: Артур Вольскі // Радыё Свабода. 2006, 10 кастр. 16:17 — Эл.рэсурс svaboda.org