Фрыдрых Шылер
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шылер.
Фры́дрых Шы́лер, Іага́н Крыс́таф Фрыд́рых фон Шы́лер (ням.: Johann Christoph Friedrich von Schiller; 10 лістапада 1759, Марбах-на-Некары, герцагства Вюртэмберг (цяпер — у зямлі Бадэн-Вюртэмберг, Германія) — 9 мая 1805, Веймар, герцагства Саксен-Веймар (цяпер — у зямлі Цюрынгія) — нямецкі паэт, філосаф, гісторык і драматург, прадстаўнік рамантычнага кірунку ў літаратуры. Увайшоў у гісторыю сусветнай літаратуры як палымяны абаронца чалавечай асобы. Цягам часу апошніх сямнаццаці гадоў яго жыцця (1788—1805), Шылер сябраваў з ужо вядомым і ўплывовым Іаганам Вольфгангам Гётэ, з якім ён абмяркоўваў пытанні па эстэтыцы і натхняў Гётэ на заканчэнне яго твораў, пакінутых у чарнавым варыянце. Гэты перыяд сяброўства двух паэтаў і іх літаратуразнаўчай палемікі ўвайшоў у нямецкую літаратуру пад назваю веймарскі класіцызм.
Спадчына паэта захоўваецца і вывучаецца ў Архіве Гётэ і Шылера ў Веймары.
Біяграфія
Паходжанне, адукацыя і ранейшая творчасць
Іаган Крыстаф Фрыдрых Шылер нарадзіўся 10 лістапада 1759 года ў невялікім мястэчку Марбах-на-Некары ў сям’і ваеннага фельчара Іагана Каспара Шылера (1723—1796) і дачкі карчмара Элізабет Даратэі Кодвайс (1732—1802). Бацькі паэта былі працоўныя людзі простага паходжання, патрыярхальна-рэлігійныя лютэране, выхаваныя ў духу строгага паўднёванямецкага, швабскага піетызма. Першыя восем год у іх не было дзяцей.
Адукацыя ў Лёрху. Людвігсбург
У 1764 годзе бацька Шылера быў прызначаны вярбоўшчыкам рэкрутаў і перасяліўся са сваёй сям’ёй у мястэчка Лёрх. У Лёрху хлопчык атрымаў пачатковую адукацыю ў мясцовага пастара Мозэра. Навучанне доўжылася тры гады і ў асноўным абумоўлівалася чытаннем і пісьмом на роднай мове, а таксама знаёмствам з лацінаю[6]. Шчыры і лагодны пастар потым быў увекавечаны ў першай драме пісьменніка «Разбойнікі».
Калі ў 1766 годзе сям’я Шылераў вярнулася ў Людвігсбург, Фрыдрых быў аддадзены ў мясцовую лацінскую школу. Вучэбная праграма ў лацінскай школе была няцяжкая: пяць дзён у тыдзень вывучалася лацінская мова, пятніцамі — родная мова, нядзелямі — катэхізіс. Цікавасць Шылера да заняткаў узрасла ў старэйшых класах, дзе вывучаліся лацінскія класікі — Авідзій, Вергілій і Гарацый. Пасля заканчэння лацінскай школы, здаўшы ўсе чатыры іспыты на выдатна, у красавіку 1772 года Шылер быў прадстаўлены да канфірмацыі[7].
Ваенная акадэмія ў Штутгарце
Яшчэ ў 1770 годзе Шылеры пераязджаюць з Людвігсбурга ў замак Соліцюд, дзе герцагам Вюртэмберга Карлам Яўгенам быў заснаваны сіроцкі інстытут для выхавання салдацкіх дзяцей. У 1771 гэты інстытут быў рэфармаваны ў ваенную акадэмію. У 1772 праглядаючы спіс выпускнікоў лацінскай школы Карл Яўген звяртае ўвагу на юнага Шылера, і, неўзабаве, у студзені 1773 яго сям’я атрымлівае позву, паводле якой яны мусілі аддаць сына ў ваенную школу-акадэмію «Карлсшуле», якая пасля будзе перанесена ў Штутгарт[8].
Пры паступленні ў Акадэмію Шылер быў залічаны ў першае бюргерскае аддзяленне на юрыдычным факультэце. З-за непрыязнага стаўлення да такога прадмета, як юрыспрудэнцыя, пад канец 1774 года будучы пісьменнік апынуўся адным з апошніх, а ў канцы 1775 навучальнага года — самым апошнім з васямнаццаці вучняў бюргерскага аддзялення юрыдычнага факультэта[9].
У 1776 годзе Шылер пераходзіць на медычны факультэт. Тут ён наведвае лекцыі таленавітых выкладчыкаў, у прыватнасці курс лекцыяй па філасофіі прафесара Абеля — улюбёнага выкладчыка акадэмічнай моладзі. У гэты перыяд Шылер канчаткова вырашае прысвяціць сябе паэтычнаму мастацтву. Ужо з першых год навучання ў Акадэміі Фрыдрых ад самага пачатку жыў паэтычнымі творамі Фрыдрыха Клопштака і ідэямі пісьменнікаў «буры і націску», пісаў невялікія паэтычныя творы. Колькі разоў яму нават прапаноўвалі пісаць віншавальныя оды ў гонар герцага і яго палюбоўніцы — графіні Францішкі фон Гоэнгайм[10].
У 1776 і 1777 гадах у «Швабскім вучоным часопісе» (ням.: Das schwebige Magazin) друкуюцца два яго творы: ідылія «Вечар» і ода «Заваёўнік», у якіх яшчэ вельмі выразна праглядаецца ўплыў Клопштакавай «Месіяды»[11].
Нягледзячы на паспяховую здачу выпускных іспытаў Шылер не здолеў скончыць Акадэмію ў 1779 годзе. Прапанаваная ім дысертацыя «Філасофія фізіялогіі» не была прызнана ні прафесарамі, ні герцагам. Камісія палічыла, што праца нагадвала болей паэтычны твор чым навуковае даследаванне. Шылер быў пакінуты ў Акадэміі на дадатковы год[12].
Разбойнікі. Анталогія на 1782 год.
