Джордж Байран
Джордж Ба́йран (поўнае імя англ.: George Gordon Noel Byron; 22 студзеня 1788, Лондан — 19 красавіка 1824, Місалюнгі, Грэцыя) — выдатны англійскі паэт-рамантык і драматург. Імя Байрана дало назву цэламу кірунку еўрапейскае думкі[9].
Імя
Гордан (англ.: Gordon) — другое асабістае імя Байран, якое ён атрымаў падчас хрышчэння, і якое супадала з дзявочым прозвішчам маці. Бацька Байрана, аднак, прэтэндуючы на шатландскія валоданні свайго цесця выкарыстоўваў «Гордан» як частку прозвішча (Байран-Гордан), а сам Джордж быў запісаны ў школу пад такім жа двайным прозвішчам. У 10-гадовым узросце пасля смерці стрыечнага дзеда Джордж стаў пэрам Англіі і атрымаў тытул «барон Байран», пасля чаго, як гэта прынята ў пэраў такога рангу, яго звычайным імем стала «лорд Байран» ці проста «Байран». Пазней цешча Байрана пакінула ў спадчыну паэту маёмасць з умовай насіць яе прозвішча — Ноэл (англ.: Noel), і каралеўскім патэнтам лорду Байрану было дазволена ў якасці выключэння выкарыстоўваць прозвішча Ноэл перад тытулам, што ён і рабіў, падпісваючыся часам «Ноэл-Байран». Таму ў пэўных крыніцах яго поўнае імя можа выглядаць як «Джордж Гордан Ноэл Байран», хоць усімі гэтымі імёнамі і прозвішчамі ён ніколі не падпісваўся.
Біяграфія
Бацька Байрана быў капітанам англійскай гвардыі і не меў дваранскага паходжання. Сам Джордж быў яго сынам ад другога шлюбу з Кэтрын Гордан. Маці была з вядомай, але збяднелай сям’і. Пасля смерці бацькі, калі Джордж быў яшчэ ў малым узросце, ён выхоўваўся ў сям’і маці ў Шатландыі. Гэта быў складаны перыяд яго жыцця. У гэты час ён даведаўся, што азначае галеча, адсутнасць увагі з боку сям’і і кпіны аднагодкаў з-за храматы Джорджа. У адзінаццацігадовым узросце яго становішча палепшылася: ён атрымаў у спадчыну тытул лорда і радавы маёнтак. Ён пераехаў у Англію і пасяліўся ў Ньюстэдзе, каля Нотынгема.
У 1801 годзе Байран паступіў у сярэднюю школу ў Харау, а потым вучыўся ў Кембрыджы. У гэты час ён жыў даволі раскошна: займаўся спортам, фліртаваў, забаўляўся і назбіраў шмат пазык, з якіх выбраўся значна пазней, дзякуючы сваёй літаратурнай дзейнасці. У гэты перыяд ён шмат чытаў, асабліва старажытную класічную літаратуру.
Яшчэ падчас навучання, ў 1807 годзе, Байран выдаў невялікі томік вершаў, які быў раскрытыкаваны літаратуразнаўцамі. На гэта Байран адказаў тым, што праз год выдаў паэму «Англійскія паэты і шатландскія рэцэнзенты» (англ. English Bards and Scotch Reviewers), дзе ў сатырычным стылі высмеяў сучасную яму англійскую літаратуру.
Летам 1809 года, ва ўзросце дваццаці гадоў, Байран пакінуў Англію, і разам са сваім сябрам па Кембрыджу Джаймсам Гобсанам, адправіўся ў двухгадовае падарожжа па Партугаліі, Іспаніі, Мальце, Грэцыі і Канстанцінопалю. Гэта падарожжа аказалася для паэта вялікай школай жыцця. Ён сабраў шмат матэрыялу для далейшае творчасці і сфарміраваў уласныя погляды на жыццё. Вынікам гэтага падарожжа стаў шэраг дробных вершаў і дзве першых часткі паэмы «Падарожжы Чайлд Гаральда». Пасля вяртання ў Англію, Байран дадаў да паэмы некалькі частак і выдаў яе ў 1812 годзе. Поспех «Падарожжаў Чайлд Гаральда» быў як вялізным так і нечаканым. Байран трапіў у цэнтр грамадскае ўвагі.
Пасля 1812 года Байран пачаў актыўную работу ў Палаце Лордаў. Там ён дэклараваў сваю гучную прамову ў абарону працоўных «Ода аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў» (англ. An Ode to the Framers of the Frame Bill, 1812), якая з’яўлялася першым байранавым творам, у якім паэт выкрываў уладныя кругі і адкрыта заявіў аб магчымасці справядлівае расправы працоўных над сваімі душыцелямі. У тым жа годзе Байран выступіў у Палаце Лордаў з яшчэ адной прамовай — у абарону інтарэсаў ірландскага народа, пасля чаго, пераканаўшыся ў ілжывасці англійскай дэмакратыі, назаўжды пакінуў парламент[10]. Да гэтага дадаліся сямейныя праблемы. Шлюб з Ганнай Ізабель Мілбенке (ажаніліся ў 1815 годзе) распаўся хутка пасля нараджэння дачкі Аўгусты Адзі. Грамадскасць была настроена супраць Байрана, і ён вырашыў зноў пакінуць Англію. Літаратурным вынікам гэтага неспакойнага перыяду жыцця стала серыя паэм «Вальс», «Гяур», «Абідоская нявеста», «Карсар».
