wd wp Пошук:

Міхась Чарот

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кудзелька. Міха́сь Чаро́т, сапраўднае імя: Міхаі́л Сымо́навіч Кудзе́лька (7 лістапада 1896, мяст. Рудзенск, Ігуменскі павет, Мінская губерня, цяпер Пухавіцкі раён, Мінская вобласць — 29 кастрычніка 1937, Менск, НКУС; Псеўданімы: Максім Бяднейшы; Юрка Куртаты; В.Чарот; Крыптанімы: М. К.; М.К-ка; Ч. М.; М. Ч.; М.Ч-т; Ч-т.) — беларускі паэт , драматург , празаік , рэдактар , грамадскі дзеяч.

Біяграфія

Міхась Чарот па сканчэнні Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, 1917

Сям’я

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Дзед Міхася Чарота быў майстрам па ткацтве і атрымаў адпаведнае яго заняткам прозвішча ад пана, бабуля паэта працавала карміцелькай у панскім палацы.

Меў двух братоў і сясцёр: Паўла (інжынер і хатні педагог), Аляксандра (аграном), Марыю (кухарка) і Насту (актрыса)[4].

Стрыечны брат Міхася Чарота, Іосіф Кудзелька, быў начальнікам упраўлення па ахове аўтарскіх правоў пры СП БССР, іншы, Іван Кудзелька, займаў пасаду народнага камісара фінансаў БССР[5].

Адукацыя і прафесійная дзейнасць

Першую адукацыю атрымаў у наёмнага настаўніка і ў Цітвянскім двухгадовым вучылішчы. У 19131917 гадах вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У гады Першай сусветнай вайны семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск, дзе прайшлі два апошнія гады навучання Міхася Чарота. Пасля сканчэння вучобы быў мабілізаваны ў армію.

Служыў афіцэрам запаснога палка ў Кузнецку, там разам з іншымі афіцэрамі-беларусамі намагаўся стварыць беларускі гурток[6]. Падчас Грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі ўсталяваў сувязь з падпольнымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі на Беларусі, працаваў у паўстанчым камітэце і займаўся арганізацыяй паўстанцкіх атрадаў[7][8].

Вясной 1918 года вярнуўся ў Менск, дзе пачаў настаўнічаць у беларускай школе; паступіў у МВПІ. Спяваў у хоры У. Тэраўскага пры «Беларускай хатцы» (меў прыгожы барытон), быў старшынёй тэатральнай суполкі «Маладзік», потым — Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, выконваў ролі ў трупе Уладзіслава Галубка[5].

У 1919 годзе стаў членам Белнацкама і створанай пры ім Ваеннай Рады. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якая ў студзені 1920 года ўтварылася з членаў «Маладой Беларусі». У 1920 г. уступіў у УКП(б). З 1920 года — супрацоўнік, у 1925—1929 гадах — рэдактар газеты «Савецкая Беларусь». У 1930—32 гг. рэдактар двухтыднёвіка «Чырвоная Беларусь».

У 1923 годзе ўдзельнічаў у стварэнні літаратурнага аб’яднання «Маладняк» (уладальнік яго пасведчання № 1[9]), з якога выйшаў у канцы 1927 г. Некаторы час быў членам аб’яднання «Полымя», затым уступіў у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.

У 1922—1924 гадах — кандыдат у члены, у 1924—1931 г. — член ЦВК БССР. У 1924 годзе вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі.

У 1927 годзе падчас камандзіроўкі ад Наркамасветы разам з Ц. Гартным і М. Зарэцкім пабываў у Латвіі, Германія, Францыі і Чэхаславакіі[10]. У 1927 годзе быў у праўленні Беларускага таварыства па культурных сувязях з замежжам. У 1930-я гады працаваў загадчыкам літаратурнага сектара Дзяржаўнага выдавецтва БССР, кансультантам у кабінеце маладога аўтара Саюза пісьменнікаў БССР. Прысвяціў фігурантам справы «Саюза вызвалення Беларусі» верш «Суровы прыгавор падпісваю першым…», у якім асуджаў іх за нацдэмаўшчыну[11]. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).