14 снежня 1780 года Шылер атрымлівае дыплом лекара і пакідае Акадэмію. Сёлета пісьменнік уладкоўваецца палкавым доктарам у Штутгарце, але хутка халадзее да прыніжаючых лекарскіх заняткаў і скіроўвае сваю ўвагу на канчатковым рэдагаванні рукапісу «Разбойнікаў» (ням.: Die Räuber). У 1781 годзе п’еса была напісана. Пазычыўшы дзвесце гульдэнаў, увосень Шылер выпускае першае выданне і пад час яго друкавання адсылае карэктурныя аркушы ў Мангейм[заўв. 1], якія трапілі да дырэктара Мангеймскага тэатра барона фон Дальберга. Дальберг прыйшоў у захапленне ад «Разбойнікаў». Неўзабаве ён зліставаўся з Шылерам, настойваючы на тым, каб паэт змякчыў дужа яскравы рэвалюцыйны дух драмы. Неахвотна Шылер пачынае рэдагаваць твор. Змены крануліся пэўных рэзкіх сцэн і выказванняў, час дзеяння п’есы быў перанесены з перыяду Сямігадовай вайны на сто год таму[13].
Пасля прэм’еры ў Мангейме 13 студзеня 1782 года стала зразумела, што ў літаратуру прыйшоў таленавіты драматург. Цэнтральны канфлікт «Разбойнікаў» — гэта канфлікт паміж двума братамі: старэйшы, Карл Моор, на чале банды разбойнікаў сыходзіць у Багемскія лясы, каб караць тыранаў, пакуль Франц Моор імкнецца завалодаць маёнткам свайго бацька. Пакуль Карл Моор увасабляе лепшы, адважны, вольналюбівы пачатак, Франц Моор з’яўляецца прыкладам подласці, хітрасці і вераломства. У «Разбойніках», як ні ў адным творы нямецкага Адраджэння, знайшоў свой адкрыты выраз русаісцкі ідэал рэспубліканізму і народаўляддзя. Невыпадкова менавіта за гэту драму Шылер будзе ў гады Французскай рэвалюцыі ўганараваны званнем грамадзяніна Рэспублікі[14].
Адначасова з «Разбойнікамі» Шылер падрыхтаваў да друку збор вершаў, які быў выдадзены ў лютым 1782 года пад назвай «Анталогія на 1782 год» (ням.: Anthologie auf das Jahr 1782). Гісторыя стварэння анталогіі тычыцца маладога штутгарцкага паэта Готгальда Штэйдліна, які, прэтэндуючы на ролю главы швабскай школы, выдаў «Швабскі альманах муз на 1782 год». Шылер паслаў Штэйдліну для гэтага выдання некалькі вершаў, аднак, той згадзіўся надрукаваць толькі адзін, і тое, у скарачэнні. Тады Шылер сабраў забракаваныя Готгальдам вершы, напісаў яшчэ шэраг новых і, такім чынам, стварыў «Анталогію на 1782 год», супрацьпаставіўшы «Альманаху муз» свайго літаратурнага апанента. Дзеля большай містыфікацыі месцам выдання анталогіі быў пазначаны горад Табольск у Сібіры[15].
Уцёкі са Штутгарта. Огерсгайм
Усяго толькі за адну вандроўку ў Мангейм Шылер быў пасаджаны на гаўптвахту на 14 дзён, і яму было забаронена публікавацца. Пасля таго, як Карл Яўген даведаўся аб аўтарстве «Разбойнікаў» літаратурная дзейнасць у межах Вюртэмберга для Шылера была ўжо немагчыма. Тады ён вырашае ўцячы. Пасля свайго вызвалення, увечары 22 верасня 1782 года паэт прыйшоў на кватэру да свайго сябра Штрайхера, з якім ён неўзабаве і пакінуў Штутгарт[16].
Пераехаўшы мяжу Вюртэмберга Шылер накіраваўся ў мангеймскі тэатр з падрыхтаваным рукапісам «Змовы Фіеска ў Генуі» (ням.: Die Verschwörung des Fiesco zu Genua). Адміністрацыя тэатра, баючыся вюртэмбергскага герцага не спяшалася пачынаць перамовы на конт пастаноўкі п’есы. Шылеру радзяць не заставацца ў Мангейме, а паехаць у бліжэйшую вёску Огерсгайм. Там, са сваім сябрам Штрайхерам, драматург жыве ў паўгалечы пад выдуманым прозвішчам Шміт у вясковым шынку «Паляўнічы двор». Менавіта тут, увосень 1782 года Фрыдрых Шылер робіць першы накід варыянту трагедыі «Падступства і каханне» (ням.: Kabale und Liebe), якая пакуль яшчэ завецца «Луіза Мілер». Зрэшты, Шылер друкуе «Змову Фіеска ў Генуі» за мізэрны ганарар, які траціцца імгненна. У безвыходным становішчы драматург піша ліст да сваёй старой знаёмай Генрыеты фон Вальцогэн, якая неўзабаве прапаноўвае пісьменніку свой пустуючы маёнтак Баўэрбах[17].
1783—1788 гады. Пераасэнсаванне шцюрмерскіх поглядаў
Баўэрбах і вяртанне ў Мангейм
З 8 снежня 1782 года пад прозвішчам «доктар Рытэр» Шылер пасяліўся ў Баўэрбаху. Пісьменнік адразу прыняўся за заканчэнне драмы «Падступства і каханне», працу над якой скончыў у лютым 1783 года. Дагэтуль Шылерам быў зроблены накід новай, гістарычнай драмы «Дон Карлас» (ням.: Don Karlos). Фрыдрых вывучаў гісторыю іспанскага інфанта па кнігах з бібліятэкі мангеймскага герцагскага двара, якія яму пастаўляў знаёмы бібліятэкар. Акрамя гісторыі «Дона Карласа», Шылер пачынае вывучаць гісторыю шатландскай каралеўны Марыі Сцюарт. Пэўны час ён вагаецца, на якой з іх яму спыніцца, але выбар быў зроблены на «Дон Карласе»[18].
Студзень 1783 года стаў значнай датай у прыватным жыцці Фрыдрыха Шылера. У Баўэрбах, каб наведаць пустэльніка, прыехала гаспадыня маёнтка са сваёй шаснаццацігадовай дачкой Шарлотай. Нямецкі драматург закахаўся ў дзяўчыну і папрасіў у яе маці дазволу на шлюб, але тая не дала згоды, бо Шылер не меў ані гроша ў кішэні[19].
У гэты час яго сябар Андрэй Штрайхер рабіў усё магчымае, каб выклікаць зацікаўленасць адміністрацыі Мангеймскага тэатра да п’ес Шылера. Дырэктар тэатра барон фон Дальберг, ведаючы, што герцаг Карл Яўген ужо адмовіўся ад пошукаў свайго зніклага палкавога доктара піша Шылеру ліст, у якім цікавіцца літаратурнай дзейнасцю драматурга. Шылер адказаў даволі холадна і толькі сцісла пераказаў змест драмы «Луіза Мілер». Дальберг, аднак, адказаў згодай на пастанову абедзвюх драм — «Змова Фіеска ў Генуі» і «Луіза Мілер», — пасля чаго Фрыдрых у ліпені 1783 года вяртаецца ў Мангейм для ўдзелу ў падрыхтоўцы п’ес да пастановы[20].
