Язэп Семяжон
Язэп Іванавіч Семяжон, Іосіф Семяжонаў (Семежонаў) (16 лістапада 1914, в. Пятровічы, Смалявіцкі раён, Мінская вобласць — 16 жніўня 1990) — беларускі перакладчык і паэт.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і лесніка. Пасля заканчэння Смілавіцкай сярэдняй школы (1930) працаваў у калгасе рахункаводам, вучыўся на драматычных курсах у Мінску. У 1932—1934 — акцёр БДТ-3. Скончыў факультэт замежных моў Мінскага педагагічнага інстытута (1938). У 1938—1940 служыў у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь, у савецка-фінляндскай вайне. Настаўнічаў у роднай вёсцы. У 1941—1945 удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Дэмабілізаваўся ў 1959. Выкладаў замежныя мовы ў Мінскім сувораўскім вучылішчы (1953—1960), у БДУ (1961—1975), адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь» (1962—1967). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1954).
Дэбютаваў вершамі ў 1931. Перакладамі пачаў займацца з 1938. Перакладаў з англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай, польскай, чэшскай, славацкай, рускай, літоўскай і іншых моў. У яго перакладзе выйшлі «Кароль Лір» У. Шэкспіра («Трагедыі», 1954), кніжка паэзіі Дж. Радары «Неапаль без сонца» (1955), Р. Бёрнса «Шатландская слава» (1957) і «Вам слова, Джон Ячмень» (1983), раман М. Твэна «Жанна д’Арк» (з Н. Цімафеевай, 1961), зборнік класічнай і сучаснай паэзіі В’етнама «Апалены лотас» (1968), паэма беларускага паэта-лацініста М. Гусоўскага «Песня пра зубра» (1973), кніга выбраных перакладаў паэзіі «Сем цудаў свету» (1977), раман Г. Ота «Пара ў дарогу, буслы!» (з У. Чапегам, 1982), паэма А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1985), зборнік Дж. Байрана «Лірыка» (1989), камедыі У. Шэкспіра «Дванаццатая ноч, альбо Чаго пажадаеце», «Утаймаванне наравістай» (зборнік У. Шэкспіра «Тры камедыі», 1989).
Выступаў з артыкуламі па пытаннях мастацкага перакладу.
Узнагароды
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Айчыннай вайны I ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, польскім ордэнам Залатой Зоркі Заслугі і медалямі.
Зноскі
Літаратура
- Рагойша В. П. Семяжон Язэп // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 321. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
- Семяжон Язэп // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Семяжон Язэп // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. Т. 5, 1995. — С. 288—295.