Ян Баршчэўскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Баршчэўскі.
Ян Баршчэ́ўскі (1790[2], або 1796, в. Мурагі, цяпер Расонскі раён, Віцебская вобласць, Беларусь — 28 лютага (12 сакавіка) 1851, Чуднаў, цяпер Украіна) — беларускі і польскі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры[3].
Вядомы за свой найбунейшы твор «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (на польскай мове). За жыццё напісаў таксама тры вершы на беларускай мове. Лічыцца адным з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры.
Біяграфія
У гістарычных і літаратуразнаўчых крыніцах дагэтуль няма пэўнасці з датай нараджэння пісьменніка, разбежнасць дат сягае ад 1780 да 1796 гадоў[4]. Ён нарадзіўся ў фальварку[5] Мурагі Полацкага павета Віцебскай губерні (цяперашні Расонскі раён Віцебскай вобласці)[6] у сям’і грэка-каталіцкага святара, якая, як мяркуецца, належала да шляхецкага роду. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме[5], дзе набыў вядомасць чытальніка і вершапісца, выступаў з уласнымі арацыямі і вершамі, у 1809 годзе напісаў паэму ў класічным стылі «Пояс Венеры» (не захавалася; мова, на якой быў напісаны твор, невядомая, магчыма польская або латынь). Студэнцкія канікулы часцей за ўсё праводзіў у падарожжах па наваколлях возера Нешчарда. Збіраў беларускі фальклор, апісваў курганы і гарадзішчы[5].
Дзякуючы сваёй схільнасці да паэтычных экспромтаў быў жаданым госцем на сямейных урачыстасцях вясковай шляхты. Першыя вядомыя вершы, напісаныя па-беларуску — «Дзеванька» (прысвечаны любімай дзяўчыне, Максімовіч) і «Бунт хлопаў». Таксама займаўся жывапісам — маляваў пейзажы і карыкатуры, якія карысталіся папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў.
Пасля заканчэння Полацкага калегіума (у 1812 годзе ператворанага ў акадэмію) прыблізна ў 1816 годзе, працаваў настаўнікам і гувернёрам у розных месцах на малой радзіме. Падарожнічаў па Беларусі, збіраў фальклор.
Пецярбургскі перыяд
У сярэдзіне 1820-х (хутчэй за ўсё 1826 або 1827) пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы ў некалькіх дзяржаўных установах і сам вывучаў старажытную літаратуру. Выконваючы даручэнні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Вялікабрытаніі і Фінляндыі, падарожнічаў па Полаччыне і Мсціслаўшчыне. У Пецярбургу пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам, у 1839 годзе — з Тарасам Шаўчэнкам. Уласныя рамантычныя вершы Баршчэўскага чытачы ацэньвалі без асаблівага захаплення, аднак вядома, што Міцкевіч уласнаручна дапамог паправіць некаторыя з іх. Шаўчэнка таксама крытыкаваў вершы Баршчэўскага за недастатковую колькасць у іх народнага элемента, заклікаў беларускіх пісьменнікаў служыць запрыгоненаму народу і развіваць маладую беларускую літаратуру ў дэмакратычным кірунку.
У 1840—1844 гадах Баршчэўскі разам з іншымі членамі літаратурнага гуртка, які складаўся галоўным чынам з выхадцаў з Беларусі[5] займаўся выданнем штогадовага альманаха «Niezabudka» («Незабудка») (1840—1844)[5] на польскай мове. Падтрымліваў творчыя сувязі з членамі гуртка і яго карэспандэнтамі — пісьменнікамі Вінцэнтам Давідам, Станіславам-Аўгустам Ляховічам, журналістам і крытыкам Рамуальдам Падбярэзскім, літаратуразнаўцам і гісторыкам Ю. Барташэвічам, мастакамі Казімірам і Рудольфам[ru] Жукоўскімі, фалькларыстам Ігнатам Храпавіцкім, пісьменнікамі Л. Шцюрмерам, Вінцэнтам Рэутам, Тадувушам Лада-Заблоцкім, Аляксандрам Грозам, Л. Грот-Спасоўскім. Сярод самых блізкіх сяброў Баршчэўскага сучаснікі называлі Гаўдэнцыя Шапялевіча, знаёмага з паэтам яшчэ з часоў вучобы ў Полацкай калегіі. Рэдкалегія часопіса мела кантакты з віленскім «Дэмакратычным таварыствам» (1836—1838), прапагандавала (праз Ф. Лаўцэвіча) забароненыя вершы.
