Юрка Лявонны
Ю́рка Ляво́нны, сапр.: Леані́д Мікала́евіч Юрке́віч (16 (29) ліпеня 1908, Чавусы, цяпер Магілёўская вобласць — 29 кастрычніка 1937[upper-alpha 1], Менск, НКУС; Псеўданімы: Леанідаў; Леонидов; Крыптанімы: Ю. Л.; Л-ны; Юр. Л-ны; Юр. Ля-ны) — беларускі паэт.
Біяграфія
Паходзіў з сям’і служачага. Вучыўся ў Чавускай сямігодцы, Магілёўскім педтэхнікуме, Мінскім педінстытуце (за распаўсюджванне «контррэвалюцыйных вершаў» выключаны, але пазней аднавіўся і ў 1934 годзе скончыў крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта). Друкавацца пачаў у 1924 годзе[upper-alpha 2]. Першыя зборнікі паэзіі «Камсамольскія вершы» і «Штурм» выйшлі ў 1930 годзе, наступныя — «Жалезныя віхуры» і «Разбег» (1931), «Стала і мужна» (1932). Сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года. Працаваў у рэдакцыях газет «Магілёўскі селянін», «Звязда», часопіса «Работніца і калгасніца Беларусі». Выдаў зборнік нарысаў «Крок пяцігодкі» (1931). Разам з Сяргеем Грахоўскім пераклаў на беларускую мову раман Жуль Верна «20 000 лье пад вадой» (1937). Некаторыя вершы Юркі Лявоннага пакладзены на музыку кампазітарамі Мікалаем Чуркіным, Несцерам Сакалоўскім, Ісакам Любанам. Пасмяротна выйшаў зборнік вершаў «Выбранае» (1960).
З успамінаў Сяргея Грахоўскага: «Ён гадзінамі чытаў па памяці Маякоўскага і Кірсанава, Ціханава і Лугаўскога. У яго быў тонкі густ да слова, да формы, а пра сябе ён часта гаварыў: «Сапраўднае я яшчэ напішу, значнае наперадзе…»[1].
Арыштаваны 30 кастрычніка 1936 года ў Менску па адрасе: вул. Фурманская, д. 9, кв. 2. З тых падследных, хто праходзіў з ім разам, толькі Юрка Лявонны не пацвердзіў, што Цішка Гартны «контррэвалюцыянер», «нацдэм» і да т.п. 28 кастрычніка 1937 года прыгавораны пазасудовым органам (спецтройкай НКУС БССР) як «член шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання (расстрэл) з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25 красавіка 1957 года. Асабовая справа № 10242-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Сям’я
5 лістапада 1938 года ў Менску па адрасе: вул. Фурманская, д. 9, кв. 2 арыштавана бухгалтар «Белсельэнерга» Яўгенія Абрамаўна Гольдберг[upper-alpha 3], жонка Юркі Лявоннага. 28 лістапада 1938 года асобай нарадай НКУС як «член сям’і ворага народа» прыгаворана да 8 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Этапавана ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 5 лістапада 1945 года Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 2 чэрвеня 1956 года трыбуналам Беларускай вайсковай акругі. Асабовая справа № 6656-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Лёс дачкі Іны, якую забралі ў дзіцячы дом, невядомы.
Гл. таксама
Заўвагі
- ↑ За савецкім часам падавалася несапраўдная дата 13.12.1943, напр., у даведніку «Пісьменнікі Савецкай Беларусі».
- ↑ У 1925, паводле даведніка «Пісьменнікі…».
- ↑ нар. 1907, Мелітопаль (цяпер Украіна).
Зноскі
- ↑ Грахоўскі С. Савецкая № 68…
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 417. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
- Лявонны Юрка // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 5. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2. — C. 193.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3. Карчма — Найгрыш. — С. 322. — 751 с. — 10 000 экз.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Лявонны Юрка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Лявонны Юрка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. — Т. 4. — С. 138.
- Маракоў Л. У. Ахвяры і карнікі. Даведнік. Мн., 2007.
- Сяргей Грахоўскі: вядомы і невядомы / [укладальнік Т. Грахоўская]. — Мінск : Звязда, 2013. — С. 32. — 245 с. — ISBN 978-985-7059-68-3.
- Грахоўскі С. Савецкая № 68: Трыццатыя гады…: Успаміны // Дзень паэзіі. Мн., 1978
- Шушкевіч С. З маладнякоўскага племя // ЛіМ. 1968, 30 ліп.
Спасылкі
- «Кожны з нас на зямлі толькі госць». Лёсы расстраляных паэтаў: Юрка Лявонны
- Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк). Пралетарскі паэт, расстраляны бальшавікамі. 20 фактаў пра Юрку Лявоннага // Радыё Свабода, 29 ліпеня 2018
- Юрка Лявонны. Тры вершы (аудыё)
Юрка Лявонны ў Вікікрыніцах |