wd wp Пошук:

Максім Багдановіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Багдановіч.

Максі́м Ада́мавіч Багдано́віч (27 лістапада (9 снежня) 1891, Мінск12 (25) мая 1917) — беларускі паэт , публіцыст , літаратурны крытык, перакладчык, літаратуразнавец; класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы[5]. Багдановіч выступаў як крытык і гісторык літаратуры[6]. Распачынальнік традыцыі беларускага мастацкага перакладу[7]. Нізка «Места» з адзінага прыжыццёвага зборніка паэта «Вянок» з’яўляецца першым узорам урбаністычнай лірыкі ў новай беларускай паэзіі[8]. Спадчына Максіма Багдановіча ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры[9][10].

Біяграфія

Паходжанне

Таццяна Восіпаўна Мякота (бабка Максіма Багдановіча) і Валасовічы (сям'я цёткі Максіма Багдановіча Ганны). 1907 г.

Прапрадзед Максіма па бацькоўскай лініі прыгонны Сцяпан быў першым у родзе, хто стаў насіць прозвішча Багдановіч, па свайму айчыму Нікіфару Багдановічу, бо ўвайшоў у склад яго «двара» падаткавага адзінкай; па бацьку ж ён быў Скоклічам. Прадзед Лук’ян Сцяпанавіч быў дваровым, садоўнікам; жонкай яго была Арына Іванаўна-Лукашэнка. Дзед Юрый Лук’янавіч быў дваровым, кухарам, належаў да Касарычскага сельскага таварыства Ляскавіцкай воласці Бабруйскага павета; да гэтага таварыства і бацька Максіма, Адам Ягоравіч, быў прыпісаны аж да звальнення для паступлення на дзяржаўную службу[11].

Дзед Юрый Лук’янавіч яшчэ маладым чалавекам быў прывезены сваім памешчыкам, панам Лапо, на службу ў куплены маёнтак пры мястэчку Халопенічы Барысаўскага павета, дзе ён і абгрунтаваўся, уступіўшы ў шлюб з бабуляй паэта Анэляй (Ганнай) Фаміной Асьмак, дачкой казачніцы Рузалі Асьмак. Па ўспамінах Адама Багдановіча, яго маці была «чалавекам дзіўна рахманай і ўзнёслай душы, з тонкім пачуццём такту, разам з тым валодала выдатнымі матэматычнымі здольнасцямі»[11].

У 26 гадоў Адам Багдановіч ажаніўся з Марыяй Апанасаўнай Мякота, якой было тады 19 гадоў. Ён успамінаў пра шлюб як пра адзін з шчаслівых перыядаў свайго жыцця.

Незвычайная жвавасць успрымання, пачуцця і рухаў была асноўнай, выбітнай рысай яе натуры. Рухомая, заўсёды вясёлая, з іскрыстымі вачыма, з касой жахлівай велічыні, яна ў дадатак валодала грацыяй кацяняці і тым захапляльна чароўным хараством, якую прынята называць жаноцкасцю. Яе карткі не даюць ніякага паняцця не толькі пра яе духоўнае аблічча, але нават і пра знешняе. Гэта — маска, пазбаўленая жыцця, а яна была ўся зіхоткая, пяючая жыццё, уся рух, радасць, захапленне.

[11]

Дзяцінства

Мінск і Гродна

М. Багдановіч з маці. 1892 (першы здымак паэта)
Максім Багдановіч cа старэйшым братам Вадзімам. 1893
Сям'я Багдановічаў у 1894 годзе.

Настаўнік 1-га гарадскога вучылішча Мінска Адам Ягоравіч Багдановіч і яго жонка Марыя Апанасаўна былі матэрыяльна забяспечаны: Адам зарабляў да 1500 рублёў у год пры гатовай кватэры з ацяпленнем і асвятленнем, якая размяшчалася на Траецкай гары на вуліцы Аляксандраўскай у доме Карказовіча, што ў двары, у другім паверсе, у той час у ім змяшчалася 1-е прыходскае вучылішча і настаўніцкія кватэры, пазней гэта быў дом 25 (цяпер тут участак вуліцы М. Багдановіча насупраць сквера каля Тэатра оперы і балета. Першынец Вадзім нарадзіўся 6 (18) cакавіка 1890, Максім — 27 лістапада (9 снежня) 1891 у 9 гадзін вечара.

Раптам у Адама Ягоравіча выявілася хвароба горла і дактары забаранілі яму выкладчыцкую дзейнасць. У Мінску не знайшлося працы былому настаўніку, вядомаму сваімі перадавымі поглядамі і незалежнасцю[12].

У 1892 годзе сям’я перабралася ў Гродна, дзе Адам Багдановіч атрымаў працу ў сялянскім пазямельным банку(руск.) бел.. Жылі на ўскраіне горада, на Новым Свеце 15 па Садовай. Тут 14 (26) лістапада 1894 нарадзіўся трэці сын Леў, а ў маі 1896 года — дачка Ніна. Умовы былі добрымі для выхавання дзяцей: мяккі клімат, у двары сад, а вакол сады, палі, недалёка лес і Нёман. Маці спрабавала ўжыць да дзяцей фробелеўскую сістэму для выхавання пачуццяў, але тыя перад цацкамі для развіцця аддавалі перавагу жывым зносінам[11].

Маці летам выязджала з сынамі на вёску. Вядома яе паездка ў Вяззе на Асіповічыне да сваёй старэйшай сястры, дзе дзеці ўпершыню апынуліся ў беларускай народнай стыхіі[12].

Як у Гродна, так і ў Мінску, у Багдановічаў збіралася шмат людзей. У Мінску было шмат рэвалюцыйна настроенай інтэлігенцыі — нарадавольцы і тыя, хто ім спачуваў, але пасля «Лапацінскага правалу(руск.) бел.», у сувязі з арыштамі і нарасталым страхам, кола іх паступова радзела і раскладалася. У Гродна ж збіраліся пераважна культурныя работнікі: лекары, лепшыя афіцэры, настаўнікі. Шмат, асабліва ў Мінску, прыходзіла моладзі. Гучалі дэкламацыі літаратурных твораў, спевы, вяліся дыскусіі. «Разнастайна, маляўніча-павабна, цікава жылося», — успамінаў Адам Багдановіч[11].

Праз месяц пасля родаў дачкі ў Марыі Багдановіч былі выяўлены сухоты. Лячэнне («вёска, кефір, гваякол, кадэін(руск.) бел.») не дапамаглі і 4 (16) кастрычніка 1896 года маці будучага паэта памерла. Пахаваная яна была на Гродзенскіх праваслаўных могілках перад царквой, направа ад галоўных варот і дарогі ў царкву, пад дубовым крыжам з таблічкай[11] (магіла захавалася і прыбіраецца сіламі грамадскасці).

На думку бацькі, Максім на яго быў падобны больш знешнімі рысамі: хадой, манерай сябе трымаць, жэстамі, прамовай і т. п., наадварот,

па складзе свайго характару, мяккага і жаноцкага, па весялосці свайго нораву, жвавасці, спагадлівасці і ўражанню, па паўнаце і мяккасці назіранняў, па сіле ўяўлення, пластычнасці і разам маляўнічасці прадуктаў яго творчасці ўсяго больш нагадваў сваю маці, асабліва ў дзяцінстве.

