Анатоль Вольны
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ажгірэй.
Анатоль Вольны, сапр.: Анатоль Іўсцінавіч Ажгірэй (19 лістапада (2 снежня) 1902, ст. Пухавічы Ігуменскага павета Мінскай губерні, цяпер у Пухавіцкім раёне, Мінская вобласць — 29 кастрычніка 1937, Мінск, НКУС; Псеўданімы і крыптанім: А. В.; Акша; Алёша; В. Анатолий; Анатолий Вольный) — беларускі паэт , празаік , журналіст, драматург [1].
Біяграфія
З сям’і службоўца. У 1911 паступіў у Ігуменскую гімназію, атрымаў сярэднюю адукацыю. Скончыў мар’інагорскую чыгуначную школу 2-й ступені школу[2]. У 1920 пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію, прымаў удзел у баях з інтэрвентамі. Пасля дэмабілізацыі ў 1921 працаваў у ЦК ЛКСМБ; у газеце «Малады араты». Вучыўся ў БДУ. У 1920—1930-х быў актыўным удзельнікам літаратурна-мастацкага руху ў Беларусі. З 1923 у літаб’яднанні «Маладняк», а з 1928 — у «Полымі». Член СП БССР (з 1934). Быў жанаты, гадаваў дзіця.
Арыштаваны 4 лістапада 1936 у Мінску па адрасе: вул. М. Гоpкага, д. 4, кв. 6. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 як «член контррэвалюцыйнай аpганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 3 снежня 1957. Асабовая справа А. Вольнага № 11054-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Творчасць
Дэбютаваў у друку ў 1922[1]. Адзін з пачынальнікаў прыгодніцкага жанру ў беларускай прозе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Камсамольская нота» (1924, з А. Александровічам)[1], «Чарнакудрая радасць» (1926), «Табе» (1927). У 1925 выйшаў раман «Ваўчаняты» (у сааўтарстве з А. Александровічам і А. Дударом). Аўтар аповесцей «Два» (1925), «Антон Савіцкі» (1927, газета «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборніка фельетонаў (1927) і кнігі гумарэсак і фельетонаў «Суседзі» (1932), якія выйшлі пад псеўданімам Алёша.
Напісаў п’есы, драматызаваныя агітжарты («Калі дзяк гаворыць праўду», «Міколка», «У агранома» — 1924), камедыю «Ратуй, божа!» (з Р. Кобецам, 1932)[1]. Выступаў і як кінадраматург — па яго сцэнарыях пастаўлены фільмы «Хвоі гамоняць» (з К. Дзяржавіным, 1929), «Гатэль „Савой“» (1930), «У агні народжаная» (1930), «Сонечны паход» (1931), «Новая радзіма» (1935) і інш. У 1935 выйшла кінааповесць «Шасцідзесятая паралель».
Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1935)[1].
Бібліяграфія
- Камсамольская нота: Вершы. Мн., 1924 (з А. Александровічам);
- Ваўчаняты: Раман беларускіх лясоў / Сааўт. А. Александровіч, А. Дудар. Мн., 1925 (2-е выд. 1929);
- Два: Аповесць. Мн., 1925;
- Чарнакудрая радасць: Вершы. Мн., 1926;
- Барацьбіт: Зборнік. Мн., 1927;
- Зборнік фельетонаў. Мн., 1927;
- Табе: Вершы. Мн., 1927;
- Суседзі: Гумарэскі і фельетоны. Мн., 1932;
- Шасцідзесятая паралель: Кінааповесць. Мн., 1935.
Зноскі
- 1 2 3 4 5 Вольный Анатолий // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 124. — 737 с.
- ↑ http://minsk-region.estu.by/main.aspx?guid=20133(недаступная+спасылка)
Анатоль Вольны на Вікісховішчы |
Літаратура
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- Айзенштадт Г. Ждите нас, звезды!: Докум. очерк о комс. поэте, журналисте и сценаристе А.Вольном // Знамя юности. 1978, 5 окт.;
- Айзенштат Г. З ліку першапраходцаў // Чырвоная змена. 1981, 21 крас.;
- Брадзянскі Б. На шляху да рэалізма: Пра творчасць кінадраматурга А.Вольнага // ЛіМ. 1935, 16 сак.;
- Шушкевіч С. Талент, загартаваны Кастрычнікам: Да 70-годдзя з дня нараджэння А.Вольнага // ЛіМ. 1972, 1 снеж.;
- Шушкевіч С. Яго ўспамінаюць добрым словам // Шушкевіч С. Выбр. тв.: У 2 т. Т. 2. Мн., 1978;
- Вольны Анатоль // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Вольны Анатоль // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. Т.2.
Спасылкі
- Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк). Расстраляныя літаратары. Анатоль Вольны, які кпіў з ахвяраў першай хвалі рэпрэсій 1930 году, а ў 37-м зь яго ўжо не было каму кпіць // Радыё Свабода, 11 кастрычніка 2017