wd wp Пошук:

Юсцінас Марцінкявічус

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Марцінкявічус.

Юсцінас Марцінкя́вічус (літ.: Justinas Marcinkevičius; 10 сакавіка 1930, Важаткіеміс(літ.) бел., Прыенайскі раён, Каўнаскі павет, Літва — 16 лютага 2011, Вільнюс, Літва) — літоўскі пісьменнік. Заслужаны дзеяч мастацтваў Літвы (1975). Народны пісьменнік Літвы (1978).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта (1954). Член КПСС з 1957 года. Быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Літвы, затым намеснікам старшыні СПЛ.

Удзельнічаў у кіраўніцтве Саюдзіса. Правадзейны член Акадэміі навук Літвы. Узнагароджаны савецкімі ордэнамі і ордэнам Вітаўтаса Вялікага, ордэнамі Гядзімінаса I і III ступені, Дзяржаўнай прэміяй Літоўскай ССР (1957, 1969) прэміяй «Сантарве» («Згоды», Santarves premija, 1994).

З 7 снежня 2010 года пасля таго, як ён зваліўся на лесвіцы дома, у якім жыў, і атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і пералом шыйнага пазванка, Марцінкявічус знаходзіўся ў Вільнюскай універсітэцкай бальніцы хуткай дапамогі, дзе і памёр 16 лютага 2011 года[5]. У памяць пра памерлага паэта ў Літве з 7:00 у пятніцу 18 лютага да 22:00 у суботу 19 лютага была абвешчана жалоба[6]. Цырымонія развітання прайшла ў Вялікай зале Акадэміі навук Літвы ў Вільнюсе 18 лютага[7]. 19 лютага адбылося пахаванне Марцінкявічуса на Антакальніскіх могілках.

Развітанне з Марцінкявічусам
Памятная дошка

3 ліпеня 2012 года ў двары Сарбевія Віленскага ўніверсітэта пры ўдзеле прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі Далі Грыбаўскайце, міністра культуры Арунаса Гялунаса і рэктара ўніверсітэта Бянядзіктаса Юодкі была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка з барэльефам паэта ў памяць Юсцінаса Марцінкявічуса[8].

Творчасць

Першы зборнік вершаў «Прашу слова» (1955). У паэме «Дваццатая вясна» (1956, Дзяржаўная прэмія Літвы 1957) жыццё літоўскай моладзі ў пасляваенны перыяд; паэма «Кроў і попел» (1960) пра трагічны лёс спаленай гітлераўцамі вёскі. Маральныя праблемы, жыццё і лёсы сучаснікаў у цэнтры аповесці «Сасна, якая смяялася» і «Публіцыстычнай паэмы» (абедзве 1961), зборнікаў вершаў «Рукі, якія дзеляць хлеб» (1963), «Драўляныя масты» (1966), «Палымнеючы куст» (1968), «Ласкавае дакрананне жыцця» (1978), «Будзь і блаславі» (1980), «Адзіная зямля» (1984), «Вершы з дзённіка» (1993), «Крок» (1998) і інш. Драматычная трылогія «Міндаўгас» (1968, Дзяржаўная прэмія Літвы 1969), «Сабор» (1971), «Мажвідас» (1977), зборнік «Шэсць паэм» (1973) пра гістарычнае мінулае літоўскага народа. Аўтар драматычных паэм «Паэма Праметэя» (1973), «Ікар» (паст. 1981), аповесці «Даўкантас» (1984), кніг эсэ «Дзённік, што не мае датаў» (1981), «Еднасць ракі, якая цячэ» (1995), паэзіі для дзяцей.

Пераклады

На беларускую мову асобныя яго творы пераклалі Г. Бураўкін, В. Вітка, А. Вольскі, С. Грахоўскі, Х. Жычка, А. Звонак, В. Лукша, Л. Луцкевіч, П. Марціновіч, У. Паўлаў, А. Разанаў, Я. Семяжон, Я. Сіпакоў, М. Танк, Н. Тулупава, У. Шахавец і інш.

Беларускія пераклады

  • Трава і камень. Мн, 1981;
  • Дзённік, што не мае датаў // Братэрства, 83. Мн, 1983;
  • Выбраная лірыка: пераклад з літоўскай / Юсцінас Марцінкявічус. - Мінск : Зміцер Колас, 2019. - 80, [1] с. - («Паэты планеты»). Пер. Алеся Разанава, Рыгора Барадуліна, Лявона Баршчэўскага.

У кнігах:

  • Поціск рукі. Мн, 1991;
  • На зорных шляхах. Мн, 1991.
  • Выбраная лірыка: пераклад з літоўскай / Юсцінас Марцінкявічус. — Мінск : Зміцер Колас, 2019. — 80, [1] с. — («Паэты планеты»).

Літаратура

Зноскі

  1. Борисова Е. Б. Марцинкявичюс Юстинас // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1974. — Т. 15 : Ломбард — Мезитол. — С. 428–429. Праверана 27 верасня 2015.
  2. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. http://www.delfi.lt/news/daily/lithuania/mire-poetas-jmarcinkevicius.d?id=42063477
  4. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #124139892, Record #1061490947 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 27 красавіка 2014.
  5. Ушёл из жизни поэт Юстинас Марцинкявичюс(руск.) . ru.DELFI.lt (16 февраля 2011 г.). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 11 сакавіка 2011.
  6. Похороны Юстинаса Марцинкявичюса состоятся в субботу(руск.) . ru.DELFI.lt (17 февраля 2011 г.). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 11 сакавіка 2011.
  7. Миндаугас Яцкявичюс. Множество людей пришло отдать дань памяти поэту Марцинкявичюсу(руск.) . ru.DELFI.lt (18 февраля 2011 г.). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 11 сакавіка 2011.
  8. В Вильнюсе открыта памятная доска Юстинасу Марцинкявичюсу(руск.) . ru.DELFI.lt. Delfi (3 ліпеня 2012). Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2012. Праверана 4 ліпеня 2012.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі XX стагоддзя Катэгорыя·Пісьменнікі Літвы Катэгорыя·Пісьменнікі СССР Катэгорыя·Паэты XX стагоддзя Катэгорыя·Паэты Літвы Катэгорыя·Паэты СССР Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі XX стагоддзя Катэгорыя·Перакладчыкі Літвы Катэгорыя·Перакладчыкі СССР Катэгорыя·Перакладчыкі на літоўскую мову Катэгорыя·Перакладчыкі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be