Жыццё ў Мангейме
Нягледзячы на выдатную ігру акцёраў, «Змова Фіеска ў Генуі» ў цэлым не мела вялікага поспеху. Мангеймская тэатральная публіка знайшла п’есу надта вучонай. Пасля пастаноўкі папярэдняй драмы Шылер узяўся за пераробку сваёй трэцяй драмы — «Луіза Мілер». Пад час адной рэпетыцыі акцёр тэатра прапанаваў назваць драму «Падступства і каханне». Пад гэтай назвай п’еса была пастаўлена 15 красавіка 1784 года і мела найвелізарнейшы поспех[21]. «Падступства і каханне» ў няменшай меры, чым «Разбойнікі», праславіла імя аўтара як першага драматурга Германіі.
У лютым 1784 года Шылер быў абраны сябрам нядаўна арганізаванага Курцфальскага нямецкага таварыства, кіраўніком якога з’яўляўся дырэктар Мангеймскага тэатра Вольфганг фон Дальберг. Пад час цырымоніі афіцыйнага прыняцця паэта ў таварыства 20 ліпеня 1784 года ён прачытаў даклад пад загалоўкам «Які ўплыў можа мець добра ўладкаваны тэатр»[22]. Маральнае значэнне тэатра, выкліканага выкрываць заганы і ўхваляць дабрадзейнасць Шылер старанна прапагандуе ў заснаваным ім часопісе «Рэйнская Талія» (ням.: Rheinische Thalia), першы нумар якое выйшаў у 1785 годзе.
У Мангейме Фрыдрых Шылер пазнаёміўся з Шарлотай фон Кальб, маладой жанчынай з выдатнымі разумовымі здольнасцямі, захапленне якой прынесла пісьменніку шмат пакутаў. Яна пазнаёміла Шылера з веймарскім герцагам Карлам Аўгустам, калі той гасціў у Дармштаце. Драматург прачытаў у абраным коле, у прысутнасці герцага, першы акт сваёй новай драмы «Дон Карлас». Драма аказала вялікае ўражанне на прысутных. Карл Аўгуст падараваў аўтару пасаду веймарскага дарадцы, але нічым не палегчыў бядотнага стану ў якім знаходзіўся Шылер. Пісьменнік мусіў вярнуць пазыку ў дзвесце гульдэнаў, якія ён пазычыў у сябра на выданне «Разбойнікаў», але грошай у яго не было. У дадатак, пагоршыліся стасункі з дырэктарам Мангеймскага тэатра, у выніку якіх Шылер разарваў з ім кантракт[23].
Увосень 1784 года паэт згадаў аб лісце, які ён атрымаў паўгады таму ад лейпцыгскай суполкі прыхільнікаў яго творчасці на чале з Готфрыдам Кёрнерам. 22 лютага 1785 года Шылер адправіў ім ліст, у якім шчыра апісаў сваё цяжкае становішча і прасіў прыняць яго ў Лейпцыгу. Ужо 30 сакавіка ад Кёрнера прыйшоў ухвальны адказ. Адначасова ён даслаў паэту вексель на значную суму грошай, каб драматург здолеў разлічыцца са сваімі пазыкамі. Гэта быў пачатак шчыльнага сяброўства паміж Готфрыдам Кёрнерам і Фрыдрых Шылерам, якое доўжылася да самога скону паэта[24].
Лейпцыг і Дрэздэн
Калі 17 красавіка 1785 года Шылер прыбыў у Лейпцыг, яго сустрэлі Фердынанд Губер і сёстры Шток. Кёрнер у гэты час знаходзіўся па службовых справах у Дрэздэне. З першых дзён гасцявання ў Лейпцыгу Шылер сумаваў па Маргарыце Шван, якая засталася ў Мангейме. Ён звярнуўся да яе бацька з лістом, у якім патрабаваў рукі яго дачкі. Выдавец Шван даў магчымасць Маргарыце самой вырашыць гэта пытанне, але тая адмовіла Шылеру, які цяжка перажываў гэту новую страту. Хутка з Дрэздэна прыехаў Готфрыд Кёрнер, які вырашыў адсвяткаваць свой шлюб з Мінай Шток. Сагрэты сяброўствам Кёрнера, Губера і яго сябровак, Шылер акрыяў. Менавіта ў гэты час ён стварае свой гімн «Ода да радасці» (ням.: Ode An die Freude)[25].
11 верасня 1785 года па запрашэнні Готфрыда Кёрнера Шылер пераязджае ў вёску Лошвіц непадалёк ад Дрэздэна. Тут быў цалкам перароблены і скончаны «Дон Карлас», пачата новая драма «Мізантроп», складзены план і напісаны першыя главы раману «Духазорца» (ням.: Der Geisterseher). Тут жа былі скончаны яго «Філасофскія лісты» (ням.: Philosophische Briefe) — самае значнае філасофскае сачыненне маладога Шылера, напісанае ў эпісталярнай форме[26].
У 1786—1787 гадах праз Готфрыда Кёрнера Фрыдрых Шылер быў уведзены ў дрэздэнскае грамадскае асяроддзе. У гэты час ён атрымаў запрашэнне прыехаць ад вядомага нямецкага акцёра і тэатральнага дырэктара Фрыдрыха Шрэдэра з прапановай паставіць «Дона Карласа» ў Гамбургскім нацыянальным тэатры. Прапанова Шрэдэра была даволі прывабная, але Шылер, памятаючы мінулы досвед супрацоўніцтва з Мангеймскім тэатрам адмаўляецца ад запрашэння і едзе ў Веймар — цэнтр нямецкай літаратуры, куды яго старанна запрашае Хрыстоф Марцін Віланд для супрацоўніцтва ў яго літаратурным часопісе «Нямецкі Меркурый» (ням.: Der Teutsche Merkur)[27].
Веймар
У Веймар Шылер прыехаў 21 жніўня 1787 года. Кіраўніком драматурга ў лабірынце афіцыёзных візітаў стала Шарлота фон Кальб, пры садзейнічанні якой, Шылер пазнаёміўся з буйнейшымі тагачаснымі пісьменнікамі — Марцінам Віландам і Іаганам Готфрыдам Гердэрам. Віланд высока цаніў талент Шылера і асабліва захапляўся яго апошняй драмай — «Дон Карлас». Паміж двума паэтамі ўсталяваліся шчыльныя сяброўскія стасункі, якія захаваліся на доўгія гады[28]. На некалькі дзён Фрыдрых Шылер ездзіў ва ўніверсітэцкае мястэчка Ену, дзе быў цёпла сустрэты ў тамтэйшых літаратурных колах[29].