Арышт

Арыштаваны 24 студзеня 1937 года ў Менску па адрасе: вул. Ленінская, д. 35, кв. 1, адначасова выключаны з УКП(б). Сядзеў у адной камеры з паэтам Юркам Лявонным. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 г. як удзельнік «контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці[12]. Прыгавораны да расстрэлу 28 кастрычніка 1937 года. Апошні верш «Прысяга» (пра асабістую невінаватасць) запісаў на сцяне менскай унутранай турмы НКУС, дзе яго ўбачыў і захаваў у памяці Мікола Хведаровіч: «у 1939 годзе я быў пераве­дзены ў адзіночную камеру. Уважліва аглядзеў сцены, шукаючы надпісаў, і вось у кутку прачытаў тэкст верша, выкалупаны нечым вострым на сцяне. Гэта была апошняя сустрэча з маім любімым паэтам і другам Міхасём Чаротам. Гадамі я захоўваў гэтыя яго словы ў сэрцы»[13]. Празаік і паэт Масей Сяднёў у сваім рамане «Раман Корзюк» згадаў, як скатаванага М. Чарота свядома спойвалі, каб у непрытомнасці выпытваць новыя імёны «здраднікаў»[14]. Пасля допытаў і катаванняў прызнаў сябе вінаватым[15]. Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года[5][13]. Савецкія крыніцы пазначаюць дату смерці 14 снежня 1938 г., не згадваючы факта расстрэлу[16][17].

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 снежня 1956 года. Асабовая справа М. Чарота № 8153-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Творчасць

Група беларускіх пісьменнікаў: злева направа стаяць: Альберт Паўловіч, Міхась Чарот, Уладзіслаў Галубок, Язэп Фарботка
Май-чэрвень 1920, Менск. Імаверна, што гэта адзін са здымкаў супрацоўнікаў і актыўных карэспандэнтаў часопіса «Рунь», пасля выхаду апошняга (10-га) яго нумара[18]

Пісаць пачаў у трынаццацігадовым узросце[19]. Першыя паэтычныя спробы М. Чарота адносіліся да часоў вучобы ў семінарыі і не захаваліся[20]. Друкаваўся з 1918[7][13] (паводле іншых звестак — з 1919[21]), яго вершы «Пад крыжам», «Звон», «Песня беларуса» з’явіліся ў газетах «Беларусь», «Звон», пазней гэтыя і іншыя вершы ўвайшлі ў кніжку паэзіі «Завіруха» (1922 — першы зборнік М. Чарота[7]).

Пачатковы этап творчасці адметны нацыянальна-патрыятычным гучаннем. У вершы «Ахвярую беларускаму хору Тэраўскага» паэт заклікаў да абуджэння краю, духоўнае і гістарычнае адраджэнне народа бачыў у апоры на нацыянальную самасвядомасць. У вершы «На шляху адраджэння» спрабаваў зазірнуць у будучыню і нібы прадчуваў цяжкі шлях і вялікія ахвяры.

Пасля 1921 нацыянальна-патрыятычныя матывы саступаюць месца рэвалюцыйна-пралетарскім, у творчасці дамінуе матыў супрацьпастаўлення мінулага гаротнага жыцця пад прыгнётам новаму радаснаму. якое настала з перамогай рэвалюцыі. У вершы «Скокі на могілках» мінулае малюе ў вобразе суцэльных могілак, на якіх адбываецца пралетарская оргія, праз акт вандалізму вяршыцца гвалт над гісторыяй Беларусі. Паэтычную версію рэвалюцыі на Беларусі М. Чарот даў у паэме «Босыя на вогнішчы» (1922), дзе паказаў, што Беларусь была толькі адбіткам расійскіх рэвалюцыйных падзей. У паэме-фантазіі «Чырванакрылы вяшчун» (1923) стварыў мастацкую ідэалізацыю вобраза «ўсясветнай камуны» і апісаў палёт на аэраплане над рознымі краінамі як місію распаўсюджвання вызваленага агню рэвалюцыі. У паэме «Ленін» (1924) у апалагетычным стылі ўслаўляў правадыра пралетарскай рэвалюцыі. У паэме «Беларусь лапцюжная» (1924) паказаў паслярэвалюцыйнае абнаўленне жыцця, збліжэнне горада і вёскі. У паэме «Марына» (1925) адлюстравана героіка-рэвалюцыйнае змаганне часоў грамадзянскай вайны на фоне рамантычнага, фальклорна-ідэалізаванага кахання. У паэме «Карчма» (1925), прысвечанай Я. Купалу, тэма мінулага і сучаснага Беларусі набывае нечаканыя абрысы: лірычны герой, нягледзячы на сацыяльнае перараджэнне, смуткуе ад развітання з мінулым. У кнізе вершаў «Сонечны паход» (1929) з’явіліся новыя тэмы змрочнага Захаду, дзе ў цяжкім палоне гібеюць працоўныя, і шчаслівай пралетарскай краіны.

