Балада
Бала́да — драматычна напружаны, сюжэтны ліра-эпічны верш казачна-фантастычнага, легендарна-гістарычнага ці гераічнага зместу.
Віды балад
- Народныя — больш раннія па часе ўзнікнення. У аснове іх — незвычайныя, нярэдка трагічныя падзеі ў асабістым ці сямейным жыцці чалавека, гераічныя моманты ў жыцці грамадства, пэўнага сацыяльнага асяроддзя. У беларускай фалькларыстыцы вылучаюцца наступныя жанравыя разнавіднасці балады: з міфалагічнымі матывамі; казачныя і легендарныя; балады, якія змяшчаюць загадкі; гульнёва-карагодныя; навелістычныя.
- Літаратурныя — узніклі на аснове народных яшчэ ў Сярэднявеччы. Асаблівае пашырэнне набыла героіка-фантастычная балада ў паэзіі сентыменталістаў і рамантыкаў (Роберт Бёрнс, Сэмюэл Тэйлар Колрыдж — у Шатландыі і Англіі, Гётэ, Шылер, Генрых Гейнэ — у Германіі, Віктор Гюго — у Францыі, В. Жукоўскі, А. Пушкін, М. Лермантаў — у Расіі і інш.). На матэрыяле беларускага фальклору цыкл балад напісаў польскі паэт, ураджэнец Беларусі А. Міцкевіч — «Свіцязянка», «Рыбка», «Пані Твардоўская», «Тры Будрысы» і інш. Ад фальклору ішлі А. Рыпінскі і Ф. Багушэвіч, якія ў XIX ст. паклалі пачатак беларускай літаратурнай баладзе. У баладах Я. Купалы («Забытая карчма», «Страшны вір»), Я. Коласа («Няшчасная маці», «На адзіноце»), А. Гаруна («Варажба») таксама звычайна выкарыстоўваліся фальклорныя сюжэты.
Беларускія балады
Народныя балады
Слова «балада» паходзіць з правансальскай мовы. У Беларусі падобныя творы спрадвеку звалі «доўгімі», «жаласнымі» або «жыцельнымі» песні. Даследчыкі лічаць, што большасць народных балад, якія фалькларысты сабралі ў вёсках да нядаўняга часу, былі прыдуманы ў народзе да 17 ст. У 17 ст. адбываецца згасанне баладнай творчасці, пачынае развівацца песенная лірыка. Такія аўтары, як Р. М. Кавалёва, В. К. Каратай, Т. В. Лук’янава, Г. А. Жэгала дзеляць балады на шэраг відаў:
- Міфалагічныя балады. Іх сюжэты найбольш старажытнага, міфалагічнага паходжання. Найболей распаўсюджаны сюжэт — ператварэнне гераіні (маці, дачкі, нявесты, жонкі) у птушку (ластаўку, зязюлю, салавейку), радзей — у кветку, дрэва, камень, рэчку інш.[1].
- Рытуальныя балады. Іх сюжэт найчасцей — пакаранне персанажа з наступным забойствам, ператварэннем. Верагодна, тут адбілася памяць пра ахвярапрынашэнні язычніцкім багам.
- Балады з загадкамі. Персанаж павінны адгадаць шэраг загадак каб атрымаць узнагароду.
- Казачныя і легендарныя балады. У іх сустракаюцца сюжэты, характэрныя для народных казак. З той толькі розніцай, што балады, у адрозненні ад казак, канчаюцца трагічна.
- Карагодна-гульнявыя балады.
- Гістарычныя балады.
- Навелістычныя балады.
Сярод міфалагічных балад найболей цікавы сюжэт, дзе дзяўчына і хлопец пабраліся шлюбам. А потым, даведаўшыся, што яны — сястра і брат, засумавалі і ператварыліся ў кветку, вядомую сёння як брат-сястрыца. З сястры атрымаўся сіні колер гэтай двухкаляровай кветкі, з брата — жоўты. У іншай баладзе дзеці ператвараюцца ў кветку з-за таго, што бацька праганяе іх з дому:
|
Прыкладам казачнай балады можна прывесці наступную:
|
Далей, паводле сюжэта, ніхто не можа пераплыць мора і перарубаць явар. Раптам з’яўляецца шэры воўк. Ён пераплывае мора, перарубае явар і атрымлівае каралеўскую дачку, якая пасля гэтага дужа гаруе. Такі сюжэт наогул часта сустракаецца ў казках («Прыгажуня і пачвара», пазней экранізаваная The Walt Disney Company; «Павучы жаўрук скакун» Братоў Грым, беларускія казкі «Царэвіч-рак», «Аб рачку»). Але, калі ў казках жаніх-пачвара ператвараецца ў прыгожага прынца, то балада канчаецца менавіта трагічна.
Аўтарскія балады
Беларуская балада ХХ ст. адлюстроўвала рэальнае жыццё чалавека, яна стала важным сродкам паказу яго гераічных учынкаў («Астрожнік» П. Труса, «Машыніст» А. Дудара і інш.). Асаблівага росквіту дасягнула балада падчас Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці А. Куляшова («Балада аб чатырох заложніках», «Маці», «Камсамольскі білет»). Вядомыя балады М. Танка («Балада пра партызана Дубягу», «Антон Нябаба»), А. Вялюгіна («Балада аб уральскім танку»), Н. Гілевіча («Балада пра чырвоны каснічок») і інш. Плённа развіваюцца розныя жанравыя разнавіднасці балады. Цэлую кніжку своеасаблівых гістарычных балад напісаў Я. Сіпакоў («Веча славянскіх балад»). А. Лойка надрукаваў кнігу «Балады вайны і міру», В. Вітка — «Мінскія балады», Р. Барадулін — вершаваны цыкл «Біблейскія балады». Асобныя нізкі балад публікуе В. Шніп. Існуюць сказавыя балады («Кастусь Каліноўскі» П. Броўкі), балады песеннага тыпу («Надзя-Надзейка» П. Броўкі), партрэтныя («Герой» П. Панчанкі), псіхалагічныя («Юнак быў з-пад Слоніма родам» А. Лойкі) і інш.
Зноскі
Літаратура
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Балада