У 1787—1788 гадах Шылер выдаваў часопіс «Талія» (ням.: Thalia) і адначасова супрацоўнічаў у «Нямецкім Меркурыі» Віланда. Некаторыя творы гэтых гадоў былі пачаты яшчэ ў Лейпцыгу і Дрэздэне. У чацвёртым нумары «Таліі» друкаваўся главамі раман «Духазорца»[29].
З пераездам у Веймар і пасля знаёмства з слыннымі паэтамі і навукоўцамі Шылер стаў яшчэ больш крытычна ставіцца да сваіх здольнасцей. Усвядоміўшы нястачу асабістых ведаў, драматург амаль на цэлае дзесяцігоддзе адыходзіць ад мастацкай творчасці, у гэты ён час грунтоўна вывучае гісторыю, філасофію і эстэтыку.
1788—1805 гады. Перыяд веймарскага класіцызму
Пераезд у Ену. Енскі ўніверсітэт
Выхад у свет першага тома «Гісторыі адпадзення Нідэрландаў» летам 1788 года прынёс Шылеру славу выбітнага даследчыка гісторыі. Сябры паэта ў Ене і Веймары выкарыстоўвалі ўсе свае сувязі, каб дапамагчы яму атрымаць кафедру гісторыі ў Енскім універсітэце[30], які ў гэтыя часы перажываў перыяд буйнога росквіту. Фрыдрых Шылер пераехаў у Ену 11 мая 1789 года. Калі ён прыступіў да чытання лекцыяй універсітэт налічваў каля 800 студэнтаў. Уступная лекцыя пад назвай «Для якой мэты патрэбна вывучаць сусветную гісторыю?» (ням.: Was heißt und zu welchem Ende studiert man Universalgeschichte?) прайшла з вялікім поспехам. Слухачы Шылера ўстроілі яму авацыі. Нягледзячы на тое, што праца ўніверсітэцкага выкладчыка не забяспечвала яго дастатковымі матэрыяльнымі сродкамі, Шылер вырашыў прыпыніць сваё халастое жыццё. Даведаўшыся пра гэта, Карл Аўгуст прызначыў яму ў снежні 1789 сціплае жалаванне ў суме двухсот талераў у год, пасля чаго, Шылер зрабіў афіцыйную прапанову Шарлоце фон Ленгэфельд, і ў лютым 1790 года ў вясковай кірхе каля Рудольштата быў зладжаны шлюб.
Пасля заручынаў Шылер пачаў старанна рыхтаваць сваю новую кнігу — «Гісторыю Трыццацігадовай вайны», прыступіў да працы над шэрагам артыкулаў на тэму сусветнай гісторыі і зноў пачаў выдаваць часопіс «Рэйнская Талія», у якім апублікаваў свае пераклады трэцяй і чацвёртай кнігі «Энеіды» Вергілія. Пазней у гэтым часопісе былі апублікаваны яго артыкулы па гісторыі і эстэтыцы. У маі 1790 года Шылер працягнуў свае лекцыі ва ўніверсітэце: у гэтым вучэбным годзе ён публічна чытаў курс лекцый па трагічнай паэзіі, а прыватна — па сусветнай гісторыі[31].
У пачатку 1791 года Шылер захварэў на сухоты. У яго цяпер толькі зрэдчас наступалі прамежкі ў некалькі месяцаў альбо тыдняў, калі паэт быў бы здольны спакойна працаваць. Асабліва моцнымі былі першыя прыступы хваробы ўзімку 1782 года, з-за якіх ён быў вымушаны прыпыніць выкладанне ўніверсітэцкіх лекцыяй. Гэты змушаны адпачынак быў выкарыстаны Шылерам для больш глыбокага азнаямлення з філасофскімі працамі Імануіла Канта. Не здольны да працы, драматург знаходзіўся ў канечне благім матэрыяльным становішчы — не было грошай нават на танны абед і патрэбныя лекі. У гэты цяжкі момант па ініцыятыве дацкага пісьменніка Енса Багесена Шылеру прызначалі штогадовую субсідыю сумай у тысячу талераў, каб паэт здолеў аднавіць стан свайго здароўя. Дацкае субсідзіраванне цягнулася з 1792 па 1794 гады[32].
1793—1794 гады Вандроўка на радзіму. Часопіс «Оры»
Улетку 1793 года Шылер атрымаў ліст з бацькоўскага дома ў Людвігсбургу, у якім паведамлялася аб хваробе бацькі паэта. Шылер вырашае ехаць разам са сваёй жонкай на радзіму, каб пабачыцца з бацькам перад яго смерцю, наведаць маці і трох сёстраў, з якімі ён разлучыўся адзінаццаць год таму. Пад негалосным дазволам вюртэмбергскага герцага Карла Яўгена, праз Гайльборн Шылер пераехаў у Людвігсбург, дзе непадалёк ад герцагавай рэзідэнцыі жылі яго бацькі. Тут, 14 верасня 1793 года народзіцца першы сын паэта. У Людвігсбургу і Штутгарце Шылер сустракаўся са старымі настаўнікамі і даўнімі сябрамі па Акадэміі. Пасля смерці герцага Карла Яўгена Шылер наведваў ваенную акадэмію нябожчыка, дзе быў з захапленнем сустрэты маладым пакаленнем студэнтаў[33].
Падчас знаходжання на радзіме ў 1793—1794 гадах Шылер скончыў свой самы значны філасофска-эстэтычны твор «Лісты пра эстэтычнае выхаванне чалавека» (ням.: Über die ästhetische Erziehung des Menschen)[34].
Хутка пасля вяртання ў Ену паэт энергічна ўзяўся за работу і запрасіў усіх найбольш выбітных пісьменнікаў і мысляроў тагачаснай Германіі супрацоўнічаць у новым часопісе «Оры» (ням.: Die Horen). Фрыдрых Шылер планаваў аб’яднаць найлепшых нацыянальных пісьменнікаў Германіі ў літаратурнае таварыства[34].
У 1795 годзе Шылерам быў напісаны цыкл вершаў на філасофскія тэмы, блізкія сэнсам яго артыкулам па эстэтыцы: «Паэзія жыцця», «Улада песняспеву», «Танец», «Падзел зямлі», «Геній», «Надзея» і інш. У асноўным яны былі прысвечаныя ўхваленню прыгажосці і яе ўсеаднаўляльнай сіле, супрацьпастаўленай убоству рэчаіснасці. Лейтматывам праз усе вершы праходзіць думка аб гібелі ўсяго прыгожага і праўдзівага ў брудным, празаічным свеце. Паводле меркавання паэта, здзяйсненне дабрадзейных памкненняў мажліва толькі ў ідэальным свеце. Цыкл філасофскіх вершаў стаў першым паэтычным досведам Шылера пасля амаль дзесяцігадовага творчага перапынку[35].