[11]

На яго думку, паэтычны дар, які ў ёй самой драмаў, Максім таксама атрымаў у спадчыну ад маці, або быць можа, ад яго прабабулі Рузалі[11].

Пасля смерці любімай жонкі Адам Ягоравіч не змог жыць у Гродна і ў лістападзе 1896 года ён з дзецьмі пераязжае ў Ніжні Ноўгарад.

Ніжні Ноўгарад

Максім Багдановіч (сядзіць злева) з цёткай і братамі. 1897

Разам з сям’ёй Адама Ягоравіча ў Ніжні Ноўгарад пераехалі і яго сёстры. Сваякі жылі тут адзінай беларускай калоніяй. Шчыра трымалася звычаяў продкаў сястра Магдалена, у якой любіў бываць Максім[12].

Маці дзецям Адама Ягоравіча замяніла цётка па бацьку Марыя Багдановіч, але самая малодшая дачка Ніна не дажыла і да года.

Бацька аддаваў шмат увагі сваім сынам, дзякуючы яму яны палюбілі літаратуру. У адным з лістоў да сябра Максім адзначаў:

Мяне выхоўваў бацька. Неяк я паказваў вам яго бібліятэку. У ёй усё ёсць істотнае, што з’явілася калі б там ні было ў літаратуры ўсяго свету. Мы з дзяцінства праходзілі гэтую сусветную школу… Зразумела, галоўная ўвага звярталася на славянскія літаратуры…

Максім чуў у Ніжнім Ноўгарадзе беларускія казкі, песні, прымаўкі.

М. Багдановіч сярод гімназістаў-аднакласнікаў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі
Вольга Епіфанаўна Сёмава — хросная паэта

У 1902 годзе Максім паступіў у Ніжагародскую мужчынскую гімназію. Падчас рэвалюцыі 1905 прымае ўдзел у вучнёўскіх і студэнцкіх дэманстрацыях, за што атрымлівае атэстацыю «недобранадзейнага вучня»[13].

Ужо ва ўзросце 10-11 год Максім спрабуе пісаць вершы на беларускай мове[14].

У 1906 годзе хросная маці Максіма В. Сёмава, якая жыла ў Пінску і трымала там прыватную гімназію[12], выпісвае для яго газету «Наша доля», а потым і «Нашу ніву». У канцы года Багдановіч дасылае беларускія кнігі і газеты ў Ніжагародскую турму рэвалюцыянеру беларускага паходжання Сцяпану Зенчанку. З 1907 года ў «Нашай Ніве» пачынаюць з’яўляцца творы Багдановіча.

1907 год лічыцца пачаткам літаратурнай дзейнасці Максіма Багдановіча. Яго першым значным мастацкім творам было беларускамоўнае празаічнае апавяданне «Музы́ка»[6], якое адразу ж надрукавала «Наша Ніва». У апавяданні расказваецца легенда пра Музыку, які «многа хадзіў па зямлі ды ўсё граў на скрыпцы». Незвычайныя былі і яго скрыпка, і музыка. Калі плакала скрыпка ў руках музыкі, то кожны «ўсё плакаў бы па сваёй долі», калі грозна гудзелі струны, «людзі падымалі апушчаныя голавы, і гневам вялікім блішчалі іх вочы». За яго творчасць «злыя і сільныя людзі» кінулі Музыку ў турму, дзе той і загінуў. Але не загінула памяць аб ім. У гэтым алегарычным творы малады аўтар расказваў аб шматпакутным лёсе Беларусі на працягу стагоддзяў і выказваў надзею на хуткія перамены да лепшага. Апавяданне было напісана пад уплывам народнай творчасці[6].

У хуткім часе Максім стаў сталым супрацоўнікам «Нашай нівы» і завочна пасябраваў з супрацоўнікамі газеты, асабліва яму імпанаваў яму Сяргей Палуян, які адказваў М. Багдановічу ўзаемнасцю[12].

Трэба адзначыць, што бацька, родныя і стрыечныя браты і сёстры лічылі заняткі беларусістыкай бесперспектыўнымі і не падзялялі з Максімам радасць ад поспехаў[12].

Яраслаўль

У чэрвені 1908 года Багдановічы зноўку пераяжджаюць па службе бацькі — гэтым разам у Яраслаўль. Прычынай гэтаму была прынцыповасць Адама Ягоравіча на службе[12].

Там Максім Багдановіч піша першыя лірычныя вершы: «Над магілай», «Прыйдзе вясна», «На чужыне», якія былі апублікаваныя ў «Нашай ніве». Там жа друкуюцца вершы «края мой родны! Як выкляты богам…», у якім выразна прагучала тэма сацыяльнага прыгнёту і нацыянальнага адраджэння беларусаў; кароткае вершаванае лірычнае апавяданне «З песняў беларускага мужыка» — рэалістычная імпрэсія, прасякнутая гуманістычнымі матывамі[6], поўная веры ў творчыя сілы народу; вершы «Цемень», «Пугач», «Разрытая магіла», а таксама пераклады з Генрыха Гейнэ, Фрыдрыха Шылера.

Першым з перакладаў, дасланых у рэдакцыю «Нашай Нівы» быў верш С. Ю. Святагора «Дзве песні», які пайшоў у друк з папраўкамі ў мове Я.Купалы, але з іншым подпісам: у карэктуры Ядвігін Ш. падпісаў верш прыдуманым ім для Максіма Багдановіча псеўданімам «Максім Крыніца». Ён пісаў:

«Кожны сваім псеўданімам вызначае сваё крэда, свой кірунак, а што за душою гэтага юнака, ліцэіста, эстэта? Яму гэтыя Бядулі ды Гаруны не падыдуць. Яму трэба чысты-чысты псеўданім, ясны, як юнацтва. Хай будзе Крыніца! Гэта будзе псеўданім-падказка: з народных крыніц яму трэба чэрпаць свае вершы!»[15]

У наступных лістах да рэдакцыі газеты паэт пратэставаў, што яго перарабілі ў Максіма Крыніцу.

У 1909 годзе Максім захворвае на сухоты. Ён выязжае на лячэнне ў Крым.

Скончыўшы ў 1911 годзе гімназію, М. Багдановіч наведвае Вільню, дзе знаёміцца з Вацлавам Ластоўскім, Іванам і Антонам Луцкевічамі ды іншымі дзеячамі беларускага Адраджэння.

Мешкаючы ў Вільні, малады паэт азнаёміўся ў прыватным музеі братоў Луцкевічаў з калекцыямі старажытных рарытэтаў і пад іх уражаннем напісаў верш «Слуцкіе ткачыхі»[16]. У гэтым творы аўтар распавядае сумную гісторыю прыгонных ткачых, паэтызуе ўмельства майстрых ткаць залатыя паясы, куды яны дадаюць «заміж персідскага ўзора цвяток радзімы васілька».

Там жа Багдановіч знаёміцца з патрыярхам беларускага нацыянальнага адраджэння Браніславам Эпімах-Шыпілам, з якім ён пасля будзе весці ліставанне[17]. У лістападзе 1911 года, знаходзячыся ўжо ў Яраслаўлі, Багдановіч будзе пісаць у рэдакцыю альманаха «Маладая Беларусь» ліст з просьбай надрукаваць два яго вершы разам з невялікім літаратуразнаўчым нарысам пра санетную форму дасланых вершаў. Пад канец свайго ліста паэт не абміне ўвагай свайго віленскага знаёмага: «Паклон п. Шыпіле — пазнаёміліся ў Вільні»[18].