На старонках «Незабудкі» Баршчэўскі друкаваў галоўным чынам апавяданні ў вершах. Ад класіцызму паступова перайшоў да рамантызму. У 1843 годзе ў часопісе «Rocznik literacki» («Літаратурны штогоднік») упершыню былі надрукаваныя яго беларускія вершы — «Дзеванька», «Гарэліца», магчыма ім апрацаваная (аўтарства цалкам не даказана) народная песня «Зязюля».
У 1844—1846 гадах выдаў свой галоўны твор — кнігу «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (тамы 1—4, на польскай мове, гравюры Р. Жукоўскага[ru]), асобныя часткі якога раней друкаваліся ў часопісах «Rocznik literacki» і «Athenæum». Матэрыяльную дапамогу ў выданні кніг Баршчэўскага аказаў віленскі пісьменнік Аляксандр Здановіч. У часопісе «Рубон» у 1847 годзе выйшла другая частка аповесці «Драўляны дзядок і мадам Інсекта».
Апошнія гады жыцця
У 1846 годзе (або ў 1847 ці, магчыма, у 1848) па запрашэнні польскага пісьменніка Генрыха Жавускага пераехаў у горад Чуднаў на Валыні. Пасяліўся ў доме графіні Ю. Жавускай, дзе таксама жыў вядомы мастак-графік Напалеон Орда.
Баршчэўскі падтрымліваў блізкія сяброўскія адносіны з польскім паэтам і перакладчыкам К. Пятроўскім і доктарам Г. Кёлерам, збіраў матэрыялы пра археалагічныя аб’екты, падарожнічаў. У 1849 годзе ў Кіеве выдаў першую частку зборніка «Проза і вершы» (на польскай мове), куды ўвайшлі балады, паэма «Жыццё сіраты», аповесць «Душа не ў сваім целе». У канцы 1840-х гадоў захварэў на сухоты і пасля працяглай хваробы памёр[7]. Пахаваны ў Чуднаве.
Пахаванне
У красавіку 2019 года ў Чудніве была ідэнтыфікаваная магільная пліта Яна Баршчэўскага, яна месцілася на адным з прыватных падворкаў, куды была калісьці перанесеная з разрабаваных за савецкім часам каталіцкіх могілак[8]. На надмагіллі надпіс па-польску: «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей. Пісьменнік натхненняў і пачуцця. Жыў годна 70 гадоў». Неўзабаве магільная пліта была перанесеная на тэрыторыю мясцовага касцёла Адшукання Крыжа Гасподняга. Месца пахавання Баршчэўскага застаецца невядомым, бо ў Чудніве было некалькі каталіцкіх могілак[9].
Метрычны запіс, знойдзены пазней у Дзяржаўным архіве Жытомірскай вобласці, пацвярджае, што Ян Баршчэўскі быў пахаваны на парафіяльных могілках касцёла ў Чуднаве, які быў зруйнаваны савецкай уладай у 1935—1936 гадах і знаходзіўся паблізу падворку, дзе і знайшлі надмагільную пліту. У метрычным запісе адзначаецца, што «дваранін Іаан Баршчэўскі» памёр ад сухотаў 28 лютага 1851 года ва ўзросце 54 гадоў[10].
Творчасць
Першыя творы, верш «Дзеванька» (1809), напісаў будучы навучэнцам Полацкай езуіцкай калегіі.
Баршчэўскі як паэт склаўся пад уплывам польскага класіцызму. Захапленне паэзіяй Міцкевіча адбілася на яго польскіх творах (паэма «Жыццё сіраты», санеты «Мелодыі пілігрыма»).
Асноўным творам аўтара з’яўляецца зборнік фантастычных твораў з жыцця беларускай глыбінкі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» у 4-х тамах (1844—1846). Творы напісаныя пад відавочным уплывам беларускага фальклору. Баршчэўскі выкарыстаў сюжэты казак і легенд «дзікага паўночнага краю Беларусі», апаэтызаваў родныя мясціны, у тым ліку і возера Нешчарда, каля якога знаходзілася вёска Мурагі, дзе прайшло яго дзяцінства.
