Мікола Хведаровіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Чарнушэвіч. Мікола Хведаровіч (сапр. Мікалай Фёдаравіч Чарнушэвіч; іншыя псеўд.: С. Старобінскі, Сабасцян Старобінскі, Себасцян Старобінскі, Н. Федаровіч; 24.3(6.4).1904, мяст. Капыль, Слуцкі павет, Мінская губерня, цяпер горад Мінскай вобласці — 20 жніўня 1981, Мінск) — паэт, празаік, перакладчык. Брат пісьменніка Н. Чарнушэвіча.
Біяграфічныя звесткі
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1915—18 гадах жыў у прытулку для дзяцей бежанцаў у расійскай Калузе, вучыўся ў гарадскім вучылішчы, дзе, у прыватнасці, матэматыку выкладаў К. Э. Цыялкоўскі[1]. Вярнуўшыся з бежанства, вучыўся ў вучылішчы мястэчка Цімкавічы, потым у Капыльскай працоўнай школе 2-й ступені. У 1918 годзе ўступіў у камсамол. З 1921 года ў часці асобага прызначэння. У 1923 годзе сакратар камсамольскай ячэйкі ў Цыраўскай воласці і загадчык хаты-чытальні. У 1924 годзе камісар Слуцкага ваенкамата па дапрызыўнай падрыхтоўцы.
У 1928 годзе скончыў рабфак у Мінску, у 1931 — БДУ. Паралельна з вучобай працаваў адказным сакратаром часопіса «Весткі ЦК КП(б)Б», потым у «Партыйным работніку» і «Бальшавіку Беларусі». У 1932—33 рэдактар двухтыднёвіка «Чырвоная Беларусь». Член СП Беларусі з 1934. У 1933—34 загадчык кабінета маладога аўтара СП БССР. У 1934—37 адказны сакратар часопіса «Полымя рэвалюцыі», сакратар часопіса «Минск». Быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і БелАПП.
Арыштаваны 3.8.1938. Асуджаны (1940) на 8 гадоў пазбаўлення волі. Знаходзіўся ў зняволенні ў лагерах на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска, з 1941 ва Усцьвытлагу (пасёлак Важаёль Комі АССР). З 1946 года працаваў у Каршы Узбекскай ССР. Паўторна арыштаваны 22.5.1949; сасланы (1949) у Енісейск Краснаярскага края. Рэабілітаваны ў 1955 годзе. У 1956 годзе вярнуўся ў Беларусь.[2]
Творчасць
З артыкуламі ў друку пачаў выступаць у 1924. Першы верш («Ураджайнае») надрукаваў у 1925. У 1929 выйшла першая кніга («Настроі»). Выйшлі таксама кнігі паэзіі «Рытмы» (1930), «Баявыя песні» (1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932), «Ха» (жарты, пародыі, 1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Пасля навальніцы» (выбранае, 1965), «Зоркі на камені» (1968), «Крынічка» (1978), «Любістак» (выбранае, 1984). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1974). Для дзяцей выдаў кніжкі «Сонечны зайчык» (1961), «Лясныя званочкі» (1968), «Крылы» (1973), «Светлы дзянёк» (1984).
Выдаў кнігі ўспамінаў «Памятныя сустрэчы» (1960, 3-е выданне перапрацаванае ў 1977), «Незабыўнае» (1976) і аповесць «Споведзь перад будучыняй» (1978).
Пераклаў паэмы А. Пушкіна «Каўказскі нявольнік» (1937), «Бахчысарайскі фантан» (1938), «Казку пра цара Салтана» (часопіс «Полымя рэвалюцыі», 1937), раман А. Фадзеева «Апошні з удэге» (з А. Звонакам, 1935), паэмы Э. Багрыцкага «Дума пра Апанаса» (часопіс «Маладняк», 1930) і Ш. Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» (з А. Звонакам, 1966), раман У. Кочатава «Браты Яршовы» (з І. Грамовічам, 1960), кнігу паэзіі Ш. Пецёфі «Ліра і меч» (1971), п’есы М. Стэгліка, А. Палявога, А. Талбузіна. Рэабілітаваны 28.9.1955.
Выбраная бібліяграфія
- Пасля навальніцы: Выбранае. 1925—1961. Мн., 1965.
- Выбр. тв: У 2 т. Мн., 1974.
- Крынічка: Вершы. Мн., 1978.
- Любістак: Выбранае. Мн., 1984.
Прэміі і ўзнагароды
Лаўрэат прэміі венгерскага агенцтва па літаратуры і мастацтву «Артысіуз» (1981) за прапаганду венгерскай паэзіі на беларускай мове.
Зноскі
- ↑ Н. Старобинская. «Ученик Циолковского»
- ↑ Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
Літаратура
- Ермаловіч М. У страі паэзіі // ЛіМ. 1958, 12 ліп.
- Александровіч С. Незабыўнае, блізкае // ЛіМ. 1961, 12 мая.
- Александровіч С. Яго шчодрае і шчырае сэрца // ЛіМ. 1981, 28 жн.
- Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Уклад.: А. Гардзіцкі. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X