Байран наведаў Бельгію, Германію, Швейцарыю і Італію. У 1816 годзе, у Швейцарыі, Байран сустрэў іншага прадстаўніка англійскага рамантызму Персі Біш Шэлі. Разам з ім, Мэры Шэлі і Джонам Палідоры Байран наведаў Альпы і наваколлі Жэнеўскага возера. У Італіі паэт пасяліўся спачатку ў Равене, а потым у Венецыі. Там ён пазнаёміўся са сваім апошнім вялікім каханнем, графіняй Гучыёлі. У гэты перыяд узніклі наступныя творы: «Першая песня Моргантэ Маджыёра» (1820 г.); «Прароцтва Данта» (1820 г.) і пераклад «Франчэскі да Рыміні» (1820 г.), «Марына Фальера» (1820 г.), пятая песнья «Дон Жуана» (1820 г.), «Сарданапал» (1821 г.), «Лісты да Баульсу» (1821 г.), «Двое Фоскары» (1821 г.), «Каін» (1821 г.), «Бачанне страшнага суда» (1821 г.), «Неба і зямля» (1821 г.), «Вернер» (1821 г.), шостая, сёмая і восьмая песні «Дон Жуана» (у лютым 1822 г.); дзевятая, дзесятая і адзінаццатая песні «Дон Жуана» (у жніўні 1822 г.); «Бронзавы век» (1823 г.), «Выспа» (1823 г.), дванаццатая і трынаццатая песні «Дон Жуана».
Гэтыя творы, а таксама палітычная дзейнасць паэта, звязаная з італьянскім рэвалюцыйным рухам карбанарыяў, накіраваным супраць Аўстрыі, сведчаць аб дэмакратычных поглядах Байрана, а таксама аб тым, што ён не аддзяляў сябе ад сваёй творчасці, а жыў таксама як яго героі, пісаў свае творы аб тым, што сам адчуваў.
Вянцом яго творчасці стала паэма «Дон Жуан», ў якой прадстаўлены ўсе канфлікты тагачаснай Еўропы. Яна пісалася ў Італіі ў 1818—1824 гг. і складаецца з шаснаццаці песень. На жаль, Байран не змог яе закончыць. У 1824 годзе, даведаўшыся аб грэчаскім паўстанні супраць турэцкай акупацыі, Байран пакінуў Італію і накіраваўся ў Грэцыю, дзе прыняў удзел у дзейнасці штаба паўстанцаў у Місалюнгі. Нездаровы клімат, а так сама няўтульнасці салдацкага жыцця прывялі да таго, што ён прастудзіўся і памёр.
Асабістае жыццё
Любоўныя сувязі і скандалы
У 1812 г. у Байрана пачаўся раман з ужо жанатай лэдзі Кэралайн Лэмб, які шакіраваў брытанскую публіку[11]. Байран урэшце парваў з ёй усялякія зносіны і пачаў звяртаць увагу на іншых (напрыклад, лэдзі Оксфард), але Лэмб, так і не аправіўшыся ад разрыву з паэтам, пачала яго праследаваць. Яна была настолькі эмацыянальна ўсхвалявана і згубіла столькі ўласнае вагі, што Байран іранічна паведаміў аб гэтым сваёй свякрові лэдзі Мелбурн, кажучы, што за ім «гоніцца шкілет»[12] (па-англійску: haunted by a skeleton). Пазней яна пачала наведваць яго дом, маскіруючыся ў адзенне рассыльнага[13] ў час, калі такога роду ўчынак мог зняславіць іх дашчэнту ў вачах грамадства. Аднойчы, пасля чарговага візіту, не застаўшы паэта дома, яна напісала на адной з яго кніг: «Помні мяне!» (па-англійску: Remember me!). Убачыўшы гэты надпіс, Байран экспромтам напісаў верш «Remember Thee! Remember Thee!»[14] (у беларускім перакладзе «Не загадай забыць»), які заканчваўся радкамі «Ты незабыўная была / Яму нявернай, д’яблам мне». (па-англійску: By neither shalt thou be forgot, /Thou false to him, thou fiend to me!).
У дзяцінстве, Байран толькі зрэдку бачыў сваю зводную сястру Аўгусту Лей; у больш дарослым узросце ён увайшоў з ёй у шчыльныя зносіны, якія адны крытыкі трактавалі як інцэстуальныя[12], другія - як беззаганыя[15]. Аўгуста, якая знаходзілася ў шлюбе, 15 красавіка 1814 нарадзіла сваю трэцяю дачку Элізабет Медору Лэй.
