Тадэвуш Гіляравіч Лада-Заблоцкі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Заблоцкі. Тадэвуш Гіляравіч Лада-Заблоцкі (Заблоцкі-Лада) (27 жніўня 1811, в. Лугінава Сенненскага пав. Магілёўскай губ., цяпер в. Лугінавічы Сенненскі раён, Віцебская вобласць — жнівень 1847, Каўказ) — паэт, перакладчык.
Біяграфія
Скончыў Віцебскую гімназію. У 1831 паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт; удзельнічаў у тайным студэнцкім згуртаванні. За вершы антыцарскага зместу ў 1833 выключаны з універсітэта, высланы на радзіму; зняволены ў віцебскай турме. З 1837 у выгнанні — спачатку ў Таганрогу, потым (у 1838) адпраўлены салдатам на Каўказ. Даслужыўся да падпаручніка; быў кіраўніком саляных капальняў. Зблізіўся з грузінскімі, азербайджанскімі і рускімі паэтамі.
Творчасць
Пісаў на польскай мове. Ёсць звесткі, што пісаў таксама па-беларуску. Пры падтрымцы Ю. Крашэўскага і Р. Падбярэскага ў 1845 выдаў зборнік «Паэзія». Перакладаў на польскую мову творы заходне-еўрапейскіх аўтараў; пераклаў на французскую мову ўкраінскія народныя песні («Украінскія песні», Парыж, 1845); на рускую — «Гісторыю Азербайджана» А. Бакіханава. Сваім родным мясцінам прысвяціў паэтычныя творы: паэму «Ваколіцы Віцебска», элегіі «Да Дзвіны», «Даўжанскае возера», «Вілія» і інш. На матэрыялах «Хронікі» М. Стрыйкоўскага напісаў баладу «Ляшка».
Беларускія пераклады
На беларускую мову творы Т. Лады-Заблоцкага перакладалі П. Бітэль, У. Мархель, К. Цвірка.
Зноскі
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #12919669X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 жніўня 2015.
- ↑ Tadeusz Łada-Zabłocki // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
Літаратура
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Пачынальнікі. Мн., 1977;
- Хаўстовіч М. Душа вярталася на бераг Лучосы // Роднае слова. 1994, № 10;
- ЭГБ, т. 4;
- Kubacki W. Malwy na Kaukazis. Warszawa, 1964.
Тадэвуш Гіляравіч Лада-Заблоцкі на Вікісховішчы |