Роберт Бёрнс
Роберт Бёрнс англ.: Robert Burns, шатл. гэл.: Raibeart Burns, 25 студзеня 1759 — 21 ліпеня 1796) — шатландскі паэт, фалькларыст, аўтар шматлікіх вершаў і паэм, напісаных на скотсе і шатландскіх дыялектах англійскай мовы[8][9].
25 студзеня, які самі шатландцы называюць Бёрнсавай вячэрай (Burns supper) — нацыянальнае свята ў Шатландыі. Гэты дзень адзначаецца прыхільнікамі творчасці паэта ва ўсім свеце.
Біяграфія
Роберт Бёрнс нарадзіўся 25 студзеня 1759 года ў вёсцы Алаўэй (за тры кіламетры на поўдзень ад горада Эйр, графства Эйшыр), у сям’і селяніна Уільяма Бёрнеса (William Burness, 1721—1784). У 1765 годзе яго бацька ўзяў у арэнду гаспадарку Маўнт-Оліфант, і хлопчыку прыйшлося працаваць нароўні з дарослымі, трываючы голад і іншыя ліхтугі. З 1783 года Роберт пачынае сачыняць вершы на эйшырскім дыялекце. У 1784 годзе памірае бацька, і пасля шэрагу непаспяховых спробаў заняцца сельскай гаспадаркай Роберт з братам Гілбертам пераязджае ў Мосгіл. У 1786 годзе выходзіць першая кніга Бернса, Poems, Chiefly in the Scottish dialect («Вершы, пераважна на шатландскім дыялекце»). Да пачатковага перыяду творчасці таксама адносяцца: «Джон Ячмень» (John Barleycorn, 1782), «Вясёлые жабракі» («The Jolly Beggars», 1785), «Малітва святога Вілі» («Holy Willie’s Prayer»), «Святы кірмаш» («The Holy Fair», 1786). Паэт хутка робіцца вядомым па ўсёй Шатландыі[10].
Пра вытокі папулярнасці Бёрнса Ё. Гётэ адзначыў:
Возьмем Бёрнса. Ці не таму ён вялікі, што старыя песні яго продкаў жылі на вуснах народа, што яму спявалі іх, так бы мовіць, тады яшчэ, калі ён быў у калысцы, што хлопчыкам ён гадаваўся сярод іх і парадніўся з высокай дасканаласцю гэткіх узораў, што ён знайшоў у іх жывую аснову, абапіраючыся на якую мог пайсці далей? І яшчэ, ці не таму ён вялікі, што яго ўласныя песні адразу ж знаходзілі чуллівыя вушы сярод яго народа, што яны затым гучалі яму насустрач з вуснаў жняцоў і вязальшчыц снапоў, што імі віталі яго вясёлыя таварышы ў шынку? Тут і сапраўды мусіла нешта атрымацца.
Johann Peter Eckermann. Gespräche mit Goethe in den letzten Jahren seines Lebens. Leipzig, 1827.
У 1787 годзе Бёрнс пераязджае ў Эдынбург і становіцца ўхожым у вышэйшы свет сталіцы. У Эдынбурзе ён пазнаёміўся з папулярызатарам шатландскага фальклора Джэймсам Джонсанам, разам з якім яны пачалі выдаваць зборнік «Шатландскі музычны музей» («The Scot’s Musical Museum»). У гэтым выданні паэт апублікаваў мноства ўласных твораў і шатландскіх балад ва ўласнай апрацоўцы.
Выдавецкая справа прыносіла Бёрнсу пэўны даход. Ён паспрабаваў укласці заробленыя ганарарамі сродкі на арэнду фермы, але толькі згубіў свой невялікі капітал. Асноўнай крыніцай сродкаў для існавання з 1791 года была работа на пасадзе зборшчыка падаткаў у Дамфісе.
Роберт Бёрнс вёў даволі вольны вобраз жыцця і ў яго было тры незаконнанароджаныя дачкі ад раптоўных і непрацяглых сувязяў. У 1787 годзе ён узяў шлюб са сваёй даўняй каханай Джын Армар. У гэтым шлюбе у яго нарадзілася пяцёра дзяцей[11].
У пэрыяд 1787—1794 былі створаныя вядомыя паэмы «Тэм о’Шэнтар» («Tarn o’Shanter», 1790) і «Шчырая беднасць» («For A’That and A’That», 1795), «Ода, прысвечаная памяці міс Освальд» («Ode, sacred to the Memory of Mrs. Oswald», 1789).
Па сутнасці займацца паэзіяй Бёрнс быў вымушаны ў перапынках паміж работай. Апошнія гады ён правёў у галечы і за тыдзень да смерці ледзь ня трапіў у пазыковую турму[10].
Бёрнс памёр 21 ліпеня 1796 года ў Дамфрызе. Яму было ўсяго 37 гадоў. Па меркаванню біёграфаў XIX ст. — адной з прычынаў заўчаснай смерці паэта было празмернае ўжыванне алкаголю. Гісторыкі XX ст. схіляюцца да таго, што Бёрнс сканаў ад наступстваў цяжкай фізічнай працы ў маладосці і прыроджанага рэўмакардыта, які ў 1796 годзе быў пагоршаны перанесенай ім дыфтэрыяй[12][13].
