Пятро Глебка
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Глебка. Пятро Глебка (6 ліпеня 1905, в. Вялікая Уса, цяпер Уздзенскі раён, Мінская вобласць — 18 снежня 1969; Псеўданімы: Язэп Касіла, Асот і інш.) — беларускі паэт , драматург , перакладчык, грамадскі дзеяч. Акадэмік АН Беларускай ССР (1957, член-карэспандэнт з 1950). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1934)[2].
Біяграфія
Пятро Глебка нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1923 скончыў Уздзенскую сямігодку і спрабаваў паступіць у БДУ, але няўдала. Вучыўся ў Белпедтэхнікуме (1924—1927), дзе пазнаёміўся з П. Трусам і М. Лужаніным, актыўна супрацоўнічаў з імі ў насценнай газеце. У 1925 Глебка ўступіў у шэрагі «Маладняка», у гэтым жа годзе ў газетах «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», часопісах «Работніца і сялянка», «Беларускі піянер» з’явіліся першыя вершы П. Глебкі. Пачынаў П. Глебка як тыповы маладняковец — з «маладняцкім задорам», са «стальной» верай у «залатое ранне» краіны. З пераходам П. Глебкі ў 1926 у літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Узвышша» мяняецца яго творчая манера. Яна становіцца больш стрыманай, рэфлексійна-разважлівай, псіхалагічна-паглыбленай. У 1928—1930 сакратар часопіса «Узвышша».
У 1927 Пятро Глебка перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, дзе атмасфера ў цэлым спрыяла інтэлектуальнаму росту і мастацкай творчасці.
Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1930 годзе[2] П. Глебка працаваў загадчыкам літаддзела ў газеце «Калгаснік Беларусі», у часопісе «Полымя рэвалюцыі». Кансультант па паэзіі ў СП БССР (1934—1936). Падчас Вялікай Айчыннай вайны — у рэдакцыях франтавых газет «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь». Пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя творы ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і ў «Партызанскай дубінцы». У 1943—1945 рэдактар выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь», галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве[2].
З 1945 года працаваў у Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук Беларускай ССР, узначальваў групу па складанні «Руска-беларускага слоўніка» (1953). У 1952—1956 гадах кіраваў сектарам лексікаграфіі, з 1957 года — дырэктар Інстытута мовазнаўства. У 1957—1969 гадах Глебка узначальваў інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларускай ССР. У 1966—1969 гадах — акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук Беларускай ССР[2].
Член КПСС з 1942.
Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР у 1955—1967 гадах[2]. Удзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН (1955, 1956, 1957, 1964).
Меў багаты хатні кнігазбор[3], экслібрысы да якога стварылі знаныя беларускія мастакі Яўген Красоўскі (сяр. 1960-х), Мікалай Тарасікаў (кан. 1950-х), Анатоль Тычына (1960), Яўген Ціхановіч (1969). Мастак Мікола Купава па замове жонкі паэта выканаў экслібрыс (каля 1980), з якім асноўная частка кнігазбору П. Глебкі была перададзена ў бібліятэку НАН Беларусі (1986)[4].
Творчасць
Друкаваўся з 1925 года[2]. Першы зборнік П. Глебкі — «Шыпшына» (1927) — красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, сведчанне яго самабытнага таленту[2]. Лірыка паэта набывае сімволіка-алегарычныя абрысы, становіцца выразна медытатыўнай. Лірычны герой усё часцей самавыяўляецца праз мінорныя таны, праз вірлівы каскад супярэчлівых думак і перажыванняў. Тэма кахання стала адным з важных сродкаў самавыяўлення П. Глебкі. Вобраз каханай лейтматывам праходзіць праз цыкл вершаў «Краса маладосці» (1927). Створаны паэтам эскіз прыроды ў яго прыродаапісальных цыклах таксама спрыяе раскрыццю стану лірычнага героя («Дрыжаць у шэрані», «Клён завяў», «Гнуцца вербы», «Спаткаем вясну», «Месяц нурцуе» і інш.). У пазнейшых зборніках паэзіі — «Урачыстыя дні» (1930), «Хада падзей» (1932), «Чатыры вятры» (1935), «Мужнасць» (1938) — яскрава адбілася атмасфера літаратурнага жыцця 30-х гадоў з яе натхнёным услаўленнем гераічнай сучаснасці і апафеозам рэвалюцыі.
Рэчаіснасць бачылася маладому Глебку ў рамантычным святле, а будучыня Беларусі — мройліва і светла. Беларускія інтэнцыі паэта часам набываюць ясенінскія інтанацыі, пра што П. Глебка сам прызнаецца пазней у аўтабіяграфіі.
Сярод найлепшых вершаваных твораў ваеннага часу варта назваць «Партызаны», «Смерць салдата», «Родны хлеб», «Пасылка», «Гай», «Жывое слова», «Пра кнігі», «Беларусі», «Пералом», «Зварот» і інш. У цэлым жа лірыка ваеннага перыяду адметная ў маштабе ўсёй беларускай савецкай літаратуры 1941—1945, і, мабыць, не будзе памылкай лічыць яе вяршыняй літаратурна-мастацкай працы паэта.
Пераклаў на беларускую мову шмат твораў рускіх і савецкіх паэтаў. Песні на вершы Глебкі напісалі У. Алоўнікаў, Р. Пукст, А. Багатыроў, М. Чуркін і інш.
Творы паэта перакладзены на многія замежныя мовы.
Глебка і Янка Купала
Пазнаёміўся з Купалам увесну 1926 года на кватэры паэта. На працягу многіх гадоў быў у цесным сяброўстве з песняром і адчуваў яго падтрымку і дапамогу як паэт. Стаў адным з вучняў і паслядоўнікаў Купалы. Разам са сваім настаўнікам рэдагаваў творы Т. Шаўчэнкі. У некаторых творах Глебкі адчуваецца ўплыў Купалавай паэмы «Безназоўнае». Услед за Янкам Купалам развіваў у беларускай літаратуры жанр драматычнай паэмы. Прысвяціў Я. Купалу свае вершы «Песня» і «Жывое слова». Аўтар шматлікіх артыкулаў і ўспамінаў пра паэта: «Аб мове Янкі Купалы» («ЛіМ», 10 жніўня 1948 года), «Неапублікаваныя купалаўскія радкі» («ЛіМ», 30 чэрвеня 1951 года), «Шлях да сэрца народа» («Огонёк», 1952, № 28), «Вялікі пачатак» («ЛіМ», 28 мая 1955 года і іншыя[5].
Навуковая дзейнасць
П. Глебка вылучаўся глыбокім разуменнем ролі гуманітарнай навукі ў лёсе народа. Задоўга да таго, як акадэмік АН Беларусі П. Ф. Глебка (з 1957) узначаліў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) АН БССР (1957—1969), а затым усё аддзяленне грамадскіх навук, ён клапаціўся аб развіцці мовы, яе культуры і дзяржаўным статусе, аб шляхах мовазнаўства і іншых галін навукі ў рэспубліцы. П. Ф. Глебка прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы плана выдання зводу беларускай народнай творчасці (БНТ). Ініцыяваная ім серыя БНТ налічвае каля 50 тамоў твораў традыцыйнай культуры[6]. Па яго прапанове навуковыя супрацоўнікі ІМЭФ АН Беларусі пачалі збор і падрыхтоўку да выдання помнікаў гісторыі і культуры Беларусі (7 тамоў). Як вучоны і арганізатар навукі П. Ф. Глебка далучыўся да выпрацоўкі стратэгічных кірункаў развіцця тэатразнаўства і фалькларыстыкі, мастацтвазнаўства і этнаграфіі, кіназнаўства і этнамузыкалогіі.
Ацэнкі сучаснікаў
Кузьма Чорны ў сваім дзённіку характарызаваў Глебку наступным чынам:
(9 жніўня 1944):
“Ён самы асвечаны і культурны з усіх сённяшніх жывых беларускіх пісьменнікаў і самы большы абладальнік яснай думкі. Вышэйшая асвета дала яму вялікую карысць. Яго талент узбагачан думкаю, ясным розумам. Кафедра беларускага універсітэта была ашчасліўлена такім прафесарам. Але ж, бачыце, (…) [хоча] і «жыць, як паэт»[7].
Літаратурная бібліяграфія
Зборнікі паэзіі
- «Шыпшына» (1927)
- «Урачыстыя дні» (1930)
- «Хада падзей» (1932)
- «Чатыры вятры» (1935)
- «Мужнасць» (1938)
- «Пад небам бацькаўшчыны» (1947)
- «Нашай славы зара» (1947)
- «Размова аб шчасці» (1948)
- «Вершы» (1975)
- «На спатканні дарог» (1990)
- «Выбраныя творы» (1952)
- «Збор твораў» ў 2 тамах (1958)
- «Збор твораў» у 3 тамах (1969—1971)
- «Збор твораў» у 4 тамах (1984—1986)
Паэмы
- «Арка над акіянам» (1932)
- «Арлянка» (1932)
- «У тыя дні» (1957)
Дзіцячая паэзія
- «Пад сцягам перамог» (1952)
- «Прывітанне Радзіме» (1961)
- «Вобразы роднай краіны» (1964)
- «Наш сцяг» (1972)
- «Наш лес» (1973)
- «Шчаслівы май» (1985)
Драматургічныя творы
- драматычная паэма «Над Бярозай-ракой» (1940, пастаўлена ў 1940)
- лібрэта оперы «Андрэй Касценя» («Лясное водгулле») (1947, пастаўлена ў 1970)[2]
- вершаваная драма «Святло з Усходу» (1957, пастаўлена ў 1957)[2]
Крытыка і публіцыстыка
- кніга нарысаў «Ураджай» (з П. Броўкам) (1933, саўмесна з П. Броўкам)
- зборнік артыкулаў «Паэзія барацьбы і перамогі» (1973)
- «Пытанні гісторыі, філалогіі і мастацтва» (1975)
Пераклады
Перакладаў на беларускую мову з рускай і ўкраінскай моў. Пераклаў на беларускую мову творы М. Горкага, А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Някрасава, А. Чэхава, У. Маякоўскага, Т. Шаўчэнкі, М. Бажана, А. Пракоф’ева(руск.) бел., А. Суркова(руск.) бел. і іншых[2].