Творчае супрацоўніцтва Шылера і Гётэ. «Ксеніі»
Збліжэнню двух паэтаў пасадзейнічала еднасць Шылера і Гётэ ў поглядах на Французскую рэвалюцыю і сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Германіі. Калі Шылер пасля паездкі на радзіму і вяртання ў Ену ў 1794 годзе ў праспекце часопіса «Оры» выклаў сваю палітычную праграму і запрасіў Гётэ ўдзельнічаць у літаратурным таварыстве, той адказаў згодай[36].
Больш шчыльнае знаёмства паміж літаратарамі адбылося ў ліпені 1794 года ў Ене. Пасля заканчэння пасяджэння прыродазнаўцаў, прама на вуліцы, паэты сталі абмяркоўваць змест выслуханага дакладу, і гэтак гутарачы, яны дайшлі да кватэры Шылера. Гётэ быў запрошаны ў дом. Там ён пачаў з вялікім імпэтам выкладаць сваю тэорыю метамарфозы раслін. Пасля гэтай размовы паміж Шылерам і Гётэ ўсталявалася сяброўскае ліставанне, якое не перапынялася да смерці Шылера і стала цікавым эпісталярным помнікам для сусветнай літаратуры[36].
Сумесная творчая дзейнасць Гётэ і Шылера перш за ўсё мела сваёй мэтай тэарэтычнае асэнсаванне і практычнае вырашэнне тых задач, якія ўзніклі перад літаратурай у новы, паслярэвалюцыйны перыяд. У пошуках ідэальнай формы паэты звярнуліся да антычнага мастацтва. У ім яны бачылі найвышэйшы ўзор чалавечай прыгажосці[37].
Калі ў «Орах» пачалі з’яўляцца новыя творы Гётэ і Шылера, у якіх адлюстраваўся культ антычнасці, высокі грамадзянскі і маральны пафас, рэлігійны індыферэнтызм, супраць іх пачаўся паход з боку шэрага газет і часопісаў, у якіх крытыкі асуджалі трактоўку некаторых рэлігійных, палітычных, філасофскіх і эстэтычных пытанняў. Два нямецкіх паэта вырашылі адказаць сваім супернікам, падвергнуўшы бязлітаснаму выкрыванню ўсё пахабства і няздатнасць сучаснай ім нямецкай рэчаіснасці ў форме, якая была падказаны Шылеру Гётэ, двухрадкоўяў, па ўзору «Ксеній» Марцыяла[38].
Пачынаючы са снежня 1795 года, цягам васьмі месяцаў, абодва паэта спаборнічалі ў стварэнні эпіграм; да кожнага ліста з Ены ў Веймар і наадварот прыкладаліся «Ксеніі» на прагляд, водгук і дапаўненне. Такім чынам, сумеснымі высілкамі ў перыяд са снежня 1795 да жніўня 1796 года было створана каля васьмісот эпіграм, з якіх чатырыста чатырнаццаць былі адабраны як найбольш удалыя і апублікаваныя ў «Альманахе муз» за 1797 год. Тэматыка «Ксеній» была вельмі рознабаковая. Яна ўключала пытанні палітыкі, філасофіі, гісторыі, рэлігіі, літаратуры і мастацтва. У іх закранаецца звыш двухсот пісьменнікаў і літаратурных твораў[39]. «Ксеніі» — самае ваяўнічае са створаных абодвума класікамі сачыненняў.
У другой палове 1790-х Шылер напісаў цыкл вершаў на культурна-гістарычныя тэмы. 1797 год вызначаюць як «год балад» Шылера, бо сёлета ён піша вершы «Пальчатка» (ням.: Der Handschuh), «Палікратаў пярсцёнак» (ням.: Der Ring des Polykrates), «Ібікавы журавы» (ням.: Die Kraniche des Ibykus), «Келіх» (ням.: Der Taucher),
Пераезд у Веймар
Жывучы ў Ене, Шылер быў пазбаўлены магчымасці непасрэднай камунікацыі з тэатрам, таму драматург імкнуўся пераехаць у Веймар, дзе ён быў бы здольны вырашаць розныя мастацкія пытанні, якія ўзнікалі падчас работы над новымі драмамі, шляхам сумеснага абмеркавання з буйнымі тамтэйшымі акцёрамі. Пераезд Шылера ў Веймар быў ухвалены і Гётэ, які ўжо шмат год працаваў над стварэннем Нацыянальнага нямецкага тэатра ў Веймары. Паэт, аднак, зноў сутыкнуўся з матэрыяльнымі цяжкасцямі. У сувязі з пераездам ён быў вымушаны звярнуцца да Карла Аўгуста з хадайніцтвам аб павелічэнні субсідыі яшчэ на дзвесце талераў. Той даў згоду і ўвосень 1799 года Шылер разам з сям’ёй пераехаў у Веймар.
Адразу ж пасля таго як Шылер перасяліўся, ён пачаў дапамагаць Гётэ ў кіраванні тэатрам. Складаючы тэатральны рэпертуар, Шылер у пачатку 1800 года пераклаў і апрацаваў шэкспіраўскага «Макбета», «Натана Мудрага» Лесінга, «Федру» Расіна, дзве камедыі «Паразіт» і «Пляменнік за дзядзьку» французскага драматурга Луі Бенуа Пікара і інш[40].
У гэты перыяд Шылер імкнецца стварыць сапраўды народную (і зместам і формай) драму, супрацьпастаўляючы яе драме заснаванай на традыцыях французскага класіцызма (т.зв. «класіцызма Людовікаў»). З неўласцівай для Шылера непастаяннасцю ён перапрацоўвае розныя гістарычныя сюжэты, якія так і не атрымалі свайго канчатковага завяршэння. Першая з задуманых гістарычных трагедый — «Мальтыйцы» — павінна была адлюстроўваць той момант у гісторыі мальтыйскага ордэна, калі амаль увесь востраў Мальта быў захоплены султанам Солі-Сан Эльма. Сюжэт гэта драмы вельмі хутка перастаў цікавіць Шылера, і, акрамя некалькіх варыянтаў плана і накідаў першай сцэны, больш нічога не было напісана. Наступным сюжэтам, які перапрацоўваў Шылер была гісторыя пра самазванца Варбека, дзеянне якое адбывалася ў Англіі канца XV стагоддзя. Але, пакінуўшы і гэты сюжэт, Шылер вяртаецца да даўняй задумы напісаць трагедыю ў самай строгай грэчаскай форме. План новай драмы пад назвай «Месінская нявеста» (ням.: Die Braut von Messina) быў гатовы 13 мая 1801 года. Шылер прыступіў да напісання трагедыі толькі праз год, улетку 1802 года і скончыў 1 лютага 1803 года[41]. У гэта драме Шылер ужывае нетыповую для сваіх трагедый форму — класічную, у духу старажытнагрэчаскіх трагедый. Сюжэт твора складае гісторыя пра разлады ў княжацкім сіцылійскім родзе, якія прыводзяць да яго фізічнага знішчэння[42].
