wd wp Пошук:

Алесь Гурло

Алесь Гурло, сапр. Аляксандр Кандратавіч Гурло (19 (31) студзеня 1892, Капыль Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Мінская вобл.) — 4 лютага 1938, Мінск; Псеўданім і крыптанімы: Л.Эхо; А. Г.; А.Г-ло) — беларускі паэт, празаік, перакладчык, лінгвіст.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Капыльскае 4-класнае вучылішча (1908). Працаваў чорнарабочым на лесапільні, зарабляў падзённай работай. У 1909 уступіў у Капыльскую арганізацыю РСДРП; удзельнічаў у выданні рукапісных часопісаў «Заря», «Голос низа», «Вольная думка» (1910—1911, Капыль). У 1912 з дапамогай Ц. Гартнага ўладкаваўся на работу на ліцейны завод «Вулкан» у Санкт-Пецярбургу. З 1914 служыў на Балтыйскім флоце — спачатку матросам на крэйсеры «Богатырь», а ў 1-ую сусветную вайну — унтэр-афіцэрам на мінаносцы «Забияка». Быў цяжка паранены. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый і Грамадзянскай вайны ў Расіі. З атрадам рэвалюцыйных матросаў прымаў удзел у штурме Зімняга палаца, у падаўленні эсэраўскага мяцяжу ў Яраслаўлі, у барацьбе з калчакаўцамі. У 1919 цяжка паранены пад Казанню; камісаваны з войска як інвалід. У 1919—20 працаваў у Ніжнегародскім порце.

У 1921 вярнуўся на Беларусь, жыў у Мінску. Працаваў у Наркамаце асветы БССР. У 1922—1923 у газеце «Савецкая Беларусь». У 1920-я ў тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта; займаўся ў аспірантуры. У 1929—1930 навуковы супрацоўнік Інстытута мовы БелАН. Браў удзел у стварэнні тэрміналагічных слоўнікаў; падрыхтаваў і выдаў слоўнік «Тэхнічная тэрміналогія» (вып. 1. Мн., 1932), рыхтаваў слоўнік краўцоўскай мовы мяст. Капыль і краёвы слоўнік Капыльшчыны (матэрыялы загінулі падчас 2-й сусветнай вайны). Быў членам літаб’яднанняў «Маладняк», «Полымя», «Пробліск».

Арыштаваны ДПУ БССР 25.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле пастановы Калегіі ДПУ БССР ад 10.4.1931 высланы ў Самару на 5 гадоў (умоўна). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934). Памёр ад сухотаў. Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска. Рэабілітаваны 15.11.1957.

Дэбютаваў вершам у 1907 у газеце «Наша ніва». У 1912 напісаў сямейна-бытавую драму «Любоў усё змагае». Аўтар зборнікаў паэзіі «Барвёнак» (1924), «Спатканні» (1925), «Сузор’і» (1926), «Зорнасць» (1927), «Межы» (1929). Перакладаў на беларускую мову творы рускіх пісьменнікаў і ўкраінскіх пісьменнікаў А. Аўдзеенкі, Ф. Гладкова, У. Стаўскага і інш.

Бібліяграфія

  • Выбр. тв. Мн., 1950;
  • Вершы. Мн., 1972;
  • Нашы птушкі: (вершы для дзяцей). Мн., 1974.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Сябры літаратурнага аб’яднання Полымя Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be