Алесь Дудар
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дайлідовіч. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дудар. Алесь Дуда́р (сапр.: Алякса́ндр Алякса́ндравіч Дайлідо́віч; 24 снежня 1904, в. Навасёлкі, цяпер Гомельская вобласць — 29 кастрычніка 1937, Менск, НКУС) — беларускі паэт, крытык, перакладчык.
Біяграфія
Нарадзіўся ў вёсцы Навасёлкі Мазырскага павета Мінскай губерні ў сям’і беззямельнага селяніна
У час Першай сусветнай вайны Дайлідовічы знаходзіліся ў бежанстве. Выязджалі ў горад Казлоў Тамбоўскай губерні Расіі (цяпер Мічурынск). Вясной 1917 года сям’я вярнулася на Беларусь.
Па заканчэнні ў 1921 годзе сярэдняй школы (паводле іншых звестак — сямігодкі) уступіў у тэатральную трупу Уладзіслава Галубка. У 1923 годзе адзін з заснавальнікаў менскай, віцебскай і полацкай філій літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1927—1928 гадах вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У выніку кампаніі супраць беларускіх пісьменнікаў-студэнтаў быў вымушаны пайсці з універсітэта. У снежні 1927 года выйшаў з «Маладняка» і далучыўся да новага літаратурнага аб’яднання «Полымя».
20 сакавіка 1929 года арыштаваны Дзяржаўным палітычным упраўленнем БССР за верш «Пасеклі наш край папалам…». Высланы на тры гады ў Смаленск (РСФСР). 22 ліпеня 1930 года яго арыштавалі ў Смаленску і прывезлі ў Менск на допыты па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». У 1931 годзе ізноў у Смаленску. Па сканчэнні тэрміну высылкі вярнуўся ў Менск. Сябар Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года. У 1935—1936 гадах займаўся перакладамі.
Трэці раз арыштаваны 31 кастрычніка 1936 года ў Менску па адрасе: вуліца Правадная, д. 15а, кв. 2. 3 чэрвеня 1937 года Галоўнае ўпраўленне ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Алеся Дудара трэба было «спальваць»[1]. 28 кастрычніка 1937 года пазасудовая калегія НКУС асудзіла Алеся Дудара да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці як «члена антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Расстраляны ў сутарэннях менскай унутранай турмы НКУС («амерыканкі») у ноч масавага расстрэлу беларускіх дзеячаў з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.
Пасмяротна рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 21 верасня 1957 года. Асабовая справа Алеся Дудара № 10861-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Творчасць
Дэбютаваў вершам у 1921 (газета «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Беларусь бунтарская» (1925), «Сонечнымі сцежкамі» (1925), «І залацісцей, і сталёвей» (1926), «Вежа» (1928), паэмы «Шанхайскі шоўк» (1926), «Слуцак» (1935), зборнік апавяданняў «Марсельеза» (1927). У 1959 годзе выйшлі Выбраныя творы, у 1984 годзе — зборнік вершаў і паэм «Вежа». Разам з Андрэем Александровічам і Анатолем Вольным напісаў раман «Ваўчаняты» (1925).
Выступаў як крытык. Пад псеўданімам Т. Глыбоцкі выдаў зборнік артыкулаў «Пра літаратурныя справы» (1928).
Перакладаў з рускай, нямецкай, французскай моў. Пераклаў раман «Еўгеній Онегін» і некаторыя творы Аляксандра Пушкіна, «Дванаццаць» Аляксандра Блока, урыўкі з «Фаўста» Ёгана Гётэ, творы Сяргея Ясеніна, Барыса Пастарнака, Мікалая Ціханава, Гайнрыха Гайнэ, Эрыха Вайнерта і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі «Выбраныя вершы» Станіслава Стандэ (1932), аповесць Фёдара Гладкова «Новая зямля» (1932), раман Уладзіміра Кузьміча «Крыллі авіяспіралі» (1932), «Апавяданне пра кайданы» Мікалая Ляшко (1933), «Вільгельм Тэль» Фрыдрыха Шылера (1934), «Жаніцьба Фігара» П’ера Бамаршэ (1936).
Выкарыстоўваў псеўданімы і крыптанімы: Т. Глыбоцкі; Тодар Глыбоцкі; Ал. Д.; Т. Г.; Т.Г-кі; Арцём Яроцкі.
Памяць
У 2018 годзе вуліца ў Мінску (жылы раён Лошыца) была названая ў гонар Алеся Дудара.
У 2019 годзе выйшаў з друку гістарычны раман Ганны Севярынец «Гасцініца „Бельгія“», у якім Алесь Дудар адзін з цэнтральных персанажаў[2][3].
Бібліяграфія
- Беларусь бунтарская. Мн., БДВ, 1925
- Сонечнымі сцежкамі. Мн., БДВ, 1925
- І залацісцей, і сталёвей. Мн., БДВ, 1926
- Марсельеза. Апавяданні. Мн., 1927
- Пра літаратурныя справы. Крытычныя артыкулы. (Пад псеўданімам «Тодар Глыбоцкі»). Мн.,1928
- Вежа. Вершы. Мн., 1928.
- Выбраныя творы. Укладанне С.Баркоўскага. Мн., 1959;
- Вежа: Вершы і паэмы. Укладанне М.Яроша. Мн., 1984.
- Выбраныя творы / укладанне, прадмова, каментар Ганна Севярынец. — Мн .: Лімарыус, 2017. — 480 с. — (Галасы Айчыны). — 300 экз. — ISBN 978-985-6968-66-5.
Зноскі
- ↑ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
- ↑ Севярынец Г. К., 2019
- ↑ Ім было што сказаць. Менск, які памятае рэпрэсаваных пісьменнікаў // budzma.by 16 красавіка 2019
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 311. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- Дудар Алесь // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Дудар Алесь // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Багдановіч І. Будучыня з сінімі крыламі: Літаратурны партрэт А. Дудара // Роднае слова. 1994, № 12;
- Міхнюк У. Арыштаваць у высылцы: Дакументальны нарыс пра Алеся Дудара. Мн., 1996;
- Маракоў Л. Алесь Дудар: штрыхі да партрэта пісьменніка // Роднае слова. 2001. № 12.
- Севярынец Г. К. Гасцініца «Бельгія»: раман. — Мн .: Регистр, 2019. — 376 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-7215-04-1.
Спасылкі
Алесь Дудар у Вікікрыніцах | |
Алесь Дудар на Вікісховішчы |
- Грай, Дудар // zviazda.by (часопіс «Маладосць»). — 10 снежня 2019.
- Расстраляныя літаратары. Алесь Дудар, бунтоўны паэт, двойчы высланы, аднойчы забіты // svaboda.org. — 09 кастрычніка 2017.
- Севярынец Г. «За ўсходнім дэспатам-царком мы бегаем на задніх лапах»: стала вядомая дакладная дата напісання легендарнага «Пасеклі край наш папалам» // nashaniva.by. — 26 лютага 2018.
- Севярынец Г. Не-герой свайго часу. Жыццё і смерць Алеся Дудара // nashaniva.by. — 13 красавіка 2017.
- Севярынец Г. Самым зацятым праціўнікам расейскага ўплыву быў Алесь Дудар // svaboda.org. — 15 сакавіка 2017.
- Алесь Дудар (1904—1937). Адкрытая лекцыя Ганны Севярынец // youtube.com. — 15 лістапада 2017.
- Алесь Дудар: згублены пераклад «Анегіна» // novychas.online. — 23 кастрычніка 2017.