wd wp Пошук:

Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шаўчэнка.

Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка (укр.: Тарас Григорович Шевченко; 9 сакавіка 1814, с. Морынцы, цяпер Звянігародскі раён Чаркаскай вобл., Украіна10 сакавіка 1861, Санкт-Пецярбург) — украінскі пісьменнік, мастак, грамадскі дзеяч; заснавальнік новай украінскай літаратуры і нацыянальнай літаратурнай мовы.

Аб’яднаў у сваіх паэтычных творах жывую гутарковую мову са сродкамі мовы кніжнай, узнёс украінскую літаратурную мову на новы, якасна вышэйшы ўзровень. Шырока карыстаючыся лексікаю розных галін навукі і мастацтва, Шаўчэнка фактычна заклаў падмурак тэрміналагізацыі ўкраінскай лексікі.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў сям’і прыгонных сялян: бацька — Рыгор Шаўчэнка, маці — Кацярына Бойка (Шаўчэнка). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ у К. Брулова (1838-45). Як дваровы П. В. Энгельгарта жыў у Вільні (1829-31), потым у Пецярбургу. У 1838 з дапамогай Брулова, В. Жукоўскага і інш. Тарас Шаўчэнка быў выкуплены з прыгоннай няволі. 3 1845 працаваў у Кіеўскай археаграфічнай камісіі. За ўдзел у тайным Кірыла-Мяфодзіеўскім таварыстве арыштаваны і аддадзены ў салдаты (1847-57). Пасля ссылкі (з 1858) жыў у Пецярбургу. Прыхільнік рэвалюцыйнага шляху ліквідацыі прыгонніцтва, яднання славянскіх народаў у барацьбе за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.

Творчасць

Пісаць пачаў каля 1836-37. Выдаў зборнік «Кабзар» (1840). Шаўчэнкавы творы прасякнуты любоўю да радзімы, напісаны народнай мовай, вызначаюцца блізкасцю да фальклору, разнастайнасцю рытмаў, меладычнасцю. У ранняй яго творчасці (вершы, балады, паэмы «Кацярына», 1838, «Гайдамакі», 1841; драма «Назар Стадоля», 1843, і інш.) спалучэнне рамантызму з рэалістычнымі тэндэнцыямі. У паэме «Наймічка» (1845) стварыў яскравы драматычны вобраз жанчыны-маці.
У паэмах «Сон» (1844), «Каўказ», «Ератык» (абедзве 1845), «Неафіты» (1857), цыклах «У каземаце» (1847), «Цары» (1848), паэзіі перыяду ссылкі, аповесцях «Княгіня» (1853), «Музыка» (1855) і інш. рэвалюцыйныя і антыпрыгонніцкія матывы. Аўтар паэм «Сляпая» (1842), «Князёўна» (1847), «Марына» (1848), «Юродзівы» (1857), «Марыя» (1859), балады «Прычынна» (1837), трыпціха «Доля», «Муза», «Слава» (1858), аповесцей «Варнак» (1845), «Няшчасны», «Капітанша», «Блізняты» (усе 1855), «Мастак» (1856), «Прагулка з задавальненнем і не без маралі» (1856-58). Многія вершы Тараса Шаўчэнкі сталі народнымі песнямі.

Кацярына (алей, 1842)

Тарас Шаўчэнка — заснавальнік рэалістычнага кірунку ва ўкраінскім выяўленчым мастацтве. Майстар партрэту, гістарычных і жанравых кампазіцый, ілюстрацый, натурных замалёвак, афортаў («Аўтапартрэт», 1840-41; «Кацярына», 1842; серыя афортаў «Жывапісная Украіна», выд. 1844, і інш.). За працы ў галіне гравюры атрымаў званне акадэміка (1860). Яго мастацкая спадчына прасякнута народнасцю, сацыяльнай накіраванасцю, гуманістычным пафасам.

Тарас Шаўчэнка ў сваёй творчасці выразіў думкі і настроі, якія былі важнымі ў жыцці ўкраінцаў у той час. Яго творчасць знайшла водгук у сэрцах людзей, пра што сведчыць тое, што ў другой палове XIX і ў пачатку XX ст. ці не адзінаю кніжкаю ў большасці вясковых хат Украіны быў «Кабзар»; вершы з яго вучылі напамяць, з яго дапамогаю вучыліся чытаць. У той час Шаўчэнкавы творы з’ядналі ўкраінскі народ, асабліва жыхароў Левабярэжнай Украіны.

Ушанаванне памяці

50 рублёў ПМР з выявай Тараса Шаўчэнкі

Імем Тараса Шаўчэнкі названы шэраг геаграфічных аб’ектаў (населеных пунктаў, вуліц), навучальных устаноў і іншых арганізацый Украіны.

Імя Тараса Шаўчэнкі маюць вышэйшыя навучальныя ўстановы — Кіеўскі і Луганскі нацыянальныя ўніверсітэты, Чарнігаўскі педагагічны ўніверсітэт, Крамянецкі абласны гуманітарна-педагагічны інстытут і галоўны ўніверсітэт Прыднястроўя; тэатры — Нацыянальная опера Украіны, Цярнопальскі, Валынскі і Харкаўскі драматычныя тэатры, Днепрапятроўскі ўкраінскі музычны драматычны тэатр, Крыварожскі тэатр драмы і музычнай камедыі, Чаркаскі і Чарнігаўскі музычна-драматычныя тэатры, а таксама шматлікія кінатэатры, пік Шаўчэнкі, горад Форт-Шаўчэнка, з 1964 па 1991 гады горад Актаў называўся Шаўчэнка.

Скульптура ў Луганскім нацыянальным універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі (скульптар Мікалай Гаўрылавіч Шмацько)

Помнікі Тарасу Шаўчэнку ўсталяваныя ўва ўсіх абласных цэнтрах, многіх гарадах і вёсках Украіны, а таксама ў шматлікіх сталіцах і гарадах за мяжой. Увогуле, ва Украіне і свеце існуе больш за 1000 помнікаў паэту. Гэта найбольшая колькасць манументаў, усталяваных адной асобе, калі не ўлічваць правадыроў таталітарнага рэжыму і невядомых салдат[крыніца?]. Адным з найлепшых лічыцца помнік у Харкаве, вялікія помнікі Кабзару ўсталяваныя таксама ў Кіеве, Днепрапятроўску, Данецку, Львове і іншых гарадах.

Вуліцы імя Тараса Шаўчэнкі ёсць амаль у кожным населеным пункце Украіны.

Партрэт Тараса Шаўчэнкі адлюстраваны на банкноце Нацыянальнага банка Украіны наміналам 100 грывень і на залатой памятнай манеце наміналам 200 грывень.

Тарас Шаўчэнка і Беларусь

Упершыню Шаўчэнка ўбачыў Беларусь у 1829 годзе, у час прыезду свайго ўладніка П. Энгельгарта ў Вільню. У 1839 годзе — пасля пераезду ў Пецярбург — Шаўчэнка пазнаёміўся з беларуска-польскімі культурнымі дзеячамі, сярод якіх Ян Баршчэўскі, Рамуальд Падбярэскі ды іншыя.

У 1843 годзе, здабыўшы волю, Шаўчэнка па дарозе да Украіны наведвае Віцебск, Магілёў, Гомель. Гэтым жа шляхам яму давялося вяртацца ў сталіцу ў 1847 годзе, пасля арышту членаў Кірыла-Мефодзіеўскага таварыства. У выгнанні паэт наладзіў адносіны з удзельнікамі краёвага вызваленчага руху — Зыгмунтам Серакоўскім, Эдвардам Жалігоўскім (сустрэліся ў 1858), Я. Станевічам. Асабліва моцным было сяброўства з Браніславам Залескім.

У 1863 годзе ў Вільні надрукавалі першае поўнае выданне «Кабзара» на польскай мове. Аўтар перакладу — Уладзіслаў Сыракомля.

Да пачатку XX стагоддзя адносяцца першыя пераклады Шаўчэнкі на беларускую мову, якія зрабіў Янка Купала, — вершы «Нашто чорныя мне бровы» ды «За думаю дума роем вылятае», змешчаныя ў кніжцы «Жалейка» (1908). Верш «Пажоўкнуў ліст… Прыгаслі вочы…» быў перакладзены ў 1906, але надрукаваны пазней.

У 1910 годзе газета «Наша ніва» надрукавала ўрывак з паэмы «І мёртвым, і жывым» у перакладзе Алеся Гурло, верш «Цячэ вада ў сіне мора» ў перакладзе Фларыяна Чарнышэвіча(польск.) бел..