Апавяданні Баршчэўскага нагадваюць паводле свайго містычнага настрою творы Мікалая Гогаля. Паэма Яна Баршчэўскага «Пояс Венеры» не захавалася.
Большая частка твораў напісана на польскай мове, аднак у іх пісьменнік звяртаўся да беларускіх паданняў, фальклорных сюжэтаў і вобразаў («Дзве бярозы», «Курганы», «Зарослае возера» і інш.). Захавалася толькі тры яго творы напісаныя аўтарам непасрэдна па-беларуску: «Дзеванька», «Гарэліца», «Бунт хлопаў» («Рабункі мужыкоў», прысвечаны сялянскім хваляванням на Полаччыне ў 1812[5]).
Аўтар «Нарыса паўночнай Беларусі» (1843)[5].
У музыцы і кіно
Песні «Дзеванька», «Гарэліца» пакладзены на музыку Антонам Абрамовічам[11].
Паводле кнігі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» на Беларусьфільме 1994 годзе быў зняты аднайменны фільм (рэжысёр Віктар Тураў).
Спадчына
Ян Баршчэўскі займае надзвычай важнае месца ў гісторыі мастацкай культуры беларусаў. На працягу ўсёй творчасці ён кіраваўся рамантычна-ўзнёслым пачуццём любові да роднага краю. Як рамантык аддаваў перавагу выключным, святочным і трагічным аспектам вясковага жыцця, чым тлумачацца асобныя праявы старашляхецкага кансерватызму, ідэалізацыі мінулай вольнасці і дабрачыннасці. Яго беларускія творы напісаны ў фальклорным стылі, маюць павучальны ці бурлескна-рэалістычны характар. Творы Баршчэўскага распаўсюджваліся ў рукапісах або вусным шляхам як народныя. Верш «Бунт хлопаў» трапіў у фальклорныя запісы Аляксандра Семянтоўскага і Паўла Шэйна, зробленыя ў канцы XIX стагоддзя. У чытанні і перапісванні гэтага твора абвінавачваўся Паўлюк Багрым.
Ушанаванне памяці
-
Помнік Яну Баршчэўскаму пастаўлены на беразе возера Нешчарда.
-
12 верасня 2020 года бюст Яну Баршчэўскаму пастаўлены ў цэнтры горада Чуднава — на вуліцы Герояў Майдана, 102 паблізу рыма-каталіцкага касцёла Адшукання Крыжа Гасподняга. З ініцыятывай паставіць помнік выступіў фонд Марыі Магдалены Радзівіл пры падтрымцы мясцовай улады[12]. Гарадская рада г. Чуднава таксама заснавала медаль Яна Баршчэўскага[13][14].
-
У 2021 годзе надмагільная пліта адрэстаўраваная ў Мінску на сродкі фонду Марыі Магдалены Радзівіл, і ў красавіку 2021 года экспанавалася ў Расонах, Полацку, Віцебску[15].
Беларускія пераклады
У 1916 годзе у віленскай газеце «Гоман» з’явілася некалькі казак з «Шляхціца Завальні», перакладзеных на беларускую мову Янам Станкевічам[5]. У 1917 годзе дзве казкі былі надрукаваны асобнымі брашурамі — «Начэпнасьць» і «Чорнакніжнік і зьмея, што вылупілася с пятушынаго яйца», — якія, аднак, не атрымалі шырокай вядомасці: згодна з загадам Галоўліта БССР № 33 ад 3 чэрвеня 1937 годзе гэтыя дзве брашуры, у ліку іншых кніг шкоднага зместу, падлягалі адабранню з бібліятэк і навучальных устаноў рэспублікі; прычынай, магчыма, была асоба перакладчыка.