Летам браты Луцкевічы запрасілі Максіма адпачыць на хутары Ракуцёўшчына, які тады належаў іх дзядзьку В. Лычкоўскаму. Там за 2 месяцы быў напісаны цыкл вершаў «Старая Беларусь», а пазней многія творы з цыкла «Места», «З беларускіх матываў»[12].

У тым жа годзе Максім Багдановіч меў намер паступіць у Пецярбургскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт, але праз недахоп грошай і сыры клімат сталіцы вяртаецца ў Яраслаўль, паступіўшы ў Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй(руск.) бел.. Падчас вучобы супрацоўнічае ў яраслаўскай газеце «Голос»; шмат піша, друкуецца ў розных расійскіх і беларускіх выданнях, набывае вядомасць.

Вераніка Залатарова — пляменніца Дзіядора Дзябольскага, сябра Максіма Багдановіча, якой ён сімпатызаваў і чыім імем назваў сваю паэму «Вераніка».
Ганна Рафаілаўна Какуева — блізкая знаёмая Максіма Багдановіча, якой ён прысвяціў свае вершы

У той перыяд былі напісаныя вершаваныя лірычныя апавяданні «Ў вёсцы» і «Вэроніка». Абодва — даніна захапленню паэта жанчынай. Паэтычнае апісанне глыбокіх пачуццяў жанчыны да дзіцяці, уласцівых нават маленькай дзяўчынцы — ідэйная задума твору «Ў вёсцы». Фабула «Вэронікі» — успамін пра дзяўчынку, якая непрыкметна для аўтара, «ў красе свае вясны» вырасла, абудзіўшы ў душы паэта першае каханне, а з ім — цягу да ідэальнага, прыгожага, да паэзіі. Музай для Максіма Багдановіча паслужыла Ганна Какуева[19], сястра яго аднакласніка, таленавітая піяністка. У гэты ж перыяд пішуцца вершы «Ўчора шчасьце толькі глянула нясьмела», «Больш за ўсё на сьвеце жадаю я» і знакаміты твор лірыкі любоўных перажыванняў — верш Максіма Багдановіча «Раманс». Тады ж былі створаныя вершы, якія потым склалі цыклы «Старая Беларусь», «Места», «Згукі бацькоўшчыны», «Старая спадчына». Асноўным зместам твораў была барацьба за гуманістычныя ідэалы, на першы план выходзіла тэма паднявольнага жыцця беларускага народа, моцна гучалі ідэі нацыянальна-вызваленчай барацьбы супраць царскай імперыі.

У перыяд 19091913 гадоў паэт перакладае на беларускую вершы Авідзія, Гарацыя, французскага паэта Поля Верлена. Апрача таго, у гэты перыяд Максім Багдановіч займаецца распрацоўкай канцэпцыі гісторыі развіцця беларускай літаратуры ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя. Гэта знайшло адлюстраванне ў артыкулах «Глыбы і слаі» (надрукаваным у «Нашай Ніве»), «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця», «За сто лет. Нарыс гісторыі беларускай пісьменнасці» і «Новый период в истории белорусской литературы».

Віленскія справы

Зборнік «Вянок», 1913

У Вільні на пачатку 1914 года, у друкарні Марціна Кухты, пры грашовай падтрымцы Магдалены Радзівіл, тыражом 2000 асобнікаў[20] выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік твораў Максіма Багдановіча «Вянок» (на тытуле пазначаны 1913 г.) з прысвячэннем: «Вянок на магілу С. А. Полуяну (памёр 8 красавіка 1910 г.)», якое зрабіў Вацлаў Ластоўскі, не ўзгадняючыся з аўтарам. Пасля Багдановіч ухваліў яго ініцыятыву. Зборнік змяшчаў 92 вершы і 2 паэмкі, размешчаныя на 120 старонках, якія былі аб’яднаныя па нізках: «Малюнкі і сьпевы», «Думы» і «Мадонны». У лістах да выдаўцы былі меркаванні дапоўніць «Мадоннаў» нізкай «Каханьне і сьмерць» (13 вершаў) і да 5 перакладаў з нізкі «Старая спадчына» дадаць 22 пераклады з Поля Верлена і ўтварыць раздзел «З чужой глебы». Аднак кніга выйшла без дапаўненняў і без пасляслоўя «Ізноў пабачыў я сялібы» да паэмы «Вэроніка»[20]. У сваім укарочаным выглядзе «Вянок» Багдановіча застаецца класічнай кнігай паэзіі, але ён, натуральна, у такім варыянце ніяк не выражае агульнай першаснай задумы паэта, якая сыходзіла па ўзору дантавай «Боскай камедыі» з траічнасці як асноўнага кампазіцыйнага пранцыпу пабудовы твора мастацтва, з імкнення пазнаць свет у яго дыялектычнай сутнасці, гарманічнасці, развіцці[21]. У поўным зборы вершаў М. Багдановіча 1992—1995 гг. выдаўцы выправілі ўсе вышэй пералічаныя страты, аднак, тым самым, парушыўшы гістарычную праўду[20].

У сваіх «Успамінах аб М. Багдановічу» Вацлаў Ластоўскі апавядаў гісторыю стварэння «Вянка»:

За некалькі месяцаў пасля выезду з Вільні Максім Багдановіч адаслаў у рэдакцыю «Нашай Нівы» рукапіс, у якім былі сабраныя яго вершы, пад загалоўкам «Кніжка выбраных вершаў» з просьбай выпусціць асобнай кніжачкай. Рукапіс гэты праляжаў у рэдакцыі больш за паўгады, бо не было грошай, каб надрукаваць яго. І толькі ў 1913 годзе былі дабыты грошы на надрукаванне рукапісу[22]

Па словах Ластоўскага, на надрукаванне «Вянка» Іван Луцкевіч выдаткаваў 150 рублёў, а падчас набору Вацлаў Іваноўскі і Іван Луцкевіч знайшлі «яшчэ нейкую суму» грошай ад Магдалены Радзівіл. У падзяку да княгіні на тытульным аркушы кнігі было пастаноўлена размясціць знак лебедзя, што азначала герб Завішаў (Магдалена Радзівіл з дому Завішанка):

Рысунак на акладку даў я са свайго сабрання. Гэты рысунак у 1905 годзе зрабіў адзін з вучняў (не памятаю яго прозвішча) Штыгліцаўскай школы. Рысунак напамінае крыху вянок, дзеля гэтага я і пастанавіў, карыстаючы правамі выдаўца, надпісаць на кніжцы да аўтарскага яшчэ і свой агаловак — «Вянок». Выходзіла нязгорш: «Вянок, кніжка выбраных вершау»[23]

У 1914 годзе ў «Нашай Ніве» № 8 была змешчаная нататка, якая мела назву: «Песьняр красы». Гэта была першая рэцэнзія на зборнік «Вянок», напісаў яе Антон Луцкевіч: «…не грамадскія тэмы займаюць галоўным чынам паэта: ён перш за ўсё шукае чыстае красы, вершы яго, кожны формай падыходзіць да думкі»

«…Хоць бы ты чорную, толькі б не шэрую прала,
Гора жадаў бы, ды толькі каб поўную чарку
Але і гора такога пазнаў я замала.
Прыйдзецца, бачу, пазайздрыць бяздольнаму Марку…»

Тэма смерці ў Максіма прайшла праз усё яго творчае жыццё. «Амур і сумны і прыгожы стаіць з павязкай на вачах ля склепу…» Паэт верыў у вечнае жыццё. Верш «На могілках» мае магічную сілу, як сама смерць. Гэтыя «Думы», «Вольныя думы» Максіма Багдановіча насычаны хрысціянскім спакоем, пачуццём боскай несмяротнасці. Ён увесь час размаўляе з зоркамі, з небам, углядаецца ўвысь, не пад ногі. Самы моцны верш па сіле ўздзеяння «Прыйдзецца, бачу, пазайздросьціць бяздольнаму Марку»[24].

