Кузьма Чорны
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Чорны. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Раманоўскі.
Кузьма Чорны, сапр.: Мікалай Карлавіч Раманоўскі (11 (24) чэрвеня 1900, маёнтак Лапацічы, Слуцкі павет, Мінская губерня, цяпер в. Борка-Бялевічы, Капыльскі раён, Мінская вобласць — 22 лістапада 1944, Мінск; Іншыя псеўданімы: Максім Алешнік; М. Біруля; Ігнат Булава з-пад Турава; Вясёлы; М. Сідарэўскі; Сусед-вясёлы; Раман Талапіла; Арцём Чамярыца; Сымон Чарапкевіч; А. Чорны; Крыптанімы: Р. М.; М. Р-скі; К. Ч.) — беларускі празаік, драматург, публіцыст.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Цімкавіцкае народнае вучылішча. У 1916 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, але скончыць яе не здолеў, бо ў 1919 годзе семінарыю зачынілі польскія ўлады. Першыя артыкулы і вершы апублікаваў у 1920 годзе. У 1923 годзе паступіў на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, дзе правучыўся два курсы. З 1923 года член літаб’яднання «Маладняк». Яшчэ будучы студэнтам, у 1924 пачаў працаваць у газеце «Беларуская вёска». У 1925 выйшлі першыя кнігі — «Апавяданні» і «Срэбра жыцця». У 1926—1931 гг. быў старшынёй літаб’яднання «Узвышша». У 1932—1937 гг. — галоўны літкансультант кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года.
Арыштаваны 14.10.1938. 8 месяцаў сядзеў у Мінскай турме, з іх 6 — у камеры-адзіночцы. Следчыя рэгулярна катавалі вязня. Змардаваны душой і целам пісьменнік вызвалены 8 чэрвеня 1939 года.
Тры новыя раманы, аб’ёмнае літаратуразнаўчае даследаванне паэмы Я. Коласа «Новая зямля» згарэлі ў першыя дні вайны. З напісанага ў гэты час захавалася толькі п’еса «Ірынка» (1940). У 1941—1944 гадах знаходзіўся ў эвакуацыі (пераважна ў Маскве). Удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Працаваў над раманамі «Вялікі дзень» (1941—1944), «Пошукі будучыні» (1943), «Млечны Шлях» (1944), аповесцямі (засталіся незакончанымі) «Скіп’ёўскі лес», «Сумліцкая хроніка», «Смага». Апошнія творы пісьменніка доўгія гады заставаліся ў рукапісах. У гады Вялікай Айчыннай вайны выйшлі зборнікі фельетонаў «Кат у белай манішцы» (1942) і апавяданняў «Вялікае сэрца» (1945). У верасні 1944 года вярнуўся ў Мінск, працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь». Памёр ад інсульту ў выдзеленай Саўнаркамам кватэры-пакоі 22 лістапада 1944 года.
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і партызанскім медалем.
Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.
Творчасць
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1920 як паэт (пад уласным прозвішчам і крыптонімам М. Р.). 3 1921 выступаў як празаік. Пачаткам літаратурнай творчасці лічыў публікацыю апавядання «На граніцы» (1923) пад псеўданімам К. Чорны. Яго апавяданні ўвайшлі ў кнігі «Апавяданні» і «Срэбра жыцця» (1925). «Па дарозе», «Пачуцці», «Хвоі гавораць» (усе 1926), «Вераснёвыя ночы» (1929), «Брыгадзіравы апавяданні» (1932), «Вялікае сэрца» (1945) і інш.