Работа над «Месінскай нявестай» не адцягвала Шылера ад асноўнай лініі яго творчых і ідэйных шуканняў, ад пошукаў сюжэта, які мог бы быць пакладзены ў аснову сапраўднай народнай драмы, якая бы ўвасабляла вялікі ідэйна-гістарычны канфлікт. Таму, з восені 1802 года Шылер канчаткова засяроджваецца на сюжэце з гісторыі нацыянальна-вызваленчай барацьбы Швейцарыі XIV ст., пра які ён упершыню даведаўся ад Гётэ. Пасля працяглай пачатковай работы ў жніўні 1803 года Шылер пачаў пісаць першыя акты, а 18 лютага 1804 года скончыў драму аб Вільгельме Тэле.
У сваім апошнім завершаным творы Шылер апрацоўвае матэрыял старой швейцарскае хронікі пра стралка Вільгельма Тэля, героя народнага падання. У цэнтры падзей — паўстанне швейцарцаў супраць аўстрыйскага прыгнёту. Змаганне за волю тут паказваецца як агульнанародная справа. Найважнейшае месца ў п’есе займае сцэна на Рутлі, у якой прадстаўнікі трох швейцарскіх кантонаў прысягаюць, што мусяць разам змагацца супраць прыгнятальнікаў. Галоўны герой твора Вільгельм Тэль на працягу дзеяння п’есы ператвараецца са спакойнага, стрыманага і нават крыху пасіўнага чалавека ў сапраўднага змагара за інтарэсы сваёй краіны. Разам з тым у яго ўчынках выяўляецца пэўная замкнёнасць, імкненне разлічваць толькі на свае сілы. Шылер адзін з першых у літаратуры новага часу праўдзіва паказаў гэту асаблівасць сялянскай псіхалогіі, бо Вільгельм Тэль быў выхадцам менавіта з сялянства[42].
Апошнія гады жыцця
Апошнія два-тры гады жыцця Шылера праходзяць у пастаяннай барацьбе з хваробай. Да канца жыцця драматург прымаў удзел у дзейнасці Веймарскага тэатра. Увосень 1803 года Гётэ і Шылер часта бывалі ў Ене, клапоцячыся аб паляпшэнні работы Енскага ўніверсітэта.
У сакавіку 1804 года Шылеру прыйшло запрашэнне ад старога сябра-акцёра, які быў дырэктарам Прускага нацыянальнага тэатра, прыехаць на некаторы час у Берлін. Драматург згадзіўся і прабыў там разам з сям’ёй два тыдні — з 1 па 21 мая 1804 года. Уплывовыя асобы гораду жадалі таго, каб драматург канчаткова перасяліўся ў Берлін, і, каб дамагчыся згода Шылера, яму былі прапанаваны тры тысячы талераў штогадовае субсідыі і пасада прафесара ў гарадскім універсітэце. Паэт сур’ёзна ўзважваў гэткую прапанову, але з-за рэзкага пагаршэння свайго здароўя быў вымушаны адмовіцца[43].
Увесну 1804 Шылер распачаў працу над новай драмай. Ён спыніўся на гісторыі пра Ілжэдзмітрыя, якую ён не здолеў скончыць. У 1815 годзе Хрысціян Готфрыд Кёрнер на выснове накідаў і запісаў, якія засталіся пасля смерці Шылера, склаў поўны план драмы пра Ілжэдзмітрыя і апублікаваў яго ў дадатках да фрагментаў, якія паэт паспеў напісаць. Для беларускага чытача няскончаная драма Шылера ўяўляе сабой асобую цікавасць у сувязі з тым, што адной з асоб, якая дзейнічае ў п’есе з’яўляецца дзеяч беларускай гісторыі канцлер Леў Сапега[44].
Увосень 1804 года здароўе паэта значна пагоршылася. Улетку ён суправаджаў цяжарную жонку ў Ену на лекарскую кансультацыю, там ён моцна прастудзіўся і вярнуўся ў Веймар вельмі хворым. У кароткіх прамежках паміж прыступамі Шылер працаваў над «Дзімітрыем», і нават абдумваў сюжэт для новай драмы «Смерць Фелістокла». Аднак агульнае нядужанне пачало ўзмацняцца і 9 мая 1805 года а шостай гадзіне вечара Шылер сканаў[45].
Пахаванні былі назначаны на нядзелю 12 мая. Цела Шылер паклалі ў дубовую труну, з 11 на 12 мая вынеслі на стары цвінтар царквы Св. Якаба і апусцілі ў прыцаркоўны склеп. Тут рэшткі нямецкага паэта захоўваліся да 1826 года, пакуль склеп пры царкве не ліквідавалі. З цяжкасцю атрымалася адшукаць сярод іншых дваццаці трох пахаваных чэрап Шылера. Гётэ апазнаў чэрап свайго сябра-нябожчыка і перанёс яго ў веймарскую бібліятэку. Пазней, рэшткі Фрыдрыха Шылера былі перанесены ў фамільны склеп веймарскіх герцагаў, у якім яны дагэтуль захоўваюцца ў простым саркафагу побач з саркафагам Гётэ[45].
Творчыя здабыткі
У ранніх драмах перыяду «Буры і націску» («Разбойнікі», паст. 1782; «Змова Фіеска ў Генуі», «Каварства і каханне», абедзве паст. 1784) выявіліся бунтарскія імкненні Шылера да свабоды, пратэст супраць тыраніі і дэспатызму. У філасофскай лірыцы (ода «Да радасці», вершы «Багі Грэцыі», «Песня пра звон» і інш.) і гістарычных п’есах (драматычная паэма «Дон Карлас», паст. 1787; трылогія «Валенштайн», паст. 1798—99; рамантычныя трагедыі «Марыя Сцюарт», паст. 1800; «Арлеанская дзева», паст. 1801; народная драма «Вільгельм Тэль», паст. 1804) Шылер развіваў ідэі Асветніцтва. Сусветна вядомыя яго балады: «Кубак», «Пальчатка», «Паліхратаў пярсцёнак», «Ібікавы журавы» (усе 1797).
