wd wp Пошук:

Песня пра зубра

«Песня пра зубра» — «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго[1]») — паэма беларускага[2] паэта-лацініста эпохі Адраджэння Міколы Гусоўскага. Першы вялікі вершаваны твор, напісаны на лацінскай мове для заходнеславянскага чытача[3].

Паэма лічыцца непераўзыйдзенай у эпічным паказе Беларусі і беларускага народа да з’яўлення паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча[4].

Гісторыя стварэння

Мікола Гусоўскі напісаў гэтую паэму ў 1522 годзе, калі знаходзіўся ў Рыме ў складзе дыпламатычнай місіі Вялікага княства Літоўскага. Твор быў напісаны на лацінскай мове па замове папы Льва X Медычы, які захацеў больш даведацца пра ВКЛ і незвычайнага звера — зубра, які вадзіўся там у лясах. Сын вялікакняскага лесніка, Мікола Гусоўскі з веданнем справы, падрабязна і дэталёва апісаў постаць, звычкі і паводзіны зубра, а таксама паляванне на яго. Аднак Мікола Гусоўскі не быў бы сапраўдным паэтам, калі б спыніўся толькі на гэтым. Паэма стала песняй аб сваім краі і народзе, роздумам пра лёс Радзімы, аб яе месцы на шляхах гісторыі.

Паштоўка з арыгінальнай маркай, прысвечанай 485-годдзю паэмы

Упершыню паэма была выдадзена ў Кракаве ў 1523 г. у складзе зборніка, які складаўся з аднайменнай паэмы, 11 вершаў і празаічнага прысвячэння каралеве Боне Сфорца.

Сюжэт

У паэме выразна паказаны патрыятычны заклік да яднання і сяброўства розных па веры і культуры еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсця, услаўленне свабоднай і мужнай асобы, ідэя патрыятызму і антываенны пафас, узаемадачынення чалавека, грамадства і прыроды, міждзяржаўныя адносіны[4].

У сваёй паэме аўтар паспрабаваў прадставіць погляд на сваю радзіму. Ён імкнуўся ўславіць усё тое, з чым у яго свядомасці асацыіруецца вобраз яго роднай зямлі, яе прыгажосць і непаўторнасць. Ён апісвае беларускія лясы, багатыя на свае дары (ягады, мёд, куніцу). Як адзначыў Віктар Дарашкевіч: «Для Гусоўскага прырода — усенародны здабытак і крыніца здароўя, радасці, выхавання высокіх патрыятычных і эстэтычных пачуццяў»[3]. Гусоўскі, апроч апісання хараства беларускай прыроды паказвае і забабоны свайго народу (вера ў ведзьмакоў, русалак), грамадскую пасіўнасць і пакорнасць лёсу.

Адзін з галоўных герояў паэмы яе цэнтральны вобраз твора — князь Вітаўт. Яго аўтар падае, як ідэальнага правіцеля, сапраўднага патрыёта, вернага традыцыям, праўдзівага і справядлівага, выдатнага кіраўніка дзяржавы.

Вобраз Вітаўта

Князь Вітаўт выступае ў паэме як ідэал дзяржаўнага ўладара.

…Вітаўт апекаваў тых, каму дазваляў уладарыць,

Воляю князя васал жыў або траціў жыццё,
Быццам нявольнік які, маскавіт яго зваў уладыкам,
Хоць і магутным царом быў сярод многіх цароў...

</cite>

Вітаўт, як ніхто да яго, узвысіў мясцовую шляхту, і заручыўшыся яе падтрымкай, скарыў гардыню ўдзельных князёў і дабіўся цэнтралізацыі ўлады. У паэме княжанне Вітаўта паўстае як час гераічных спаборніцтваў, у якіх кожны чалавек меў прастору для подзвігаў і сцвярджэння сваёй годнасці, і гэтыя паляванні-спаборніцтвы ўслаўляюцца, як сапраўдная школа ваеннага выхавання.

Гусоўскі апісвае і набажныя рысы князя, звяртаючы ўвагу на тое, што «ён быў набожны і першы з народамі княства сам ахрысmціўся», «цэрквы Богу адзінаму скрозь будаваў».

Вітаўт у паэме паўстае мудрым дзеячам, які заахвочваў падданых сцвярджаць сваю грамадзянскую прыдатнасць удзелам у ваенных спаборніцтвах і сумленным выкананнем даручаных абавязкаў. Можна заўважыць, як аўтар параўноўвае мужнага і моцнага духам князя з самім зубрам[5].

Памяць

У Беларусі 25 верасня 2008 г., да 485 года першай публікацыі паэмы «Песня пра зубра», была выпушчаная аднабаковая паштовая картка з арыгінальнай маркай.

Мінскі рок-гурт Сузор’е ў 2008 годзе выпусціў музычны альбом «Песня пра зубра»[6]. Беларускі гурт сярэднявечнай музыкі Стары Ольса ў сваім альбоме «Verbum» (2002 г.) запісала песню на словы Мікалая Гусоўскага «Песня пра зубра»[7].

Беларускія пераклады

На беларускую мову існуюць 3 пераклады паэмы: Язэпа Семяжона, Наталлі Арсенневай і Уладзіміра Шатона

У 2007 годдзе выдавецтва Мастацкая літаратура выдала кнігу на беларускай мове[8].

Экранізацыі

У 1982 годзе кінастудыяй «Беларусьфільм» быў выпушчаны аднайменны мультыплікацыйны фільм(руск.) бел.[9].

Зноскі

  1. Асветнікі зямлі беларускай Х- пачатак ХХ стагоддзя, Энцыклапедычны даведнік. Мн., “Беларуская энцыклапедыя”, 2001, С.127.
  2. Советский энциклопедический словарь. 4-е издание, Москва, “Советская энциклопедия”, 1988, С.353.
  3. 1 2 Водгук на паэму Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. Сучаснасць і мінуўшчына (нявызн.). Праверана 25 лютага 2013.
  4. 1 2 Песня пра зубра (нявызн.). Мастацкая літаратура. Праверана 25 лютага 2013.
  5. Архіўная копія (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 студзеня 2013. Праверана 25 лютага 2013.
  6. Сузор’е - Песня пра зубра (нявызн.). Праверана 25 лютага 2013.
  7. Архіўная копія (нявызн.) (недаступная спасылка). Дыскаграфія. Стары Ольса. Архівавана з першакрыніцы 1 снежня 2014. Праверана 25 лютага 2013.
  8. Гусоўскi, М. Песня пра зубра (нявызн.). Насустрач слову. Прэзідэнцкая Бібліятэка РБ. Праверана 25 лютага 2013.
  9. Мультфильм «Песнь о зубре»

Літаратура

  • Гусоўскі М. Песня пра зубра: Паэма / З лац., Мн. 1973. Перакладчык Язэп Семяжон
  • Гусоўскі М. Песня пра зубра: Паэма / З лац., «Запісы беларускага інстытута навукі й мастацтва», Нью-Ёрк, 1996. Перакладчык Наталля Арсеннева. Рукапіс перакладу 1978-82.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Паэмы 1522 года Катэгорыя·Паэмы на лацінскай мове
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be