Уладзімір Іванавіч Карызна
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Карызна. Уладзімір Іванавіч Карызна (нар. 25 мая 1938, в. Закружка, Мінскі раён) — беларускі паэт, перакладчык.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1961) працаваў выкладчыкам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне (1961—1967), у гэты час узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце «Браслаўская звязда». Пазней рэдактар, старшы рэдактар, загадчык аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё (1967—1980), рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя» (1980—1981), старшы рэдактар, загадчык рэдакцыі літаратуры для дашкольнікаў выдавецтва «Юнацтва» (1981—2001), намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Крыніца» (2002).
Творчасць
Першы верш надрукаваў у 1956 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (вершы і паэма, 1972), «Цеплыня» (паэма, вершы, песні, 1977), «Цішыня баразны» (вершы і паэма, 1981), «Шумяць вербы» (вершы, песні, 1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (вершы, паэмы, песні, 1988), «Хвіліна святла» (Выбранае, 2003), «Доля Русь наша Белая» (выбранае ў серыі «Беларускае паэзія ХХІ стагоддзя», 2007).
Аўтар кніжак вершаў для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Малююць дзеці» (з А.Вольскім, 1984), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка для ўсіх» (1990).
Больш за дзвесце вершаў пакладзена на музыку лепшымі беларускімі кампазітарамі. З Карызнам супрацоўнічалі Юрый Семяняка, Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Леанід Захлеўны, Уладзімір Карызна-малодшы. Выдадзены зборнікі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990).
Пераклаў зборнік вершаў А.Матуціса «Мамін пірог» (1986), шматлікія вершы дзіцячых пісьменнікаў для серыі «Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР».
Аўтар слоў да гімна Беларусі.
Прызнанне
- Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1996, у аўтарскім калектыве) — за «Бiблiятэку дзiцячай лiтаратуры народаў СССР» у 15 тамах.
- Ордэн Францыска Скарыны (2002).
- Літаратурная прэмія «Залаты купідон» (2007).
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3.