Фрыдрых Шылер таксама аўтар прац па эстэтыцы: «Пра трагічнае ў мастацтве» (1792), «Пісьмы пра эстэтычнае выхаванне чалавека» (1795), «Пра этычную і драматычную паэзію» (1797); па гісторыі «Гісторыя Трыццацігадовай вайны» (1793) і інш.
Паштовыя маркі і манеты
- Паштовая марка Нямецкай федэральнай пошты да 150-годдзя са дня смерці Шылера (1955).
- Паштовая марка Нямецкай федэральнай пошты да 200-годдзя з дня нараджэння Шылера (1959).
- Паштовая марка Нямецкай федэральнай пошты з серыі прысвечанай вядомым немцам (1962).
- Памятная манета ГДР (1972).
- Паштовая марка пошты ГДР прысвечаная 200-ым угодкам з дня ўступлення Шылера ў пасаду ў Енскім універсітэце
Творы
Драматычныя творы
- «Разбойнікі» (ням.: Die Räuber, 1781)
- «Змова Фіеска ў Генуі» (ням.: Die Verschwörung des Fiesco zu Genua, 1783)
- «Падступства і каханне» (ням.: Kabale und Liebe, 1784)
- «Дон Карлас» (ням.: Don Karlos, 1787)
- трылогія Валенштайн (ням.: Wallenstein, 1799)
- «Марыя Сцюарт» (ням.: Maria Stuart, 1800)
- «Дзяўчына з Арлеана» (ням.: Die Jungfrau von Orléans, 1801)
- «Месінская нявеста» (ням.: Die Braut von Messina, 1803)
- «Вільгельм Тэль» (ням.: Wilhelm Tell, 1803/04)
- «Дзімітрый» (ням.: Demetrius, незавершаная, 1805)
Філасофскія працы
- Філасофія фізіялогіі (ням.: Philosophie der Physiologie, 1779)
- Пра ўзаемасувязь жывёльнае прыроды чалавека з яго духоўнай прыродай (ням.: Über den Zusammenhang der tierischen Natur des Menschen mit seiner geistigen, 1780)
- Die Schaubühne als eine moralische Anstalt betrachtet, 1784
- Пра прычыну асалоды, якую дастаўляюць трагічныя прадметы (ням.: Über den Grund des Vergnügens an tragischen Gegenständen, 1792)
- Пра грацыю і годнасць (ням.: Über Anmut und Würde, 1793)
- Калій, альбо пра прыгажосць (ням.: Kallias-Briefe, 1793)
- Лісты пра эстэтычнае выхаванне чалавека (ням.: Über die ästhetische Erziehung des Menschen, 1795)
- Пра наіўную і сентыментальную паэзію (ням.: Über naive und sentimentalische Dichtung, 1795)
- Пра дылетанцтва (ням.: Über den Dilettantismus, 1799; у суаўтарстве з Гётэ)
- Пра ўзнёслае (ням.: Über das Erhabene, 1801)
Гістарычныя працы
- «Гісторыя адпадзення Нідэрландаў» (ням.: Geschichte des Abfalls der vereinigten Niederlande von der spanischen Regierung, 1788)
- «Гісторыя Трыццацігадовай вайны» (ням.: Geschichte des dreissigjährigen Kriegs, 1790)
- «Для якой мэты патрэбна вывучаць сусветную гісторыю?» (ням.: Was heißt und zu welchem Ende studiert man Universalgeschichte?)
Проза
- Духазорца (ням.: Der Geisterseher, незавершаная, 1786—1789)
- Лісты пра эстэтычнае выхаванне чалавека (ням.: Über die ästhetische Erziehung des Menschen in einer Reihe von Briefen, 1794)
- Злачынец праз страчаны гонар (ням.: Der Verbrecher aus verlorener Ehre, 1786)
Паэмы
- Да радасці (ням.: An die Freude, 1785)
- Мастакі (ням.: The Artists, 1785)
- Падзел зямлі (ням.: Die Teilung der Erde, 1785)
- Багі Грэцыі (ням.: Die Götter Griechenlands, 1788)
- Нырэц (ням.: Der Taucher, 1797)
- Пальчатка (ням.: Der Handschuh, 1797)
- Ібікавы журавы (ням.: Die Kraniche des Ibykus, 1797)
- Рыцар Тагенбург (ням.: Ritter Toggenburg, 1797)
- Пярсцёнак Палікрата (ням.: Der Ring des Polykrates, 1798)
- Песня аб звоне (ням.: Das Lied von der Glocke, 1799)
- Свята пераможцаў (ням.: Das Siegesfest, 1803)
Пераклады
- Дэні Дзідро: Жак Фаталіст (частковы пераклад, 1785)
- Еўрыпід: Эфігенія ў Аўлідзе
- Еўрыпід: Фінікіянкі (асобныя сцэны)
- Уільям Шэкспір: Макбет (1800)
- Карл Гоцы: Турандот (1801)
- Луі Бенуа Пікар: Паразіт (1803)
- Луі Бенуа Пікар: Пляменнік за дзядзьку (1803)
- Жан Расін: Федра (1805)
Беларускія пераклады
Да паэзіі Шылера ў сваёй творчасці звярталіся такія дзеячы беларускай культуры, як Янка Лучына, Максім Багдановіч і Янка Купала. Сярод перакладчыкаў яго вершаў і балад на беларускую мову, акрамя Багдановіча — Юрка Гаўрук, Максім Лужанін, Уладзімір Клішэвіч, Ніна Мацяш і Васіль Сёмуха. Першы пераклад «Падступства і кахання» (пад назвай «Каварства і каханне») зрабіў Кузьма Чорны, «Вільгельма Тэля» пераклаў Алесь Дудар. «Разбойнікі» былі перакладзены на беларускую Піменам Панчанкам. Шылеравы п’есы на Беларусі ставіліся на рускай і польскай мовах пачынаючы з 1840—1850-х гадоў, пасля пастаноўкі адбываліся і на беларускай мове.