Перыяд з 1914 — канец 1916

У гэты перыяд паэт піша цыкл вершаў «На ціхім Дунаі. Вершы беларускага складу», паэму «Максім і Магдалена», іншыя творы. Пісаў Максім Багдановіч вершы і на рускай мове, як «Зачем грустна она была», «Я вспоминаю Вас такой прекрасной, стройной», «Зелёная любовь», «Осенью». Да гэтага часу адносяцца і пераклады на беларускую твораў А. Пушкіна і Э. Верхарна(руск.) бел..

Акрамя таго, у рускім і ўкраінскім друку з’яўляюцца публіцыстычныя артыкулы Максіма Багдановіча на рускай мове, прысвечаныя пытанням гісторыі літаратуры, нацыянальным і грамадска-палітычным праблемам; выходзяць гістарычныя і краязнаўча-этнаграфічныя брашуры, а таксама літаратуразнаўчыя рэцэнзіі, фельетоны.

У снежні 1915 года Багдановіч паехаў у Маскву, каб наведаць беларускага гісторыка Уладзіміра Пічэту. Беларускі даследчык паўплываў на погляды паэта, якія ён выказаў у артыкуле «Белорусское возрождение»[25].

Максім Багдановіч падтрымліваў цесную сувязь з Яраслаўскай беларускай радай, якая аб’ядноўвала бежанцаў-беларусаў Першай сусветнай вайны[26].

Мінск

«…Маці родная, Маці-Краіна!
Ня ўсьцішыцца гэтакі боль…
Ты прабач. Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць».

«Пагоня».[27]

Улетку 1916 года, скончыўшы ліцэй[6], Максім Багдановіч вярнуўся ў Мінск, дзе жыў на кватэры Змітрака Бядулі. Хоць ён быў ужо цяжка хворы, але ўладкаваўся на працу сакратаром у губернскай харчовай камісіі[6], шмат працаваў, а ўвесь вольны час аддаваў літаратурнай творчасці.

М. Багдановіч сябраваў з тымі інтэлігентамі, якія групаваліся вакол «Беларускай хаткі». Выязджаў у прытулкі для дзяцей бежанцаў, каб на ўласныя вочы ўбачыць, як жывуць сіроты. Нават не піў чаю з цукрам, каб сэканоміць яго і перадаць прытулкавым дзецям[12]. У гэты час Максім Багдановіч напісаў такія знакамітыя творы, як «Страцім-лебедзь» і «Пагоня».

«Пагоня» — узор паэтычнай публіцыстыкі і адзін з самых тэмпераментных і драматычных твораў паэта. Аўтар звяртаецца да гераічных старонак беларускай мінуўшчыны, заклікае бараніць сваю Маці-Краіну. Паводле сведчання А. Смоліча, верш быў прачытаны паэтам упершыню ў Мінскім народным доме «Беларуская хатка» ў канцы 1916 года. Ёсць меркаванне, што і напісаны ён у Мінску[28].

Смерць

«Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кнігу маю[29]
З друкарні пана Марціна Кухты».

перадсмяротны верш.
Паштоўка Адама Ягоравіча Багдановіча да Льва Багдановіча з паведамленнем пра смерць Максіма

У лютым 1917 года сябры паэта сабралі грошы, каб ён мог ехаць у Крым лячыцца ад сухотаў. Лячэнне не дапамагло, і ў тым жа годзе ў Ялце Максім Багдановіч памер ва ўзросце 25 гадоў.

Помнік Максіму Багдановічу ў Ялце

Максіма Багдановіча пахавалі ў Ялце[6] на трэці дзень смерці па праваслаўнаму абраду на Новых гарадскіх могілках (цяпер Старыя гарадскія могілкі)[30]. У дзень смерці паэта, яго бацька — Адам Багдановіч — знаходзіўся ў службовай камандыроўцы ў Сімферопалі[30]. Ён пісаў:

Скончался он 12(25) мая, но я известие об этом получил на 4-й день после его смерти. Он не дал хозяйке моего адреса, не желая меня тревожить. После его смерти она нашла мой Ярославский адрес и телеграфировала по этому адресу, а пока пришла телеграмма из Ярославля был уже четвертый день. Я тотчас на автомобиле отправился в Ялту. Но он уже был похоронен…
Похоронили его на ялтинском кладбище, что недалеко от Николаевской улицы по направлению к горам, на самой окраине кладбища внизу, в 3 саженях от окраины, близ дороги, со стороны противоположной к морю, т.е. со стороны гор. В головах поставлен небольшой белый крест с надписью на жестяной табличке его имени (студент Максим Адамович Багданович) и когда он скончался.

У 1924 годзе на яго магіле быў усталяваны помнік з чатырма радкамі з верша паэта «Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі…». 20-я гады мінулага стагоддзя былі эпохай атэізму, таму стары крыж на ялцінскай магіле быў знішчаны, а на яго месцы з’явіўся помнік з шэра-брунатнага вапняку з чырвонай зоркай[31], які і стаяў там да 2003 года, калі на магіле паэта быў усталяваны помнік скульптараў — бацькі, сына Льва і Сяргея Гумілеўскіх[32].

На пачатку 1980-х гадоў уздымалася пытанне пераносу праху паэта з Ялты ў Мінск, але арганізатары не атрымалі афіцыйнага адказу[33].

Сярод папер, што засталіся пасля нябожчыка, былі знойдзены матэрыялы для беларускага буквара, над якім ён, мабыць, працаваў у апошні час[34]. А на крэсле ля самога ложка — кніга, і на ёй кароткі, у адну страфу верш, перадсмяротнае прызнанне, унікальнае ў сваім родзе ва ўсёй сусветнай паэзіі.

Паэзія

Першыя вершаваныя творы сугучны паэзіі Я. Купалы і Я. Коласа[6]. Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сацыяльна-палітычных канфліктаў. Асноўны кірунак творчасці М. Багдановіча — патрыятычнае служэнне сацыяльнаму і нацыянальнаму вызваленню беларускага народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманістычныя ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, М. Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (як вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа.[35]

На паэзію Багдановіча паўплывалі творы французскіх сімвалістаў, рускіх акмеістаў, аднак ён імкнуўся да стварэння ўласна-беларускай паэзіі, арганічнага зліцця беларускіх і іншаземных традыцый, заклікаў у сваіх артыкулах «трымацца народнай песні, як сляпы трымаецца плота». Стварыў шмат выдатных узораў грамадзянскай, пейзажнай, філасофскай лірыкі; напісаў шмат вершаў прысвечаных Ане Какуевай (яраслаўскай знаёмай паэта, у якую ён быў закаханы); пісаў і друкаваўся як на беларускай, так і на рускай мове. Багдановіч упершыню ў беларускай літаратуры ўжыў формы санету, трыялету, рандо і іншыя класічныя вершаваныя формы, верлібр.