У зборніку навел «Веснаход» (1924) М. Чарот сцвердзіў сябе як майстра прозы, стварыў псіхалагічна глыбокія характары герояў, беларуская рэчаіснасць 1920-х гадоў паказана з гумарам, часам досыць апалагетычна. Прыгодніцкая аповёсць «Свінапас» (1923—24) пра падзеі грамадзянскай вайны — рамантычна гераізаваны твор (паводле аповесці стварыў з Ю. Тарычам сцэнарый першага беларускага мастацкага фільма «Лясная быль» — пастаўлены ў 1926)[22].

Музычная драма «На Купалле»[7] (нап. 1921, не збераглася, паст. БДТ-1; 1921, адноўлены тэкст апублікаваны ў 1982), вадэвіль «Мікітаў лапаць» (апубл. 1923, паст. Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі; ролю Мікіты выконваў аўтар), іншыя пастаноўкі, дзіцячыя п’есы «Данілка і Алеська» (1920), «Пастушкі» (1921) прынеслі М. Чароту прызнанне як драматургу. Апублікаваў п’есу «Дажынкі» і аднаактоўку «Сон на балоце» (1924).

У 1930-я г. М. Чарот практычна адышоў ад літаратурнай дзейнасці. Вершам «Суровы прыгавор падпісваю першым» далучыўся да публічнага асуджэння рэпрэсіраваных беларускіх пісьменнікаў. Нешматлікія вершы страчваюць мастацкую навізну, ператвараюцца ў апалагетычныя агіткі. 3 іх выбіваўся верш «Лірычны эскіз», які гучаў як палемічнае самаапраўданне. Апошні верш «Прысяга» аб асабістай невінаватасці, напісаны на сцяне менскай турмы, быў захаваны ў памяці М. Хведаровічам[23].

Кампазітар У. Тэраўскі, пазней кампазітар А. Туранкоў стварылі на тэкст п’есы «На Купалле» оперу «Кветка шчасця».

Творы

Міхась Чарот.

Паэзія

  • 1922 — «Завіруха» (зборнік).
  • 1922 — «Босыя на вогнішчы» (паэма).
  • 1925 — «Выбраныя вершы».
  • 1926 — «Карчма», «Ленін», «Марына» (паэмы).
  • 1927 — «Беларусь лапцюжная» (паэма).
  • 1927 — «Чырванакрылы вяшчун» (паэма-фантазія).
  • 1928 — «Паэмы».
  • 1929 — «Сонечны паход».
  • 1935 — «Выбраныя вершы і паэмы».
  • 19331936 — Збор твораў у 3 тамах.
  • 1958 — Збор твораў у 2 тамах.
  • 1967 — «Выбраныя вершы і паэма».
  • 1982 — «Выбранае».
  • 1986 — «У сонечным паходзе» (вершы і паэмы).

Проза

  • 1924 — «Веснаход» (зборнік апавяданняў).
  • 1926 — «Выбраныя апавяданні».

П’есы

  • «Мікітаў лапаць» — выдадзена і пастаўлена ў 1923.
  • «Дажынкі» — у 1924.
  • аднаактоўка «Сон на балоце» — у 1924.
  • дзіцячая п’еса «Пастушкі. Данілка і Алеська» — у 1925.
  • музычная драма «На Купалле» (адноўлены тэкст выдадзены ў 1982, пастаўлена ў 1921, кампазітар А. Туранкоў стварыў на тэкст п’есы оперу «Кветка шчасця»).

Асабістае жыццё

Быў жанаты[24], гадаваў траіх дзяцей.

Ацэнкі

М. М. Філіповіч. Ілюстрацыя да паэмы «Босыя на вогнішчы»

Даследчыкі называюць Міхася Чарота адным з лідараў беларускай савецкай літаратуры 20-х гадоў. Яго творчасць адбіла ў сабе рамантычныя парыванні, супярэчнасці і вялікія ілюзіі свайго часу[20]. Зрэшты, ацэнка творчасці Міхася Чарота сярод сучаснікаў ніколі не была адназначнаю[25]. Язэп Пушча, рэцэнзуючы выданне паэмы «Ленін» (1926), крытыкаваў твор за «алавяна-лёгкія і гранітна-васковыя» стылістычныя прыёмы, якія «мядзведжым спрытам варочаюцца ў гушчэчы шматкроп’яў, засланяючы сабою сэнс тых з’яў, якія яны падручыліся перадаць». Таксама паэт ушчуваў М. Чарота за адсутнасць зместу[26].