У 1993 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў серыі «Скарбы сусветнай літаратуры» быў выдадзены буйнейшы збор твораў Шылера ў беларускіх перакладах. З прадмовай ад Лявона Баршчэўскага выданне змяшчала пераклады некалькіх шылераўскіх вершаў і балад («Амалія», «Мастакі», «Падзел зямлі», «Дзяўчына з далёкага края», «Пальчатка», «Рыцар Тогенбург» і «Надзея») у перакладах Юркі Гаўрука, Васіля Сёмухі і Яўгена Бяласіна. З драматычных твораў Шылера ў выданні былі надрукаваны трагедыя «Падступства і каханне» ў перакладзе Міколы Ермалаева, драматычная паэма «Дон Карлас, інфант іспанскі» ў перакладзе Лявона Баршчэўскага, псіхалагічная трагедыя «Марыя Сцюарт» у перакладзе Васіля Сёмухі і драма «Вільгельм Тэль» у перакладзе Уладзіміра Папковіча.
Факты
- Фрыдрых Шылер прымаў удзел у дзейнасці літаратурнага таварыства «Блюменордэн» (ням.: Blumenorden), створанага Георгам Філіпам Харсдорферам ў XVII стагоддзі для «ачышчэння нямецкай літаратурнай мовы», моцна засмечанай ў час Трыццацігадовай вайны[46].
- Сусветна вядомая яго «Ода да радасці» (1785), музыку да якой напісаў Людвіг ван Бетховен.
- Шылер — аўтар вядомага выразу «Маўр выканаў сваю работу, маўр можа ісці» (ням.: Der Mohr hat seine Arbeit getan, der Mohr kann gehen), якую прамаўляе адзін з герояў, маўр, у п’есе «Змова Фіеска ў Генуі» (дзея 3, з’ява 4).
Заўвагі
- ↑ Тагачасны Мангейм уваходзіў у склад Баварскага каралеўства, якое не падпарадкоўвалася герцагу Вюртэмбергскаму.
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- 1 2 3 4 Либинзон З. Е. Шиллер // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 8.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118607626 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 10 снежня 2014.
- 1 2 Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118607626 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 16
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 18—19
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 20
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 21
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 23—27
- ↑ Шылер Ф. Вершы і балады. Драмы: З ням. / Уклад., прадм. і камент. Л. Баршчэўскага.— Мн.: Маст. літ., 1993.— С. 8
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 29—30
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 35—37
- ↑ Разумовская М., Синило Г., Солодовникова С. Литература XVII—XVIII веков. Мн.: Университетское, 1989.— С. 205
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 38—39
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 42—45
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 66—69
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 69—70
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 71
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 71—72
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 73
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 113
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 116—118
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 118—119
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 120
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 122—123
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 123—124
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 148—149
- 1 2 Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 150
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 157
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 159—160
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 194—195
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 197
- 1 2 Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 198
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 254—255
- 1 2 Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 229—230
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 240
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 259
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 260
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 353
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 356—357.
- 1 2 Шылер Ф. Вершы і балады. Драмы: З ням. / Уклад., прадм. і камент. Л. Баршчэўскага.— Мн.: Маст. літ., 1993.— С. 13
- ↑ Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 383—384
- ↑ Шылер Фрыдрых Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету. Мінск, 1995.
- 1 2 Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 388—397
- ↑ Karin Lucke.Franken.Köln: DuMont Buchverlag. 1994. ISBN 3-7701-3413-3
Бібліяграфія
Крыніцы тэкстаў
- Вершы і балады; Драмы: З ням. / Уклад.,прадм.і камент. Л.Баршчэўскага. - Мн.: Маст.літ., 1993. - 653 с. — (Скарбы сусвет.літ.).
- Рамэо і Джульета; Гамлет, прынц Дацкі: Трагедыі / Вільям Шэкспір. Тарцюф, альбо Ашуканец : Камедыя / Жан Батыст Мальер. Разбойнікі : Драма : [Да зб. у цэлым: Пер. П. Панчанкі. - Мн., 1996.
- Шылер, В. Вільгельм Тэль. — Менск : Дзярж. выд-ва БССР, 1934.
- Шылер, Фрыдрых. Улада песняспеву / Фрыдрых Шылер; Пер. з ням.мовы А.Лойкі; Даследчая частка — у сааўтарстве з Г.Аўэрсвальдам. — Мн. : БДУ, Каф. бел. літ. XX ст. : Енскі ўн-т, 1997. — 168с. — 800.
- Балады : Для стар. шк. узросту / Пер. з ням. Ю.Гаўрука; Маст.Г.Паплаўскі. — Мн. : Юнацтва, 1981.
- Маланкай жагнаныя / Енскі ўн-т імя Ф.Шылера, Ін-т славістыкі, Беларус. дзярж. ун-т, Каф. беларус. літ. XX ст.: Антал. ням. клас. рамант. паэзіі XIX ст. — Слонім: Слоним. тип., 2004. — 319 с.
- Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928. С. 95.
- Выбраная паэзія / Фрыдрых Шылер. — Мінск : Зміцер Колас, 2018. — 90 с. — («Паэты планеты»).
Даследаванні
- Гаўрук Ю. Пясняр радасці і хараства // Маладосць. 1959. № 11.
- Сакалоўскі У. Шылер // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1), ISBN 985-11-0035-8.
- Баршчэўскі, Л. Леў Сапега — Шылераўскі герой / Л. Баршчэўскі // Спадчына. — 1995. — № 3. — С. 57-59.
- Абуш А. Шиллер. Величие и трагедия немецкого гения. М., 1964.
- Веселовский Ю. Шиллер и его герои // Веселовский Ю. Литературные очерки. — М.: Типо-литография А. * В. Васильева, 1900. — С. 181-213.
- Горнфельд А. Как работали Гете, Шиллер и Гейне. Мир 1933г. 152с.
- Ланштейн П. Жизнь Шиллера. М., 1984.
- Либинзон З. «Коварство и любовь» Шиллера. М., 1969.
- Либинзон З.Е. Фридрих Шиллер. М., 1990.
- Лозинская Л.Ф. Шиллер. М., 1960.
- Пронин В. А. Шиллер // Зарубежные писатели: Биобиблиографический словарь: В 2 ч. М., 2003. Ч. 2. С. 568-573.
- Фридрих Шиллер. Статьи и материалы. М., 1966.
- Чечельницкая Г.Ф. Шиллер. М., 1959.
- Шиллер Ф.П. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество. М., 1955.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Фрыдрых Шылер
- П’еса «Марыя Сцюарт» у перакладзе Васіля Сёмухі Архівавана 18 верасня 2009.
- Вершы «Мастакі» і «Песня пра звон» у перакладзе Васіля Сёмухі Архівавана 20 ліпеня 2011.
- Вершы Шылера ў перакладзе на беларускую мову(недаступная спасылка)
- Вершы Шылера ў перакладзе на беларускую мову Архівавана 21 ліпеня 2011.
- Універсітэт імя Фрыдрыха Шылера ў Ене (ням.)
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |