Рамуальд Аляксандравіч Зямкевіч
Рамуальд Аляксандравіч Зямкевіч (7 лютага 1881, Варшава — 1943/44, канцлагер Асвенцым; Псеўданімы і крыптанімы: Раман Суніца; Юры Алелькавіч; Саўка Барывой; Шэршань; Р. Зем.; Ром. Зем.; Р-н Сун.; Р. С-ца.) — беларускі бібліёграф, публіцыст, гісторык беларускай літаратуры, перакладчык, калекцыянер кніг і рукапісаў.
Біяграфічныя звесткі
Бацькі паходзілі са Случчыны. Вучыўся ў Кіеве, атрымаў прафесію інжынера-механіка.
Збіраў матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры і культуры, працаваў у бібліятэках і архівах Варшавы, Львова, Раперсвіля (Швейцарыя). Жывучы пераважна ў Варшаве, шмат ездзіў, у т.л. па Беларусі. Быў звязаны з беларускім нацыянальна-культурным рухам. У 1908 рабіў фальклорна-этнаграфічныя запісы каля Зембіна на Барысаўшчыне. Сабраў калекцыю беларускага народнага адзення (у 1918 немцы вывезлі ў Берлін). У 1913—14 шукаў гісторыка-літаратурныя матэрыялы на Магілёўшчыне. У 1915—17 жыў у Мінску, працаваў ваенным інжынерам. Часта бываў у Вільні і Пецярбургу як цэнтрах беларускага грамадска-культурнай руху і выдавецкай справы. Сабраў унікальную бібліятэку па гісторыі, мовазнаўстве (усе працы Я. Карскага), літаратуры, фальклоры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і іншых славян, вялікую калекцыю рукапісаў беларускіх пісьменнікаў. Сярод рарытэтаў яго бібліятэкі былі шматлікія старадрукі, у т.л. «Біблія» Ф. Скарыны, Астрожская Біблія 1581, «Лексікон» П. Бярынды, «Хроніка» М. Белскага, кітабы 16—17 ст., аўтографы А. Рыпінскага, А. Вярыгі-Дарэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Лучыны, Ф. Багушэвіча, Ядвігіна Ш. (рукапіс яго драмы «Злодзей»), Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, аўтараў «Нашай долі» і «Нашай нівы» і інш.
Арыштаваны ў акупаванай нацыстамі Варшаве. Загінуў у канцлагеры. Яго зборы і бібліятэка прапалі ў разбуранай Варшаве, частка трапіла ў прыватныя рукі.
Навукова-даследчыцкая дзейнасць
З 1909 друкаваўся ў «Нашай ніве» і іншых беларускіх выданнях. Даследаваў беларускую бібліяграфію, старажытную беларускую літаратуру, беларускую літаратуру ХІХ ст., этнаграфію, беларускую народную эстэтыку, фальклор, беларускае мастацтва. Падрыхтаваў і выдаў першы спецыялізаваны бібліяграфічны даведнік на беларускай мове — «Беларуская бібліяграфія» (1910). Напісаў шэраг прац па гісторыі беларускай літаратуры, у якіх прывёў невядомыя на той час звесткі пра В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Баршчэўскага, А. Кіркора, А. Ельскага, Я. Лучыну, К. Каганца, М. Багдановіча і інш. Апублікаваў невядомыя рукапісы М. Багдановіча (1919), К. Каганца (1920), В. Дуніна-Марцінкевіча (1923), Я. Лучыны (1932). У 1919 у часопісе «Беларускае жыццё» (№ 5) упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В. Цяпінскага (1576), які адшукаў у бібліятэцы К. Святаполк-Завадскага ў Крошыне. Дапамагаў матэрыяламі і звесткамі Я. Карскаму, абменьваўся навуковай інфармацыяй з А. Ельскім, А. Шлюбскім, даваў свае архіўныя знаходкі і рукапісы, успаміны варшаўскаму славісту Ю. Галомбаку, калі той працаваў над манаграфіяй пра В. Дуніна-Марцінкевіча.
Сабраў унікальную бібліятэку па гісторыі, мовазнаўстве, літаратуры, фальклору, вялікую калекцыю старабеларускіх рукапісаў. У сваіх працах прывёў новыя звесткі і апублікаваў невядомыя рукапісы беларускіх пісьменнікаў ХІХ — пач. ХХ ст.
Большасць яго багатых збораў, а таксама частка ўласных рукапісаў (у прыватнасці, рукапіс кнігі «Кароткі нарыс гісторыі беларускай музыкі») загінулі.
