Адам Антонавіч Бабарэка
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бабарэка.
Адам Антонавіч Бабарэка (2 (14) кастрычніка 1899, в. Слабада-Кучынка Слуцкага павета[1], цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці — 10 кастрычніка 1938, НКУС) — беларускі літаратуразнавец, кpытык, празаік, паэт, філосаф.
Біяграфія
Вучыўся ў Слуцкай школе, скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1918), настаўнічаў на Случчыне. Падчас польскай ваеннай інтэрвенцыі ўдзельнічаў у камуністычным падполлі і партызанскім руху на Случчыне[1], быў арыштаваны польскімі ўладамі (1920). Пасля вызвалення зноў працаваў настаўнікам, быў членам рэўкома Пукаўскай воласці Ігуменскага павета і загадваў валасным аддзелам народнай асветы. Служыў у Чырвонай Арміі (1921—1922). У 1922—1927 вучыўся на этнолага-лінгвістычным аддзяленні БДУ[1] і працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь».
А. Бабарэка стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» (1923), і пазней «Узвышша» (1926)[1]. У 1926—1929 працаваў у Камуністычным універсітэце Беларусі выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, а з 1928 — асістэнтам кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ[1].
Супрацоўнік Інстытута беларускай культуры[2].
Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей[3].
Арыштаваны ДПУ БССР 25 ліпеня 1930 у Мінску па справе «Саюза вызвалення Беларусі» (Гл. таксама: Рэпрэсіі ў БССР, 1929-1931). 10 кастрычніка 1931 прыгавораны калегіяй АДПУ як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў ссылкі. Год прабыў у мінскай турме, ссылку адбываў у г. п. Слабадское Кіраўскай вобласці, з канца 1934 у Кіраве (Вятка), працаваў бухгалтарам. Тэрмін ссылкі быў падоўжаны на 2 гады ў адміністрацыйным парадку. Паўторна арыштаваны 24 ліпеня 1937 у рамках сфабрыкаванай маштабнай акцыі па рэпрэсаванні беларусаў, сасланых АДПУ у пачатку 1930-х. 15 лютага 1938 прыгавораны тройкай НКУС па Кіраўскай вобласці да 10 гадоў зняволення ў працоўна-папраўчых лагерах. Пакаранне адбываў у пасёлку Княж-Пагост Комі АССР у Паўночным чыгуначным лагеры НКУС, дзе памёр у лагернай бальніцы. Па першай справе рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 15.11.1957, па другой — 4.7.1959 Кіраўскім абласным судом. Групавая справа А. Бабарэкі і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Творчасць
Дэбютаваў у 1920 вершамі і апавяданнямі ў газеце «Савецкая Беларусь». У 1925 выдаў кнігу прозы «Апавяданні» (Мінск). Пасля яе выхаду пісаў пераважна літатурна-крытычныя артыкулы. Распрацоўваў метадалагічныя пытанні літаратуразнаўства і эстэтыкі, прынцыпы класавай, народнасці, сацыяльнай і эстэтычнай каштоўнасці літаратуры, даследаваў гісторыю беларускай літаратуры[1] (артыкулы змяшчаліся ў часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Чырвоны сейбіт», «Радавая рунь» і інш.). Шэраг прац прысвечаны творчасці Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Дубоўкі, М. Чарота, З. Бядулі і іншых беларускіх пісьменнікаў[1].
Выбраная бібліяграфія
- Збор твораў у двух тамах: Том 1. Літаратурна-крытычныя працы / Адам Бабарэка. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2011. — 939 с.
- Збор твораў у двух тамах: Том 2. Проза, паэзія, філязофія, публіцыстыка, запісныя кніжкі, дзёньнікі, лісты / Адам Бабарэка. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2011. — 726 с.
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 Бабареко Адам Антонович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 35. — 737 с.
- ↑ Бабарэка Адам Антонавіч // Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий / сост. и авт. предисл. Н. В. Токарев; под ред. А. С. Махнача.. — Мн .: Навука i тэхнiка, 1992. — С. 20. — 120 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-343-01246-9.
- ↑ Дачка Алеся жыве ў Маскве.
Літаратура
Выкарыстаныя крыніцы
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 244.
- Бабарэка Адам // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Бабарэка Адам // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. Т. 1. С. 150
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
Дадатковая літаратура
- Конан У. Адам Бабарэка: Крытычна-біяграфічны нарыс. Мн., 1976;
- Бабарэка Алеся. Слова пра бацьку // Скарыніч. Мн., 1999. Вып. 4.;
- Илькевич Н. Н. Адам Бабарека: арест — лагерь — смерть. Расправа со ссыльными белорусами в Кирове в 1937—1938 гг.: Документальный очерк. Смоленск, 1999;
- Угасание. Письма Адама Бабареки из ссылки, тюрем и лагеря. Материалы к биографии /Сост. и вступ. ст. Н. Н. Илькевич. Смоленск, 2001;
Спасылкі
- Адам Антонавіч Бабарэка // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, віртуальнs праект «На хвалі часу, у плыні жыцця»
- Бабарэка А. Поэзія як уяўленне. Копія рукапіснага артыкула
- Адам Бабарэка. Сталінскі вязень, якому польскія жаўнеры выразалі на плячах пяціканцовыя зоркі // svaboda.org 10 кастрычніка 2018
Адам Антонавіч Бабарэка ў Вікікрыніцах | |
Адам Антонавіч Бабарэка на Вікісховішчы |