Узнагароды
- Ордэн Леніна (1965),
- 2 ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949, 1955),
- Ордэн «Знак Пашаны» (1939),
- Ордэн Чырвонай Зоркі (1943),
- медалі.
Памяць
- У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі створаны мемарыяльны кабінет Пятра Глебкі.
- Імем П. Глебкі названа вуліца ў Мінску.
- На доме, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка[2].
Зноскі
- 1 2 The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Глебка Петро // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 148-149. — 737 с.
- ↑ Прэзентацыя каталога “Бібліятэка акадэміка П.Ф. Глебкі (1905–1969) : з фонду аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі” // 23 верасня 2015
- ↑ Ад Тычыны да Купавы: З гісторыі экслібрыса Пятра Глебкі // Літаратура і Мастацтва : Газета. — 24 жніўня 2012. — № 34 (4680)]. — С. 21.
- ↑ Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Глебка». — С. 158.
- ↑ Беларуская народная творчасць. 1970—2007. Бібліяграфія
- ↑ Кузьма Чорны. Выбраныя творы. — Мн.: Беллітфонд, 2000. — С. 582.
Літаратура
- Вакол Пятра Глебкі / уклад., прадм., камент. Ганна Севярынец. — Мн .: Лімарыус, 2019. — 390 с. — (Беларуская мемуарная бібліятэка). — 300 экз. — ISBN 978-98-6968-72-6.
- Барадулін Р. І. Акадэмік / Р. І. Барадулін // Аратай, які пасвіць аблокі / Р. І. Барадулін. — Мн., 1995. С. 165—167.
- Глебка Петр Федорович // Национальная академия наук Беларуси: персональный состав. 3-е изд., доп. и перераб. — Мн., 2003. С. 45-46.
- Глебка Пятро // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мн., 1997. Т. 5. С. 293.
- Глебка Пятро // Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мн., 1996. Т. 3. С. 44.
- Глебка Пятро // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўн. : у 6 т. Мн., 1993. Т. 2. С. 210—224.
- Ліс А. С. Пятро Глебка, 1905—1969 / Ліс А. С. // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: у 4 т. Мн.:, 2003. Т.4, кн.2. С. 224—247.
- Максімовіч В. А. «… І сябе асудзіў на пакуты»: творчасць П.Глебкі 20-30-х гг. / Валеры Максімовіч // Шыпшынавы край / Валеры Максімовіч. — Мн.:, 2002. С. 32-45.
- Пятро Глебка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : даведнік. Мн., 1994. С. 143—144.
- Фядосік А. С. Пятро Фёдаравіч Глебка / А. С. Фядосік // Весці АН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 1995. № 2. С. 124—126.
- Барсток, М. (белор.)русск. Петро Глебка // Очерк истории белорусской советской литературы. — М., 1954.
- Перкiн, Н. Пятро Глебка / Н. Перкін. Мінск : Выд-ва АН БССР, 1955. — 35 с.
- Пясняр мужнасці : Кніга пра Пятра Глебку / Пер. і апрац. тэксту А. Ліс, К. Цвірка, П. Ліпай ; Рэд. М. Лужанін. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. — 320 с.
- Грынчык, М. Пятро Глебка // Гiсторыя беларускай савецкай лiтаратуры, т. 2. — Miнск, 1966.
Спасылкі
Пятро Глебка на Вікісховішчы |
- Пётр Глебка на сайте Беларуская палічка.
- Академик Глебка Пётр Фёдорович на сайце НАН Беларусі.
- Пятро Глебка ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі
- Мемарыяльны кабінет Пятра Глебкі ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі
- Неба, чыстае, як шклянка… Штрихи к портрету академика Петра Глебки (руск.) / // Советская Белоруссия. — № 148 (23539). — 07.08.2010.