Літаратурная творчасць
У 1942—1943 пад псеўданімам Шэршань друкаваў сатырычныя вершы ў беластоцкай газеце «Новая дарога». Пісаў вершы і па-польску. Перакладаў на беларускую мову творы ўкраінскага пісьменніка В. Стафаніка (друк. ў «Нашай ніве») і француза А. Дадэ.
Рукапісная спадчына
Паасобныя рукапісы і пісьмы зберагаюцца ў архівах і бібліятэках Мінска, Вільні, Варшавы, Санкт-Пецярбурга.
Бібліяграфія
- Беларуская бібліяграфія: Беларускія кнігі XVI—XVIII стст. // Першы беларускі каляндар «Нашае нівы» на 1910 г. Вільня, 1910;
- Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыццё і літаратурнае значэнне // Наша ніва. 1910. 25 лістап.;
- Адам Ганоры Кіркор: (Біяграфічна-бібліяграфічны нарыс у 25-летнюю гадаўшчыну смерці). Вільня, 1911 /Кірыліца і лацінка/;
- Ян Баршчэўскі — першы беларускі пісьменнік ХІХ сталецця: (Успаміны ў 60-ю гадаўшчыну смерці). Вільня, 1911 /Кірыліца і лацінка/;
- Тарас Шаўчэнка і беларусы // Наша ніва. 1911. 24 лют.;
- Гульня «Курылка» // Наша ніва. 1912. 1 сак.;
- М-ка Крошын // Bielarus. 1915. 4 чэрв.;
- 400-лецце беларускага друку // Вольная Беларусь. 1917. 8 жн.;
- Значэнне Францішка Скарыны ў беларускай культуры // Вольная Беларусь. 11 жн.;
- Друк Скарыны і друк сучасны // Вольная Беларусь. 23 жн.;
- Няміга і Менск. Старая беларуская пісьменнасць // Варта. 1918. № 1;
- Цукраварні на Беларусі. [Мінск], 1918;
- Францыск Скарына // Беларускае жыццё. 1919. 6 ліп.;
- Васіль Цяпінскі // Беларускае жыццё. 14 ліп.;
- Беларускія назовы вуліц у Менску // Беларусь. 1919. 4 лістап.;
- Стары замак у Менску // Беларусь. 14—15 лістап.;
- Стары Менск у беларускіх успамінах // Беларусь. 26—27 лістап.; 1920. 3, 13 студз.;
- Варункі нацыянальнага адраджэння // Звон. 1919. 3 кастр.;
- Станіслаў Манюшка і беларусы // Беларускае жыццё, 1920. 19 студз.;
- Гутаркі аб беларускай лііаратуры // Новае жыццё. 1923. 3 сак.;
- Нацыянальнасць у Вінцука Дуніна-Марцінкевіча // Заходняя Беларусь. Вільня, 1924;
- Аб беларускай народнай эстэтыцы // Маладняк. 1927. № 3;
- Ян Неслухоўскі (Янка Лучына) і яго няведамыя вершы // Нёман. 1932. № 2.
Зноскі
Літаратура
- Гарэцкі М. Зямкевіч Р. // Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. Мн., 1992;
- Умястоўскі Ф. Праўда аб рэдагаванні «Нашай долі» (1906): Адказ на пісьмо Саўкі Барывоя (Р.Зямкевіча), апублікаванае ў газ. «Права працы» (Вільня, 1927, 14 снеж., № 3)… // Беларускі дзень. 1927. 24 снеж.;
- Ахрыменка П. Тарас Шаўчэнка і Беларусь. Мн., 1969;
- Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971;
- Кісялёў, Г. В. Пошукі імя: да пытання аўтарства «Энеіды навыварат» і «Тараса на Парнасе» / Г. В. Кісялёў. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1978. — 288 с.
- Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;
- Кабржыцкая Т., Рагойша В. Карані дружбы. Мн., 1976;
- Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX сіст.). Мн., 1983;
- Саламевіч Я. Зямкевіч // ЭГБ ў 6 т. Т. 3. Мн., 1996;
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9..
Спасылкі
Рамуальд Аляксандравіч Зямкевіч на Вікісховішчы |
- Псіхалогія здрады: беларускі нацыянальны рух вачыма канфідэнта ІІ аддзела польскага Генеральнага штаба Архівавана 15 красавіка 2012.
- ЗЯМКЕВІЧ Рамуальд Аляксандравіч