Багдановіч-мастак асноўнай сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай літаратуры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця працоўнага народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»).[35] Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты.

У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філасофская заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»).[35]

М. Багдановіч з Я. Купалам — заснавальніхі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў беларускай паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»)[35].

Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гістарычнай тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у беларускай лірыцы т.зв. вечнью тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С. Палуяну»)[35].

Творчасць Максіма Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гістарычным самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-народнай паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А. Пушкіна, А. Фета, Ф. Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рускай паэзіяй, узбагаціў родную літаратуру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным воіштам.[35]

У пачатку 1914 года ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты выйшаў яго паэтычны прыжыццевы зборнік вершаў «Вянок» (на тытуле кнігі стаіць 1913 год, але ў тым годзе яе выдаць не паспелі). 3борнік «Вянок» стаў у беларускай паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нацыянальнай глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры.

Вялікае месца ў творчасці М. Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне беларускай міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанацыйнага складу беларускай народнай песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-народную паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»).[35]

Паэмы М. Багдановіча — пошук нацыянальнага эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сацыяльна-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». «Страцім-лебедзь» — гэта паэтызацыя біблейскага міфу пра лебедзя, паводле якой адзін толькі Страцім-лебедзь адмовіўся ад Ноева каўчэга, сам уступіў у адзінаборства са стыхіяй патопу, аднак трагічна загінуў, бо не ў сіле аказаўся ўтрымаць птушак, што абселі яго, ратуючыся ад патопу. Хоць сам Страцім-лебедзь гінуў, але даваў жыццё іншым птахам. У міфе асуджалася непакорнасць, Багдановіч жа яе ўслаўляў.

Пісаў у класічных і песенна-народных формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»),

Паэзія Максіма Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. Яна ўплывае на развіццё беларускай паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім, пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэтычнага слова.[35] Некаторыя вершы сталі народнымі песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі.

Проза

Найлепшыя апавяданні М. Багдановіча стаяць каля вытокаў беларускай нацыянальнай прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару…», 1914)[35].

Крытыка, публіцыстыка

Выступаў у прэсе як публіцыст, друкаваў шматлікія крытычныя артыкулы і літаратурныя агляды.

Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэтычных асноў перадавой беларускай літаратуры пач. ХХ ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навуковай гісторыі беларускай літаратуры («Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры»)[35].

Даследаваў літаратуру і гісторыю славянскіх народаў (артыкулы пра Т. Шаўчэнку, М. Ламаносава, А. Пушкіна, М. Лермантава, гісторыка-этнаграфічныя нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.).

Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газеце «Голос».

Перакладчыцкая дзейнасць

Па шырыні і разнастайнасці творчага дыяпазону дзейнасць Максіма Багдановіча ў галіне беларускага мастацкага перакладу з’яўляецца беспрэцэдэнтнай[36]. Пераклаў на беларускую мову вершы Поля Верлена, Эміля Верхарна, Генрыха Гейнэ, Аляксандра Пушкіна, Авідзія, Гарацыя і іншых замежных паэтаў, на рускую — творы Янкі Купалы, Тараса Шаўчэнкі, Івана Франко. Максім Багдановіч быў першым сярод беларускіх пісьменнікаў, хто так востра і глыбока актуалізаваў мэтазгоднасць і патрэбу далучэння беларускай літаратуры да сусветнай, галоўным чынам еўрапейскай літаратуры[36]. На фарміраванне метаду перакладчыцкай практыкі Максіма Багдановіча зрабілі ўплыў набыткі ў галіне мастацкага перакладу, пакінутыя А. Пушкіным, М. Горкім, І. Франком, а таксама Ф. Багушэвічам, В. Дуніным-Марцінкевічам[36].

У сваім праграмным крытычным артыкуле «Забыты шлях», напісаным у 1915 годзе Максім Багдановіч абгрунтоўвае актуальнасць беларускага мастацкага перакладу для новай беларускай літаратуры:

Намагаючыся зрабіць нашу паэзію не толькі мовай, але і духам, і складам твораў шчыра беларускай, мы зрабілі б цяжкую памылку, калі б кінулі тую вывучку, што нам давала светавая (найчасьцей еўрапейская) паэзія. Гэта апошняя праца павінна ісьці поўным ходам. Было б горш, чым нядбальствам, нічога не ўзяць з таго, што соткі народаў праз тысячы год сабіралі ў скарбніцу светавой культуры. Але занасіць толькі чужое, не разьвіваючы свайго, — гэта яшчэ горш: гэта знача глуміць на­родную душу. Да таго ж адны жабракі могуць праз усё жыццё толькі браць. Трэба ж і нам, беручы чужое, калі-нікалі даць нешта сваё. А свайго, як мы бачым, мы давалі меней, чым маглі[37].

Творчы перакладчыцкі метад Максіма Багдановіча абумоўліваецца ўстаноўкаю на дасягненне адэкватнай перадачы зместу і формы арыгінала. Паэт не прымаў і ніколі не выкарыстоўваў у практычнай дзейнасці падрадкоўны, літаральны пераклад верша[36]. Сваю пазіцыю да літаральнага перакладу Максім Багдановіч выказваў у рэцэнзіі на рускі пераклад зборніка вершаў Тэафіля Гацье(руск.) бел. «Эмалі і камеі», зроблены Мікалаем Гумілёвым:

Т. Готье занимает одно из самых почтенных мест во французской поэзии. Поэтому можно лишь приветствовать попытку Н. Гумилева познакомить нашу читающую публику совершеннейшими произведениями этого «ювелира слова» […] Главное достоинство стихотворений Т. Готье, как известно, заключается в изяществе отделки всегда безукоризненного стиха […] и именно эта черта творчества Готье нашла себя в переводах Н. Гумилёва наиболее внимательное отношение. Но при всем том разбираемая книга имеет один убийственный недостаток: то, что в ней искусно, в то же время и весьма искусственно. В ней очень много мастерства и мало поэзии. В ее тщательно отточеных стихах не чувстуется «веяния духа живого», все они красивы, но холодны […] Что касается отдельных промахов переводчика, то можно иной раз посетовать на него за стремление к буквальной передаче подлинника. Фраза «И дьявол кожу ей дубил», употребленная при описании Кармен, очень близка к оригиналу, но в то же время и очень смешна[38].

Маючы добрыя лінгвістычныя здольнасці, Максім Багдановіч вывучыў і дастаткова глыбока засвоіў лацінскую, нямецкую, французскую мовы, валодаў мовамі славянскіх народаў, а таму мог абыйсціся без падрадкоўніка і працаваць непасрэдна з тэкстам арыгінала. Беларускі даследчык мастацкага перакладу Леанід Казыра выказвае думку, што «ніхто з беларускіх пісьменнікаў ні да Багдановіча, ні пасля яго так шырока не выкарыстоўваў у сваёй арыгінальнай творчасці антычных матываў, тэм, вобразаў, сюжэтаў і форм»[36]. У галіне перакладчыцкай дзейнасці імкненне Максіма Багдановіча адаптаваць узоры антычнай паэзіі да беларускага верша знайшло сваё ўвасабленне ў перастварэнні твораў Гарацыя і Авідзія, а менавіта славутай трыццатай оды «Exegi monumentum» («Помнік») з трэцяй кнігі одаў Гарацыя, якую паэт пераклаў нязнаным датуль у беларускай паэзіі аўтэнтычным асклепідаўскім вершам арыгіналу, і двух фрагментаў з «Метамарфозаў» Авідзія з назвамі «Грамада зорак „Карона“» і «Ікар і Дэдал», у якіх паэту ўдалося дакладна ўзнавіць змест, інтанацыю і стыль арыгінала[36].