Іншую пазіцыю датычна паэтычнай чыннасці Міхася Чарота заняў Максім Гарэцкі, для якога творчасць паэта была кангламератам дасягненняў і недахопаў паслякастрычнікай літаратуры ў цэлым, а сам Чарот быў для яго паэтам таленавітым, аднак супярэчлівым[25]. М. Гарэцкі адзначаў, што Міхась Чарот мае моцны прыродны талент і пры ўсіх недахопах з’яўляецца «найлепшым у беларускай літаратуры песняром Кастрычнікавай рэвалюцыі». Згадваючы «шэсць паэм» Міхася Чарота, М. Гарэцкі адзначае, што гэта «найлепшае ў беларускай пралетарскай паэзіі»[27].

Адам Бабарэка ў артыкуле «Лірыка Міхася Чарота» (Маладняк, 1925, № 9) адзначыў гіпербалічнасць як адзін з улюбёных прыёмаў паэта. Галоўнай высновай артыкула было тое, што «Чарот першы на беларускіх загонах ажыццявіў на практыцы марксісцкі погляд на літаратуру, як на зброю класавага змагання»[28]. Крытык з ковенскага часопіса «Крывіч (1923)» прызнаючы за Чаротам вялікі талент, рабіў сур’ёзныя закіды паэту адносна мовы яго твораў, засмечанай русізмамі і «барбарызмамі»; выказваў меркаванне, што ў творах паэта «больш пераважае мляўкая перафразоўка камуністычных лістовак»[29], чым глыбіннае пранікненне ў сутнасць глабальных гістарычных падзей.

Памятная таблічка на доме культуры ў Рудзенску.

Паводле М. Мішчанчука, усё напісанае пра Міхася Чарота пасля 1928 з’яўляецца аднабаковай, ідэалагізаванай ацэнкай, дадзенай прыхільнікамі сацыялістычнага рэалізму ў яго сталінскай трактоўцы, паводле якой Чарот — «грамадзянскі паэт ярка выражанай адычнай арыентацыі»[30]. Гэта выразна выявілася ў неўключэнні твораў «Карчма», «На шляху адраджэння», «Буралом», «Пад крыжам», «З сучасных настрояў», «Вечная бура» ў выданні 1930—1980 гг. праз несупадзенне трагедыйных, філасофска-медытацыйных і роздумна-элегічных вершаў з разрэкламаванай крытыкай паэтавым аптымізмам[30].

У чэрвені 1924 вядомы маскоўскі паэт, празаік і кінасцэнарыст Мацвей Ройзман (18961973) у артыкуле «Белорусский имажинизм» (часопіс «Гостиница для путешествующих в прекрасном», № 4) аднёс М. Чарота да пачынальнікаў беларускага імажынізму: «М. Чарот (может быть бессознательно) положил начало белорусскому имажинизму»[31]. Паводле В. Жыбуля, рысы паэтыкі імажынізму, спалучаныя з традыцыямі беларускай народнай творчасці, прысутнічаюць у шэрагу вершаў М. Чарота 19221924 гг. («Вясну пяю», «Я зноў — дзе поле каласамі…», «Чырвоныя вяснянкі», «Вясенні балаган», «Зарунела, зарунела…», «Камсамолія», «Ленінамайскае»)[32].

Памяць

Іменем Міхася Чарота названы вуліцы ў Мінску, Гродне, Маладзечне і Рудзенску. У апошнім, на будынку Дома культуры прымацавана мемарыяльная дошка.

Да 100–гадовага юбілею пісьменніка РУП «Белпошта» выпусціла канверт (мастак Віктар Сташчанюк). У 2021 годзе быў выпушчаны маркіраваны канверт, прысвечаны да 125-годдзя з дня нараджэння пісьменніка (дызайн канверта Святлана Цырулік).