Асноўныя даты жыцця паэта
- 25 студзеня 1759 — нараджэнне Роберта Бёрнса
- 1765 — Роберт з братам паступаюць у школу
- 1766 — пераезд на ферму Маўнт-Оліфант
- 1773 — Роберт піша першыя вершы
- 1777 — пераезд на ферму Лохлі
- 1784 — смерць бацькі, пераезд у Мосгіл
- 1785 — Роберт знаёміцца з Джын, напісаны «Вясёлыя жабракі», «Палявыя мышы» і многія іншыя вершы
- 1786 — Бёрнс перадае права на ферму Мосгіл брату; нараджэнне блізнятаў; паездка ў Эдынбург
- 1787 — прыём паэта ў Вялікай Ложы Шатландыі; выходзіць першае эдынбургскае выданне паэмаў; падарожжы па Шатляадыі
- 1789 — работы акцызным
- 1792 — прызначэнне ў інспекцыю порта
- 1793 — другое эдынбургскае выданне вершаў у двух тамах
- снежань 1795 — цяжкая хвароба Бёрнса
- 21 ліпеня 1796 — смерць
- 25 ліпеня 1796 — пахаванне, у гэты ж дзень нарадзіўся пяты сын Бёрнса — Максвел
Мова Бёрнса
Хаця Бёрнс і навучаўся ў вясковай школе, але яго настаўнікам быў чалавек з універсітэцкай адукацыяй — Джон Мёрдак (Murdoch, 1747—1824). Шатландыя тады перажывала пік нацыянальнага адраджэння, была аднім з самых культурных куткоў Еўропы, у ёй налічвалася пяць універсітэтаў. Пад кіраўніцтвам Мёрдака Бёрнс заёмаўся, акрамя іншага, паэзіяй Аляксандра Поўпа. Як сведчаць рукапісы, літаратурнай англійскай мовай Бёрнс валодаў дасканала, выкарыстанне ж шатландскай (паўночны дыялект англійскай, у адрозненні ад гэльскай — кельцкай шатландскай мовы) — свядомы выбар паэта.
«Бёрнсава страфа»
З імем Бёрнса звязваюць асаблівую форму страфы: шасцірадкоўе па схеме AAABAB з укарочанымі чацвёртым і шостым радкамі. Падобная схема вядомая ў сярэднявечнай лірыцы, у прыватнасці, у правансальскай паэзіі (з XI века), але з XVI ст. папулярнасць яе паволі згасла. Яна захавалася ў Шатландыі, дзе шырока выкарыстоўвалася і да Бёрнса, але звязваецца з яго імем і вядомая ў якасці «Бёрнсавай страфы», хоць афіцыйная яе назва — стандартны габі, ідзе ад першага твора, які праславіў гэтую страфу ў Шатландыі, — «Элегія на смерць Габі Сімпсана, дудара з Кілбархана» (каля 1640) Роберта Семпіла з Белтрыза; «габі» — не ўласнае імя, а мянушка выхадцаў мястэчка Кілбархан у Заходняй Шатландыі.
Беларускія пераклады
Выбраныя творы Р. Бёрнса два разы выходзілі асобнымі выданнямі на беларускай мове ў перакладах Язэпа Семяжона («Шатландская слава», 1957, і «Вам слова, Джон Ячмень», 1982). Сярод іншых перакладчыкаў паасобных вершаў Бёрнса — Юрка Гаўрук, Галіна Дубянецкая і Алена Таболіч[14].
Іншае
- Вядомы амерыканскі музыкант Майкл Джэксан у жніўні 2008 года запісаў дыск з пакладзенымі на музыку вершамі шатландскага паэта. Дыск выдавацца не планаваўся[15].
- Адным з музычных твораў класічнага беларускага вакальна-інструментальнага ансамблю «Песняры» была кампазіцыя на верш «Вясёлыя жабракі» Р. Бёрнса[16].
Зноскі
- ↑ различные авторы Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский, К. К. Арсеньев, Ф. Ф. Петрушевский — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1907.
- ↑ group of authors Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911.
- ↑ Carnegie Hall linked open data — 2017. Праверана 2 мая 2022.
- ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Robert Burns // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Бёрнс Роберт // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- 1 2 Pas L. v. Genealogics — 2003. — ed. size: 683713
- ↑ The Famous Grouse и The Macallan отпраздновали в Москве день рождения Роберта Бернса
- ↑ День рождения Роберта Бёрнса спасылка правераная 10 студзеня 2009
- 1 2 История английской литературы. Том 1. Выпуск второй М. Издательство Академии Наук СССР, 1945 М. Н. Гутнер спасылка правераная 10 студзеня 2009
- ↑ Роберт Бэрнз. Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. спасылка правераная 10 студзеня 2009
- ↑ The Death of Robert Burns (англ.) спасылка правераная 10 студзеня 2009
- ↑ Robert Burns, Richard Hindle Fowler, published by Routledge, 1988 ISBN 0-415-00169-2 спасылка правераная 10 студзеня 2009
- ↑ Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету. Мінск, 1995.
- ↑ Майкл Джэксан праспяваў вершы Роберта Бёрнса(недаступная спасылка) // Еўрапейскае радыё для Беларусі, 28 жніўня 2008
- ↑ Куды крочаць «Песняры»? // Літаратура і мастацтва, 25 сакавіка 1983
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Роберт Бёрнс
- Вершы Бэрнза ў перакладзе Галіны Дубянецкай у часопісе «Дзеяслоў» Архівавана 28 ліпеня 2011.
- Старонка Бэрнса ў часопісе “Прайдзісвет”
- Robert Burns Country — «афіцыйны» сайт Робэрта Бэрнза (англ.)