Разам з Янкам Купалам, Якубам Коласам, іншымі пісьменнікамі-перакладчыкамі нашаніўскай пары Максім Багдановіч далучаецца да перакладу нямецкай паэзіі[36], у прыватнасці творчай спадчыны Генрыха Гейне і Фрыдрыха Шылера. Даследчык беларуска-нямецкіх літаратурных сувязей Уладзімір Сакалоўскі сцвярджае, што:

Вершы Г. Гейнэ захапілі аўтара «Вянка» страснасцю лірычнага пачуцця, глыбокім пранікненнем у самыя інтымныя зрухі чалавечай душы, філасофскім зместам, вялікім гуманізмам, саркастычным выкрыццём людскіх заган, урэшце, дасканаласцю формы, меладычнасцю, блізкасцю да народнай песні

У 1909 г. на старонках «Нашай Нівы» быў апублікаваны першы Багдановічавы перакладны верш Генрыха Гейне — «У паўночным краю на кургане». Праз год у гэтай газеце быў змешчаны пераклад верша Фрыдрыха Шылера «Хочаш сябе ты пазнаць». Пяць іншых перакладзеных вершаў Гейне — «Азра», «Дзяцюк шчыра любіць дзяўчыну», «Калі любоў замучыць», «Калі маеш шмат чаго», «Гайнрых» — былі апублікаваныя толькі ў 1927 годзе ў першым акадэмічным зборы твораў Максіма Багдановіча. Ацэньваючы Багдановічавы пераклады Генрыха Гейне і Фрыдрыха Шылера Уладзімер Сакалоўскі сцвярджае:

Багдановічаўскія пераклады твораў Г. Гейнэ і Ф. Шылера хаця і маюць некаторыя выдаткі, што больш залежалі ад часу, чым ад самога перакладчыка, сталі, як і ўся спадчына беларускага паэта, класічнымі[36].

Асноўнае месца ў перакладчыцкай спадчыне Максіма Багдановіча займае французская паэзія[36]. Яна прадстаўленая 22 творамі Поля Верлена і адным санетам Алексіса-Фелікса Арвера(руск.) бел.. Характэрна, што аўтар «Вянка» вельмі даражыў перакладамі з Верлена і нават ставіў іх вышэй за некаторыя свае арыгінальныя вершы. Пра гэта сведчыць ліст паэта ад 29 ліпеня 1912 г. у рэдакцыю «Нашай нівы»:

Паночкі! Надумаўся я памясьціць у зборніках і пераклады з Верлена, каторыя раней надаслаў у Піцер. Пераклады да арыгінала блізкія, і, калі я магу іх справядліва ацаніць, — добрыя […] Ва ўсякім разе пераклады Верлена больш вартыя друку, чым гэтыя трафарэты, да ліку каторых трэба прыпісаць і в(ерш) «Шмат у нашым жыцці ёсць дарог…» […] Усе пераклады (калі Верлена Вам аддадуць) трэба памясьціць у канцы кнігі як чацвёрты аддзел з іменем «З чужой глебы»: I. З Верлена II. З іншых паэтаў. […] Ізноў прашу,— друкуйце заменш дрэні, заклінаючы п. Антонія іменем европеізма, культурнасьці і т.д., а п. Ластоўскага іменем мадэрнізма і т.д[39].

На Максіма Багдановіча паўплывала дасканаласць верленаўскай літаратурнай тэхнікі, гарманічнасць яго верша, дзе ўсе выяўленчыя сродкі скіраваныя на тое, каб падкрэсліць гукавую арганізацыю, рытмічную выразнасць і музычнасць[36]. Гэтыя тэзы перагукаліся з мэтамі беларускага паэта аб узбагачэнні, развіцці і ўдасканаленні фармальных магчымасцей беларускай паэзіі. Словы французскага паэта «De la musique avant toute chose!» (бел.: Музыка перш за ўсё!) былі ўзяты Багдановічам у якасці эпіграфа да верша «Па-над белым пухам вішняў…». Пры перастварэнні верленаўскіх вершаў, вядучым прынцыпам перакладчыцкай дзейнасці для Максіма Багдановіча быў прынцып максімальнай набліжанасці да арыгінала[36]. Прынцып гэты рэалізуецца як пры перадачы зместу, лексікі, так і стылю, фармальных асаблівасцей першатвора[36].

Памяць і спадчына

Помнік Багдановічу на вул. Рабкораўскай
Валянцін Волкаў. Партрэт Максіма Багдановіча, 1927. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

Яшчэ пры жыцці Багдановіча — у 1909 годзе — тры яго вершы на ўкраінскую мову пераклаў М. Шапавал(укр.) бел.[40].

У наступным — 1910 — годзе трыялет Багдановіча «Мая душа» пераклаў на рускую мову Уладзімір Самойлавіч Узін, што было першым перакладам на рускую мову твораў Багдановіча, апроч аўтаперакладаў. Арыгінал быў надрукаваны ў «Нашай ніве» 18 лютага. Пераклад — у часопісе «Минский листок» 2 мая[41].

Творы беларускага паэта перакладзены на два дзясяткі моў свету (сярод іх такія распаўсюджаныя, як англійская (перакладчык Вера Рыч), іспанская, нямецкая, польская, руская, французская, венгерская[42]), публікаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Расіі, Францыі, Югаславіі і іншых краінах[5]. Яшчэ ў 1950-я гады ў Маскве быў выдадзены вялікі зборнік яго выбраных твораў на рускай мове ў перакладзе лепшых савецкіх паэтаў. У ліку перакладчыкаў быў Іван Карасёў.

У 19911995 гадах у Беларусі выдадзены поўны збор твораў паэта ў трох тамах.

26 кастрычніка 2011 года Нацбанк Беларусі выпусціў дзве памятныя манеты, прысвечаныя Максіму Багдановічу.

Архіў рукапісаў паэта захоўваўся ў яго бацькі, але падчас штурму Яраслаўля ў 1918 годзе пацярпеў ад пажару: хоць Адам Багдановіч здолеў уратаваць рукапісы ад поўнага знішчэння, частка іх значна абгарэла.

У 1927 годзе, праз 10 гадоў пасля смерці паэта, Валянцінам Волкавым быў створаны «Партрэт Максіма Багдановіча», які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі РБ[43].

Працуюць музеі Багдановіча ў Мінску, Гродне, Яраслаўлі (Цэнтр беларускай культуры. Музей Максіма Багдановіча); імя паэта носяць вуліцы ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і Ялце, школы і бібліятэкі ў розных беларускіх гарадах. Яму прысвечаны опера «Зорка Венера» (Юрый Семяняка — Алесь Бачыла) і опера «Максім» (Ігар Палівода — Леанід Пранчак). У 1991 годзе імя Максіма Багдановіча было ўнесена ў каляндарны спіс ЮНЕСКА «Гадавіны выдатных асоб і падзей»[5].