У «маладнякоўскі» перыяд творчасці пераважалі паэтычныя замалёўкі, эцюды, імпрэсіі, у якіх апяваецца хараство беларускай прыроды, услаўляецца духоўнае абуджэнне мужыка-беларуса. У апавяданнях «узвышаўскага» перыяду адбываецца адкрыццё ўнутранага свету асобы, паглыбляецца псіхалагічны аналіз, паказваецца змаганне «за знішчэнне прыніжанасці чалавека перад чалавекам», сцвярджаецца гуманістычная думка аб вялiкай сіле чалавека на зямлі, ствараюцца каларытныя вобразы «палявых людзей», якія ўвасабляюць найлепшае ў беларускiм характары, з’яўляюцца вобразы прадстаўнікоў маладога пакалення, схільных да філасофскіх разваг і актыўных грамадскіх учынкаў. У апавяданнях 1930-х гадоў Кузьма Чорны спрабаваў авалодаць вьпворчай тэмай, паказаць працэс нараджэння новага чалавека — калектывіста, ударніка сацыялістычнай працы, выявіць у ім прыкметы класавай прыналежнасці, што вяло да схематызму і збедненасці вобразаў. У апавяданнях 1940-х гадоў узнаўляў драматычныя эпізоды перыяду Вялікай Айчыннай вайны, малюнкі спусташэння беларускай зямлі і волю беларусаў да супраціўлення, стварыў запамінальныя вобразы людзей, якія сімвалізуюць багацце душы простага чалавека («Маленькая жанчына», «Прасторны дом», «Вялікае сэрца»).
Супярэчлівы працэс ачалавечвання свету, які адбываўся ў паслярэвалюцыйны час, адлюстраваны ў празаічным эпасе К. Чорнага — раманах «Сястра» (1927—28), «Зямля» (1928), аповесці «Лявон Бушмар» (1929), незавершаных раманах «Вецер і пыл» (1927—29), «Ідзі, ідзі» (1930). У рамане «Сястра» вострае драматычнае сутыкненне супрацьлеглых поглядаў на ролю асобы ў працэсе рэвалюцыйнага абнаўлення свету, адмаўленне непаважлівага стаўлення да чалавека, сцвярджэнне хрысціянскіх каштоўнасцей: любоў да бліжняга, міласэрнасць, спагада. У рамане-паэме «Зямля» пераважае паказ «плыні свядомасці» герояў з простанароддзя, хараства простых людзей, беларускіх народных звычаяў і прыроды. У аповесці «Лявон Бушмар» — класічны тып чалавека-ўласніка, вобразам якога сцвярджаецца роля псіхалагічнай і біялагічнай спадчыннасці ў станаўленні асобы. У незавершаных раманах праз шэраг яркіх вобразаў і псіхалагічных тыпаў зроблена спроба ўзнавіць драматычную атмасферу ідэалагічных спрэчак аб шляхах абнаўлення свету перыяду рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, калектывізацыі і індустрыялізацыі краіны.
У пачатку 1930-х гадоў Кузьма Чорны прыйшоў да задумы напісаць «у мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народа ад знішчэння паншчыны і да нашых дзён». Цыкл твораў уключаў раманы «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (няскончаны, 1934), «Трэцяе пакаленне» (1935), аповесць «Люба Лук’янская» (1936). Рукапісы раманаў «Простыя людзі», «Вялікае выгнанне», «Судны дзень» згарэлі ў першыя дні вайны. Часткі эпічнага цыкла адлюстроўвалі этапныя моманты ў гісторыі беларусаў і грунтаваліся на ўсебаковай (сацыяльнай, псіхалагічнай, філасофскай) мастацкай распрацоўцы пэўнай ідэі. У аснове сюжэта «Бацькаўшчыны» ідэя Радзімы, якая на працягу стагоддзяў хвалявала беларусаў. Цэнтральнае месца ў разгалінаванай сістэме вобразаў, пабудаванай на прынцыпе кантрасту, займае вобраз Леапольда Гушкі, які папаўняе галерэю вобразаў беларусаў, пачатую паэмай «Новая зямля» Я. Коласа, шукальнікаў «роднага кутка», каб адчуваць сябе ў ім вольным і незалежным. Гістарычнае ўяўленне беларусаў аб Бацькаўшчыне дапаўняецца ў духу эпохі ідэяй «сацыялістычнай бацькаўшчыны», а глыбокі псіхалагічны аналіз у канцы твора замяняецца сацыялагічным падыходам да падзей. У «Трэцім пакаленні» пісьменніка цікавіць паняцце ўласнасці, яго ўплыў на характар і лёс чалавека. У аповесці «Люба Лук’янская» паэтызуецца духоўнае хараство беларускай жанчыны, паказваецца драматызм яе жыцця ў «эпоху войнаў і рэвалюцый». У гэтым цыкле Кузьма Чорны імкнуўся стварыць «тыпы, якія носяць беларускія імёны» і «павінны стаць абагульненымі вобразамі, зразумелымі ўсім нацыянальнасцям».
