Рыгор Якаўлевіч Кобец
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кобец. Рыгор Якаўлевіч Кобец (сапр.: Міхаіл Мусіевіч Сандыга; іншыя псеўданімы: Грыша Лахматы; Гриша Лохматый; Рыгор Лахматы; 12 (24) ліпеня 1898 (паводле іншых звестак, 20 ліпеня 1900), Елісаветград, цяпер Крапыўныцкы, Украіна — 9 верасня 1990, Мінск) — беларускі драматург, празаік, сцэнарыст. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1935).
Біяграфія
Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе, народным рамесным вучылішчы, земскім рэальным вучылішчы Елісаветграда. Удзельнічаў у баях Першай сусветнай вайны (1914—1915, у Галіцыі), быў паранены.
Друкавацца пачаў у елісаветградскіх газетах з 1917 г. (пісаў вершы, апавяданні, артыкулы, фельетоны). У час грамадзянскай вайны быў анархістам ва Украіне, у 1920 г. служыў у чырвоных (1-й Конная Армія Будзённага), удзельнічаў у мяцяжы з мэтай аддзяліць Украіну ад Расіі. З 1921 года жыў у Мінску, дзе, апасаючыся арышту за «контррэвалюцыйную дзейнасць», памяняў прозвішча Сандыга на Кобец. Працаваў качагарам, пазней, у канцы 1920-х гадоў, — у рэдакцыі газеты «Рабочий». З 1925 г. член рускай секцыі «Маладняка» — «Звенья», з 1929 — БелАППа. Член СП БССР з 1935 года.
У 1931—1937 гг. на кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе (загадчык сцэнарнага аддзела з 1932), пазней на студыі кінахронікі на Далёкім Усходзе. Аўтар папулярнай у свой час п’есы «Гута» (1929), паэмы «Палестына» (1933)[2], сцэнарыяў фільмаў: «Двойчы народжаны» (1933), «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дняпро ў агні» (1937).
Арыштаваны 15 ліпеня 1938; высланы ў Хабараўск. Зноў арыштаваны 5.12.1941; пастановай Асобай нарады атрымаў 10 гадоў лагераў. Будаваў чыгункі Тайшэт-Лена, ад станцыі Наушка да Улан-Батара; потым знаходзіўся ў лагеры ў Заярску. З 1951 г. на пажыццёвым пасяленні ў кыргызскіх стэпах (с. Кара-Балты Фрунзенскай вобласці) без права пражывання ў сталічных і абласных гарадах. У 1958 годзе дазволена вярнуцца ў Мінск; цалкам рэабілітаваны ў 1960 годзе. У 1967 г. па просьбе Кіраваградскага гісторыка-краязнаўчага музея напісаў успаміны (у тым ліку пра лагернае жыццё) «Аўтабіяграфія» (друкавалася ў Беларусі ў 1973 г. са скарачэннямі). Аўтабіяграфічная тэма гучыць таксама ў аповесці пра сталінскія лагеры «Ноеў каўчэг» (1964; у поўным варыянце апублікавана ў 1989). Член Саюза кінематаграфістаў Беларусі з 1967 г. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
П’еса «Гута» перакладалася на ідыш Даніэлем Маршаком (асобнае выданне — Мінск, 1933). Пераклад на беларускую паэмы «Палестына» выканаў Сяргей Грахоўскі (першая публікацыя — часопіс «Полымя рэволюцыі», № 6, 1935)[2].
У 2009 г. у Мінску выйшаў аднатомнік «Выбраныя творы» Рыгора Кобеца, у які былі ўключаны яго п’еса «Гута», кінасцэнарыі, проза, лісты і інш. Укладальніцай кнігі выступіла дачка пісьменніка Алена Кобец-Філімонава, якая ў 2006 г. выдала кнігу пра свайго бацьку «Калі ўцякала сонца»[3].
Творы
- Гута: П’еса ў 3 дзеях. Мн., 1970;
- Аўтабіяграфія // Вытокі песні. Мн., 1973;
- Ноеў каўчэг: Старонкі з аповесці // ЛіМ. 1988. 22 ліп.;
- Ноев ковчег: Повесть // Нёман. 1989. № 3;
- Письма из ссылки (1958—1960 гг.) // Нёман. 1998. № 9.
Зноскі
- ↑ Bibliothèque nationale de France Grigori Kobets // data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011.
- 1 2 https://belisrael.info/?p=16885
- ↑ https://belisrael.info/?p=16667
Літаратура
- Тэатральная Беларусь : Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1./ Пад агул. рэд. А. В. Сабалеўскага. — Мн.: БелЭн., 2002. — ISBN 985-11-0255-5 (т. 1).