У красавіку 2008 года Маскоўскі дзяржаўны гістарычны музей пагадзіўся перадаць 6 паўнавартасных паясоў Слуцкай мануфактуры, якія натхнілі Максіма Багдановіча на стварэнне верша «Слуцкіе ткачыхі» ў прыватным беларускім музеі братоў Луцкевічаў. Дамова аб экспазіцыі слуцкіх паясоў у Нацыянальным мастацкім музеі была падпісаная толькі на год[44].

Вуліцы

Пачатак вул. М. Багдановіча ў Мінску

Асноўны артыкул: Вуліца Максіма Багдановіча, Мінск У 1991 годзе ў Мінску вуліца была перайменавана ў гонар Максіма Багдановіча. Да гэтага мела назву: Максіма Горкага1963), Камунальная, Аляксандраўская, Траецкая, Віленская, Вялікая Барысаўская. Пачынаецца ад плошчы 8 сакавіка і доўжыцца да вул. Кальцова. Ідзе паралельна праспекту Незалежнасці, працягласць 6 км[45].

Кватэра А. Я. Багдановіча размяшчалася па вуліцы Аляксандраўскай, 25, у доме Гурэвіча. 27 лістапада 1891 года (паводле старога стылю) тут нарадзіўся Максім, будучы беларускі паэт. Дом стаяў на ўчастку цяперашняй вуліцы М. Багдановіча насупраць сквера каля опернага тэатра.

Імем паэта таксама названа вуліца ў Гродна.

Помнік

9 снежня 1981 года, у гонар 90-годдзя са дня нараджэння Максіма Багдановіча на плошчы Парыжскай камуны, перад тэатрам оперы і балета, непадалёк ад месца, дзе нарадзіўся і жыў паэт, быў усталяваны помнік класіку беларускай літаратуры. Аўтары помніка скульптар С. Вакар, архітэктары Ю. Казакоў і Л. Маскалевіч. Бронзавая статуя паэта вышынёй 4,6 метра ўсталяваная на пастаменце з чырвонага граніту. Паэт адлюстраваны з перакрыжаванымі на грудзях рукамі, у правай руцэ букет васількоў — кветак, услаўленых у яго паэзіі[46].

У красавіку 2008 года, у адпаведнасці з рашэннем Мінгарвыканкама, помнік класіку беларускай літаратуры быў адпраўлены на рэстаўрацыю[47]. Замест помніка планавалася ўсталяваць фантан. Такое рашэнне ўладаў выклікала абурэнне лідараў беларускай апазіцыі ў эміграцыі, якія параўноўвалі дэмантаж помніка Багдановіча са зніманнем бел-чырвона-белага сцяга пасля рэферэндуму 1995 года[48].

У чэрвені 2008 помнік быў усталяваны наноў на рагу вуліцы Максіма Багдановіча і плошчы Парыжскай камуны[49]. Адносна былога месцазнаходжання помнік перанеслі на 150 метраў на паўночны захад, бліжэй да месца нараджэння паэта, і павярнулі тварам да Свіслачы ў кірунку паміж домам на вуліцы М. Багдановіча, 27 і Сувораўскім ваенным вучылішчам.

Музей у в. Ракуцёўшчына

Асноўны артыкул: Фальварак Ракуцёўшчына

Музей-сядзіба Максіма Багдановіча ў в. Ракуцёўшчына

Улетку 1911 года Максім Багдановіч напісаў два цыклы вершаў: «Старая Беларусь» і «Места» (усяго 17 вершаў) і дзве паэмы «Ў вёсцы» і «Вэроніка», калі жыў у маёнтку Лычкоўскіх, у Ракуцёўшчыне (цяпер у Красненскім сельсавеце Маладзечанскага раёна).

Музеіфікацыя ракуцёўшчынскіх месцаў пачалася ў 70-х гг. XX стагоддзя. У чэрвені 1977 г. па прапанове супрацоўнікаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў вёсцы быў усталяваны помнік — два валуны: адзін як вечная свечка памяці, на другім — выбіты радкі з «Санэта» М. Багдановіча. У 1981 г. каля помніка вядомымі беларускімі пісьменнікамі быў пасаджаны «Максімаў сад»[50].

З 1983 г. на мяжы ліпеня і жніўня збіраюцца аматары беларускай культуры. Ракуцёўшчыну, дзе калісьці адпачываў Максім Багдановіч[51], у гэтыя дні прыхільнікі яго творчасці ператвараюць у вялікую фестывальную пляцоўку[52].

Пасля пажару ў музеі Максіма Багдановіча ў в. Ракуцёўшчына было страчана каля 70 ўнікальных экспанатаў[53].

Бібліяграфія

  • Вянок. Кніжка выбраных вершаў. Вільня, 1913.
  • Творы. Т. 1-2. Мінск, 1927—1928.
  • Выбраныя творы. Miнск, 1946.
  • Творы. Miнск, 1957.
  • Збор твораў. Т. 1-2. Мінск, 1968.
  • Вянок. Кніжка выбраных вершоў. Факсімільнае выданне. Мінск, 1981.
  • Поўны збор твораў. У 3 т. Мінск, 1992—1995.
  • Інтымны дзённік. Выбраныя творы. Мінск, 2006.

