Сяргей Палуян
Сяргей Епіфанавіч Палуян (19 кастрычніка 1890, мястэчка Брагін, Рэчыцкі павет — 8 (20) красавіка 1910, Кіеў) — беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнавец.
Біяграфія
Нарадзіўся трэцім дзіцём у сям’і арандатараў Епіфана Іванавіч і Аляксандры Дзмітрыеўны Палуян, у сям’і было 5 дачок і 3 сыны. Праз пяць месяцаў пасля нараджэння Сяргея сям’я пераехала на сталае месца жыхарства ў вёску Крышычы Юравіцкай воласці Мазырскага павета, дзе ў 1897 годзе купілі ўласны фальварак.
Вучыўся ў Мазырскай прагімназіі, дзе зблізіўся з рэвалюцыянерамі, распаўсюджваў улёткі і ўдзельнічаў у мітынгах. Праз пагрозу выключэння за рэвалюцыйную дзейнасць, пераведзены бацькам у Мітаўскую гімназіі (цяпер Елгава, Латвія) пад нагляд сваякоў, але ўдзелу не спыніў з-за чаго адбыўся канфлікт і разрыў з бацькам.
Жыў у Кіеве ў сваякоў, таксама ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху. Ездзіў у Вільню на сустрэчу з Янкам Купалам. У 1908 годзе ўвайшоў у кіруючы орган Беларускай сацыялістычнай грамады. Пісаў у «Нашу ніву», у тым ліку артыкулы «Беларуская справа і ўкраінскае грамадства», «Лісты з Украіны» (1909). З 1910 годзе зноў жыў у Кіеве. Працаваў у часопісах «Украінская хатка» і «Світло», дзе друкаваў свае творы, супрацоўнічаў з газетай «Рада» і іншымі.
Паводле афіцыйнай версіі, скончыў жыццё самагубствам у ноч з 7 на 8 красавіка[1], пахаваны на кіеўскіх Байкаўскіх могілках (не захаваліся). Меў пазашлюбнага сына ад сваёй каханкі Наталлі.
Творчасць
Падтрымліваў сяброўскія і творчыя сувязі з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Цішкам Гартным, Ядвігіным Ш. і інш.
Аўтар апавяданняў («Вёска» і інш.), вершаваных і драматычных твораў (не выяўлены), вершаў у прозе, рэцэнзій («Якуб Колас. Другое чытанне для дзяцей беларусаў», «Тарас на Парнасе», «Ядвігін Ш. Дзед Завала» і інш.), першага ў беларускай крытыцы агляднага артыкула «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гістарычнага нарыса новай беларускай літаратуры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках» (абодва 1910). Выступаў як тэатральны крытык («Віленская беларуская вечарынка», «Беларускія вячоркі», 1910 і інш.). Даследаваў украінскую культуру і літаратуру, беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі (цыкл артыкулаў «Лісты з Украіны» і інш.). Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры («Пра нацыянальную школу на Беларусі», цыкл артыкулаў «З нашага жыцця»)[1].
Не ўся творчая спадчына Сяргея Палуяна захавалася, цяпер вядома яго апавяданне «Вёска», абразок «Хрыстос уваскрос!» (зварот да беларускага народа), дваццаць адзін публіцыстычны артыкул, рэцэнзіі. Выйшаў зборнік твораў Сяргея Палуяна «Лісты ў будучыню» (1986).
Памяць
Памяці Сяргея Палуяна Янка Купала прысвяціў паэму «Курган» і вершы «Памяці С. Палуяна», Максім Багдановіч — першы і апошні прыжыццёвы зборнік твораў «Вянок»[2] і вершы «С. Палуяну», Ядвігін Ш. — верш у прозе «Раны».
Зноскі
- 1 2 Рагойша В., 2001, с. 18
- ↑ «Вянок [на магілу Сяргея Палуяна]»
Літаратура
- Рагойша В. Палуян Сяргей Епіфанавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — С. 18. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12), ISBN 985-11-0035-8.
- Календарыюм // «Czasopis» № 10/2005.
- Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. давед. — Мн., 1995.