wd wp Пошук:

Валянцін Паўлавіч Таўлай

Валянцін Паўлавіч Таўлай (псеўд.: Усяслаў Барвінец, Янка Бунтар, Васіль, Ілюк Прышчэпа (з Я. Брылём), Паўлюк Сірата, В. Тарскі і інш.; 8 лютага (26 студзеня) 1914, Баранавічы — 27 красавіка 1947, Мінск) — беларускі паэт, літаратуразнавец, грамадскі дзеяч.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне. Вучыўся ў польскай школе ў Лідзе, у той перыяд ён напісаў свой першы верш — «Верабейкі» («Wrobelki», на польскай мове)[1].

Навучаўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, у 1925 выключаны за адмову запісацца палякам. У 1927-29 вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, у лютым 1928 за ўдзел у арганізацыі вучнёўскай забастоўкі выключаны, пад паліцэйскім канвоем адпраўлены да бацькоў. За падпольную камсамольскую дзейнасць арыштаваны 28.8.1929, знаходзіўся ў зняволенні ў Слонімскай і Гродзенскай турмах (1929-30).

З кастрычніка 1930 года ў БССР. У 1930—32 працаваў у Рэчыцы інструктарам райкама камсамола, у газеце «Звязда», вучыўся на газетным аддзяленні літфака БДУ.

«Партрэт Таўлая». 1930-я. Р. Семашкевіч

У снежні 1932 накіраваны на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. Член Цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ ў Варшаве, адзін з фактычных рэдактараў «Беларускай газеты» і яе дадатку «Літаратурная старонка» — легальных неафіцыйных органаў КПЗБ у Вільні. Прадстаўнік ЦК КПЗБ у Цэнтры нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. У снежні 1933 адзін з арганізатараў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў. Арыштаваны 4.1.1934 пры спробе пераходу польска-савецкай мяжы. Змешчаны ў турму ў Вілейцы[2]. Асуджаны на 8 гадоў турмы; змешчаны ў Гродзенскі астрог.

У верасні 1939 вызвалены з турмы Чырвонай Арміяй. У 1939—41 працаваў у лідскай раённай газеце «Уперад». Член СП Беларусі з 1941.

У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада імя Р. Катоўскага брыгады імя Ф. Дзяржынскага Баранавіцкага злучэння (1942—1944), разведчыкам, кіраўніком наваградскай агентурнай сеткі спецгрупы «Буравеснік» (студзень — ліпень 1944). У верасні 1943 арыштаваны СД у Лідзе, вызвалены з дапамогай беларускіх паэтаў, палітычных і ваенных дзеячаў.[3]

З канца лета 1944 адказны сакратар навагрудскай раённай газеты «Звязда». У 1945—47 старшы навуковы супрацоўнік і намеснік дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы.

Помнік Валянціну Таўлаю, Вайсковыя могілкі, Мінск

Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.

Творчасць

Друкавацца пачаў у 1928 (газета «Сіла працы», Вільня). Як паэт-рэвалюцыянер фарміраваўся ў камуністычным падполлі (паэма «Непераможная» выдадзена на шапірографе, Вільня, 1928). У першым пасмяротным зборніку «Выбранае» (1947) змешчаны палымяныя паэтычныя цыклы астрожных вершаў («Лукішскія вершы», «Таварышу маёй вясны», «Бацьку») і паэм («Таварыш», «Песня пра сухар»). Раскрыў мужнае аблічча рэвалюцыянера 1930-х гадоў, характэрныя рысы якога — глыбокае лірычнае перажыванне і ўнутраная гатоўнасць высокага ахвяравання, асэнсаванне сутнасці пройдзеных змагарных шляхоў і барацьбы як усечалавечай праблемы разняволення свету, абнаўлення жыцця. Над паглыбленнем зместу вершаў і паэм працаваў усё творчае жьшцё, даводзячы іх да гранічнай мастацкай дасканаласці. Эстэтычны набытак В. Таўлая ўзнімаецца на ўзровень рэвалюцыйнай паэзіі свету[4].

Аўтар публіцыстычных нарысаў пра рэвалюцыйна-вызваленчую і антыфашысцкую барацьбу. Пісаў літаратурна-крытычныя (пра творчасць Я. Купалы, П. Пестрака, Я. Брыля). Пераклааў на беларускую мову асобныя творы А. Міцкевіча, І. Крылова і інш.

Ушанаванне памяці

Яго імем названы вуліцы ў Гродне, Лідзе і ў Маладзечне[5].

Ліда, дом Таўлая, 2018

У 1965 годзе ў Лідзе на доме, у якім у 1939-41 жыў Валянцін Таўлай, усталявана мемарыяльная дошка[6] У гонар Валянціна Таўлая на будынку рэдакцыі «Лідскай газеты» ў 2014 годзе ўрачыста адкрыта памятная дошка, зробленая па праекце мясцовага скульптара Рычарда Грушы[1].

Сям’я

Дачка Галіна Валянцінаўна Таўлай (нар. 1946), этнамузыколаг.

Выбраная бібліяграфія

  • Вершы і паэмы. Мн., 1955.
  • Выбраныя творы. Мн., 1958.
  • Творы. Мн., 1961.
  • Аўтабіяграфія // Пра час і пра сябе. Мн., 1966.
  • Выбр. вершы і паэмы. Мн., 1967.
  • Пілую вершам краты. Мн., 1984.

Зноскі

  1. 1 2 lidanews.by
  2. Тайны муроў Вілейскай турмы Архівавана 11 лістапада 2013.//«Рэгіянальная газета»
  3. Маракоў 2003
  4. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8.
  5. Архівавана 5 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»
  6. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць /АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1986.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі СССР Катэгорыя·Перакладчыкі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be