wd wp Пошук:

Гальяш Леўчык

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ляўковіч. Гальяш Леўчык, сапр. Ілья Ляўковіч (20 ліпеня 1880, Слонім1944, Варшава) — беларускі паэт, беларусазнавец, публіцыст, перакладчык, музыкант.

Біяграфія

Гальяш Леўчык са сваёй раднёй. 1910-я. (БДАМЛМ)

Ілья Ляўковіч нарадзіўся ў сям’і каваля. Скончыў Слонімскае павятовае вучылішча. Служыў у канцылярыях з’ездаў міравых суддзяў, судовага следчага ў Слоніме. У 1904-20 працаваў чарцёжнікам у магістраце Варшавы. Пастаянна жыў у Варшаве, але лета праводзіў звычайна ў Слоніме, дзе меў свой дом.

Гальяш Леўчык, Зоська Верас, Рамуальд Зямкевіч

Друкавацца Гальяш Леўчык пачаў з 1908 у «Нашай ніве». Выдаў зборнік вершаў «Чыжык беларускі» (Вільня, 1912). У 1920-я прымкнуў да рэвалюцыйна-рамантычнага кірунку заходнебеларускай паэзіі. Выступаў як публіцыст, гумарыст і сатырык (друкаваўся ў гумарыстычных часопісах «Авадзень», «Маланка»). Супрацоўнічаў з дзіцячым часопісам «Заранка».

«Чыжык беларускі». 1912

У Варшаве ён збіраў сродкі на пасмяротнае выданне зборніка твораў Сяргея Палуяна, шукаў платную рэкламу для «Беларускага календара», выпытваў і выманьваў у збяднелых арыстакратаў Польшчы граматы, пячаткі, беларускія выданні.

У Слоніме ў хаце быў сапраўдны музей, як згадвала Зоська Верас:

Адзін даволі вялікі пакой, даўгі-даўгі, з адным акном. Пакой здаваўся вузкім таму, што адна яго сцяна была адбудаваная даволі шырокімі паліцамі ад падлогі да столі. І на іх кніжкі, кніжкі… Сапраўды, бібліятэка вялікая, цікавая і каштоўная. Сабрана хіба ўсё, што выйшла з друку ў беларускай мове. Усе гадавікі «Нашай нівы» ад самага яе пачатку, «Гоман», некалькі нумароў «Мужыцкай праўды», Францішак Багушэвіч: Дудка, Смык…, «Сялянка» Дунін-Марцінкевіча ды іншыя яго творы… Купала, Колас… Усё, што выдала Суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца»… І ўсе тамы «Lud Bialoruski» М. Федароўскага, падараваныя Гальяшу Леўчыку аўтарам… Усе паліцы ўпрыгожаныя партрэтамі пісьменьнікаў, паштоўкамі, краявідамі… Шмат з таго было купленым, але шмат і падараваным аўтарамі ды знаёмымі.

Партрэт Гальяша Леўчыка. Антон Карніцкі, 1927

Г. Леўчык быў вялікім кніжнікам. Меў багатыя, найперш беларусазнаўчыя бібліятэкі ў Варшаве і Слоніме. Збіраў і апрацоўваў фальклор, узоры народнай керамікі. Добра іграў на гітары, акарыне, маляваў. На свае тэксты пісаў музыку (зберагліся ноты яго песні «Мне трэба умярці…»). Пераклаў на беларускую мову творы Ю. Славацкага, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, К. Тэтмаера, А. Лянге і інш. Падрыхтаваныя ім зборнікі вершаў «Беларускі жаваранак» і трыялетаў «Мудра пагаворка — соладка і горка» аўтару выдаць не ўдалося.

У 1932 дзякуючы аднаму артыкулу ў варшаўскай газеце пра дзяўчыну, якая жыве ў Слоніме і напісала кнігу, Гальяш пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Зосяю. Але жыццё было падобна да пекла, жонка ўвесь час сварылася. Таму яны жылі паасобку — у Варшаве ці Слоніме, часам мяняючыся[1].

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939, у Слонім адмыслова да Гальяша заехаў Янка Купала[2].

Жонка паэта была арыштавана нямецкай паліцыяй у 1942 годзе. У яе падушцы быў знойдзены польскі сцяг з арлом. Таму ў 1942 годзе яе расстралялі на Пятралевіцкай гары каля Слоніма[3]. З гэтай прычыны ў 1942 годзе Гальяш падаўся ў Варшаву, каб выратаваць сваю кватэру і архіў. Але ў Варшаве яго кватэра была занята іншымі людзьмі. Леўчык застаўся без жонкі, кватэры і архіваў. У акупаванай немцамі Варшаве ён галадаў, а напачатку 1944 памёр[3].

У 1980 Янка Саламевіч сабраў і выдаў асобнай кнігай яго выбраныя творы пад загалоўкам «Доля і хлеб».

У філатэліі

Зноскі

  1. Слонимский Чижик Совецка Архівавана 12 лістапада 2011. Людміла Рублеўская, Беларусь сегодня 23.06.2010
  2. Краса і сіла Гальяш Леўчык(недаступная спасылка) Міхась Скобла, 5 ліпеня 2000 г. Звязда
  3. 1 2 Жыў у Слоніме паэт Газета Слонімская № 685 от 14.07.2010

Літаратура

  • Туронак Ю. Пра Гальляша Леўчыка // Беларускі каляндар. Беласток, 1980.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Публіцысты Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be