У 1911 годзе ў віленскім выдавецтве «Палачанін» у перакладзе Чарнышэвіча пад рэдакцыяй Купалы выходзіць паэма «Кацярына».

У 1914 годзе дзіцячы часопіс «Лучынка» змяшчае верш «Мінаюць дні, мінаюць ночы» (пераклад — Альберт Паўловіч) і артыкул А. Уласава пра жыццё і творчасць Шаўчэнкі.

Да 95-годдзя з дня нараджэння Кабзара «Наша ніва» (№ 11-1909) змясціла верш Янкі Купалы, крытычны артыкул, прысвечаны Шаўчэнку, і партрэт «найслаўнейшага з песняроў украінскіх». Да 50-годдзя з дня смерці Шаўчэнкі газета друкуе (№ 8-1991) артыкулы А. Бульбы «Памяці Т. Шаўчэнкі», Р. Зямкевіча «Тарас Шаўчэнка і беларусы». У 1914 годзе — у нумары, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння паэта — разгорнуты артыкул «Тарас Шаўчэнка» друкуе Лявон Гмырак.

У 1918 годзе — пасля вяртання з Сібіру — пераклад паэмы «Каўказ» друкуе Алесь Гарун («Вольная Беларусь», 21 студзеня).

У 1927 годзе часопіс «Полымя рэвалюцыі» друкуе паэму «Сон» (пераклад — Янка Купала). У 1939 — да 125-гадовага юбілею Шаўчэнкі — выходзіць кніга «Кабзар» (пераклады — Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Аркадзь Куляшоў; пад рэдакцыяй Купалы).

Перакладалі Шаўчэнку і беларускія паэты паваеннага часу, у іхнім ліку — Рыгор Барадулін.

У Беларусі помнікі Тарасу Шаўчэнку ўсталяваныя ў Брэсце, Слуцку (1996), Гомелі (2004), Мінску (2002), Магілёве (2005).

У Беларусі вуліцы Тараса Шаўчэнкі ёсць у Баранавічах, Брэсце, Бабруйску, Браславе, Оршы, Гомелі, Гародні, Лідзе, Пружанах, Століне, у Брэсце і Мінску ёсць бульвары Тараса Шаўчэнкі.

2002 год быў абвешчаны на Беларусі Годам Тараса Шаўчэнкі.[8]

У вёсцы Карэкаўцы Вілейскага раёна 20 верасня 2009 года адкрыты помны знак, прысвечаны сяброўству Тараса Шаўчэнкі і ўраджэнца Вілейшчыны паэта Эдварда Жалігоўскага.[9].

Зноскі

  1. http://izbornyk.org.ua/shevchenko/docum02.htm
  2. 1 2 3 http://litopys.org.ua/shevchenko/shev113.htm
  3. 1 2 Bell A. Encyclopædia BritannicaEncyclopædia Britannica, Inc., 1768. Праверана 14 лютага 2017.
  4. 1 2 Шевченко Тарас Григорьевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  5. Historic Oakville statue stolen // Toronto StarCanada: 2007. — ISSN 0319-0781
  6. Ukraine’s regions
  7. encyclopedia.comHighBeam Research.
  8. Духоўныя спектры агню, с.6-15
  9. «Адкрыты памятны знак у гонар Шаўчэнкі і Жалігоўскага» Архівавана 14 кастрычніка 2016. («Рэгіянальная газета»)

Бібліяграфія

  • Повне зібрання творів. Т. 1—6. Київ, 1963—64.

Беларускія пераклады

  • Наймічка. Мн., 1940.
  • Выбраныя вершы і паэмы. Мн., 1948.
  • Кабзар. 2-е выд. Мн., 1952.
  • Кацярына. Мн., 1964.
  • Вершы / Уклад.і камент. Э. М. Мартынавай; Паэмы. — Мн.: Мастац. літ., 1989. — (Скарбы сусветнай літаратуры).
  • Кабзар: Выбранае / Тарас Шаўчэнка; Пер. з укр. Т.Мельчанкі — Гомель: Полеспечать, 2004.

Літаратура

  • Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура. Мн.,1964.
  • Шаладонава Ж. Духоўныя спектры агню: Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура пачатку XX ст. / Ж. С. Шаладонава. — Мн.: Беларуская навука, 2009.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Расійскай імперыі Катэгорыя·Пісьменнікі Украіны Катэгорыя·Паэты Расійскай імперыі Катэгорыя·Паэты Украіны Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be