  • 20212021
  • 19961996

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1047399547 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 17 кастрычніка 2015.
  2. http://www.marakou.by/by/davedniki/represavanyya-litaratary/tom-ii?id=19882
  3. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1047399547 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  4. Мішчанчук, М. І. «… Ў сэрца я паранены, вольны птах падстрэлены…» Паэзія Міхася Чарота з пазіцый сучаснасці // Як жыць — дык жыць для Беларусі… — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 52—53. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6.
  5. 1 2 3 Рублеўская, Л.. Краснокрылый вещун(руск.) . Советская Белоруссия. Праверана 23 снежня 2011.(недаступная спасылка)
  6. Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 454. — 903 с.
  7. 1 2 3 4 Чарот Михась // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 667-668. — 737 с.
  8. История белорусской советской литературы / Ред. И. Я. Науменко, П. К. Дюабйло, Н. С. Перкин. — Мн: Наука и техника, 1977. — С. 414. — 776 с.
  9. Арлоў, Ул.. Міхась Чарот (нявызн.). Радыё Свабода. Праверана 26 снежня 2011.
  10. Айзенштат, Жыццё і драма Міхася Чарота: дакументальная версія // Беларусь. — 1989. — № 7. — С. 5.
  11. Мяснікоў, А. Ф. Сто асоб беларускай гісторыі: гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 241. — 344 с.
  12. Падаляк, Т.. «Паглядзі… Вясну радзіла восень» (нявызн.). Звязда. Праверана 26 снежня 2011.(недаступная спасылка)
  13. 1 2 3 ЧАРОТ Міхась // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
  14. Раман Корзюк. — Нью-ЁркМюнхен, 1985.
  15. Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 473. — 903 с.
  16. Михась Міхась Чарот (руск.) — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі
  17. История белорусской советской литературы / Ред. И. Я. Науменко, П. К. Дюабйло, Н. С. Перкин. — Мн: Наука и техника, 1977. — С. 427. — 776 с.
  18. Вячаслаў Ракіцкі. Пачатак нашага тэатразнаўства // Спадчына. — Мн.: 1991. — № 1. — С. 33.
  19. Мішчанчук, М. Чарот Міхась// Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 6. Талалай — Яфімаў / Дадатак Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 269—684 с.
  20. 1 2 Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 455. — 903 с.
  21. Чарот Міхась // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
  22. Міхась Чарот
  23. Багдановіч І. Чарот // ЭГБ ў 6 т. Т. 6. Кн. ІІ. Мн., 2003.
  24. 5 лістапада 1937 года ў Менску па адрасе: вул. Старажоўская, д. 47, кв. 2 арыштавана хатняя гаспадыня Дадыка Ефрасіння Тарасаўна (нар. 1903), жонка Міхася Чарота. 28 лістапада 1937 г. асобай нарадай пры НКУС асуджана як «член сям’і здрадніка ра­дзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКУС Казахскай ССР (Акмалінск). Загінула ў зняволенні ў першай палове 1940-х г. Рэабілітавана 11 сакавіка 1957 трыбуналам БВА. Асабовая справа жонкі М. Чарота № 10102-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
  25. 1 2 Мішчанчук, М. І. «… У сэрца я паранены, вольны птах падстрэлены…» Паэзія Міхася Чарота з пазіцый сучаснасці // Як жыць — дык жыць для Беларусі… — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 48—49. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6.
  26. Узвышша. 1927. № 3. С. 190
  27. Маладняк. 1928. № 4. С. 96
  28. Бабарэка А. Лірыка Міхася Чарота // Маладняк. — 1925. — № 9. — С. 119.
  29. Жылевіч С. М. Чарот. Завіруха. ДВБ. Менск. 1922 // Крывіч (1923). — 1925. — № 9. — С. 118.
  30. 1 2 Мішчанчук, М. І. «… Ў сэрца я паранены, вольны птах падстрэлены…» Паэзія Міхася Чарота з пазіцый сучаснасці // Як жыць — дык жыць для Беларусі… — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 50. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6.
  31. Жыбуль, В. «…Паклаў пачатак беларускаму імажынізму» Пра Міхася Чарота і адну маскоўскую публікацыю // Роднае слова. — Мн.: 2011. — № 10. — С. 6—9.
  32. Жыбуль, В. «…Паклаў пачатак беларускаму імажынізму» Пра Міхася Чарота і адну маскоўскую публікацыю // Роднае слова. — Мн.: 2011. — № 11. — С. 10.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Драматургі Беларусі Катэгорыя·Сябры літаратурнага аб’яднання «Полымя» Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі СССР Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Паэты СССР Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be