Адольф Міхайлавіч Янушкевіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Янушкевіч.
Адольф Міхайлавіч Янушкевіч альбо Адольф Міхал Валяр’ян Юліян Янушкевіч (9 чэрвеня 1803, Нясвіж — 19 чэрвеня 1857, маёнтак Дзягільня Мінскага пав. Мінскай губ., цяпер в. Дзягільна, Дзяржынскі раён, Мінская вобласць) — беларускі і польскі паэт, падарожнік, пісьменнік. Пісаў на польскай мове.
Біяграфія
Брат Яўстафія Янушкевіча. Вучыўся ў дамініканскай школе ў Нясвіжы. У 1823 г. скончыў філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Быў членам Таварыства блакітных, блізкага да філарэтаў. У студэнцкія гады пісаў па-польску вершы ў сентыментальнай стылістыцы (дума «Мелітон і Эвеліна», 1821). У 1823—1826 г. жыў у Камянцы-Падольскім, быў дэпутатам цывільнай палаты ў Галоўным судзе. Шмат падарожнічаў па Еўропе; сустракаўся з А. Міцкевічам, Ю. Славацкім, І. Гётэ. Адам Міцкевіч выкарыстаў асобу А. Янушкевіча ў паэме «Дзяды» ў якасці прататыпа героя Адольфа.
Вярнуўся на радзіму ў 1830 годзе, удзельнічаў у паўстанні 1830—1831 г., адзін з кіраўнікоў паўстанцкага легіёна.
Арыштаваны ў сакавіку 1831 года. У 1832 годзе сасланы ў Сібір. У ссылцы А. Янушкевіч пасябраваў з рускім пісьменнікам Аляксандрам Адоеўскім, які прысвяціў яму свае вершы. Пераклаў «Гісторыю заваявання Англіі нарманамі» А. Цьеры. Падарожнічаў па Сібіры, Казахстане, Кіргізіі.
Вярнуўся ў Беларусь у 1856 годзе, пасяліўся ў родавым маёнтку Дзягільня, дзе жыла яго маці. Памёр ад сухотаў 19 чэрвеня 1857 года. Пахаваны на фамільных могілках у маёнтку.
Творчасць
Пісаў на польскай мове. У студэнцкія гады ствараў сентыментальныя вершы (дума «Мелітон і Эвеліна», 1821), у ссылцы перакладаў «Гісторыю заваявання Англіі нарманамі» А.Т’ера. Яго падарожныя нататкі сабраў брат Яўстафій, апублікаваў Ф. Вратноўскі пад назвай «Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў» (Парыж. 1861. Кн. 1—2). У дзённікавых запісах і лістах раскрыўся як таленавіты апавядальнік, даследчык. Паказаў побыт казахаў, іх духоўную культуру.
Памяць
А. М. Янушкевіч быў прататыпам рэвалюцыянера Адольфа ў паэме А. Міцкевіча «Дзяды».
У Астане, Алма-Аце і Усць-Каменагорску[1] імем Адольфа Янушкевіча названы вуліцы, у Семеі — вуліца Паўднёвая-Янушкевіча.
Творы
- Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго Лісты з кіргіскіх стэпаў. I том. Радзінна-прыяцельскі дар Архівавана 3 верасня 2014. Пераклад з польскай мовы, прадмова і каментары: Г. Суднік-Матусэвіч. — Мн., Медисонт, 2008.
- Рус. пер.: Дневники и письма из путешествия по казахским степям. Алма-Ата, 1966.
Зноскі
Літаратура
- Мальдзіс А. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе. Мн., 1969; АЗБ.
- Dawni pisarze polscy do początków piśmiennictwa do Młodej Polski, przewodnik biograficzny i bibliograficzny, tom drugi I-Me, ISBN 83-02-08101-9, str. 30.
- Trynkowski, Jan. Adolf Januszkiewicz na zesłaniu. \ Stanisław Ciesielski, Antoni Kuczyński (рэдактары). Polacy w Kazachstanie. Acta Universitatis Wratislaviensis (Выпуск 1819), Uniwersytet Wrocławski, 1996. ISBN 83-229-1311-7, 9788322913116