У 1971 годзе казкі «Пра чарнакніжніка і змяю, што вывелася з яйка, знесенага пеўнем» у перакладзе Максіма Гарэцкага і «Белая сарока» ў перакладзе Вячаслава Рагойшы былі ўключаны ў хрэстаматыю «Беларуская літаратура XIX стагоддзя», а ў 1977 годзе ў дакументальным зборніку «Пачынальнікі: з гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст.» былі прадстаўлены тры ўводныя раздзелы («Колькі слоў ад аўтара», «Нарыс Паўночнай Беларусі», «Шляхціц Завальня») у перакладзе Генадзя Кісялёва. У 1981 годзе за пераклад кнігі ўзяўся Уладзімір Мархель, які сваю працу так і не закончыў. Поўны жа пераклад «Шляхціца Завальні», выкананы Міколам Хаўстовічам, быў апублікаваны толькі ў 1990 годзе. У гэта выданне таксама ўвайшлі пераклады аповесцей Баршчэўскага «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта» і «Душа не ў сваім целе». У 1998 годзе ў серыі «Беларускі кнігазбор» выйшаў том «Ян Баршчэўскі. Выбраныя творы», куды, апрача згаданых твораў, увайшлі таксама пераклады п’есы «Жыццё сіраты», вершаў і лістоў пісьменніка, выкананыя Рыгорам Барадуліным, Кастусём Цвіркам, Уладзімірам Мархелем, Уладзімірам Дубоўкам і Міколам Хаўстовічам. У 2003 годзе быў надрукаваны зборнік вершаў Баршчэўскага «Лісты да Юліі» ў перакладзе Анатоля Канапелькі, а ў 2004 годзе — зборнік лістоў у перакладзе В. Таранеўскага.
Зноскі
- ↑ Беларуская Вікіпедыя — 2007.
- ↑ Jan Barszczewski / Kronika spółczesna // Czas : dziennik poświęcony polityce krajowej i zagranicznej oraz wiadomościom literackim, rolniczym i przemysłowym 1851, nr 101 (2 maja). — S. 1.
- ↑ А. Мальдзіс. БАРШЧЭЎСКІ Ян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 314
- ↑ svaboda.org
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Барщевский Ян // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 43. — 737 с.
- ↑ Нещердо — Реки и озера — Природа — Каталог — Туризм в Беларуси Архівавана 4 мая 2008. (руск.)
- ↑ Ян Баршчэўскі // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995., Т. 1. С. 252
- ↑ Ва Ўкраіне знайшлі надмагільную пліту беларускага пісьменьніка Яна Баршчэўскага. ФОТА(бел. (тар.)) (нявызн.)?. svaboda.org (17 красавіка 2019). Праверана 17-4-2019.
- ↑ Надмагільную пліту Яна Баршчэўскага ва Ўкраіне перадалі на захаваньне касьцёлу(бел. (тар.)) (нявызн.)?. svaboda.org (18 красавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 20-4-2019. Праверана 20-4-2019.
- ↑ Ва Ўкраіне знайшлі ня толькі надмагільную пліту Яна Баршчэўскага, але і дакумэнты аб сьмерці(бел. (тар.)) (нявызн.)?. svaboda.org (20 лістапада 2019).
- ↑ Абрамович Антон Иванович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 8. — 737 с.
- ↑ Бюст Яну Баршчэўскаму г. Чуднаве (фота)
- ↑ Медаль Яна Баршчэўскага, заснаваная гарадскай радй г. Чуднава (фота)
- ↑ Беларускія дыпляматы не прыехалі на адкрыцьцё помніка Яну Баршчэўскаму ва Ўкраіне Архівавана 15 мая 2021. (бел. (тар.)) // «сайт Радыё Свабода» 12 верасня 2020
- ↑ У Віцебск прывезлі знойдзеную ва Украіне надмагільную пліту Яна Баршчэўскага // nn.by 16 красавіка 2021
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1. А капэла — Габелен. — 727 с. — 10 000 экз.
- Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. — Мн., 1989.
- Белорусская ССР: краткая энцикл. Т. 5. — Мн., 1982. — С.43.
- Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пач. XX ст.: Падруч. для філ. фак. пед ВНУ / Т. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубеваі інш; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац. — Мн.: Выш. шк., 1998.
- Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. давед. — Мн., 1995.
- Хаўстовіч М. Паэт і казачнік азёрнага краю // Ян Баршчэўскі. Выбр. тв. — Мн., 1998.
- Бахарэвіч А. Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі) // Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012.
Спасылкі
Ян Баршчэўскі ў Вікіцытатніку | |
Ян Баршчэўскі ў Вікікрыніцах | |
Ян Баршчэўскі на Вікісховішчы |