Задуманы пісьменнікам празаічны цыкл развіты ў раманах «Пошукі будучыні» (1943, апубл. 1950), «Вялікі дзень» (1941—44, няскончаны, апубл. 1947), «Млечны Шлях» (1944, апубл. 1954), незавершаных эпічных творах «Скіп’ёўскі лес» (1944, апубл. 1946), «Сумліцкая хроніка» (1941—44, апубл. 1975), «Смага» (урывак апубл. 1990) і інш. Кузьму Чорнага хвалюе лёс беларусаў у час вялікіх выпрабаванняў, адносіны яго герояў да зямлі, уласнасці, бацькаўшчыны, маралі, будучыні і інш. У аснове «Пошукаў будучыні» — праблема маральнага выбару. Сюжэт сацыяльна-філасофскага рамана «Вялікі дзень» пабудаваны на думцы пра цяжкі гістарычны шлях беларусаў да сваёй мары, увасобленай у ідэі вольнай працы на вольнай зямлі, і пра Вялікую Айчынную вайну як перыяд гартавання і гістарычнага ўзняцця народа і ўзмацнення яго нацыянальнай самасвядомасці. «Беларускі чалавек сярод сваіх еўрапейскіх суседзяў у час Айчыннай вайны», — так сфармуляваў Кузьма Чорны задуму філасофскага рамана-прытчы «Млечны Шлях».
Аўтар п’ес «Бацькаўшчына» (на аснове аднайменнага рамана, апубл. 1932—39; паст. БДТ-1 у 1932, «Базылевічава сям’я» (1938), «Ірынка» (паст. БДТ-1 і БДТ-2 у 1941), аповесці для дзяцей «Насцечка» (1940). Выдаў апавяданні для дзяцей «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» (1941). Аўтар кніжкі фельетонаў «Кат у белай манішцы» (1942), нарыса «Герой Савецкага Саюза Ціхан Піменавіч Бумажкоў» (1943). Гумарыстычныя творы сабраны ў зборніку «Вяселле ў Скіп’ёўскім Пераброддзі» (1971).
У Зборы твораў увайшлі раманы «Сястра», «Ідзі, ідзі», «Трыццаць год», «Пошукі будучыні», аповесць «Скіп’ёўскі лес» і многія іншыя творы, якія асобнымі выданнямі да гэтага не публікаваліся. Асабістае, перажытае і перадуманае выказана ім у «Дзённіку» (апубл. 1988) і фрагаентах незавершаных твораў, якія ўспрымаюцца як своеасаблівы пісьменніцкі запавет.
Пераклаў на беларускую мову аповесці «Станцыйны даглядчык», «Трунар», «Дуброўскі», «Капітанская дачка» А. Пушкіна (у зборніку «А. Пушкін: Выбраныя творы», 1949), п’есы «Рэвізор» М. Гогаля, «Гарачае сэрца» і «Позняе каханне» А. Астроўскага, «Апошнія» і «Варвары» М. Горкага, шэраг твораў У. Караленкі, П. Панчанкі, Я. Гашака і інш.