У рэшце рэшт Байран пачаў звяртаць увагу на стрыечную сястру Кэралайн Лэмб Ганну Ізабелу Мілбенк («Аннабела»), якая адхіліла яго першую шлюбную прапанову, але пазней пагадзілася на яе. Мілбенк была высокамаральнай, інтэлігентнай і матэматычна адаронай жанчынай. Яны ажаніліся 2 студзеня 1815 года ў Сіхэме, графства Дарэм. Шлюб аказаўся нешчаслівым. 16 студзеня 1816 яна кінула яго, забраўшы з сабой дачку Аду. 22 красавіка Байран падпісаў дакумент аб асобным пражыванні ад жонкі. Чуткі аб шлюбным насіллі, здрадах Байрана сваёй жонцы з актрысамі, інцэсце з Аўгустай Лэй і гомасексуалізме распальваліся раўнівай Кэралайн Лэмб[12].
Цікавыя факты
- У сваёй паэме «Бронзавы век» («The Age of Bronze», 1823) Байран уславіў Тадэвуша Касцюшку.[16]
- У гонар Байрана названы кратар на Меркурыі.
- З імем Байрана звязаны новы тып светаўспрымання і паводзін жыхароў краін Еўропы ў пачатку 19 стагоддзя — байранізм. Гэтаму тыпу было характэрна спалучэнне пачуцця расчаравання ў рэчаіснасці, адчування катастрафічнасці быцця, страты ідэалаў, духу бунтарства.[17]
Беларускія пераклады
На беларускую мову творы Байрана выдаваліся асобнымі кнігамі у 1963, 1989, 2004, 2020 гг. Сярод перакладчыкаў — Рыгор Барадулін[18], Юрка Гаўрук, Уладзімір Дубоўка[19], Галіна Дубянецкая, Уладзімір Караткевіч, Максім Лужанін, Язэп Семяжон, Максім Танк, Эдзі Агняцвет, Еўдакія Лось, Мікола Аўрамчык.
Уладзімір Скарынкін пераклаў на беларускую мову паэму Джорджа Байрана «Прароцтва Дантэ» і раман у вершах «Дон Жуан».
Глядзіце таксама
Зноскі
- 1 2 L. S. Byron, George Gordon // Dictionary of National Biography / L. Stephen, S. Lee — London: Smith, Elder & Co., 1885. — Vol. 8. — P. 132–155.
- 1 2 Байрон, Джордж-Ноэль-Гордон // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1891. — Т. IIа. — С. 726–730.
- 1 2 E. H. C. Byron, George Gordon Byron, 6th Baron // Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911. — Vol. 4. — P. 897–905.
- ↑ George Gordon Byron // Find a Grave — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Байрон // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 1.
- ↑ Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
- 1 2 3 Oxford Dictionary of National Biography / C. Matthew — Oxford: OUP, 2004.
- 1 2 Kindred Britain
- ↑ Лапидус Н. И., Малюкович С. Д. Литература XIX века. М.: Университетское, 1992. С. 65
- ↑ Лапидус Н. И., Малюкович С. Д. Литература XIX века. М.: Университетское, 1992. С. 66
- ↑ Wong, Ling-Mei (2004-10-14). “Professor to speak about his book, ‘Lady Caroline Lamb’” Архівавана 7 снежня 2008.. Spartan Daily (San Jose State University). (англ.)
- 1 2 3 Marilee Cody (?). “Lord Byron’s Lovers: Lady Caroline Lamb”. (англ.)
- ↑ Wong, Ling-Mei (2004-10-14). “Professor to speak about his book, ‘Lady Caroline Lamb’” Архівавана 7 снежня 2008.. Spartan Daily (San Jose State University). (англ.)
- ↑ Байран Дж.Г. Лірыка / Укл., прадм. В.Небышынца. Мн., 1989. С. 264
- ↑ Hoeper, Jeffrey D. (17 December 2002). “The Sodomizing Biographer: Leslie Marchand’s Portrait of Byron” Архівавана 10 мая 2003.. Arkansas State University. (англ.)
- ↑ Адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку // Культурна асветнiцкi клуб «Спадчына»
- ↑ Байранізм // «Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік». Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя», 2003. ISBN 985-11-0277-6
- ↑ Рыгор Барадулін: «Нашай мове неяк усё жыцце не шанцавала» // Deutsche Welle, 30 жніўня 2009 г.
- ↑ Уладзімір Дубоўка Архівавана 30 жніўня 2021.
Літаратура
Беларускія пераклады
- Байран Дж. Г. Лірыка / Укл., прадм. В. Небышынца. — Мн., 1989.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Джордж Байран
- Творы Джорджа Байрана ў перакладах на беларускую Рыгора Барадуліна і Галіны Дубянецкай Архівавана 26 сакавіка 2013.
-
«Дон-Жуан»(недаступная спасылка) — скарочаны варыянт восьмай песні рамана ў перакладзе Уладзіміра Скарынкіна
- Байран Джордж Ноэл Гордан — біяграфія Джорджа Байрана