Літаратурная крытыка

Зноскі

  1. Святлана Белая. Яраслаўль у лёсе Максіма Багдановіча: дакументальнае эсэ. – Мінск: «Беллітфонд», 2006. – С. 98
  2. 1 2 Maksim Bahdanovič // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. 1 2 Богданович Максим Адамович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. Максім Багдановіч / Іван Навуменка. — Мн.: Бел. навука, 1997. — С. 4
  5. 1 2 3 Максім Багдановіч Архівавана 14 лістапада 2018.. Архивы Беларуси
  6. 1 2 3 4 5 6 7 8 Богданович Максим Адамович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 64. — 737 с.
  7. Бярозкін Р. С. Чалавек напрадвесні. Мн., 1986. С. 163
  8. Бярозкін Р. С. Чалавек напрадвесні. Мн., 1986. С. 75
  9. Максім Багдановіч. Маладыя гады: Выбранае. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2001.
  10. Багдановіч Максім // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Дубянецкі Э. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6
  11. 1 2 3 4 5 6 7 8 Богданович А. Е. Материалы к биографии Максима Адамовича Богдановича Архівавана 1 мая 2011. // Шлях паэта. Успаміны і біяграфічныя матэрыялы пра Максіма Багдановіча. — Мн.: Маст. літ., 1975.
  12. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Беларуская літаратура: Падручнік для 10 кл. /В. Я. Ляшук, А. А. Майсейчык, К. М. Мароз і інш. Пад рэд. В. Я. Ляшук. — Мн.: Рэдакцыя часопіса «Крыніца», 1997. — 608 с.: іл.
  13. Астафьев А. В., Астафьева Н. А. М. А. Богданович // Писатели Ярославского края. — Ярославль: Верхне-Волжское книжное издательство, 1974. — С. 190-196. — 248 с. — 5 000 экз.
  14. Максім Багдановіч / Іван Навуменка. — Мн.: Бел. навука, 1997. — С. 8
  15. Уладзімір Содаль. Ядвігін Ш. і Максім Багдановіч(недаступная спасылка) // Наша Ніва, 2001
  16. Назвы вершаў са зборніка «Вянок» тут і далей пададзеныя ў аўтарскай арфаграфіі
  17. Архівы Беларусі. Браніслаў Эпімах-Шыпіла: асоба і дзейнасць
  18. Багдановіч, М. А. Інтымны дзённік: выбр. тв. / Максім Багдановіч; уклад. Ул. Сіўчыкаў; прадм. Р. Барадуліна; маст. А. Кашкурэвіч. — Мн.: «Радыёла-Плюс», 2006. С. 504
  19. Дзе ў Беларусі ўшанаваная памяць Максіма Багдановіча?(недаступная спасылка) // Deutsche Welle, 23 сакавіка 2008
  20. 1 2 3 Данута Бічэль. Пакуль што адзіная // Наша вера, 3(25)/2003
  21. Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Мінск, 1992—1995.
  22. Літаратурны музэй Максіма Багдановіча / Рэд. Алесь Бяліцкі; адказн. рэд. Зміцер Саўка; макет. Аляксандр Вейнік; пераклад. Юлія Грыбкова, Віялета Паганава, Ілона Урбановіч. Друк: Orthdruk Białastok / Polska, 1996. С. 30—31
  23. Вацлаў Ластоўскі. Мае ўспаміны аб М. Багдановічу. 1925 Архівавана 25 верасня 2011.
  24. Данута Бічэль. Наш Непазнаны. Да 110-й гадавіны з дня нараджэння Максіма Багдановіча // Наша вера, красавік 2001
  25. Святлана Белая. Яраслаўль у лёсе Максіма Багдановіча: дакументальнае эсэ. — Мінск: «Беллітфонд», 2006. — С. 75
  26. Святлана Белая. Яраслаўль у лёсе Максіма Багдановіча: дакументальнае эсэ. — Мінск: «Беллітфонд», 2006. — С. 6
  27. Багдановіч, М. А. Інтымны дзённік: выбр. тв. / Максім Багдановіч; уклад. Ул. Сіўчыкаў; прадм. Р. Барадуліна; маст. А. Кашкурэвіч. — Мн.: «Радыёла-Плюс», 2006. С. 279—280
  28. Зборнік дакладаў: Матэрыялы дакладаў і паведамленняў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (2001 г.) «Максім Багдановіч і іншанацыянальныя літаратуры» // Літаратурны музей М.Багдановіча; Склад. І. В. Мышкавец. — Мінск, 2003. С. 52
  29. Багдановіч гаворыць пра сваю адзіную кнігу, якую ён паспеў выдаць: пра зборнік „Вянок“, які выйшаў у 1913 годзе (за чатыры гады да смерці)
  30. 1 2 Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча / Літ. музей М.Багдановіча. — Мн., 1996. С. 126
  31. Последствия романтического путешествия(недаступная спасылка) // Советская Белоруссия, 16 кастрычніка 2002
  32. Таямніца магілы Максіма Багдановіча // euramost.org, 5 студзеня 2006
  33. Магілу Багдановіча не перанесьлі ў Менск з-за «Салідарнасьці» // Беларускае Радыё Рацыя, 24 траўня 2008
  34. Бярозкін Рыгор. Чалавек напрадвесні: Расказ пра Максіма Багдановіча: Для ст. шк. узросту / Пер. з рус. Ю. М. Канэ; Маст. У. М. Вішнеўскі. — Мн.: Нар. асвета, 1986. С. 19
  35. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 Лойка А. А. Багдановіч // БЭ ў 18 т. Т. 2. — Мн.: БелЭн, 1996.
  36. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Леанід Казыра. Перакладчыцкая спадчына Максіма Багдановіча Архівавана 13 студзеня 2011.
  37. Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 2. Маст. проза, пераклады, літаратурныя артыкулы, рэцэнзіі і нататкі, чарнавыя накіды. — Мн:. Навука і тэхніка, 1993.— С. 291
  38. Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 2. Маст. проза, пераклады, літаратурныя артыкулы, рэцэнзіі і нататкі, чарнавыя накіды. — Мн:. Навука і тэхніка, 1993.— С. 360—361
  39. Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 3. Публіцыстыка, лісты, летапіс жыцця і творчасці. — Мн:. Навука і тэхніка, 1995.— С. 247
  40. Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 1. Вершы, паэмы, пераклады, чарнавыя накіды. — Мн:. Навука і тэхніка, 1991.— С. 571; с. 627
  41. Там жа, с. 636
  42. Беларускія пісьменнікі ў венгерскіх перакладах Архівавана 20 лістапада 2011. // Наша Ніва, 25 студзеня 2010
  43. Валентин Викторович Волков. Портрет Максима Богдановича. 1927 г. Архівавана 23 студзеня 2010. (руск.)
  44. Узор родного василька возвращается на Родину(недаступная спасылка) // Советская Белоруссия, 18 красавіка 2008 (руск.)
  45. Минск старый и новый. Улица Максима Богдановича. Архівавана 3 кастрычніка 2009. (руск.)
  46. Памятник Максиму Богдановичу Архівавана 11 лістапада 2009. (руск.)
  47. У Мінску пачаўся дэмантаж помніка Багдановічу Архівавана 12 чэрвеня 2008. // Наша Ніва, 15 красавіка 2008
  48. Пазняк параўнаў дэмантаж помніка Багдановічу з парваннем сцяга Ціцянковым // Наша Ніва, 15 красавіка 2008
  49. Помнік Максіму Багдановічу ўсталявалі каля Опернага тэатра на новым месцы(недаступная спасылка) // Еўрапейскае радыё для Беларусі, 26 чэрвеня 2008
  50. Филиал музея «Фольварк Ракутёвщина». Историческая справка Архівавана 22 снежня 2009. (руск.)
  51. Музей-сядзіба Максіма Багдановіча // Radzima.org
  52. Вёску Ракуцёўшчына, дзе калісьці адпачываў сам Максім Багдановіч, у гэтыя дні прыхільнікі яго творчасці ператвараюць у вялікую фестывальную пляцоўку Архівавана 20 красавіка 2013. // tvr.by, 3 жніўня 2009
  53. Сказка о мотыльке и аисте, или Дом поэта(недаступная спасылка) // Советская Белоруссия, 23 чэрвеня 2006

Літаратура

  • Майхровiч С. К. Maкciм Багдановiч, Mн.:, 1958.
  • Лойка А. Maкciм Багдановiч, Mн.:, 1966.
  • Максім Багдановіч: вядомы і невядомы (укладальнік Ціхан Чарнякевіч. Мінск, 2011.
  • Максім Багдановіч: энцыклапедыя. Мн.: БелЭн, 2011. — 608 с.: іл. ISBN 978-985-11-0584-3
  • Трус М. Максім Багдановіч: коды жыцця і творчасці. — Мінск: БДТУ, 2015. — 179 с.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Літаратурныя крытыкі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Публіцысты Беларусі Катэгорыя·Публіцысты Расіі Катэгорыя·Публіцысты паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі з беларускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з нямецкай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з украінскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з французскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя·Перакладчыкі на рускую мову Катэгорыя·Перакладчыкі на ўкраінскую мову Катэгорыя·Перакладчыкі паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову Катэгорыя·Літаратурныя крытыкі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be