Асобныя творы К. Чорнага інсцэнізаваны і экранізаваны: інсцэніроўка «Уласнасць» А. Гутковіча і Ф. Казлоўскай паводле рамана «Трэцяе пакаленне» (1959), спектакль «Вялікае сэрца» (паст. 1960, Беларускае тэлебачанне; паводде аднайм. рамана), фільм «Ноч пры дарозе» (1992, паводле аднайм. апавядання).
Зборы твораў
- Выбраныя творы. — Мн .: Беллітфонд, 2000. — 605 с. — (Беларускі кнігазбор. Серыя 1, Мастацкая літаратура). — 5 000 экз. — ISBN 985-6576-09-1.
- Выбраныя творы (1934, 1947)
- Зб. тв.: У 6 т. Мн., 1954—1955;
- Зб. тв.: У 8 т. Мн., 1972—1975;
- Зб. тв.: У 6 т. Мн., 1988—1990.
Ушанаванне памяці
Іменем Кузьмы Чорнага названа школа ў Цімкавічах, дзе існуе прысвечаны яму літаратурны музей, філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, вуліцы ў Бабруйску, Мінску, Нясвіжы, Слуцку. У 2000 на Капыльшчыне адкрыты два мемарыяльныя знакі.
Цытаты
У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 года мяне саджалi на кол, бiлi вялiкiм жалезным ключом па галаве i палiвалi збiтае месца халоднай вадой, паднiмалi i кiдалi на рэйку, бiлi паленам па голым жываце, устаўлялi ў вушы папяровыя трубы i раўлi ў iх на ўсё горла, уганялi ў камеру з пацукамi[3]. |
У Беларусі асталося сем пісьменнікаў беларускіх, а сябраў саюза пісьменнікаў у Беларусі звыш сотні. Каб усе яны пакінулі пісаць сваю халтуру, а сталі будаўнікамі, краўцамі, кавал[ям]і, земляробамі або падвучыліся і сталі настаўнікамі, яны маглі б даць карысць рэспубліцы. Беларускай інтэлігенцыі бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе імя і сціраюць з нашага жыцця беларускі характар[3]. |
Зноскі
- ↑ Kusma Tschorny // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ (unspecified title) Праверана 5 лютага 2022.
- 1 2 Почему бессмысленно искать хорошее в советском прошлом? // 1863x.com (руск.)
Літаратура
- Ватацы Н. Кузьма Чорны. 1900—1944. Бібліяграфічны даведнік. Мн., 1954;
- Адамовіч А. Маштабнасць прозы: Урокі творчасці К.Чорнага. Мн., 1972;
- Булацкі Р., Сачанка І. Кузьма Чорны — публіцыст. Мн., 1972;
- Казека Я. Кузьма Чорны. Мн., 1980;
- Корань Л. (Сінькова Л.)Кузьма Чорны / Корань Л. // Цукровы пеўнік: літ.-крыт. арт. — Мн.: Маст. літ., 1996. — С. 65-114;
- Мельнікава А. М. Паэтыка твораў Кузьмы Чорнага. — Гомель: УА «ГДУ імя Ф. Скарыны», 2008;
- Пяткевіч А. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага. Мн., 1981;
- Беларускія пісьменнікі: 1917—1990. / Уклад. А. Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X
- Навуменка І. Ранні Кузьма Чорны. Мн., 2000;
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Тычына М. Кузьма Чорны: Эвалюцыя мастацкага мыслення. — 2-е выд., выпр. і дап. — Мн., 2004.
Спасылкі
Кузьма Чорны ў Вікікрыніцах | |
Кузьма Чорны на Вікісховішчы |
- Выбраныя творы на Беларускай Палічцы
- Кузьма Чорны: паралелі жыцця і творчаці
- М. Тычына. Цана прароцтваў (Кузьма Чорны) Архівавана 27 сакавіка 2008.